«ПЛАНА́Р»,

дзяржаўны навук.-вытв. канцэрн дакладнага машынабудавання. Засн. ў 1992 на базе КБ дакладнага электроннага машынабудавання (існуе ў Мінску з 1962). Уключае комплекс устаноў і прадпрыемстваў, якія распрацоўваюць і забяспечваюць вытв-сць спец. тэхнал. абсталявання для мікраэлектронікі і мехатронных сістэм. Асн. прадукцыя (2001): оптыка-мех. абсталяванне для вырабу і кантролю фоташаблонаў, якія выкарыстоўваюцца ў вытв-сці інтэгральных мікрасхем і паўправадніковых прыбораў, шматслойных пячатных плат, а таксама для фарміравання і пераносу відарысаў у фоталітаграфіі, лазернай тэхналогіі раздзялення матэрыялаў; аўтаматы і паўправадніковыя аўтаматы дыскавай рэзкі, зондавага кантролю і мантажу крышталёў; лінейныя шагавыя рухавікі; высокараздзяляльныя аб’ектывы і аптычныя сістэмы; медтэхніка і тавары нар. спажывання. «П.» з’яўляецца лідэрам у распрацоўцы сістэм тэхн. зроку, унікальнай апаратуры для вымярэнняў, даследаванняў і выпрабаванняў з элементамі штучнага інтэлекту. Удзельнічае ў выкананні дзярж. праграм «Лазеры», «Белэлектроніка», «Прылады і сродкі вымярэнняў і тэхнічная дыягностыка», а таксама бел.-рас. праграм.

М.​С.​Калядка, А.​В.​Нікіфараў.

т. 12, с. 405

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРА́ВА НА СУДО́ВУЮ АБАРО́НУ,

комплекс канстытуцыйна замацаваных працэсуальных правоў, якія гарантуюць абарону асн. матэрыяльных правоў і свабод чалавека. Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь гарантуе права грамадзян на суд. абарону ад замахаў на жыццё і здароўе, гонар і годнасць, асабістую свабоду і маёмасць, інш. законныя правы і свабоды, а таксама ад неправамерных дзеянняў органаў дзярж. кіравання і службовых асоб. У судаводстве ўсе грамадзяне маюць права на абарону і на кваліфікаваную юрыд. дапамогу для яе ажыццяўлення (у выпадках, прадугледжаных законам, юрыд. дапамога аказваецца за кошт дзярж. сродкаў); права на прэзумпцыю невінаватасці, права не сведчыць супраць самога сябе, членаў сваёй сям’і, блізкіх родных (доказы, атрыманыя з парушэннем закона, не маюць юрыд. сілы); права асуджанага на перагляд прыгавору вышэйстаячым судом ва ўстаноўленым законам парадку. Замежным грамадзянам і асобам без грамадзянства таксама гарантуецца права на зварот у суд для абароны асабістых, маёмасных, сямейных і інш. правоў.

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 12, с. 524

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́ДУНСКІ ЗА́МАК.

Існаваў у 14—17 ст. Яго рэшткі захаваліся на ўзвышшы сярод забалочанай мясцовасці на беразе р. Радунька ў цэнтры в. Гарадзішча Воранаўскага р-на Гродзенскай вобл. (за 2 км ад г.п. Радунь). Пляцоўка чатырохвугольная ў плане, памерам 85 × 60 м, узвышаецца на 8 м над далінай ракі, умацавана валам выш. 3—5 м і абкружана ровам глыб. 2,5—3 м, шыр. 6—8 м. У паўд.-ўсх. вугле быў уваход. Аснову замкавай абароны складаў комплекс драўляна-земляных умацаванняў — вал, сцены-гародні, вежы. Перад уязной вежай-брамай быў мост з пад’ёмным пралётам — узводам. Пры археал. раскопках знойдзена кераміка 14—17 ст., паліваная і тэракотавая кафля, жалезныя наканечнікі дзідаў, сякера, манеты 15—17 ст. і інш.

Літ.:

Гуревич Ф.Д. Древности Белорусского Понеманья. М.; Л., 1962;

Штыхов Г.В. Археологическая карта Белоруссии. Вып. 2. Мн., 1971;

Поболь Л.Д. Древности Белоруссии в музеях Польши. Мн., 1979.

т. 13, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Хатынь (мемарыяльны комплекс) 2/238; 3/580; 6/240, 290, 620, 621; 7/139, 140—141 (укл.); 8/514; 9/472—473 (укл.), 568; 11/38—41, 40—41 (укл.)

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

інкарпара́цыя

(лац. incorporatio)

1) далучэнне, уключэнне ў свой склад чаго-н. (напр. і. новых раёнаў);

2) сістэматызацыя выдадзеных у розны час законаў па асобных галінах права без унясення змен у іх змест;

3) лінгв. спосаб сінтаксічнай сувязі паміж словамі, пры якім галоўны член словазлучэння зліваецца з залежнымі членамі ў фанетыка-марфалагічны комплекс, аналагічны слову.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

БУХЕНВА́ЛЬД (Buchenwald),

нямецка-фашысцкі канцлагер у 1937—45 каля г. Веймар (Германія). Меў 66 філіялаў і знешніх працоўных камандаў. Спачатку ў Бухенвальдзе трымалі ням. палітзняволеных, потым і ваеннапалонных розных нацыянальнасцей, прымусова вывезеных у Германію сав. грамадзян. За гады існавання праз лагер прайшло каля 239 тыс. вязняў, загублена больш за 56 тыс. чалавек 18 нацыянальнасцей (у т. л. каля 19 тыс. сав. ваеннапалонных). Вязняў катавалі, марылі голадам, бязлітасна эксплуатавалі на з-дах буйных прамысл. фірмаў, праводзілі над імі мед. эксперыменты. 18.8.1944 у Бухенвальдзе забіты дзеяч ням. і міжнар. рабочага руху Э.Тэльман. Тут дзейнічалі падпольная антыфаш. арг-цыя, інтэрнац. лагерны камітэт на чале з ням. камуністам В.​Бартэлем. Да крас. 1945 налічвалася 178 падпольных груп (у т. л. 56 савецкіх). 11.4.1945 баявыя групы інтэрнац. камітэта авалодалі лагерам. 12.4.1945 у лагер увайшлі амер. войскі. У 1958 створаны Міжнар. камітэт былых вязняў Бухенвальда, адкрыты мемарыяльны комплекс.

Да арт. Бухенвальд. Мемарыял на ўшанаванне памяці ахвяр канцлагера. Скульптар Ф.​Крэмер. 1958.

т. 3, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯЛЫ́НІЦКІ КАСЦЁЛ І КЛЯ́ШТАР КАРМЕЛІ́ТАЎ.

Засн. ў 1624 у г.п. Бялынічы (Магілёўская вобл.) канцлерам ВКЛ Львом Сапегам. Пазней апекунамі кляштара былі ўладальнікі Бялынічаў Агінскія. У сярэдзіне 18 ст. першапачатковыя драўляныя будынкі заменены мураванымі. У комплекс уваходзілі Успенскі касцёл, Т-падобны ў плане корпус кляштара, агароджа з уваходнай брамай, званіца, вежа з гадзіннікамі. Касцёл (пабудаваны ў 1742—63 у стылі позняга барока) — 3-нефавая крыжова-купальная базіліка з трансептам. Багата дэкарыраваны ордэрнымі элементамі і скульптурамі гал. фасад падзяляўся па гарызанталі на 3 ярусы, раскрапаваныя антаблементамі, па вертыкалі — на 5 частак вязкамі пілястраў. Сярэдняя частка завяршалася фігурным франтонам, бакавыя — масіўнымі валютамі, прамежкавыя — вежамі, накрытымі гранёнымі купалкамі. Інтэр’ер быў багата аздоблены драўлянай і стукавай скульптурай, сюжэтнымі размалёўкамі. У 1534 невядомы мастак намаляваў тут абраз Маці Божай, які знік у Вял. Айч. вайну. У 1960-я г. ўзарваны касцёл, у 1970-я г. — кляштар.

Бялыніцкі касцёл і кляштар кармелітаў. З гравюры 19 ст.

т. 3, с. 401

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНГКО́Р,

комплекс індуісцкіх і будыйскіх храмаў, палацаў, вадасховішчаў і адводных каналаў каля г. Сіемрэап (Камбоджа). Пабудаваны ў 9—13 ст. Выяўлены ў джунглях у 19 ст.

Захаваліся руіны стараж. сталіц Камбоджы Яшодхарапуры (засн. ў канцы 9 ст.) і Ангкор-Тхома (засн. ў канцы 12 ст.—1432, пл. 7,9 км², цэнтр. храм Баён) — каменныя цокалі драўляных палацаў, «храмы-горы» ў выглядзе ступеньчатых пірамід, у т. л. буйнейшы Ангкор-Ват (каля 1113—50; пл. 1300 м х 1500 м, вышыня 66 м). Вызначаецца строга геам. планам, велічнай гармоніяй кампазіцыі: «храм-гару» абкружаюць галерэі з каланадамі, павільёнамі варот і вуглавымі вежамі. Багатае скульпт. ўбранне Ангкору: рэльефы з батальнымі і быт. сцэнамі, фігурамі міфалагічных істот, у Ангкор-Тхоме гіганцкія твары багоў на вежах варот і храма Баён. Сілуэт вежаў Ангкор-Вата змешчаны на гербе Камбоджы.

Літ.:

Маршаль А. Ангкор: Пер. з фр. М., 1964.

Да арт. Ангкор. Фрагмент барэльефа храма Ангкор-Ват.

т. 1, с. 344

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЕ ТАВАРЫ́СТВА ГЛУХІ́Х,

грамадская арг-цыя. Засн. Ў 1931. Цэнтр. праўленне ў Мінску. Прымае асоб з парушэннямі слыху ва ўзросце ад 16 гадоў. У складзе т-ва 6 абл., 10 міжраённых, больш за 240 пярвічных арг-цый (1995). Мае 10 навуч.-вытв. прадпрыемстваў (у Бабруйску, Баранавічах, Барысаве, Брэсце, Віцебску, Гомелі, Гродне, Магілёве, Мінску, Оршы), Палац культуры ў Мінску, спарт. комплекс (у Гомелі), санаторый-прафілакторый «Азёрны» (на беразе Заслаўскага вадасховішча), клубы, б-кі, дамы культуры (у Віцебску, Гомелі, Гродне).

На Беларусі створаны дашкольныя ўстановы для дзяцей глухіх і са слабым слыхам (у Мінску, Бабруйску, Гомелі, Мазыры), спецшколы-інтэрнаты для дзяцей са слабым слыхам (Бабруйск, Віцебск, Гарадзея, Кобрын, Мінск, Поразава, Рэчыца), спецшколы-інтэрнаты для глухіх дзяцей (Ашмяны, Верхнядзвінск, Ждановічы, Мінск, Мсціслаў, Пінск, Рэчыца), аддзяленні па навучанні глухіх пры Гомельскім машынабуд. тэхнікуме і Мінскім медвучылішчы № 2 (рыхтуе зубных тэхнікаў); дзейнічаюць каля 30 спец. класаў пры агульнаадук. школах, 3 вячэрнія (пазменныя) школы для дарослых глухіх (у Віцебску, Гомелі, Мінску). Т-ва — член Сусв. федэрацыі глухіх.

т. 2, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВОДААЧЫ́СТКА,

комплекс тэхнал. працэсаў, які забяспечвае давядзенне якасці вады, што паступае ў водаправодную сетку з крыніцы водазабеспячэння, да ўстаноўленых вытв. паказчыкаў. Ажыццяўляюць на водаачышчальных збудаваннях, дзе выкарыстоўваюць рэагентныя і дэзінфекцыйныя ўстаноўкі, адстойнікі, градзірні і інш.

Воды паверхневых крыніц (рэк, азёр) да падачы ў водаправод асвятляюць (выдаляюць завіслыя і калоідныя часцінкі), пазбаўляюць колеру і абеззаражваюць (знішчаюць патагенныя бактэрыі і вірусы). Для асвятлення і пазбаўлення колеру праводзяць каагуляцыю, адстойванне, фільтрацыю. Для абеззаражвання вады выкарыстоўваюць вадкі хлор, хлорную вапну ці азон. Падземныя воды пры здавальняючым хім. саставе толькі абеззаражваюць хлорам ці ультрафіялетавымі прамянямі. Для змякчэння (выдалення празмернай колькасці солей кальцыю і магнію) ваду апрацоўваюць вапнаю, содай ці прапускаюць праз іанітныя фільтры (гл. Іаніты). Аэрацыяй з далейшым фільтраваннем памяншаюць колькасць солей жалеза. Газы (серавадарод, метан, радон, вуглякіслы і інш.) выдаляюць аэрацыяй, радыеактыўныя рэчывы — дэзактывацыяй. Дэзадарацыю вады ажыццяўляюць сорбцыяй рэчываў, якія абумоўліваюць прысмак і пах, актываваным вугалем ці акісленнем азонам, дыаксідам хлору, перманганатам калію.

У.​М.​Марцуль.

т. 4, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)