ЛАКА́ЛЬНАЯ ВАЙНА́,

вайна, якая ў адрозненне ад сусв. вайны ахоплівае адносна невялікую колькасць дзяржаў і абмежаваны геагр. раён. Шырокае распаўсюджанне Л.в. атрымалі пасля 2-й сусв. вайны. За гэты час больш як 200 разоў па розных прычынах у свеце ўзнікалі Л.в. і ваен. канфлікты. У Л.в. часта выпрабоўваюцца і дапрацоўваюцца новыя сродкі і спосабы вядзення ўзбр. барацьбы.

т. 9, с. 105

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ МАШЫНАБУДАЎНІ́ЧА-КАЦЕ́ЛЬНЫ ЗАВО́Д.

Дзейнічаў у 1902—15 у Мінску. Выпускаў і рамантаваў абсталяванне для вінакурных, крухмальных, мукамольных, лесапільных, дрэваапр. прадпрыемстваў і млыноў (турбіны, паравыя машыны, маторы, газагенератары, нафтавыя помпы). Меў 2 газабензінавыя рухавікі, у 1913 газагенератарны і нафтавы рухавікі (36 к.с.). У 1913 працавала 120 чал. У 1915 у сувязі з ваен. становішчам эвакуіраваны ў г. Харкаў.

т. 10, с. 445

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВАБРА́НЕЦ,

у Расійскай імперыі ў 1874—1917 асоба прызыўнога ўзросту, залічаная на ваен. службу адпаведнай установай. Найменне «Н.» уведзена Статутам аб воінскай павіннасці 1874 замест назвы рэкрут, якая існавала пры рэкруцкай павіннасці. З моманту прыбыцця ў часць Н. лічыўся салдатам (матросам). Н. (новікам, навічком) называлі асобу, што нядаўна прынялі на работу (18—19 ст., пазней — у пераносным сэнсе).

т. 11, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІКАЛА́ЕЎ (Іван Стафанавіч) (крас. 1926, г. Клімавічы Магілёўскай вобл. — 11.4.1945),

Герой Сав. Саюза (1946).

Скончыў Барысаглебскую ваен. авіяшколу (1939). У Чырв. Арміі з 1934. У Вял. Айч. вайну з 1942 на Калінінскім, Варонежскім, 1-м і 2-м Укр. франтах. Камандзір эскадрыллі маёр Н. зрабіў 135 баявых вылетаў, у т. л. ў 109 вядучым груп; загінуў у баі.

І.С.Нікалаеў.

т. 11, с. 333

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́ВІКАЎ (Ціт Парфенавіч) (31.3.1907, в. Салтанаўка Чачэрскага р-на Гомельскай вобл. — 5.4.1974),

Герой Сав. Саюза (1943). Скончыў Уладзівастоцкае ваен. пях. вучылішча (1943). У Вял. Айч. вайну з 1941 на Цэнтр., 1-м Укр. франтах. Стралк. рота на чале са старшым лейт. Н. вызначылася ў 1943 пры фарсіраванні Дняпра на Пд ад Кіева. У 1946—58 на гасп. рабоце.

Ц.П.Новікаў.

т. 11, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́РМАХТ (ням. Wehrmacht),

1) у Веймарскай рэспубліцы неафіц. назва ўзбр. сіл (гл. Рэйхсвер).

2) Афіц. назва ўзбр. сіл фаш. Германіі ў 1935—45. Створаны ў парушэнне Версальскага мірнага дагавора 1919 на базе рэйхсвера пасля выдання 16.3.1935 дэкрэта аб увядзенні ў Германіі ўсеагульнай воінскай павіннасці. Вярх. галоўнакамандуючы — рэйхсканцлер А.​Гітлер. Вышэйшы орган ваен. кіраўніцтва — галоўнакамандаванне, якое да 1938 узначальваў ваен. міністр В. фон Бломберг, пасля — Гітлер. Складаўся з сухап. войск (галоўнакамандуючыя: у 1935—38 В. фон Фрыч, у 1938—41 В. фон Браўхіч, у 1941—45 Гітлер), ВПС (у 1935—45 Г.​Герынг) і ВМФ (у 1935—43 Э.​Рэдэр, у 1943—45 К.​Дзёніц) на чале з галоўнакамандаваннямі. З 1940 у склад вермахта ўваходзілі таксама палявыя войскі СС. Вермахт быў гал. сілай у здзяйсненні заваёўніцкіх планаў нацыстаў, асабліва вырас у 2-ю сусв. вайну (ад 3 млн. чал. у 1939 да 11 млн. у снеж. 1943).

Літ.:

Messerschmidt M. Die Wehrmacht im NS-Staat. Hamburg, 1969.

т. 4, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫНКЕ́ВІЧ (Станіслаў Сымонавіч) (2.2.1902, в. Новы Двор Беластоцкага ваяв., Польшча — 25.7.1945),

бел. грамадска-паліт. і культ. дзеяч, літаратар. Скончыў мед. ф-т Пазнанскага ун-та. Працаваў у клініках Познані, Хорашча (Беластоцкае ваяв.), Вільні. Быў чл. Бел. нац. к-та, Бел. навук, т-ва. У 1931—36 віцэ-старшыня ЦК Бел. хрысціянскай дэмакратыі. Друкаваўся ў час. «Студэнцкая думка», «Калоссе», газ. «Беларуская крыніца» і інш. Аўтар працы «Народ», кн. «Аб тэатры» (абедзве 1927), аповесці «Царква. Помста. Вязніца» (1928), эсэ «У братоў украінцаў» (1936). Праца Грынкевіча «Асвета» (1936) была канфіскавана, а аўтар арыштаваны польск. ўладамі. Пераклаў з лац. мовы на бел. кн. «Следам за Хрыстом» Т.​Кэмпійскага. У час 2-й сусв. вайны ўдзельнічаў у рабоце Віленскага бел. нац. к-та, супрацоўнічаў у газетах «Раніца», «Беларускі работнік», «Беларускі студэнт». У 1944 арыштаваны, 18.5.1945 ваен. трыбуналам Бел.-Літ. ваен. акругі прыгавораны да расстрэлу.

А.​С.​Ліс, А.​М.​Пяткевіч, І.​І.​Трацяк.

т. 5, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫ́БАРГСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1944,

адна з завяршальных аперацый у баях за Ленінград (гл. Ленінградская бітва 1941—44) у час Вял. Айч. вайны. Была часткай стратэгічнай аперацыі на паўн.-зах. напрамку ў чэрв.жн. 1944 з мэтай вываду з вайны Фінляндыі. Праведзена 10—20 чэрв. войскамі правага крыла Ленінградскага фронту (Маршал Сав. Саюза Л.​А.​Говараў) ва ўзаемадзеянні з Балт. флотам (адмірал У.​Ф.​Трыбуц) і Ладажскай ваен. флатыліяй (контр-адмірал В.​С.​Чарокаў). Напрамак гал. удару — Белавостраў, Выбарг. Сав. войскі, якія мелі перавагу ў пяхоце ў 2 разы, у артылерыі і танках амаль у 6 разоў, у авіяцыі ў 3 разы, у выніку жорсткіх баёў пераадолелі 3 паласы абарончых умацаванняў праціўніка, прасунуліся на глыб. 110—130 км і 20 чэрв. штурмам авалодалі г. Выбарг. Упершыню ў ваен. гісторыі за кароткі тэрмін прарваны сучасны ўмацаваны раён з сярэднім тэмпам прасоўвання 10—12 км за суткі. Праціўнік быў вымушаны перакінуць на выбаргскі напрамак больш як 5 дывізій, сур’ёзна аслабіўшы сваю групоўку перад Карэльскім фронтам.

т. 4, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІКА́ЛА (Мікалай Фёдаравіч) (20.3.1897, г. Адэса, Украіна — 25.4.1938),

савецкі ваен. і парт. дзеяч. Скончыў Тыфліскую ваенна-фельч. школу (1915). З 1917 чл. РСДРП(б). У 1918 у г. Грозны: старшыня Савета, камандуючы часцямі Чырв. Арміі. У 1919—20 чл. Каўказскага краявога к-та РКП(б), ваен. камісар Церскай вобл. і Дагестана. З 1921 на парт. рабоце на Каўказе і ў Сярэдняй Азіі. З 1929 сакратар ЦК КП(б) Узбекістана, Азербайджана. З 1931 сакратар Маскоўскага абкома і гаркома ВКП(б). Са студз. 1932 да студз. 1937 1-ы сакратар ЦК КП(б)Б, з лют. 1937 1-ы сакратар Харкаўскага гаркома КП(б)У. Чл. Бюро ЦК КП(б)Б, чл. Прэзідыума ЦВК БССР, Рэўваенсавета БВА (1932—37). Чл. Цэнтр. Рэвізійнай камісіі ВКП(б) у 1930—34. Канд. у чл. ЦК ВКП(б) з 1934. Чл. ЦВК СССР. Удзельнічаў у разгортванні масавых рэпрэсій у БССР, сам стаў ахвярай гэтай палітыкі. Рэабілітаваны пасмяротна.

М.​П.​Касцюк.

М.Ф.Гікала.

т. 5, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗВА́ННІ ВО́ІНСКІЯ,

званні, якія персанальна прысвойваюцца ваеннаслужачым і ваеннаабавязаным запасу ўзбр. сіл у адпаведнасці з іх службовым становішчам, заслугамі, ваен. і спец. падрыхтоўкай, выслугай гадоў, прыналежнасцю да віду ўзбр. сіл, роду войск ці віду службы. З.в. вызначаюць старшынство ва ўзаемаадносінах паміж ваеннаслужачымі, тэрміны ваен. службы і знаходжанне ў запасе, права на матэрыяльнае і грашовае забеспячэнне і льготы. Ва Узбр. Сілах Рэспублікі Беларусь ваеннаслужачыя і ваеннаабавязаныя ў залежнасці ад прысвоеных З.в. падзяляюцца на наступныя склады: салдаты; сяржанты і старшыны; прапаршчыкі; афіцэры. Афіцэрскі склад падзяляецца на малодшых, старшых і вышэйшых афіцэраў. Кожнаму ваеннаслужачаму і ваеннаабавязанаму прысвойваецца адпаведнае З.в. (гл. табл.). Прысваенне і пазбаўленне З.в. праводзіцца ў адпаведнасці з законамі Рэспублікі Беларусь. Пры пэўных абставінах З.в. можа быць адноўлена.

Званні воінскія
Салдаты
радавы (курсант)
яфрэйтар
Сяржанты і старшыны
малодшы сяржант
сяржант
старшы сяржант
старшына
Прапаршчыкі
прапаршчык
старшы прапаршчык
Малодшыя афіцэры
малодшы лейтэнант
лейтэнант
старшы лейтэнант
капітан
Старшыя афіцэры
маёр
падпалкоўнік
палкоўнік
Вышэйшыя афіцэры
генерал-маёр
генерал-лейтэнант
генерал-палкоўнік

Г.​А.​Маслыка.

т. 7, с. 34

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)