ДАБРЖА́НСКАЯ Любоў Іванаўна
(24.12.1908, Кіеў — 3.11.1980),
расійская актрыса. Нар. арт. СССР (1965). Скончыла студыю пры Кіеўскім рус. драм. т-ры (1924), дзе працавала да 1934. У 1934—80 у Цэнтр. т-ры Сав. Арміі ў Маскве. Яе мастацтва вызначалася вострай характарнасцю, яркім тэмпераментам і вытанчанасцю. Сярод роляў: Негіна («Таленты і паклоннікі» А.Астроўскага), Камісар («Аптымістычная трагедыя» У.Вішнеўскага), Шура Азарава («Даўным даўно» М.Гладкова), Васілуце («Каса марэ» І.Друцэ), Катарына («Утаймаванне свавольніцы» У.Шэкспіра). З 1952 здымалася ў кіно. Дзярж. прэмія СССР 1951.
т. 5, с. 559
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАВУ́ДАВА Марзія Юсуф кызы
(8.12.1901, г. Астрахань, Расія — 6.1.1962),
азербайджанская актрыса. Нар. арт. СССР (1949). Сцэн. дзейнасць пачала ў 1917. З 1920 у азерб. т-ры ў Баку (цяпер Азерб. драм. т-р імя М.Азізбекава). Яе мастацтва вызначалася эмацыянальнай сілай і псіхал. глыбінёй. Выконвала драм. і трагедыйныя ролі: Севіль («Севіль» Дж.Джабарлы), Гызьетэр («Ханлар» С.Вургуна), Гюльзар («Раніца Усходу» Э.Мамедханлы; Дзярж. прэмія СССР 1948), Кручыніна, Кабаніха («Без віны вінаватыя», «Навальніца» А.Астроўскага), Дэздэмона, Гертруда, лэдзі Макбет («Атэла», «Гамлет», «Макбет» У.Шэкспіра).
т. 5, с. 565
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРАЎЛЁЎ Леанід Вячаслававіч
(н. 8.10.1936, Масква),
расійскі кінаакцёр. Нар. арт. Расіі (1977). Скончыў Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі (1960). Дэбютаваў у фільме «Мічман Панін» (1960). Талент камед., вострахарактарнага акцёра выявіўся ў фільмах «Залатое цяля» (1968), «Іван Васілевіч мяняе прафесію» (1973), «Самазабойца» (1991). Сярод інш. фільмаў: «Жыве такі хлопец» (1964), «Ваш сын і брат» (1966), «Вій», «Старэйшая сястра» (абодва 1967), «Пачатак» (1970), «Семнаццаць імгненняў вясны» (1973), «Афоня» (1975), «Ты — мне, я — табе» (1977), «Мы, ніжэйпадпісаныя» (1980) і інш.
т. 9, с. 43
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАНАЛІ́Н
(ад лац. lana шэрсць + oleum масла),
ачышчаны шарсцяны воск; жывёльны воск (гл. ў арт. Воскі). Вязкая белая ці светла-жоўтая мазепадобная маса, tпл 35—37° С, шчыльн. 940—970 кг/м3. Не раствараецца ў вадзе і этаноле; раствараецца ў бензоле, хлараформе, дыэтылавым эфіры. Мае значную колькасць (каля 10%) стэрынаў, у т.л. халестэрыну. Атрымліваюць ачысткай шарсцянога воску, які экстрагуюць арган. растваральнікамі з воўны. Выкарыстоўваюць як аснову мазей і касметычных крэмаў (добра ўсмоктваецца і змякчае скуру).
т. 9, с. 117
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АШАРЫ́,
аль-Ашары Абу-ль-Хасан Алі Ібн Ісмаіл (873, Басра — 935), арабскі багаслоў, адзін з заснавальнікаў каламу—мусульм. артадаксальнай схаласт. тэалогіі. Яго вучэнне — спроба кансалідаваць суніцкае веравучэнне на аснове сінтэзу мутазілізму і ханбазілізму (гл. ў арт. Іслам). Асн. творы — «Вучэнне мусульман» і «Тлумачэнне асноў веры». Сцвярджаў абсалютны характар божай усёмагутнасці, рэальнае існаванне божых атрыбутаў, багатворнасць Карана. Адказнасць чалавека за свае дзеянні імкнуўся абгрунтаваць з дапамогай тэорыі, паводле якой чалавечыя ўчынкі робяцца непасрэдна Богам, а чалавек вольны быццам бы прыпісваць іх сабе.
т. 2, с. 166
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЙСЕІ́ТАВА Куляш
(Гульбахрам) Жасымаўна (2.5.1912, г. Алматы — 6.6.1957),
казахская артыстка оперы (лірыка-каларатурнае сапрана). Нар. арт. СССР (1936). Адна з заснавальніц каз. опернага мастацтва. У 1934—57 салістка Казахскага т-ра імя Абая. Стварыла яркія муз.-сцэн. вобразы ў нац. операх: Кыз-Жыбек, Акжунус («Кыз-Жыбек», «Ер-Таргын» Я.Брусілоўскага), Сары («Біржан і Сара» М.Тулебаева, Дзярж. прэмія СССР 1949). З класічных партый: Таццяна («Яўген Анегін» П.Чайкоўскага), Чыо-Чыо-сан у аднайм. оперы Дж.Пучыні. Выступала як канцэртная спявачка. Дзярж. прэмія СССР 1948.
т. 2, с. 227
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІРЫЧЭ́ЎСКІ Аляксей Іванавіч
(2.3.1914, г. Вялікі Усцюг, Расія — 4.3.1987),
бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1968). Скончыў тэатр. студыю ў Архангельску (1932). Працаваў у т-рах Вялікага Усцюга, Калініна, Ціраспаля і інш. У 1950—84 у Гродзенскім абл. драм. т-ры. Выканаўца характарных роляў. Створаныя ім вобразы вызначаліся арганічнасцю і жыццёвай праўдай. Сярод лепшых роляў бел. рэпертуару: Снапок («Калі зацвітаюць сады» В.Палескага), Швагераў («Сэрца на далоні» паводле І.Шамякіна), Вартаўнік Варэніч («Трывога» А.Петрашкевіча), Першы кліент («Мілы чалавек» К.Крапівы). Паспяхова выступаў у п’есах А.Астроўскага і М.Горкага.
т. 3, с. 158
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАНКО́ВІЧ Ніна Несцераўна
(н. 18.11.1951, в. Хрыса Бярозаўскага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. спявачка (альт). Засл. арт. Беларусі (1992). Скончыла Брэсцкае муз. вучылішча (1973). З 1974 у квартэце «Купалінка» (з 1976 у складзе фалькл.-харэагр. ансамбля «Харошкі»), у 1987—96 у Бел. філармоніі. Манеры выканання спявачкі найб. блізкія бел. нар. песні лірычнага плана («Каля майго церама», «Павей, ветрык», «Шумяць вербы», «Зялёны гай», «Купалялё»). У складзе квартэта зрабіла шмат запісаў на радыё і грампласцінкі, у т. л. кампакт-дыск (Парыж, 1995).
т. 3, с. 243
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРЫ́САЎ Аляксандр Фёдаравіч
(1.5.1905, С.-Пецярбург — 12.5.1982),
рускі акцёр. Нар. арт. СССР (1951). Герой Сац. Працы (1981). Скончыў студыю пры Ленінградскім т-ры драмы (цяпер імя А.Пушкіна, 1927). Працаваў у тэатры-студыі, з 1928 у асн. трупе т-ра. Акцёр вял. драм. сілы. Сярод роляў: Самазванец («Барыс Гадуноў» Пушкіна), Аркашка Шчасліўцаў («Лес» А.Астроўскага), Сямён Катко («Ішоў салдат з фронту» В.Катаева). З 1937 здымаўся ў кіно: Паўлаў («Акадэмік Іван Паўлаў»), Мусаргскі (у аднайм. фільме), Лапін («Верныя сябры»). Дзярж. прэміі СССР 1947, 1950, 1951 (двойчы).
т. 2, с. 328
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́САЎ Уладзімір Паўлавіч
(28.7.1923, г.п. Уразава Белгарадскай вобл., Расія — 17.9.1987),
рускі кінарэжысёр, акцёр. Нар. арт. СССР (1983). Скончыў Усесаюзны Дзярж. ін-т кінематаграфіі (1952). Паставіў фільмы «Бітва ў дарозе», «Цішыня», «Шчыт і меч» (выканаў ролю разведчыка Бруна), «Факты мінулага дня» (Дзярж. прэмія Расіі 1982), «Дні Турбіных» (выканаў ролю Мышлаеўскага; тэлевізійны) і інш. З 1955 як характарны і камедыйны акцёр здымаўся ў кіно: «Я крочу па Маскве», «Злачынства і пакаранне», «Бег» і інш. У некаторых сваіх фільмах быў аўтарам ці сааўтарам сцэнарыяў.
т. 2, с. 339
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)