раздзел матэматыкі, у якім вывучаюцца дзеянні над вектарамі і іх уласцівасці. Яго развіццё ў 19 ст. выклікана патрэбамі механікі і фізікі. Пачалося з даследаванняў У.Гамільтана і Г.Грасмана па гіперкамплексных ліках. Падзяляецца на вектарную алгебру і вектарны аналіз.
Вектарная алгебра разглядае лінейныя дзеянні над вектарамі (складанне, адніманне вектараў, множанне вектараў на лік), а таксама скалярны здабытак, вектарны здабытак і змешаны здабытак вектараў. Сума
вектараў і — вектар, праведзены з пачатку да канца , калі канец і пачатак супадаюць. Складанне вектараў мае ўласцівасці:
;
;
;
; дзе — нулявы вектар, — вектар, процілеглы вектару (гл.Асацыятыўнасць, Камутатыўнасць). Рознасць вектараў і — вектар такі, што
; рознасць ёсць вектар, які злучае канец вектара з канцом вектара , калі яны адкладзены з аднаго пункта. Здабыткам вектара на лік α наз. вектар α , модуль якога роўны
і які накіраваны аднолькава з вектарам , калі α > 0, і процілеглы пры α < 0. Калі α = 0 ці , то α = . Уласцівасці множання вектара на лік:
;
;
;
. Пры каардынатным заданні вектараў розным дзеяннем над вектарамі адпавядаюць дзеянні над іх каардынатамі. У вектарным аналізе вывучаюцца вектарныя і скалярныя функцыі аднаго ці некалькіх аргументаў і дыферэнцыяльныя аперацыі над гэтымі функцыямі (гл., напр., Градыент, Дывергенцыя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЫ́С-АБЕ́БА (па-амхарску новая кветка),
горад, сталіца Эфіопіі, адм. ц. правінцыі Шоа. Знаходзіцца на Эфіопскім нагор’і на выш. больш за 2,4 тыс.м над узр. мора. Больш за 1,5 млн.ж. (1993).
Засн. ў 1887 імператарам Мэнелікам II. У 1889 абвешчана сталіцай. Пасля перамогі ў італа-эфіопскай вайне 26.10.1896 тут заключаны мірны дагавор, паводле якога Італія прызнала незалежнасць Эфіопіі. 5.5.1936 акупіравана італьян. войскамі, вызвалена 6.4.1941 англа-эфіопскімі войскамі.
Аўтамаб. дарогі звязваюць Адыс-Абебу з буйнейшымі гарадамі Эфіопіі і суседніх краін. Чыгунка на Джыбуці. Міжнар. аэрапорт. Металаапр. і зборачныя з-ды (зборка трактароў, с.-г. машын, аўтамабіляў, веласіпедаў і інш.). Тэкст., гарбарна-абутковыя, мукамольныя, алейныя, па перапрацоўцы кавы, дрэваапр., мяса-малочныя прадпрыемствы. Вытворчасць буд. матэрыялаў і саматужных ткацкіх, гарбарных, керамічных, метал. і драўляных вырабаў. Гандаль кавай, скурамі, збожжам і інш.Ун-т. Рэзідэнцыі Эканам. камісіі ААН для Афрыкі і Арганізацыі афр. адзінства (АЛА).
Першыя манум. мураваныя будынкі ўзведзены замежнымі архітэктарамі. Вялікі палац з рысамі інд. архітэктуры (1894), Новы палац і сабор св. Георгія (абодва пач. 20 ст.) у стылі неакласіцызму, шпіталь Мэнеліка II (1910), атэль «Ытэге» (1907), каля 200 жылых дамоў еўрап. тыпу (1912). У 1950—60-я г. пабудаваны Нац. Тэатр на пл. Адуа (франц.арх. А.Шамет); універсітэцкі комплекс (англ.арх. Г.К.Фалек); аэрапорт, Дом Афрыкі (вітраж пл. 150 м², мастак А.Тэкле), муніцыпалітэт, Нац. банк (усе італьян.арх. А.Медзэдымі, інж М.Фанана; тэлевіз. цэнтр, Гандл. Палата, Мін-ва замежных спраў (арх. З.Энаў, М.Тэдрас). У 1970—80-я г. па праектах югасл. архітэктараў пабудаваны паштамт, шпіталь, атэль «Вебі-Шэбелі». Музеі: Археал., Ін-та эфіопскіх даследаванняў. Нацыянальны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗЁРАЗНА́ЎСТВА, лімналогія,
галіна гідралогіі; навука пра кантынентальныя вадаёмы запаволенага водаабмену (азёры, вадасховішчы, сажалкі). Вывучае комплекс узаемазвязаных фіз., хім. і біял. працэсаў у вадаёмах; даследуе азёрныя катлавіны, донныя адклады, водны баланс і рэжым узроўню, тэрміку, лядовыя і аптычныя з’явы, гідрахімію, рух азёрнай вады, берагі, рыбапрадукцыйнасць і інш. Выкарыстоўвае метады геахіміі, геафізікі, геалогіі, гідрабіялогіі, вынікі лабараторных аналізаў станцый і пастоў сістэмы Гідраметслужбы, аэрафотаздымку.
Заснавальнік навуковага азёразнаўства — швейц. вучоны Ф.А.Фарэль (1885; працы па тэорыі і методыцы азёразнаўства). У развіцці азёразнаўства вял. значэнне маюць працы рус. вучоных Дз.М.Анучына (вывад аб сувязі азёраў з усімі кампанентамі ландшафтаў), Л.С.Берга (апісанні азёраў Зах. Сібіры, Аральскага, Ісык-Куля) і А.І.Ваейкава (выявіў сувязь вагання ўзроўню вял. азёраў з іх водным балансам і інш.). На Беларусі першыя гідралагічныя даследаванні азёраў праведзены А.М.Семянтоўскім (у 1872 апублікаваў гідралагічны агляд Віцебскай губ.).
Сістэматычнае вывучэнне азёраў пачалося з арганізацыі н.-д. станцыі рыбнай гаспадаркі (1928). Комплексныя даследаванні азёраў праводзяцца на біял. і геагр. ф-тах БДУ (складанні азёрнага кадастру, прыродна-гасп. класіфікацыі, стварэнне ахоўных тэрыторый на базе азёраў), выконваюцца маніторынгавыя даследаванні па міжнар. праграме «Чалавек і біясфера». Н.-д. лабараторыя азёразнаўства БДУ (з 1968) комплексна даследавала больш як 500 азёраў і 20 вадасховішчаў (вывучаны гісторыя развіцця ў галацэне, вызначана іх генетычная прыналежнасць, законы азёрнай седыментацыі; В.П.Якушка). У ін-тах геал. навук і праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі АН Беларусі вывучаюцца азёры як аб’екты намнажэння сапрапеляў. У вытв. мэтах азёры і вадасховішчы даследуюцца ў Цэнтр.НДІ комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў. Вынікі даследаванняў улічваюцца ў рыбнай гаспадарцы, энергетыцы, курортнай справе, водазабеспячэнні, меліярацыі, здабычы карысных выкапняў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КІЯ ГЕАГРАФІ́ЧНЫЯ АДКРЫ́ЦЦІ,
сукупнасць найбольш значных адкрыццяў на сушы і ў моры, здзейсненых на працягу амаль усёй пісьмовай гісторыі чалавецтва. Традыцыйна іх атаясамліваюць толькі з адкрыццямі сярэдзіны 15 — сярэдзіны 17 ст. Да больш ранняга перыяду належаць адкрыцці: Паўд. Азіі і Індыйскага ак. (мараходы і купцы Харапскай цывілізацыі, 25—20 ст. да н.э.); паўд. ўзбярэжжа Еўропы, Міжземнага і Чорнага мораў (крыцкія і ахейскія мараходы, 16—14 ст. да н.э.); Усх. Азіі (іньскія купцы, палкаводцы, мараходы, 16—8 ст. да н.э.); плаванне вакол Афрыкі і ўстанаўленне яе прыблізных памераў (фінікійскія мараходы, паміж 609 і 595 да н.э.); Паўн. Атлантыкі, в-ва Вялікабрытанія, Паўночнага і Балтыйскага мораў (Пітэас, не пазней 320 да н.э.); Грэнландыі і Паўн.-Усх. Амерыкі (Эйрык Раўдзі, Лейф Эйрыксан, 981—1004); Усх. Еўропы (арабскія падарожнікі, купцы і каланісты Кіеўскай Русі з 9—10 ст.). Важнае значэнне мелі адкрыцці 15—17 ст.: Цэнтр. і Паўд. Амерыкі (Х.Калумб, А.Веспучы і інш.; 1442—1502); марскога шляху з Еўропы ў Індыю (Васка да Гама, 1497—99); першае кругасветнае плаванне (Ф.Магелан, 1519—22), якое даказала існаванне Сусветнага ак. і шарападобнасць Зямлі; Паўн. Азіі і праліва, што аддзяляе яе ад Паўн. Амерыкі (Ярмак, І.Масквіцін, С.Дзяжнёў, 1582—1648); Аўстраліі (А.Тасман, В.Янсзан, Ф.Тэйсен, 1606—42). Вялікія геаграфічныя адкрыцці адбываліся і пазней: адкрыцці Паўн.-Зах. Амерыкі па р.Св. Лаўрэнція (М.С.Гвоздзеў, В.Берынг, А.І.Чырыкаў, 1732—41) і Антарктыды (Ф.Ф.Белінсгаўзен, М.П.Лазараў, 1820). Па навуковай значнасці да Вялікіх геаграфічных адкрыццяў неабходна аднесці вынікі даследаванняў па выяўленні рэльефу дна Сусветнага ак. (Ч.Томсан, Дж.Мерэй, 1772—76) і адкрыццё адзінай планетарнай сістэмы сярэдзінна-акіянскіх хрыбтоў (Б.Хейзен, Г.Менард, Г.Б.Удзінцаў і інш., 1955—62).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЗАВАЯ ДЫНА́МІКА,
раздзел гідрааэрамеханікі, які вывучае рух газападобных і вадкіх асяроддзяў з улікам сціскальнасці і іх узаемадзеянне з цвёрдымі целамі. Сучасная газавая дынаміка вывучае таксама цячэнне газаў пры высокіх т-рах, што суправаджаецца хім. (дысацыяцыя, гарэнне і інш.) і фіз. (іанізацыя, выпрамяненне і інш.) працэсамі. Да газавай дынаміцы адносяцца таксама радыяцыйная газавая дынаміка, дынаміка плазмы, дынаміка выбуху і дэтанацыі, дынамічная метэаралогія і інш. Газавая дынаміка цесна звязана з тэрмадынамікай.
Газавая дынаміка займаецца вывучэннем сіл, якія дзейнічаюць на самалёт, снарад, ракету, на лапаткі турбін, вызначэннем найбольш прыдатных (абцякальных) формаў гэтых цел, разлікам соплаў, дыфузараў, эжэктараў, эксперым. даследаваннямі ў аэрадынамічных трубах, мадэляваннем на ЭВМ і інш.Тэарэт. разлікі пераносяцца на натуру метадамі падобнасці тэорыі. Найб. важная характарыстыка газавых патокаў — лік Маха: М = ν/a (ν — скорасць газу, а — скорасць гуку ў газе). Пры скарасцях газаў, меншых за скорасць гуку ў газе (М<1), сціскальнасць газу надае патоку толькі якасныя змены, а пры скарасцях газу, большых за скорасць гуку ў газе (М>1), рух цела суправаджаецца ўзнікненнем ударнай хвалі і рэзкім ростам супраціўлення руху. Вялікі ўклад у развіццё газавай дынамікі зрабілі вучоныя: расійскі С.А.Чаплыгін, савецкія С.А.Хрысціяновіч, А.А.Дарадніцын, Л.І.Сядоў, ням. Л.Прандтль, Т.Маер, англ. Дж.І.Тэйлар і інш.
На Беларусі даследаванні па газавай дынаміцы пачаліся ў 1960-я г. ў АН Беларусі і БДУ. Вынікі даследаванняў па газавай дынаміцы выкарыстоўваюцца ў фізіцы плазмы, балістыцы, ракета- і турбамашынабудаванні і інш.
Літ.:
Абрамович Г.Н. Прикладная газовая динамика. Ч. 1—2. 5 изд. М., 1991;
Зельдович Я.Б., Райзер Ю.П. Физика ударных волн и высокотемпературных гидродинамических явлений. 2 изд. М., 1966.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗВЫШВЫСОКАЧАСТО́ТНАЯ ТЭ́ХНІКА,
галіна навукі і тэхнікі, якая вывучае і выкарыстоўвае ўласцівасці эл.-магн. хваль у дыяпазоне ад 300 МГц да 3000 ГГц. У залежнасці ад тыпу вырашальных задач сістэмы і прылады З.т. падзяляюць на інфармацыйныя (радыёсувязь, тэлебачанне, радыёлакацыя, радыёнавігацыя і інш.) і энергетычныя (прамысл. тэхналогіі, быт. прылады, мед., біял. і хім. абсталяванне, перадача энергіі і інш.). Прылады і сістэмы З.т. выкарыстоўваюцца ў навук. даследаваннях па радыёспектраскапіі, фізіцы цвёрдага цела, ядз. фізіцы, радыёастраноміі, у апаратуры і абсталяванні ваен. прызначэння і інш.
ЗВЧ хвалі па сваіх уласцівасцях набліжаюцца да светлавых, што дазваляе выкарыстоўваць іх для накіраванай перадачы сігналаў. У дыяпазоне ЗВЧ да 10 ГГц страты ў атмасферы Зямлі нязначныя, а хвалі з частатой больш за 30 МГц праходзяць праз іанасферу без адбіцця. Таму ЗВЧ дыяпазон выкарыстоўваецца для далёкай і блізкай (спадарожнікавай) касм. сувязі, даследаванняў радыёвыпрамянення Сонца і інш.касм. аб’ектаў. Перыяд ЗВЧ ваганняў сувымерны з часам пралёту электронаў у міжэлектроднай прасторы звычайных электравакуумных прылад, што вымагае выкарыстанне ў апаратуры ЗВЧ іх спец. тыпаў (клістронаў, магнетронаў, лямпаў бягучай хвалі, мазераў на цыклатронным рэзанансе, гіраконаў і інш.), а таксама паўправадніковых прылад (тунэльных, лавінапралётных, Гана дыёдаў, ЗВЧ транзістараў і інш.). Пашыраны спец. лініі перадачы (напр., дыэл. і поўныя хваляводы прамавугольнага, круглага ці інш. сячэння, палоскавыя, шчылінныя ці кампланарныя лініі), а таксама фільтры ЗВЧ, накіраваныя адгалінавальнікі, цыркулятары, рэзанатары (як вагальныя сістэмы). У ЗВЧ дыяпазоне можна размясціць значна большую колькасць каналаў сувязі, чым на больш нізкіх частотах, што дазваляе ажыццяўляць многаканальную тэлеф., радыё- і тэлевізійную сувязь.
Літ.:
Лебедев И.В. Техника и приборы СВЧ. Т. 2. 2 изд. М., 1972;
Кураев А.А. Мощные приборы СВЧ: Методы анализа и оптимизации параметров. М., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНСТЫТУ́Т ТЭХНІ́ЧНАЙ КІБЕРНЕ́ТЫКІНацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Засн. ў 1965 у Мінску на базе Ін-та матэматыкі і выліч. тэхнікі АН Беларусі (існаваў з 1959). У 1995 да ін-та далучаны Выліч. цэнтр АН Беларусі. З 1996 ін-т уваходзіць (як галаўная арг-цыя) у н.-д. аб’яднанне «Кібернетыка» Нац.АН Беларусі. З ін-та вылучаны навук.-інж. прадпрыемствы «Геаінфарм. сістэмы», «Інфарм. тэхналогіі», інж. прадпрыемства «Навук. прыладабудаванне» (1996). У ін-це 2 аддзяленні (19 лабараторый), інж. цэнтр (3 аддзелы), аспірантура, дактарантура, савет па абароне канд. і доктарскіх дысертацый.
Асн. кірункі навук.даследаванняў: аўтаматызацыя праектавання тэхн. сістэм; мадэляванне інтэлектуальных працэсаў і распрацоўка новых інфарм. тэхналогій; распазнаванне і апрацоўка сігналаў, відарысаў, мовы; матэм. кібернетыка Распрацаваны: тэорыя і сістэмы аўтам. праектавання для машына- і прыладабудавання, мікраэлектронікі; спосабы і сродкі ўводу, вываду, захоўвання і адлюстравання трафічнай інфармацыі; геаінфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі; аўтаматызаваныя сістэмы лічбавай картаграфіі, апрацоўкі сігналаў, відарысаў, у т. л.касм. здымкаў і даных дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі; новыя інфарм і сеткавыя тэхналогіі, аналізатары і сінтэзатары мовы, паралельныя структуры і нейракамп’ютэры; метады аптымізацыі, дэкампазіцыі экстрэмальных задач, тэорыі раскладаў, аналізу, сінтэзу і дыягностыкі дыскрэтных прылад, кіравання паралельнымі працэсамі, рашэння лагічных ураўненняў, штучнага інтэлекту і распазнавання вобразаў, аналізу і мадэлявання самаарганізавальных сістэм, экасістэм; сродкі аховы інфармацыі. Выдадзены зборнік «Мадэляванне і аўтаматызацыя інфармацыйных працэсаў» (1995); выдаюцца штогод «Лагічнае праектаванне», «Мадэляванне і інфармацыйныя тэхналогіі праектавання», «Комплексная ахова інфармацыі», «Лічбавая апрацоўка відарысаў», «Інтэлектуальныя сістэмы». Ін-тузнаг. ордэнам Прац Чырв. Сцяга (1984). У ін-це працуюць чл.-кар.Нац.АН Беларусі Г.К.Гаранскі, А.Дз.Закрэўскі, Г.Р.Маньшын, Г.В.Рымскі, В.С.Танаеў (дырэктар з 1987); працаваў чл.-кар.АН Беларусі І.С.Кавалёў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНСТЫТУ́Т ФІ́ЗІКІ ЦВЁРДАГА ЦЕ́ЛА І ПАЎПРАВАДНІКО́ЎНацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Засн. ў 1963 у Мінску на базе Аддзела фізікі і хіміі цвёрдага цела і паўправаднікоў АН Беларусі (існаваў з 1958). У ін-це 15 навук. падраздзяленняў, аспірантура, савет па абароне канд. і доктарскіх дысертацый.
Асн. кірункі навук.даследаванняў: фізіка цвёрдага цела; вывучэнне прыроды міжатамных узаемадзеянняў у цвёрдых целах; стварэнне новых паўправадніковых, магн., сегнетаэлектрычных, звышцвёрдых, звышправодных матэрыялаў і вывучэнне іх уласцівасцей. Даследаваны: дынаміка крышт. рашоткі і фазавыя пераходы ў магн., сегнетаэл. і звышправодных матэрыялах; гальванамагн. і магнітааптычныя ўласцівасці металаў і паўправаднікоў пры нізкіх т-рах; уласцівасці створаных магнітарэзістыўных матэрыялаў на аснове складаных аксідаў і новых метастабільных магн і сегнетаэл. фаз; працэсы ўтварэння радыяцыйных дэфектаў у цвёрдых целах; заканамернасці адбіцця лазерных промняў ад узмацняльных і нелінейных асяроддзяў. Распрацаваны: тэорыя нестацыянарных кагерэнтных з’яў у цвердацелых матрыцах; метады стварэння высокатэмпературных звышправаднікоў у выглядзе монакрышталёў, плёнак і валакністых структур, высакаякасных нелінейнааптычных крышталёў, паўправадніковых і прасторава-мадуляваных магн. плёнак; метады выкарыстання іанізавальных выпрамяненняў у тэхналогіі вытв-сці паўправадніковых прылад; сінтэз крышталёў алмазу, кубічнага нітрыду бору і на іх аснове кампазіцыйных звышцвёрдых матэрыялаў для стварэння спец. рэжучага і шліфавальнага інструменту. Укаранёна ў вытв-сць распрацаваная тэхналогія атрымання ферытавых матэрыялаў з мясц. сыравіны для вырабу ферытавых прылад радыё- і тэлевізійнай тэхнікі; створаны электронныя датчыкі, п’езаэлектрычныя матэрыялы і вырабы на іх аснове для акустаэлектронікі. Выдадзены зборнікі навук. прац: «Ферыты» (вып. 1—2, 1960—63), «Хімічная сувязь у крышталях» (1969), «Радыяцыйная фізіка неметалічных крышталёў» (1970), «Крышталізацыя і фазавыя ператварэнні» (1971), «Кінетыка і механізм крышталізацыі» (1973). У ін-це працавалі акад.АН Беларусі М.М.Сірата, чл.-кар. Я.М.Лабанаў, працуюць акад.Нац.АН Беларусі М.М.Аляхновіч (дырэктар з 1993), Б.Б.Бойка, чл.-кар. Ф.П.Коршунаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІРАВА́ННЕў кібернетыцы,
сукупнасць дзеянняў на аснове пэўнай інфармацыі, накіраваных на падтрыманне (ці паляпшэнне) функцыянавання аб’екта ў адпаведнасці з зададзенай праграмай (алгарытмам) або з мэтай функцыянавання; адзін з універсальных прынцыпаў кібернетыкі. К. — аснова функцыянавання многіх тэхн. сістэм, жывых арганізмаў і сац. структур (эканам., адм., ваенных). Асн. праблемы К.: фарміраванне крытэрыяў аптымізацыі, эфектыўныя спосабы апісання станаў і працэсаў, вызначэнне абмежаванняў і іх уплыў на ўласцівасці і характарыстыкі аб’ектаў К., самаарганізацыя, саманавучанне, адаптацыя да ўмоў навакольнага асяроддзя і інш.
Агульныя задачы К.: выбар структур, планаванне работы на розных інтэрвалах часу, аналіз функцыянавання і на яго аснове карэкціроўка планаў, а таксама рэалізацыя планаў і стратэгіі з улікам апрацоўкі інфармацыі аб ходзе іх выканання і выпраўлення парушэнняў, што ўзнікаюць у выніку адхіленняў. Аптымальнае К. забяспечвае экстрэмальнае значэнне прынятага крытэрыю эфектыўнасці. Найб. даследаваны аб’екты К. тэхн. прыроды, якія вывучае аўтаматычнага кіравання тэорыя. Адзначаюць К. з адаптацыяй у сістэме з няпоўнай апрыёрнай інфармацыяй аб кіравальным працэсе (К. змяняецца на аснове атрыманай інфармацыі аб працэсе). Развіваецца таксама тэорыя адаптыўных сістэм К., для якіх за мадэлі нявызначанасці прыняты стахастычныя мадэлі і выкарыстоўваецца статыстыка выпадковых велічынь і працэсаў. Праблемы тэорыі і даследаванняўаўтам. і аўтаматызаваных сістэм К. асвятляюцца ў час.Рас.АН «Автоматика и телемеханика», «Теория и системы управления» (да 1995 «Техническая кибернетика»), а таксама «Весці Нац.АН Беларусі».
У Беларусі даследаванні па пытаннях К. і распрацоўка сістэм К. праводзяцца ў ін-тах тэхн. кібернетыкі і прыкладной фізікі Нац.АН, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, Ваен. акадэміі, НВА «Цэнтрсістэм». Гл. таксама Гібкая аўтаматызаваная вытворчасць.
Літ.:
Справочник по теории автоматического управления. М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́БАН (Мікола) (Мікалай Паўлавіч; 27.10.1911, в. Чаплічы Слуцкага р-на Мінскай вобл. — 28.12.1984),
бел. пісьменнік, мовазнавец. Засл. работнік культуры Беларусі (1974). Канд.філал.н. (1953). Скончыў БДУ (1945). У 1944—67 і 1968—75 працаваў у Ін-це мовазнаўства АН Беларусі, у 1967—68 у Гал. рэдакцыі Бел. энцыклапедыі. Друкаваўся з 1930. Першая кніга — аповесць «Іркуцянка» (1953). У трылогіі «На парозе будучыні» (1961—63), «Гарадок Устронь» (1967—68), «Шэметы» (1981) праз выразныя і каларытныя чалавечыя характары адлюстраваў пераломныя перыяды ў гісторыі краіны з пач. 20 ст. (рэвалюцыя, грамадз. вайна, калектывізацыя, барацьба супраць фашызму ў Вял.Айч. вайну). У творы паказана вясковае жыццё ў яго разнастайных, асабліва сац.-быт. праявах, перададзены складаныя і супярэчлівыя тэндэнцыі часу, створана разгалінаванае, напоўненае ўнутр. драматызмам сюжэтнае дзеянне, трапна выкарыстаны жывая нар. мова, экспрэсіўна-выяўленчыя магчымасці дыялектнага слова, стрыманы, лаканічна-дзелавы стыль. Аўтар апавяданняў, мовазнаўчых даследаванняў, эсэ і крытычных артыкулаў па праблемах пісьменніцкага майстэрства, псіхалогіі творчасці (зб. «Пяць раніц тыдня», 1984; Літ. прэмія імя І.Мележа 1985). Адзін з укладальнікаў «Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі» (1959), «Арфаграфічнага слоўніка» (з М.Р.Суднікам, 1948, 5-е выд. 1982), «Руска-беларускага слоўніка» (1953), «Беларуска-рускага слоўніка» (1962). Кіраваў працай па стварэнні «Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы» (т. 1—5, 1977—84; рэдактар т. 1). На бел. мову пераклаў (з Э.Агняцвет) «У людзях» М.Горкага і інш.