ЗВЯ́ЗКІ ў жывёл і чалавека,

валакністыя злучальнатканкавыя ўтварэнні (пучкі, цяжы, пласціны), што злучаюць косці шкілета і іх часткі ці асобныя органы. Размешчаны пераважна ў вобласці суставаў. Функцыі З.; павышаюць трываласць змацавання касцей (умацавальныя З.), абмяжоўваюць амплітуду руху (тармазныя З.) ці накіроўваюць рух (накіравальныя З.). У некат. суставах З. выконваюць ролю т.зв. пасіўных зацяжак, аслабленне іх выклікае парушэнне статычных функцый (расцяжэнне З.). У тоўшчы некат. З. праходзяць асн. крывяносныя сасуды, што жывяць косць. З. называюць таксама дублікатуры і лісткі серозных абалонак (брушыны, плеўры і інш.), што злучаюць органы са сценкамі поласцей цела ці паміж сабой. Пра галасавыя З. гл. ў арт. Галасавы апарат.

т. 7, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІВА́НАВА,

горад у Расіі, цэнтр Іванаўскай вобласці, на р. Увадзь. Засн. ў 1871. 472 тыс. ж. (1996). Чыг. вузел. Аэрапорт. Буйны цэнтр тэкст. прам-сці (меланжавы, камвольны, баваўняны камбінаты, тэкст. ф-кі). Машына- і станкабуд. (з-ды тэкст. і тарфянога машынабудавання, аўтакранаў, цяжкага станкабудавання, выпрабавальных прылад), лёгкая, дрэваапр., хім., харч. прам-сць. 7 ВНУ, у т. л. ун-т. Тэатры: драм., муз., лялек. Філармонія. Музеі: іванаўскага паркалю, гіст.-краязнаўчы і Дом-музей 1-га агульнагар. Савета рабочых дэпутатаў, маст., Дом-музей мастака Б.Л.Прарокава. Мемар. комплекс рэвалюцыі 1905—07. Каменны дом 17 ст. («Шчудраўская палатка»), драўляная царква 17 ст.

Іванава (Расія). Камвольны камбінат.

т. 7, с. 147

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНФА́РКТ МІЯКА́РДА,

сардэчна-сасудзістая хвароба з утварэннем ачага амярцвення — некрозу ў сардэчнай мышцы; найб. цяжкае ўскладненне ішэмічнай хваробы сэрца. Адна з найважн. сац.-мед. праблем сучаснасці. Найчасцей узнікае на фоне стэнакардыі, атэрасклерозу каранарных артэрый. Развіццю І.м. садзейнічаюць неадпаведныя фіз. нагрузкі, гіпертанічныя крызы, хваляванні, парушэнні рытмаў сэрца і інш. Бывае буйна- і дробнаачаговы; у залежнасці ад лакалізацыі некрозу І.м. левага жалудачка (іншы раз правага) — пярэдні, задні ці ніжні задні. Прыкметы: моцны боль за грудзінай, пры атыповай форме — у вобласці жывата, левым плячы, сківіцы, рэзкі ўпадак сіл, дыхавіца, парушэнне дзейнасці сэрца. Ускладненні: калапс, анеўрызма сэрца, сардэчная недастатковасць. Лячэнне тэрапеўтычнае, пасцельны рэжым, дыета.

М.​А.​Скеп’ян.

т. 7, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫЯСФЕ́РА (ад крыя...+ сфера),

перарывістая абалонка Зямлі ў вобласці ўзаемадзеяння атмасферы, гідрасферы і літасферы. Тэрмін «К.» прапанаваны польскім вучоным А.​Дабравольскім (1923). Характарызуецца адмоўнай або нулявой т-рай і наяўнасцю вады ў цвёрдай фазе або ў пераахалоджаным стане; для яе ўласцівы шматлікія крыягенныя ўтварэнні: сістэмы ледзяных воблакаў, снегавое, ледзяное і ледавіковае покрыва, наледзі, ледавікі гор, сезоннамёрзлыя глебы і горныя пароды з падземным лёдам. Ніжняя мяжа К. праходзіць па падэшве мёрзлых і ахалоджаных горных парод (да 4—5 км пад зямной паверхняй у Антарктыдзе, да 1,5—2 км у прыпалярных абласцях); у нізкіх шыротах К. выкліньваецца. Верхняя мяжа К. дасягае 100 км, уключае моцна ахалоджаную мезапаўзу.

т. 8, с. 531

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРЫКАРДЫ́Т (ад перы... + грэч. kardia сэрца),

запаленне калясардэчнай сумкі. Прычыны ўзнікнення: рэўматызм, туберкулёз, мікробнае запаленне, траўмы і інш. Пры П. назіраецца павышаная эксудацыя (выпат)., што вядзе да сціскання сэрца, зніжэння яго функцый. Пры хуткім нарастанні эксудату сэрца можа спыніць сваю дзейнасць (патрабуецца пункцыя перыкарда). Прыкметы П.: боль у вобласці сэрца, сэрцабіцце, задышка, агульная слабасць і інш. Пры павольным нарастанні выпату ў перыкардзе праяўляюцца прыкметы сардэчнай недастатковасці — з’яўленне выпату ў жываце, печані. У патагенезе такога стану — дысталічны дысбаланс прытоку крыві да сэрца (перадсэрдзі, асабліва правае, сціскаюцца хутчэй, чым астатнія камеры сэрца). Лячэнне залежыць ад прычын узнікнення. У жывёл часцей бывае П. траўматычнага паходжання.

І.​М.​Грышын.

т. 12, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПСАРАПТО́З, наскурная кароста,

інвазійная хвароба жывёл, якая выклікаецца кароставымі кляшчамі з роду наскурнікаў. Хварэюць буйная і дробная раг. жывёла, коні, трусы, ласі, алені і інш. Узбуджальнікі спецыфічныя для пэўных відаў жывёл. Пашырана ўсюды, у т. л. на Беларусі.

Хвароба часцей рэгіструецца ў асенне-зімовы перыяд, у цёплы час года набывае скрытае, запаволенае цячэнне. Заражэнне адбываецца пры кантакце з хворымі жывёламі, праз прадметы догляду, подсціл і інш. Праяўляецца неспакоем, моцным свербам, жывёлы знясільваюцца, у іх выпадае поўсць, на скуры ўтвараюцца жаўтавата-чырв. вузельчыкі, напоўненыя вадкасцю. У авечак паталаг. працэсы развіваюцца ў вобласці паясніцы і спіны, у буйн. раг. жывёлы — на карку, шыі, каля кораня хваста.

т. 13, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЎГАРО́ДСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ.

Размешчана на ПнЗ еўрап. ч. Расійскай Федэрацыі. Утворана 5.7.1944. Пл. 55,3 тыс. км². Нас. 738 тыс. чал. (1997), гарадскога 71%. Цэнтр — г. Ноўгарад. Найб. гарады: Баравічы, Старая Руса, Валдай, Чудава.

Палавіну тэр. вобласці займае Прыільменская нізіна, на ПнУ — Ціхвінская града (выш. да 280 м), на ПдУ — Валдайскае ўзв. (выш. да 299 м). Карысныя выкапні: торф, буры вугаль, вогнетрывалыя і буд. гліны, вапнякі, кварцавыя пяскі, сапрапель. Крыніцы мінер. і радонавых вод, лек. гразі. Клімат умерана кантынентальны з мяккай зімой і ўмерана цёплым летам. Сярэдняя т-ра студз. -7 °C, ліп. 16 °C. Ападкаў 540—750 мм за год. Найб. рэкі: Волхаў, Мста, Ловаць, Шалонь, Пала. Азёры: Ільмень, Валдайскае, Велле, Пірас, на ПдУ — частка воз. Селігер. Глебы дзярнова-падзолістыя, на ПдЗ ад воз. Ільмень дзярнова-карбанатныя. Пад лесам каля 42% тэр., пераважаюць хвойныя (хвоя, елка) і драбналістыя (бяроза, асіна, вольха) лясы. Каля 20% тэр. пад балотамі, хмызнякамі і вадой. Вял. масівы паплавоў і сенажацяў пашыраны на берагах воз. Ільмень, р. Волхаў і ў вусцях рэк Мста і Ловаць. На ПдУ вобласці Валдайскі нац. парк.

На долю прам-сці прыпадае больш за 47% валавога ўнутр. прадукту. Вядучыя галіны — машынабудаванне і металаапрацоўка, хім., электраэнергетыка, лясная, дрэваапр. і цэлюлозна-папяровая, харч., буд. матэрыялаў. Маш.-буд. прадпрыемствы вырабляюць тэлевізары, відэамагнітафоны, тэлевізійныя сістэмы, кінескопы, паўправадніковыя прылады, машыны для хім. прам-сці, мед. інструменты, дрэваапр. станкі, прылады для АЭС і інш. Авіярамонт. Хім. прам-сць прадстаўлена вытв-сцю шкловалакна, метанолу, сінт. аміяку, азотных угнаенняў. Развіты лясная, дрэваапр., цэлюлозна-папяровая (вытв-сць фанеры, драўнянавалакністых пліт, мэблі, піламатэрыялаў, цэлюлозы, паперы, запалак), шклофарфоравая, харч., лёгкая, у т. л. льноперапрацоўчая прам-сць. Вытв-сць буд. матэрыялаў. Нар. промысел — вышыванне красцецкай «белай строчкай» (г.п. Крэстцы). Асн. галіны сельскай гаспадаркі — ільнаводства і малочна-мясная жывёлагадоўля. С.-г. ўгоддзі займаюць 751,6 тыс. га, з іх 466,7 тыс. га ворныя землі. Вырошчваюць збожжавыя (пшаніца, жыта, авёс, ячмень) і кармавыя культуры, бульбу, агародніну. Ільнаводства пераважна на Пд вобласці. На долю жывёлагадоўлі прыпадае 68% с.-r. прадукцыі. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, авечак, коз. Даўж. чыгунак 1149 км, аўтадарог 8530 км. Асн. чыгункі Масква—С.-Пецярбург, Балагое—Пскоў, С.-Пецярбург—Дно, Ноўгарад—Луга; гал. транзітная аўтадарога Масква—С.-Пецярбург. Суднаходства па рэках Волхаў, Мста, азёрах Ільмень, Валдайскае. Газаправоды Таржок—Ноўгарад—Чудава—С.-Пецярбург, Валдай—Старая Руса—Рыга, нафтаправод Яраслаўль—Кірышы. Бальнеалагічны курорт Старая Руса, курортная мясцовасць Валдай.

Г.​С.​Смалякоў.

т. 11, с. 211

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРАБ’ЁЎ (Уладзімір Пятровіч) (27.6.1876, Адэса — 31.10.1937),

савецкі анатам; адзін з заснавальнікаў функцыян. анатоміі, стэрэамарфалогіі. Акад. АН Украіны (1934). Скончыў Харкаўскі ун-т (1903). З 1917 працаваў у ім (з 1921 мед. ін-т), адначасова з 1921 навук. кіраўнік Укр. ін-та эксперым. медыцыны. Склаў карту вегетатыўных нерв. вузлоў і спляценняў унутр. органаў «Атлас анатоміі чалавека» (т. 1—5, 1938—42). Вызначыў новыя законы структурнай арганізацыі нерв. сістэмы, значэнне пагранічнай макра-мікраскапічанай вобласці бачання і распрацаваў методыку яе даследавання, развіў вучэнне пра цэласнасць арганізма і ўздзеянні функцыі і працы на марфагенез. Разам з Б.​І.​Збарскім распрацаваў эфектыўны метад бальзаміравання і бальзаміраваў цела У.​І.​Леніна (1924). Прэмія імя Леніна 1927.

т. 3, с. 508

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРА́НДА (англ. veranda ад інд.),

адкрытая або закрытая прыбудова да дома з боку ўваходных дзвярэй. Гістарычна развілася з ганка. З’яўляецца дадатковым гасп. памяшканнем. Часта выкарыстоўваецца як летняя кухня, часам у верандзе адгароджваецца кладоўка. На Беларусі пашырана з 19 ст. ў гарадах і мястэчках; сустракалася ў вясковым буд-ве ў заможных сялян. Найб. пашырэнне атрымала з 1920-х г. Цяпер веранды бытуюць па ўсёй Беларусі, найб. на ПдУ. Тыповыя веранды зашклёныя (памерам 10—15 м²). Некаторыя хаты маюць 2 веранды — на вуліцу і панадворак. Ніжняя частка каркаса веранды ашалёўваецца дошкамі, фарбуецца; верхняя звычайна зашклёная. Многія веранды аздоблены разьбой, вітражамі, з’яўляюцца сапраўднымі творамі мастацтва.

У.​С.​Гуркоў.

Веранда ў в. Галошава Талачынскага раёна Віцебскай вобласці.

т. 4, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБІ́НАВІЦКАЯ КЕРА́МІКА,

ганчарныя вырабы з в. Бабінавічы Лёзненскага р-на Віцебскай вобласці. Промысел узнік у старажытнасці, найб. развіцця дасягнуў у 19 — 1-й пал. 20 ст. Выраблялі чырвонагліняную непаліваную, чорназадымленую і гартаваную кераміку. З пач. 20 ст. набылі пашырэнне вырабы, аздобленыя размалёўкай светла-жоўтым ангобам у выглядзе завіткоў, кропак, парасткаў, паліваныя ўсярэдзіне і звонку бясколернай палівай. Акрамя гасп. посуду (збанкі, гаршкі, спарышы, міскі, слоікі) майстры А.​Траяноўскі, М.​Шчадзінскі, А.​Рыжкоў і інш. выраблялі утылітарна-дэкаратыўны (цукарніцы, цукерачніцы, маслёнкі) і фігурны посуд у выглядзе жывёл, а таксама цацкі, скарбонкі, попельніцы з лепкай. У наш час выраб традыц. асартыменту посуду і цацак працягваецца.

Я.​М.​Сахута.

Да арт. Бабінавіцкая кераміка. Посуд. 1970-я г.

т. 2, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)