разве́сіць, ‑вешу, ‑весіш, ‑весіць; зак., што.
1. Павесіць у розных месцах (некалькі, шмат прадметаў). На сценах развесіў [агітатар] плакаты аб рабоце жывёлаводаў. Шчарбатаў. Убілі ў зямлю некалькі калоў, развесілі на іх вопратку. Лупсякоў.
2. Расцягнуўшы, расправіўшы, павесіць. Развесіць коўдру. □ Намыліць кашулю не было чым, і .. [Люба] доўга церла яе рукамі. Развесіла сушыць на біле ложка вобмацкам — агню не было. Чорны.
3. Шырока, у розныя бакі раскінуць (голле). Утульней развесілі голле Яліны ў нізінах сырых. Колас.
•••
Развесіць (распусціць) вушы (іран.) — слухаць даверліва, з цікаўнасцю.
Развесіць губы (іран.) — быць безуважным, пасіўнічаць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
расказа́ць, ‑кажу, ‑кажаш, ‑кажа; зак., што, аб чым, пра каго, што, з дадан. сказам і без дап.
Вусна апісаць, паведаміць пра якія‑н. падзеі (што‑н. бачанае, чутае і пад.). [Дзед Талаш] раскажа камандзіру і пра свой план нападу — гэты план смелы і просты і страты ў людзях не будзе. Колас. [Настаўніца:] — Ну, раскажы мне, Данік, як ты цяпер вучышся? За што двойку атрымаў? Брыль. // Пераказаць прачытанае або пачутае. Расказаць казку. □ [Андрушка:] — А хочаш — я табе кніжку раскажу? Вох, цікавая! Лобан. // Разм. Прачытаць напамяць. Расказаць верш. Расказаць урывак з аповесці.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
расці́ць, рашчу, росціш, росціць; незак., каго-што.
1. Даглядаючы, забяспечваць рост, развіццё (раслін); вырошчваць. Расціць жыта. Расціць сад. □ Няхай Ганна раскажа .. [камсамолкам], як яна росціць лён. Сабаленка. // Гадаваць, выхоўваць. Для радасці мяне расціла маці І аддала мне сэрца і жыццё. Русак. — Лёгка расціць дзяцей, калі аб іх не адна толькі маці клапоціцца. Шамякін. // Даваць магчымасць расці (пра валасы, поўсць). Расціць вусы. // Садзейнічаць развіццю каго‑, чаго‑н. Расціць кадры. Расціць талент. □ Сягоння сілы, ўпартасці стае, каб добрае расціць, ліхое крэсліць! В. Макарэвіч.
2. Прарошчваць на солад. Расціць ячмень.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
састарэ́лы, ‑ая, ‑ае.
1. Які зрабіўся, стаў стары. Сідар Нікіфаравіч — чалавек састарэлы, хваравіты, ён амаль увесь час кашляе. Аляхновіч. Састарэлы твар [Блажэвіча] праразалі глыбокія маршчыны. Шыцік. // Разм. Які стаў непрыгодным для чаго‑н. (аб прадметах). Састарэлая страха.
2. перан. Які перастаў быць сучасным, актуальным; устарэлы. [Старшыня] Занадта давяраўся, Дэвізам састарэлым кіраваўся: «Падпісана — і з плеч далоў!» І наламаў аднойчы дроў. Валасевіч. // Які перастаў быць модным. Састарэлы фасон сукенкі.
3. у знач. наз. састарэ́лы, ‑ага, м.; састарэ́лая, ‑ай, ж. Які дажыў да глыбокай старасці; вельмі стары. Дом для састарэлых.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спружы́ніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; незак. і (рэдка) зак.
1. Змяняць (змяніць) сваё становішча пад уздзеяннем якой‑н. сілы і вяртацца (вярнуцца) у ранейшае становішча пасля спынення гэтага ўздзеяння; аказваць (аказаць) супраціўленне ціску. Падводная гаць з жэрдак спружыніць пад нагамі. В. Вольскі. — Эх! — уздыхнуў я і зараз жа вылаяўся, бо галінка, якую адпусціў [той, хто ішоў] наперадзе, спружыніла і балюча сцебанула мяне па твары. Карпюк.
2. Разм. Напружваючы, рабіць (зрабіць) пружыністым, пругкім. Спружыніць мускулы. // Напружыўшыся, адштурхоўвацца (адштурхнуцца). Сашка спружыніў абедзвюма нагамі аб дно і крута пайшоў уверх. Б. Стральцоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
флаты́лія, ‑і, ж.
1. Злучэнне ваенных суднаў, прызначаных для дзеянняў на рэках, азёрах, у прыбярэжнай паласе мора. Рачная флатылія.
2. Атрад караблёў спецыяльнага прызначэння. Кітабойная флатылія. // Вялікая колькасць суднаў. За імі [першымі чоўнамі] адразу накіравалася цэлая флатылія, не менш дваццаці чоўнаў: гэта былі тыя хлопцы і дзяўчаты, якім карцела паглядзець, як будзе адбывацца ўся дзея. Дубоўка. / у перан. ужыв. Як плыты, гоніць вецер цяжкія хмары на поўдзень, і ахоплены роздумам аб лёсе народа пецярбургскі студэнт хоча плысці з флатыліяй хмар у родную Беларусь вестуном буры. У. Калеснік.
[Фр. flottille, іт. flottiglia.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
хто́сьці, кагосьці, камусьці, кагосьці, кімсьці, аб кімсьці, займ. неазначальны.
1. Невядома які чалавек; нехта. Вечарам, калі Аня, падаіўшы карову, выходзіла з хлява, яе хтосьці ціха гукнуў з цемры. Мележ. На дарозе глухой Палявой Ён [хлопчык] убачыў з сястрой Кімсьці кінуты воз. Куляшоў. // Адзін з прысутных (не ўказваючы хто). — Вады! — крыкнуў хтосьці з гурту дзяцей. Якімовіч. Хтосьці з хлопцаў ступіў крок наперад і гучна спытаў: — А што тут будзе? Шыловіч.
2. Які‑н. чалавек, усё роўна хто. Толькі часамі ім апаноўвала ажыўленне, у .. [Міхала] з’яўлялася патрэба штосьці камусьці расказваць. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
цаглі́на, ‑ы, ж.
1. Адна штука цэглы. Намясілі [людзі] кучу гліны І давай рабіць цагліны, З цэглы вежу будаваць. Крапіва. / у перан. ужыв. Максім Гарэцкі быў у ліку пісьменнікаў, якія закладвалі першыя цагліны ў падмурак беларускай прозы. «Маладосць».
2. які або чаго. Аб прадмеце, які мае форму чатырохвугольнага бруса. [Бацька] заўзята маўчыць і шпурляе наверх вялікія чорныя цагліны торфу, а я адношу іх і складаю адну пры адной. Брыль. У зале лёкаі скрэблі васковыя свечкі на дубовыя цагліны падлогі. Дзеці потым, танцуючы, разнясуць усё нагамі. Караткевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чаты́ры, ‑ро́х, ‑ро́м, ‑рма́, (аб) ‑ро́х, ліч. кольк.
1. Лік і лічба 4. Напісаць лічбу чатыры. // Колькасць, якая абазначаецца лічбай 4. Чатыры коннікі замыкалі абоз. Колас.
2. Тое, што і чацвёрка (у 2 знач.).
3. у форме Р чатыро́х, у знач. зб. Разм. Чацвёра. На лаўцы каля дзвярэй сядзела чатырох: старэйшы дзядзька ў саламяным капелюшы, .. другі мужчына, відаць, не шмат маладзейшы за яго, .. трэці — малады чалавек, гадоў дваццаці пяці, .. і, чацвёрты, цыбаты хлопец-падлетак. Брыль.
•••
Між чатырох сцен гл. сцяна.
На ўсе чатыры бакі гл. бок.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чок, выкл.
1. Ужываецца гукапераймальна для абазначэння рэзкага, адрывістага гуку, які ўтвараецца пры ўдары аб што‑н. шкляное, металічнае, пры хадзьбе па бруку і пад. [Порхаўка:] — Гарэлачка заўсёды была халодненькай... Буль — буль — буль... На келіхах слязінкі... Чок!.. Люблю гэты звон!.. Гурскі. А друг? Як іскра, выбег ён: Вядзе гамонку з цеслярамі, Яны на зрубе тапарамі: Чок, чок. Прыемны мяккі звон. Бялевіч.
2. у знач. вык. Ужываецца паводле знач. дзеясл. чокаць 1 — чокнуць. — Я б яго — чок! — шчоўкнуў языком Сцёпка і прыжмурыў вока, нібы цэліўся з нагана. Хомчанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)