АРА́НЖАВАЯ ПРАВІ́НЦЫЯ, Аранжавая Рэспубліка (англ. Orange Free State),
правінцыя ў цэнтр.ч.Паўд.-Афрыканскай Рэспублікі. Мяжуе з прав. Капская, Трансвааль і Наталь, на ПдУ — з Лесота. Пл. 129,2 тыс.км², нас. 1,8 млн.чал. (1985). Насельніцтва — банту і сута. Адм. ц. — г.Блумфантэйн. Аранжавая правінцыя займае ч. ўнутраных плато — на З Плато Кап, якое на У пераходзіць у Высокі Велд і Драконавы горы (выш. да 2300 м). Клімат субтрапічны, ападкаў 250—900 мм за год. Бываюць замаразкі і засухі. Рака Аранжавая з прытокамі Вааль і Каледан упадае ў Атлантычны ак., на ёй ГЭС і вадасховішчы. Здабываюць золата, уранавыя руды і алмазы. Развіты маш.-буд., металаапр., металургічная (каляровыя металы), хім., гарбарна-абутковая, харч.прам-сць. У сельскай гаспадарцы пераважае пашавая жывёлагадоўля (буйн. раг. жывёла, авечкі). Земляробства на багатых глебах (кукуруза, пшаніца, агародніна, тытунь, цытрусавыя). Транспарт чыг. і аўтамабільны.
Першыя сем’і афрыканераў (бураў) на тэр. Аранжавай правінцыі з’явіліся ў 1830-я г. Пераадолеўшы супраціўленне карэнных жыхароў — плямёнаў басута, яны заснавалі ў 1837 самаст. дзяржаву. У 1854 буры абвясцілі стварэнне Аранжавай Свабоднай дзяржавы. У саюзе з Трансваалем яна ўдзельнічала ў англа-бурскай вайне 1899—1902. З 1900 — брыт. калонія, у 1907 атрымала самакіраванне. З 1910 разам з трыма інш. калоніямі ў складзе Паўд.-Афрыканскага Саюза (з 1961 ПАР).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЕКТЫ́ЎНАЯ БЯСПЕ́КА,
супрацоўніцтва дзяржаў па падтрыманні міжнар. міру, прадухіленні ўзбр. канфліктаў, а ў выпадку неабходнасці — ліквідацыі актаў агрэсіі і аказанні калект. дапамогі, у т. л.ваен., яе ахвярам. У наш час сістэма К.б. ажыццяўляецца ў рамках міжнар. арг-цый, напр., Арганізацыі Аб’яднаных Нацый і яе спец. органаў (Савет Бяспекі ААН і інш.) і на рэгіянальнай аснове. Паводле Статута ААН рэгіянальныя арг-цыі не могуць распачынаць прымусовыя дзеянні без рашэння і агульнага кіраўніцтва Савета Бяспекі (толькі ён мае на гэта права). Для забеспячэння міру і К.б. выкарыстоўваюцца розныя сродкі: скарачэнне ўзбр. сіл, узбраенняў і іх асобных кампанентаў (ядз., хім. і інш.), вырашэнне міжнар. спрэчак і канфліктаў мірным шляхам, у т. л.дыпламат. і пасрэдніцкімі намаганнямі, стварэнне калект. міратворчых сіл, прыняцце прымусовых (у т. л. ваенных) захадаў супраць агрэсара і інш.Рэспубліка Беларусь у сістэме К.б. аддае перавагу заключэнню міждзярж. дагавораў у рамках СНД, Саюза Беларусі і Расіі, а таксама ў рамках рэгіянальных арг-цый (у т. л.Еўрап. Саюза, Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе і яе Мінскай групы), рэгіянальным пагадненням (праграма «Партнёрства дзеля міру», 27 дзяржаў, 1996) і інш.
Літ.:
Ивашов Л.Г., Булыгин А.Н. Коллективная безопасность в рамках Содружества Независимых Государств: состояние и перспективы обеспечения // Воен. мысль, 1998. №3.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУЦЭ́НКА Барыс Іванавіч (н. 16.9.1937, г. Майкоп, Адыгея),
бел. рэжысёр, педагог. Засл. дз. маст. Беларусі (1975). Нар.арт. Беларусі (1995). Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1967). У 1967—73 і 1981—82 рэжысёр Бел.т-ра імя Я.Купалы, у 1973—81 і з 1991 гал. рэжысёр Дзярж.рус.драм.т-ра Беларусі, у 1982—91 — Т-ра-студыі кінаакцёра. Адначасова з 1970 выкладае ў Бел.АМ. Творчую манеру вызначаюць імкненне да сцэн. метафарычнасці, псіхал. дакладнасць у абмалёўцы персанажаў, пошукі вобразнай выразнасці праз пластыку. Сярод лепшых пастановак: у т-ры імя Я.Купалы — «Традыцыйны збор» В.Розава (1967), «Рудабельская рэспубліка» паводле С.Грахоўскага (1968), «Памяць сэрца» А.Карнейчука (1970), «Раскіданае гняздо» Я.Купалы (1972); у рус. т-ры — «Макбет» (1974), «Гамлет» (1998) У.Шэкспіра, «Трохграшовая опера» Б.Брэхта (1976), «Апошнія» М.Горкага (1977, з У.Маланкіным), «Трагедыя чалавека» І.Мадача (1979); у т-ры-студыі кінаакцёра — «Глядзіце, хто прыйшоў» У.Аро, «Шчасце маё, або Папяровы тэлефон» А.Чарвінскага (абедзве 1983), «Саракавыя» паводле твораў В.Астаф’ева, Р.Барадуліна, В.Быкава, М.Кульчыцкага, А.Куляшова, А.Твардоўскага, І.Чыгрынава, М.Шолахава (1984), «Гамлет» (1988). Паставіў «Рэвізор» М.Гогаля ў «Максім Горкі Тэатэр» (1980, Берлін). На кінастудыі «Беларусьфільм» зняў кінастужку «Раскіданае гняздо» (1982), тэлеспектаклі «Зацюканы апостал» (1984), «Вяртанне ў Хатынь» (1985).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СА́ВІЧ Франц Андрэевіч (каля 1815, в. Вяляцічы Пінскага р-на Брэсцкай вобл. — каля 1845),
бел. паэт, публіцыст, рэвалюцыянер-дэмакрат. Скончыў Пінскае павятовае вучылішча (1833). Вучыўся ў Віленскай медыка-хірург. акадэміі (1833—38). Арганізаваў там нелегальнае рэв.Дэмакратычнае таварыства. У 1837 наладзіў сувязь з Ш.Канарскім, з сябрамі ўступіў у яго Садружнасць польскага народа (гл.Саюз польскага народа). Арыштаваны (1838) і высланы (1839) у салдаты на Каўказ. У 1841 уцёк, быў злоўлены, каля 2 гадоў прасядзеў у турме Ціраспаля (цяпер Рэспубліка Малдова) пад чужым імем. Аддадзены паўторна на вайсковую службу, зноў уцёк. Вясной 1844 дабраўся да Кіева. Жыў пад імем доктара Гельгега ў мяст. Янушпаль (каля Бярдзічава, Украіна). Заразіўся халерай. Аўтар статута «Прынцыпы дэмакратызму», пракламацыі «Заўвагі на маральную вайну народа з дэспатызмам» (адзін з першых паліт. памфлетаў у гісторыі вызв. руху на Беларусі), мемуараў (апубл. 1876). Яго беларускамоўны верш «Там блізка Пінска...», апубл. ў мемуарах Э.Паўловіча «Успаміны з-над Віліі і Нёмана» (1882), прасякнуты антыпрыгонніцкімі матывамі.
Тв.:
У кн.: Беларуская літаратура XIX ст.: Хрэстаматыя. 2 выд.Мн., 1988.
Літ.:
Смірноў А. Франц Савіч. Мн., 1961;
Мохнач Н.Н. Идейная борьба в Белоруссии в 30—40-е гг. XIX в. Мн., 1971;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТУРЫ́ШЧАВА Людміла Іванаўна (н. 7.10.1952, г. Грозны, Чэчэнская Рэспубліка, Расія),
расійская спартсменка (спарт. гімнастыка). Засл. майстар спорту СССР (1970). Скончыла Растоўскі пед.ін-т (1974). Трэнер-выкладчык. Чэмпіёнка XIX (1968, Мехіка), XX (1972, г. Мюнхен, Германія) i XXI (1976, г. Манрэаль, Канада) Алімп. гульняў у камандным заліку. Абс. чэмпіёнка XX Алімп. гульняў, сярэбраны (1972—76 — у вольных практыкаваннях, 1976 — у апорным скачку і вольных практыкаваннях) і бронз. (1972 — у апорным скачку, 1976 — у мнагабор’і) прызёр. Абс. чэмпіёнка свету (1970, 1974) і ў асобных відах мнагабор’я: 1970 — у вольных практыкаваннях, 1974 — на бервяне і ў вольных практыкаваннях; сярэбраны (1970 — у практыкаваннях на брусах, 1974 — у апорным скачку) і бронз. (1970 — на брусах і ў апорным скачку) прызёр. Абс. чэмпіёнка Еўропы (1971, 1973) і ў асобных відах мнагабор’я: 1971 — у апорным скачку і ў вольных практыкаваннях; 1973 — у апорным скачку, на брусах, бервяне і ў вольных практыкаваннях; сярэбраны (1971 — на брусах і бервяне) і бронз. (1969 — у мнагабор’і, на брусах і ў вольных практыкаваннях) прызёр. Абс. чэмпіёнка СССР (1972, 1974) і ў асобных відах мнагабор’я (1970 — на брусах і ў вольных практыкаваннях, 1972 і 1973 — на брусах і ў апорным скачку, 1975 — у апорным скачку).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УРА́Д,
вышэйшы калегіяльны выканаўчы орган дзяржавы. У розных краінах можа мець розныя назвы; Савет Міністраў (Рэспубліка Беларусь, Францыя, Польшча, Італія), Кабінет Міністраў (Вялікабрытанія, Узбекістан), Дзярж. савет (КНР) і да т.п. Парадак фарміравання У. залежыць ад формы праўлення. Ён можа быць беспартыйны, аднапартыйны і кааліцыйны. У парламенцкіх краінах У. фарміруецца па даручэнні кіраўніка дзяржавы лідэрам партыі, якая мае большасць у парламенце. У прэзідэнцкіх рэспубліках (дзе У. прадугледжаны канстытуцыяй) фарміруецца прэзідэнтам, прычым кожны з назначаных ім членаў У. ў шэрагу краін павінен быць зацверджаны парламентам. Члены У. (міністры і інш.) кіруюць канкрэтнымі цэнтр. ведамствамі дзярж. кіравання (міністэрствы і інш.). У парламенцкіх краінах яны звычайна павінны быць членамі парламента, у прэзідэнцкіх, як правіла, дзейнічае прынцып несумяшчальнасці пасады міністра з дэпутацкім мандатам. У парламенцкіх дзяржавах У. нясе калегіяльную адказнасць перад парламентам, што азначае абавязак пры страце парламенцкай большасці або выйсці ў адстаўку, або распусціць парламент і назначыць новыя датэрміновыя выбары. У федэратыўных дзяржавах існуе цэнтральны У. і У. дзярж. утварэнняў, якія ўваходзяць у склад федэрацыі. У. можа ствараць са свайго складу дапаможныя ўрадавыя камітэты. Рашэнні У. носяць характар паліт. дырэктыў або афармляюцца ў выглядзе нарматыўных актаў ці законапраектаў, якія потым уносяцца ў парламент. Гл. таксама Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭКАНАМІ́ЧНЫ І САЦЫЯ́ЛЬНЫ САВЕ́Т ААН (ЭКАСАС),
адзін з галоўных органаў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, які каардынуе яе эканам. і сац. дзейнасць, спецыялізаваных устаноў і органаў ААН. З’яўляецца цэнтр. форумам па абмеркаванні міжнар. праблем глабальнага і міжгаліновага характару і па выпрацоўцы рэкамендацый адносна палітыкі па гэтых праблемах. Складаецца з 54 членаў ААН (у т. л.Рэспубліка Беларусь), якія выбіраюцца Ген. Асамблеяй. Савет вядзе даследаванні і складае даклады па міжнар. пытаннях з адпаведнымі рэкамендацыямі; арганізоўвае абмеркаванні міжнар.эканам. і сац. праблем, распрацоўвае рэкамендацыі для дзяржаў-членаў; кантралюе і ацэньвае агульную стратэгію і першачарговыя задачы ў эканам. і сац. галінах; забяспечвае ўзгадненне і практычнае аператыўнае ажыццяўленне дырэктыўных рашэнняў і рэкамендацый; каардынуе агульную дзейнасць арг-цый сістэмы ААН; праводзіць усебаковыя агляды палітыкі ў галіне аператыўнай дзейнасці. У склад Савета ўваходзяць: 6 функцыянальных камісій і падкамісій (сац. развіцця, па кантролі за наркатычнымі сродкамі, па навуцы, тэхніцы, па статыстыцы, транснацыянальных карпарацыях); 5 рэгіянальных камісій (гл.Эканамічныя камісіі ААН); 2 пастаянныя падкамітэты (для праграм і каардынацыі; па непасрэдных арганізацыях); 7 экспертных органаў (камітэт па развіцці планавання; спец. група экспертаў па міжнар. супрацоўніцтве ў галіне падаткаабкладання; камітэты па транспарціроўцы грузаў, па эканам., сац. і культ. правах, па нац. рэсурсах і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
зады́хацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
Пачаць цяжка і часта дыхаць, стаміўшыся ад вялікай фізічнай нагрузкі. Падбег бацька. Задыхаўся і ў першую хвіліну не мог вымавіць слова.Навуменка.[Казік] задыхаўся, пакуль узлез на ганак.Чарнышэвіч.
задыха́цца, ‑а́юся, ‑а́ешся, ‑а́ецца; незак.
1. Адчуваць цяжкасць у дыханні з-за недахопу паветра; траціць магчымасць свабодна дыхаць па якой‑н. прычыне. Язэп скінуў гімнасцёрку — проста згараў, задыхаўся ад духаты.Асіпенка.Абраза балюча пякла сэрца. Дзяўчына задыхалася ад гневу і сораму.Шамякін.//перан. З цяжкасцю вытрымліваць што‑н. Рэспубліка задыхаецца ад франтоў, голаду і холаду.Барашка.Беларускае сялянства задыхалася ад беззямелля і малазямелля, ад памешчыцкай і кулацкай навалы.Івашын.
2. Паміраць ад недахопу паветра, ад дыму, удушлівых газаў. Заціснутая ў мураваны склеп ахвяра паступова задыхалася.«Работніца і сялянка».Марынчук не перапытваў. Нам і так было відаць, што яму цяжка дыхаць, не хапае паветра, ён проста задыхаецца.С. Александровіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ГАЯ́НА (Guyana), Кааператыўйая Рэспубліка Гаяна (Cooperative Republic of Guyana),
дзяржава на ПнУПаўд. Амерыкі. На З мяжуе з Венесуэлай, на Пд — з Бразіліяй, на У — з Сурынамам, на Пн абмываецца Атлантычным ак. Падзяляецца на 10 раёнаў. Пл. 215 тыс.км². Нас. 834 тыс.чал. (1995). Сталіца — г.Джорджтаўн. Дзярж. мова — англійская. Нац. свята — Дзень Рэспублікі (23 лют.).
Дзяржаўны лад. Гаяна — рэспубліка. Уваходзіць у Садружнасць на чале з Вялікабрытаніяй. Дзейнічае канстытуцыя 1980. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму Нац. сходу, выканаўчая — Савету Міністраў, які ўзначальвае прэм’ер-міністр (першы віцэ-прэзідэнт).
Прырода. Паўн.ч. краіны займае шырокая забалочаная Гвіянская нізіна. На Пд адгор’і Гвіянскага пласкагор’я, найб.выш. на З — г. Рарайма (2772 м). Карысныя выкапні: баксіты, золата, алмазы. Знойдзены невял. радовішчы нафты, урану, храмітаў, марганцавых і жал. руд. Клімат субэкватарыяльны гарачы і вільготны. Сярэднямесячная т-ра паветра ў Джорджтаўне 26—28 °C, ападкаў 2230 мм за год. Рэкі мнагаводныя, з вял. колькасцю парогаў і вадаспадаў; найб. Эсекіба, Дэмерара, Бербіс, Карантэйн, 83% тэр. займаюць пастаянна вільготныя вечназялёныя лясы. На ПдЗ — саванны, на ўзбярэжжы — мангравыя зараснікі. Нац. парк Каетур.
Насельніцтва. Каля 51% інд. паходжання, 43 — негры і мулаты, 4% — індзейцы (ва ўнутр. раёнах). Ёсць групы англічан, партугальцаў, кітайцаў. Паводле веравызнання 57% — хрысціяне (значная ч. англікане), 33 — індуісты, 9% — мусульмане. Каля 90% насельніцтва сканцэнтравана на прыбярэжнай нізіне. У гарадах жыве 35% насельніцтва. Найбольшыя гарады: Джорджтаўн (200 тыс.ж., 1993), Нью-Амстэрдам, Макензі, Бартыка. 44,5% працаздольных занята ў прам-сці і гандлі, 33,8 — у сельскай гаспадарцы, 21,7% — у абслуговых галінах.
Гісторыя. Карэнныя жыхары Гаяны — індзейцы-аравакі. У 1499 гэту тэр. адкрыў ісп. мараплавец А. дэ Ахеда. Першыя паселішчы еўрапейцаў на р. Памярун засн. ў 1581 галандцамі. У канцы 16 — пач. 17 ст. на ўзбярэжжа высадзіліся англічане (у 1667 іх паселішча захапілі галандцы). У 1621 галандская Вест-Індская кампанія атрымала правы на кантроль над б.ч.тэр. Гаяны. У 1732 паселішчы Бербіс, у 1773 — Эсекіба і Дэмерара атрымалі статус нідэрландскіх калоній. У 1650 — пач. 19 ст. ў Гаяну пастаянна прывозілі неграў-рабоў з Афрыкі для працы на цукр. плантацыях і ў рудніках. У 1782 тэр. Гаяны адышла да Францыі, у 1783 — да Нідэрландаў. У 1803—14 калоніі Бербіс, Эсекіба і Дэмерара перайшлі да Вялікабрытаніі; у 1831 аб’яднаны ў адну калонію Брыт. Гвіяна. У 1834 адменена рабства. З 1838 сюды ўвозілі танную рабочую сілу з Індыі, з 1853 — з Кітая. У 1928 уведзена канстытуцыя, паводле якой створаны Заканад. савет. У 2-ю сусв. вайну ў Гаяну пачаў пранікаць амер. і канадскі капітал (распрацоўка пакладаў баксітаў), створана ваен. база ЗША (1940). Пасля вайны нац.-вызв. рух узначаліла Нар.прагрэс. партыя (НПП; засн. ў 1950). У 1953 брыг. ўлады ўвялі новую канстытуцыю, паводле якой мясц. насельніцтва атрымала права ўдзельнічаць у кіраванні краінай. Пасля перамогі на выбарах 1953 НПП яе лідэр Ч.Джаган узначаліў урад. У кастр. 1953 англ. ўрад увёў у калонію войскі, разагнаў яе ўрад і парламент і прыпыніў дзейнасць канстытуцыі. У 1955 створана партыя Нар.нац. кангрэс (ННК). На выбарах 1957 і 1961 зноў перамагла НПП (урадамі кіраваў Джаган). У снеж. 1964 адбыліся датэрміновыя выбары ў Нац. сход, створаны кааліцыйны ўрад на чале з Ф.Бернхемам. 26.5.1966 Брыт. Гвіяна абвешчана незалежнай дзяржавай (атрымала назву Гаяна). З 1970 Гаяна — парламенцкая рэспубліка. У 1972 урад Бернхема абвясціў курс на стварэнне «кааператыўнага сацыялізму», адначасова адбылося ўмацаванне аўтарытарнага кіравання ННК.
У 1980 у Гаяне ўстаноўлена прэзідэнцкая рэспубліка. Пасля смерці ў жн. 1985 прэзідэнта Бернхема (правіў з 1980) новы кіраўнік дзяржавы Х.Хойт звярнуўся за эканам. дапамогай да Міжнар. валютнага фонду, жорсткія патрабаванні якога выклікалі незадавальненне насельніцтва Гаяны і прывялі да забастоўкі (сак. 1989). На выбарах у 1992 перамагла НПП, прэзідэнтам стаў Джаган. Дзейнічаюць Нар. прагрэс, партыя, Нар.нац. кангрэс і інш. Гаяна — член ААН (з 1966), Арг-цыі амер. дзяржаў, Карыбскай супольнасці, Лац.-амер.эканам. сістэмы.
Гаспадарка. Гаяна — эканамічна адсталая краіна. Аснова эканомікі — сельская гаспадарка, якая дае больш за 25% валавога ўнутр. прадукту. Развіта горназдабыўная прам-сць. Гаяна — адна з вядучых краін па здабычы баксітаў (штогод 1—1,5 млн.т), забяспечвае 90% сусв. вытв-сці кальцыніраваных баксітаў. Асн. радовішчы ў далінах рэк Дэмерара і Бербіс. Здабываюць золата (каля 500 кг штогод), тэхн. і ювелірныя алмазы (каля 10 тыс. каратаў штогод). Параўнальна развіты харч. (цукровыя і рысаачышчальныя з-ды), харчасмакавая (у т. л. тытунёвая), лесапільная і дрэваапр., тэкст., швейная, абутковая прам-сць. Штогод атрымліваюць цукру-сырцу каля 160—200 тыс.т, рому 150—170 тыс. гекталітраў. У Джорджтаўне працуюць ліцейны з-д, мукамольная ф-ка і з-д па кансерваванні крэветак. У г. Макензі гліназёмны з-д. Вытв-сць электраэнергіі 276 млн.кВт∙гадз (1992), пераважна на невял. ЦЭС. Ворныя землі займаюць 3% тэр. краіны, лугі і пашы — 6% (на ПдЗ). Земляробчыя раёны — акіянскае ўзбярэжжа і ніжнія ч. далін рэк Дэмерара і Бербіс. Гал.с.-г. культуры (збор тыс.т, 1993): цукр. трыснёг — 2600, рыс — 300, апельсіны — 15, бананы — 21, какосавыя арэхі — 48, агародніна — 12, а таксама кукуруза, кава, какава, маніёк, ямс, батат. На ПдЗ на ўчастку саваннаў уздоўж р. Рупунуні пашавая жывёлагадоўля. Гадуюць (1993, тыс. галоў): буйн. раг. жывёлу — 160, свіней — 30, авечак — 130, коз — 79. Рыбалоўства і здабыча морапрадуктаў, гал. від прадукцыі — крэветкі. Нарыхтоўка каштоўных парод трапічнай драўніны. Транспарт пераважна аўтамаб. і ўнутр. водны. Аўтадарог 7665 км, з іх 550 км з цвёрдым пакрыццём, 5000 км гравійных. Асноўныя праходзяць па ўзбярэжжы, ад Джорджтаўна на Пд у Бразілію ідзе Трансгаянская шаша. Для суднаходства выкарыстоўваюцца ўчасткі рэк агульнай даўж. 6000 км. Чыгункі (187 км) вузкакалейныя, маюць дапаможнае значэнне. Знешнія сувязі ажыццяўляюцца пераважна марскім шляхам. Асн. парты Джорджтаўн і Нью-Амстэрдам (імпарт), Ліндэн і Эвертан (экспарт баксітаў і гліназёму). У краіне 53 аэрапорты і аэрадромы, у т. л.міжнар. аэрапорт каля Джорджтаўна. Гаяна экспартуе цукар, баксіты, гліназём, рыс, золата, крэветкі, драўніну, патаку і ром; імпартуе тавары нар. ўжытку, машыны і абсталяванне, харч. прадукты, паліва. Асн.гандл. партнёры: ЗША (25% экспарту, 40% імпарту), Вялікабрытанія (адпаведна 28 і 11%), Японія, Германія, Канада, краіны Лац. Амерыкі. Грашовая адзінка — гаянскі долар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖЫБУ́ЦІ (Djibouti), Рэспубліка Джыбуці (Republique de Djibouti),
дзяржава на ПнУ Афрыкі. Мяжуе на Пн з Эрытрэяй, на З і Пд з Эфіопіяй, на ПдУ з Самалі. На У абмываецца Баб-эль-Мандэбскім пралівам і Адэнскім зал. Індыйскага ак. Падзяляецца на 5 акруг. Пл. 22 тыс.км². Нас. 557 тыс.чал. (1993). Сталіца — г.Джыбуці. Афіц. мова — арабская і французская.
Нац. свята — Дзень незалежнасці (27 чэрв.).
Дзяржаўны лад. Дж. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1992. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца насельніцтвам на 6 гадоў. Вышэйшы прадстаўнічы орган — аднапалатны Нац. сход (65 дэпутатаў), выбіраецца насельніцтвам на 5 гадоў. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам.
Прырода. Для рэльефу характэрна чаргаванне горных масіваў з патухлымі вулканамі і нізкіх лававых плато. Цэнтр.ч. краіны займаюць камяністыя, пясчаныя або гліністыя раўніны. На ПнУ адгор’і хр. Данакіль (г. Муса-Алі, 2022 м). У глыбокай тэктанічнай упадзіне воз. Асаль (на 153 м ніжэй узр. м.). Клімат трапічны, сухі і гарачы. Сярэднямесячныя т-ры 27—35 °C. Ападкаў 45—130 мм за год. Пастаянных рэк няма. Расліннасць пустынная і паўпустынная. Нац. паркі Дай, Маскалі-Мусша, некалькі рэзерватаў.
Насельніцтва Рэспубліку насяляюць 2 народы, якія размаўляюць на мовах кушыцкай групы семіта-хаміцкай сям’і: іса (блізкія да самалійцаў, 50%) і афары (40%). Жывуць таксама самалійцы, арабы, выхадцы з Еўропы (французы, грэкі, італьянцы) і інш. 94% вернікаў мусульмане. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 25,3 чал. на 1 км². 82% яго пражывае ў гарадах і пасёлках на ўзбярэжжы і на ПдУ, у т. л. больш за палавіну ў г. Джыбуці. Ва ўнутр. раёнах пераважаюць качэўнікі і паўкачэўнікі.
Гісторыя. У 1880-я г.тэр. п-ва Самалі падзелена паміж Англіяй і Францыяй. Калонія Франц. Самалі ў 1946 атрымала статус «заморскай тэр. Францыі», у 1956 — частковую аўтаномію. У ходзе рэферэндуму 1967 большасць насельніцтва выказалася за аўтаномію ў рамках Франц. Рэспублікі і краіна з чэрв. 1967 стала афіцыйна наз.Франц.тэр. афараў і іса. У 1970-я г. ў краіне і за мяжой узнік моцны незалежніцкі рух сярод іса, дыскрымінаваных французамі на карысць афараў. У 1972 створана Афр.нар. ліга (з 1975 Афр.нар. ліга за незалежнасць). У эміграцыі дзейнічалі вызв. партыі, у т. л. тыя, што выступалі за аб’яднанне з Самалі ці Эфіопіяй.
8.5.1977 абвешчана незалежная дзяржава пад назвай Рэспубліка Джыбуці; ролю канстытуцыі ў краіне выконвалі «арганічныя законы». Унутрыпаліт. напружанасць у 1990—92 выклікала сутыкненні кланава-племянных інтарэсаў афараў і іса. Афарская апазіцыя стварыла Фронт за аднаўленне адзінства і дэмакратыі, разгарнула антыўрадавыя ўзбр. выступленні. У чэрв. 1992 гэты Фронт разам з інш. апазіцыйнымі партыямі і рухамі, у т. л. і прадстаўнікамі інтарэсаў іса, утварылі Аб’яднаны фронт апазіцыі. 4.9.1992 на рэферэндуме ўпершыню прынята канстытуцыя. У маі 1993 прэзідэнтам краіны выбраны Х.Гулед Апцідон. Дж. — чл.ААН з 1977. Паліт. партыі — Нар. аб’яднанне за прагрэс (правячая), Партыя дэмакр. абнаўлення, Нац.-дэмакр. партыя.
Гаспадарка. Дж. — адна з найменш развітых краін свету. Штогадовы даход на душу насельніцтва каля 300 долараў. Гасп. дзейнасць абмежавана неспрыяльнымі прыроднымі ўмовамі. Доля ў валавым унутр. прадукце: транспарту і сферы паслуг — каля 85%, прам-сці — каля 10%, сельскай гаспадаркі — каля 4%. Найб. развіта абслугоўванне трансп. аперацый праз порт Джыбуці, дзе канчаецца чыгунка і аўтадарога, якія злучаюць Эфіопію з узбярэжжам. 3/4 грузаабароту порта — транзітныя грузы, праз яго праходзіць каля палавіны знешняга гандлю Эфіопіі. Даўж. чыгункі 106 км, аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 283 км. Каля г. Джыбуці міжнар. аэрапорт. Прам-сць прадстаўлена невял. паўсаматужнымі прадпрыемствамі па вытв-сці харч. прадуктаў, скураных вырабаў, буд. матэрыялаў, мех. і швейнымі майстэрнямі. Ёсць некалькі невял. электрастанцый, з-дмінер. вод, малаказавод, камбікормавы з-д, тэкст. прадпрыемствы. Суднарамонт і буд-ва невял. суднаў. Лоўля рыбы і крабаў, збор жэмчугу і перламутру, каралаў, губак. Здабыча кухоннай солі з марской вады, вапняку, перліту. Саматужныя промыслы: ювелірны (вырабы з серабра, упрыгожаныя жэмчугам, перламутрам, караламі), гарбарны (вырабы з ціснёнай скуры — сёдлы, збруя, бурдзюкі і інш.). Гал. крыніца існавання сельскага насельніцтва — качавая і паўкачавая жывёлагадоўля. Пагалоўе (тыс.гал.): авечак і коз каля 1000, вярблюдаў каля 40, буйн. раг. жывёлы каля 50. Пад пашай каля 12% тэрыторыі. Выкарыстоўваюцца таксама сезонныя пашы па-за межамі краіны, пераважна ў Эфіопіі. Для земляробства прыдатныя толькі 7 тыс.га зямель у аазісах. Вырошчваюць фінікавую пальму, каву, агародніну. Дж. экспартуе жывёлу і скуры, імпартуе харч. і прамысл. тавары. Імпарт перавышае экспарт у 10 разоў. Асн.гандл. партнёры: Францыя (57% экспарту, 26% імпарту), Йемен, Саудаўская Аравія. Краіна атрымлівае штогадовую дапамогу ад міжнар. арг-цый і Францыі. Грашовая адзінка — джыбуційскі франк.