АСМАТЫ́ЧНЫ ЦІСК, дыфузны ціск,

лішкавы гідрастатычны ціск раствору, які перашкаджае дыфузіі растваральніку праз паўпранікальную перагародку; тэрмадынамічны параметр. Характарызуе імкненне раствору да зніжэння канцэнтрацыі пры сутыкненні з чыстым растваральнікам пры сустрэчнай дыфузіі малекул растворанага рэчыва і растваральніку. Абумоўлены змяншэннем хімічнага патэнцыялу растваральніку ў прысутнасці растворанага рэчыва. Роўны лішкаваму вонкаваму ціску, які неабходна прыкласці з боку раствору, каб спыніць осмас. Вымяраецца ў паскалях.

Вымярэнні асматычнага ціску пачаў у 1877 ням. батанік В.​Пфефер у растворы трысняговага цукру. Па яго даных галандскі хімік Я.​Х.​Вант-Гоф устанавіў у 1887, што залежнасць асматычнага ціску ад канцэнтрацыі цукру па форме супадае з Бойля-Марыёта законам для ідэальных газаў. Асматычны ціск вымяраюць з дапамогай асмометраў. Статычны метад вымярэння асматычнага ціску заснаваны на вызначэнні лішкавага гідрастатычнага ціску па вышыні слупка вадкасці H пасля ўстанаўлення стану раўнавагі пры роўнасці вонкавых ціскаў PА і PБ; дынамічны метад зводзіцца да вымярэння скорасці V усмоктвання і выціскання растваральніку з асматычнай ячэйкі пры розных значэннях лішкавага ціску P = PА – PБ з наступнай інтэрпаляцыяй атрыманых даных да V=0 пры лішкавым ціску Δp, роўным асматычнаму ціску. Па велічыні асматычнага ціску распазнаюць: ізатанічныя, або ізаасматычныя, растворы, якія маюць аднолькавы асматычны ціск (незалежна ад саставу), гіпертанічныя з больш высокім Асматычным ціскам і гіпатанічныя растворы з больш нізкім асматычным ціскам.

Асматычны ціск адыгрывае важную ролю ў жыццядзейнасці жывых клетак і арганізмаў. У клетках і біял. вадкасцях ён залежыць ад канцэнтрацыі раствораных у іх рэчываў. Па велічыні асматычнага ціску вадкасцяў унутр. асяроддзя арганізма (кроў, гемалімфа і інш.) водныя арганізмы падзяляюцца на гіпер-, гіпа- і ізаасматычныя. Сярэдняя велічыня і дыяпазон асматычнага ціску ў розных арганізмаў розныя і залежаць ад віду і ўзросту арганізма, тыпу клетак і асматычнага ціску навакольнага асяроддзя (напр., асматычны ціск клетачнага соку наземных органаў балотных раслін 0,2—1,6 МПа, у стэпавых 0,8—0,4, у дажджавых чарвякоў 0,36—0,48, у прэснаводных рыб 0,6—0,66, у акіянічных касцістых рыб 0,78—0,85, акулавых 2,2—2,3, млекакормячых 0,66—0,8 МПа). У гіперасматычных арганізмаў (прэснаводныя жывёлы, некаторыя марскія храстковыя рыбы — акулы, скаты; усе расліны) унутр. Асматычны ціск перавышае асматычны ціск навакольнага асяроддзя, таму іоны могуць актыўна паглынацца арганізмам і ўтрымлівацца ў ім, а вада паступае праз біял. мембраны пасіўна, у адпаведнасці з асматычным градыентам. У гіпаасматычных жывёл (касцістыя рыбы, некаторыя марскія паўзуны, птушкі) асматычны ціск крыві меншы за асматычны ціск навакольнага асяроддзя. Адноснае пастаянства Асматычнага ціску забяспечваецца водна-салявым абменам праз осмарэгулявальныя органы (гл. ў арт. Осмарэгуляцыя).

Літ.:

Курс физической химии. Т. 1—2. 2 изд. М., 1970—73;

Пасынский А.Г. Коллоидная химия. 3 изд. М., 1968;

Гриффин Д., Новик Эл. Живой организм: Пер. с англ. М., 1973.

Вымярэнне асматычнага ціску асмометрам: А — камера для раствору; Б — камера для растваральніка; М — мембрана. Узроўні вадкасці ў трубках пры асматычнай раўнавазе: а, в — пры роўнасці вонкавых ціскаў PА = PБ; б — пры роўнасці рознасці PАPБ асматычнага ціску.

т. 2, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Казадро́ст ’расліна Anemone nemorosa (казадрост белы)’, казарост ’расліна Anemone ranunculoides’ і ’Anemone nemorosa’, ’расліна Veronica beccabunga’ (Кіс., фіксацыі Аненкава, Верас і Кісялеўскага з захаду і поўначы Беларусі’). Укр. раст, раст білий, расць, раст зазулин ’Anemone nemorosa’ (Верхратскі, Жэляхоўскі–Нядзільскі і інш.). Можна меркаваць, што тэрыторыя, дзе сустракаецца назва, зах.-укр. раст, растик, расть, раст ’Scilla autumnalis’, раст, расть ’Primula officinalis’, ласт, раст, рост, росторопша ’Aristolochia clematis’, раст, рапа білий, бычий, расть, ряст ’Corydalis cava’, ряс жовтий ’Corydalis marschalliana’, ряс, ряска, раст, ряст ’Corydalis solida’, рус. дыял. раст ’Primula veris; Primula officinalis; Aristolochia rotunda’, рост ’Tulipa Gessnericma, ростика ’Scilla cernua’, магчыма, арханг. дрозд ’Ranunculus anricomus’, чэш. kozi dříst ’расліна Anemone nemorosa’ (сілез., паводле Котта). Даль прыводзіць таксама козий‑ростъ, козья‑ростъ, козья‑морда ’расліна Veronica beccabunga’, паводле даных СРНГ, 14, 64, яны зафіксаваны акадэмічным слоўнікам 1847 г. Сувязі з каза1 бясспрэчныя. На ўсходзе толькі адна форма (рус. дыял. козий рост), якую можна ўпэўнена суаднесці з бел. словамі. На жаль, тэрыторыя рус. слова не адзначана і цяжка меркаваць аб характары сувязей бел. і рус. лексем. Рус. форма тэарэтычна можа з’яўляцца поўнай і першапачатковай, а можа ўяўляць сабой спробу «праэтымалагізаваць» незразумелае казадрост. Калі прыняць версію, што казарост складанае слова (каза + рост), цяжка вытлумачыць, як магло ўтварыцца такое слова: па беларускіх крыніцах слова рост, раст у назвах раслін не адзначаецца. Можна меркаваць, што гэтыя словы маглі трапіць у гаворкі з перасяленцамі. У такім выпадку верагодна, што слова не вытрымала канкурэнцыі з мясцовымі казелец, кураслеп, курыная слепата і іншымі назвамі гэтых раслін, аднак па мадэлі кураслеп у гэты час было ўтворана і казарост. Казадрост, такім чынам, неабходна разглядаць або як з нерэгулярным устаўным ‑д‑, або як уплыў іншага слова (гл. вышэй). Той факт, што назва казарост і рост адносіцца да розных раслін, можа тлумачыцца іх роднаснасцю паводле народнай наменклатуры (знешняе падабенства, функцыянальная адэкватнасць) або пераносам (розныя адзнакі: вясеннія расліны, аднолькавы колер кветак і інш.). Іншая назва расліны казялец (гл.) вядомая на поўначы славянскага свету і ў сувязі з казёл сумнявацца не прыходзіцца. Лексемы рост, раст, ряст і інш. па геаграфіі гэта ўсх.-слав. (укр. і, відавочна, рус., пра бел. матэрыял нельга пакуль што нічога сказаць) утварэнне, магчыма, да рости (гл. рост). Вяртаючыся да этымалогіі слова казадрост, можна адзначыць, што на магчымасць яшчэ адной версіі ўказвае зафіксаванае ў цэнтральным Палессі конодрок ’Anemone nemorosa’. Статус слова няясны; не выключныя, што яно ўтварае самастойны арэал (працяг або рэшткі зах.-бел. арэала, дзе ведалі слова). Аднак сама фіксацыя вельмі каштоўная, паколькі пацвярджае законнасць злучэння ‑др‑ у іншых формах і вымушае шукаць сувязі з раслінамі, якія носяць назву дрок, дрост, хоць, магчыма, і не з’яўляюцца блізкімі да Anemone, як вышэй разгледжаныя расліны. Лексему дрост можна суаднесці з в.-луж. drěst ’расліна Potamogeton’, dróst ’Bigens tripartitus’, drósinika ’Potamogeton’, н.-луж. drest, drost, што пацвярджае як архаічнасць гэтай формы, так і значэнне ’расліна Polygonum і падобныя да яе’. Этымалогія гэтых слоў няпэўная: Мяркулава (Очерки, 42) прапануе: *derstъ, *dersьnъ, *drestъ, *dresьnъ, якія да прасл. dristati, параўн. яшчэ Шустэр–Шэўц, 3, 168–169; Махэк, Jména rostl., 86–87, 262. Трубачоў (Эт. сл., 5, 110) пад прасл. *drestъ прыводзіць побач з чэш., славац., в.-луж., н.-луж., польск. рус. і інш. адпаведнікі бел. дрост ’расліна Poligonum nodosum’. Там жа звяртаецца ўвага на тое, што, нягледзячы на шматлікія пераўтварэнні формы, найбольш верагодным неабходна лічыць тлумачэнне Мяркулавай. Такім чынам, можна вытлумачыць форму бел. казадрост, рус. козий рост, чэш. kozídříst, аднак цяжка высветліць паралельную назву казарост. Не выключана, што трэба разумець гэту форму як другасную ў выніку зацямнення ўнутранай формы, аднак, магчыма, што менавіта разуменне ўнутранай формы прыводзіла да «эўфемістычнай» карэкцыі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ЗЕМЛЯРО́БСТВА,

1) адна з асноўных галін сельскай гаспадаркі; вырошчванне культурных раслін для забеспячэння насельніцтва харч. прадуктамі, жывёлагадоўлі — кармамі, лёгкай і харч. прам-сці — сыравінай. Уключае паляводства (збожжавая гаспадарка, ільнаводства, буракаводства, бульбаводства, насенняводства, вырошчванне кармавых культур), агародніцтва, пладаводства, кветкаводства.

У 20 ст. распрацаваны і выкарыстоўваюцца навукова абгрунтаваныя сістэмы З., якія ўключаюць развітую агратэхніку, палепшаную апрацоўку глебы, удасканаленае насенняводства, навук. селекцыю высокаўраджайных сартоў с.-г. культур, у адпаведнасці з канкрэтнымі ўмовамі прыродна-эканам. раёнаў уводзяцца севазвароты, ажыццяўляецца меліярацыя, на аснове хімізацыі шырока ўжываюцца мінер. ўгнаенні, развіваецца эфектыўная сістэма аховы раслін. Існуе экстэнсіўнае З. (рост вытв-сці за кошт расшырэння плошчаў) і інтэнсіўнае (рост вытв-сці за кошт дадатковых укладанняў працы і сродкаў). Вылучаюць: арашальнае З, (са штучным арашэннем), багарнае (у раёнах арашальнага З., але магчымае без паліву); сухадольнае або сухое (з дэфіцытам атм. ўвільгатнення і няўстойлівасцю прыродных умоў); устойлівае (у абласцях дастатковага ўвільгатнення); круглагадовае (у вільготных субтропіках і тропіках, з вырошчваннем 2—3 ураджаяў за год), а таксама горнае (пераважна на схілавых тэрасах), палярнае (з выкарыстаннем парнікоў) і інш. Аснова З. — паляводства, а яго гал. галіна — збожжавая гаспадарка. У 1994 сусв. вытв-сць збожжа склала 1940,1 млн. т, яго вядучыя вытворцы — Кітай (больш за 20% сусв. збору збожжа), ЗША (17%), Індыя (11%). Са збожжавых культур найважнейшае значэнне маюць пшаніца, рыс і кукуруза. У 1994 у свеце было сабрана 534,3 млн. т пшаніцы; вядучыя вытворцы — Кітай (19% сусв. вытв-сці), ЗША (12%), Індыя (11%). Прыкладна столькі ж збіраюць рысу — 531,3 млн. т (1994). Асн. рысасеючыя краіны — Кітай (больш за 30% сусв. збору) і Індыя (больш за 20%). Кукуруза — гал. зернефуражная культура. У 1994 яе вытв-сць склала 551,2 млн. т. Гал. вытворцы — ЗША (42%) і Кітай (19%). Тэхн. культуры забяспечваюць сыравінай розныя галіны прам-сці. Найб. значэнне маюць алейныя (сланечнік, соя, рапс і інш.), цукраносныя (цукр. буракі, цукр. трыснёг), валакністыя (бавоўна, лён-даўгунец, каноплі, джут і інш.). Бульбаводства — галіна З. па вырошчванні бульбы на харч., тэхн. і кармавыя мэты. Яго сусв. вытв-сць склала 283,3 млн. т (1994). Буйнейшыя вытворцы — Расія, Кітай і Польшча (удз. в. кожнай краіны складае больш за 10% сусв. валавога збору).

Аснову с.-г. вытв-сці Беларусі складае збожжавая гаспадарка. Збожжавыя культуры займаюць амаль палову ўсёй яе пасяўной плошчы (у 1996—43,2%) і выкарыстоўваюцца на харч. і фуражныя мэты. Гал. збожжавыя культуры — жыта і ячмень (гл. табл.). Вырошчваюць таксама азімую і яравую пшаніцу, авёс, грэчку; з зернебабовых — кармавы лубін, гарох, віку, фасолю. Тэхн. культуры маюць невял. ўдз. в. ў структуры пасяўных плошчаў — 2,6% (1996), але іх роля ў эканоміцы вельмі значная. Гал. тэхн. культуры — лён-даўгунец і цукр. буракі, у апошнія гады пашыраюцца пасевы рапсу. Ільнаводства сканцэнтравана пераважна ў Віцебскай, на Пн Мінскай, Гродзенскай і Магілёўскай абл., дзе найб. спрыяльныя ўмовы для вырошчвання лёну-даўгунцу. Цукр. буракі вырошчваюць у зах. і паўд.-зах. частках Беларусі. Пасевы гэтай культуры ўтвараюць сыравінныя зоны 4 цукр. заводаў. Бульбу на Беларусі вырошчваюць усюды, на яе прыпадае 11,6% пасяўной плошчы. Краіна дае каля 4% сусв. вытв-сці бульбы, займае 8—9-е месца ў свеце. Найб. пл. пасеваў гэтай культуры ў цэнтр. і паўд. раёнах. У апошнія гады скарачаюцца плошчы пад бульбай у гаспадарках грамадскага сектара. Гародніцтва і пладаводства сканцэнтраваны на параўнальна невял. плошчах вакол буйных гарадоў і прамысл. цэнтраў. Значную частку прадукцыі атрымліваюць у спецыялізаваных гаспадарках. У апошняе дзесяцігоддзе адбыліся змены ў З. на ПдУ Беларусі, што абумоўлена вынікамі аварыі 1986 на Чарнобыльскай АЭС: скарочана або цалкам спынена вырошчванне лёну, грэчкі, гароднінных і бабовых культур.

2) Навука, якая распрацоўвае спосабы рацыянальнага с.-г. выкарыстання зямлі і павышэння ўрадлівасці глебы для атрымання высокіх ураджаяў; раздзел аграноміі.

Т.​Л.​Казакова.

Валавы збор асноўных сельскагаспадарчых культур на Беларусі (тыс. т) у гаспадарках усіх катэгорый
1980 1990 1996
Збожжавыя і зернебабовыя 4108 7035 5786
Ільновалакно 61 52 49
Цукровыя буракі 1122 1479 1011
Бульба 9333 8590 10 881
Агародніна 733 749 1204
Плады і ягады 414 373 439

т. 7, с. 57

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАСЯКО́МЫЯ (Insecta, або Hexapoda),

надклас (клас) беспазваночных жывёл тыпу членістаногіх. Найбуйнейшая група жывёл (больш за 1 млн. відаў, каля 70% ад агульнай колькасці відаў). Вядомы з сярэдняга дэвону (каля 380 млн. гадоў назад). Пашыраны ўсюды, большасць наземныя, жывуць таксама ў вадаёмах, глебе, інш. арганізмах, арган. рэштках. 2 класы (падкласы): скрытнасківічныя (Entognatha) і адкрытасківічныя (Ectognatha). Клас скрытнасківічных уключае падкласы (атр.): бязвусікавыя насякомыя, двуххвосткі і нагахвосткі; адкрытасківічных — шчацінахвостак і вышэйшых, або крылатых, Н. (Pterygota, каля 30 атр.), якіх падзяляюць на 2 групы: з няпоўным і поўным ператварэннем. У групу з няпоўным ператварэннем уваходзяць атр.: аўсянікі, багамолы, вошы, вяснянкі, клапы, палачнікі, пузыраногія, пухаеды, раўнакрылыя хобатныя, сенаеды, скурыстакрылыя, стракозы, тараканавыя, тэрміты, эмбіі, гемімерыды, грылаблатыды, зараптары, прамакрылыя; у групу з поўным ператварэннем — блохі, вееракрылыя, віслакрылыя, вярблюдкі, двухкрылыя, жукі, матылі, перапончатакрылыя, сеткакрылыя, скарпіёнавы мухі, шыцікі. На Беларусі больш за 30 тыс. відаў з 26 атр. (найб.: блохі, двухкрылыя, жукі, клапы, матылі, перапончатакрылыя, пузыраногія, раўнакрылыя хобатныя, стракозы, шыцікі). У Чырв. кнізе Беларусі 79 відаў з 16 атрадаў.

Даўж. ад 0,2 мм (наезнікі-яйцаеды) да 33 см (трапічныя палачнікі). Цела членістае, укрыта кутыкулай (утварае вонкавы шкілет) і адчувальнымі ўтварэннямі — сэнсіламі; падзелена на галаву, грудзі і брушка. Галава нясе ротавыя органы (грызучага, сысучага, колюча-сысучага або ліжучага тыпу), простыя і пару складаных (фасетачных) вачэй, пару вусікаў — антэн. Грудзі з 3 членікаў (пярэдня-, сярэдня- і заднягрудзі), якія нясуць па пары членістых ног і ў большасці відаў 1—2 пары перапончатых крылаў (на сярэдне- і заднегрудзях). Брушка з некалькіх (да 11) сегментаў, у многіх Н. мае канцавыя прыдаткі (джалы, яйцаклады, цэркі). Поласць цела другасная. Будова органаў стрававання залежыць ад тыпу корму. Крывяносная сістэма незамкнёная, рух крыві (гемалімфы) забяспечваецца пульсуючым аддзелам спіннога сасуда — сэрцам. Органы дыхання — сістэма трубачак (трахей), праз якія паветра непасрэдна дасягае тканак і клетак цела, у водных лічынак — шчэлепы. Развіты эндакрынныя, пахучыя, слінныя, воска- і шоўкааддзяляльныя, ядавітыя і інш. залозы. Выдзяляльная сістэма прадстаўлена мальпігіевымі сасудамі, ц. н. с.т.зв. галаўным мозгам, падглотачным гангліем і брушным ланцужком тулаўных гангліяў. Валодаюць зрокам, нюхам, слыхам, дотыкам, смакам і гігратэрмічным пачуццем. Паводзіны разнастайныя і складаныя. Большасць Н. раздзельнаполыя, з выяўленым палавым дымарфізмам. Развіццё з метамарфозам — няпоўным (уключае 3 стадыі: яйцо, лічынка, або німфа, і дарослае Н., або імага) ці поўным (паміж лічынкай і імага — стадыя кукалкі).

Н. ўдзельнічаюць у кругавароце рэчываў у біясферы (выкарыстоўваюць разнастайныя кармы і самі з’яўляюцца кормам для многіх арганізмаў, выконваюць сан. функцыю), у глебаўтварэнні, апыляюць расліны. Многія Н. — шкоднікі раслін (гл. Шкоднікі збожжа і збожжапрадуктаў, Шкоднікі лесу, Шкоднікі сельскагаспадарчых культур), паразіты жывёл і чалавека, пераносчыкі ўзбуджальнікаў хвароб (напр., крывасмокі). Некат Н. выкарыстоўваюць для атрымання харч., лек. рэчываў, тэхн. сыравіны (напр., пчол, шаўкапрадаў), у біял. ахове с.-г. і лясных раслін (напр., божых каровак, жужаляў, наезнікаў). Вывучае Н. энтамалогія.

Літ.:

Яхонтов В.В. Экология насекомых. 2 изд. М., 1969;

Бей-Биенко Г.Я. Общая энтомология. 3 изд. М., 1980;

Фабр П.Ж.А. Инстинкт и нравы насекомых: Пер. с фр. Т. 1—2. М., 1993;

Жизнь животных. Т. 3. 2 изд. М., 1984.

А.​М.​Петрыкаў.

Да арт. Насякомыя: 1 — нагахвостка паранана; 2 — шчацінахвостка тармобія хатняя; 3 — багамол звычайны; 4 — клоп шчаўевы; 5 — конік пеўчы; 6 — гладыш звычайны; 7 — цыкада ліхтарніца кітайская; 8 — слонік-зелянушка; 9 — страказа пляскатая; 10 — матыль еўрытыдас; 11 — амафіла пясчаная; 12 — муха палявая; 13 — сколія-гігант.

т. 11, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАХРАНАЛО́ГІЯ (ад геа... + храналогія),

геалагічнае летазлічэнне, вучэнне аб узросце і храналагічнай паслядоўнасці фарміравання горных парод зямной кары і геал. падзей у гісторыі Зямлі. Адрозніваюць адносную і абсалютную геахраналогію.

Адносная геахраналогія вызначае адносны ўзрост слаістых асадкавых, вулканічных (лаў) і піракластычных парод. У яе аснове прынцып паслядоўнасці напластаванняў, прапанаваны ў 17 ст. Н.​Стэна (Данія), паводле якога ў непарушных асадкавых тоўшчах вышэйляжачы пласт заўсёды маладзейшы за ніжэйляжачы. Адносны ўзрост некаторых горных парод вызначаны ў канцы 18 — пач. 19 ст. У.​Смітам (Вялікабрытанія) і Ж.Кюўе. Пра адносны ўзрост асадкавых тоўшчаў мяркуюць па выкапнёвых рэштках раслін і жывёл (вывучае палеанталогія). Узрост інтрузіўных і інш. неслаістых тоўшчаў вызначаюць па суадносінах са слаістымі. Паслядоўнасць напластавання горных парод даследуе стратыграфія, паводле яе даных і звестак палеанталогіі распрацавана геахраналагічная шкала, якая адлюстроўвае паслядоўнасць геал. гісторыі і развіцця жыцця на Зямлі. У гісторыі Зямлі вылучаюць 2 найб. геахраналагічныя этапы (эоны) — крыптазой і фанеразой. Крыптазойскі эон, які доўжыўся каля 4 млрд. гадоў, падзяляюць на 2 эры — архей (архейскую) і пратэразой (пратэразойскую). Фанеразойскі эон працягваўся 570 млн. гадоў, яго складаюць 3 эры — палеазойская, мезазойская і кайназойская, у якіх вылучаюць 12 перыядаў (ад кембрыйскага да чацвярцічнага). Кожны перыяд падзяляюць на 2 ці 3 эпохі (напр., ранне-, сярэдне- і познадэвонскія, міяцэнавая і пліяцэнавая ў неагенавым перыядзе), а кожную эпоху — на вякі (напр., кімерыйскі і акчагыльскі вякі пліяцэнавай эпохі). Кожнаму падраздзяленню геахраналагічнай шкалы адпавядае адзінка стратыграфічнай шкалы (эры — група, перыяду — сістэма, эпосе — аддзел, веку — ярус). Абсалютная геахраналогія (ядзерная, ізатопная, радыеметрыя) вызначае ўзрост горных парод і мінералаў у адзінках астр. часу (звычайна ў млн. гадоў); з’яўляецца часткай геахіміі. У пач. 20 ст. П.Кюры і Э.Рэзерфард прапанавалі выкарыстаць радыеактыўны распад хім. элементаў для вызначэння абс. ўзросту горных парод і мінералаў. Першыя вызначэнні паводле намнажэння свінцу ў мінералах зрабіў у 1907 амер. вучоны Б.​Болтвуд (Канада). У даследаваннях па абс. геахраналогіі выкарыстоўваюць доўгажывучыя радыеактыўныя элементы пры дапушчэнні, што скорасць іх распаду на працягу гісторыі Зямлі заставалася нязменнай. Вымярэнні праводзяць па суадносінах у мінералах і горных пародах (або ў арган. рэчыве) колькасці мацярынскіх радыеактыўных элементаў і стабільных прадуктаў іх распаду. Найб. пашыраныя метады абс. геахраналогіі — свінцовы (уран-торый-свінцовы), калій-аргонавы, рубідый-стронцыевы, а таксама радыевугляродны, фторыевы і інш. Даныя абс. геахраналогіі выкарыстоўваюць для ўдасканалення геахраналагічнай і стратыграфічнай шкал. Метады абс. геахраналогіі развіваюцца, на іх выніках грунтуецца гіст. геалогія, палеагеаграфія, палеатэктоніка, планеталогія і інш. Выяўлена, што найб. стараж. пароды Зямлі маюць узрост каля 3,5 млрд. гадоў. З іх дапамогай вызначаны ўзрост Месяца, метэарытаў, розных геал. фармацый, эпох магматызму, рудаўтварэння, метамарфізму і інш.

На Беларусі метады абсалютнай геахраналогіі развіваюцца ў Ін-це геал. навук АН Беларусі з 1970-х г. Даследаванні вядуцца радыевугляродным (​14C) метадам (Л.​М.​Вазнячук, А.​І.​Зімянкоў, І.​Л.​Коласаў). Распрацавана геахраналогія позняга антрапагену ў межах дасягальнасці радыевугляроднага метаду (50 тыс. г.). Атрыманы датаванні ў інш. краінах (Расіі, Украіне і інш.) для горных парод тэр. Беларусі — паводле уран-свінцовага ізахроннага метаду ўзрост парод крышт. фундамента (архей — ніжні пратэразой) у межах 2580—1700 млн. гадоў, паводле калій-аргонавага метаду верхнедэвонскія вулканічныя пароды ўтварыліся 358—354 млн. г. назад, паводле глаўканітавага метаду марскія адклады ніжняга алігацэну — каля 38 млн. г. назад.

Літ.:

Геохронология СССР. Т. 1—3. Л., 1973—74;

Шкала геологического времени: Пер. с англ. М., 1985;

Найденков И.В. Проблемы геологии раннего докембрия // Літасфера. 1995. № 2.

А.​С.​Кручак.

т. 5, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІФАЛО́ГІЯ (грэч. mithologia ад mithos паданне + ...логія),

сукупнасць міфаў, стараж. апавяданняў, якія ў фантаст. форме абагульнена адлюстроўваюць жыццё прыроды і людзей: будову Сусвету, паходжанне Зямлі, раслін, жывёл, уяўленні аб гераічных учынках, высокіх чалавечых пачуццях, каханні, вернасці і інш. М. часта знаходзіцца ў непасрэднай сувязі з рэлігіяй. Гал. яе героямі выступаюць багі. М. ўзнікла ў эпоху абшчынна-радавога развіцця грамадства. Ва ўзнікненні міфаў вял. ролю адыгралі раннія рэліг. ўяўленні — фетышызм, татэмізм, анімізм, магія. Міфалагічныя вобразы эпохі матрыярхату характарызаваліся нязграбнымі формамі (напр., шматгаловыя злыя пачвары). У эпоху патрыярхату зарадзіліся ўяўленні пра гераічных асоб, якія перамагалі злыя сілы. З пераходам людзей да аселага жыцця ўзмацніліся ўяўленні пра адзінства роду, пачаў складвацца культ продкаў і з’явіліся міфы аб продках. Спробы разабрацца ў будучыні прывялі да ўзнікнення эсхаталагічнай М. У раннякласавай абшчыне М. стала алегарычнай формай выражэння рознага роду рэлігій.

Навук. падыход да вывучэння М. ўзнік у эпоху Адраджэння. Аднак да 18 ст. ў Еўропе вывучалася пераважна ант. М. У 18 ст. гіст. тлумачэнне М. даў італьян. філосаф Дж.​Віка. Рамантызм узмацніў цікавасць да М.; пачалося збіранне і пераказванне нар. паданняў, казак і міфаў, стала складвацца міфалагічная шкала, якая тлумачыла міфы як крыніцу нац. культуры. У рамках міфалагічнай школы ў сярэдзіне 19 ст. ўзнік шэраг тэорый: салярна-метэаралагічная вытлумачвала міфы як алегорыю астр. з’яў; тэорыя «ніжэйшай міфалогіі» разглядала міфы як адлюстраванне звычайных з’яў жыцця; прыхільнікі анімістычнай тэорыі лічылі, што міфы — вынік пераносу ўяўленняў аб чалавечай душы на ўсю прыроду; пашыраная ў 19 ст. гісторыка-філалагічная тэорыя разглядала міф як пераасэнсаванне стараж. магічных абрадаў. Асабліва багатая М. была ў стараж. грэкаў (міфы пра Зеўса, Афрадыту, Праметэя і інш.). Даволі развітымі былі М. ў Стараж. Егіпце, Індыі, Міжрэччы, Кітаі і інш Старажытнаслав. М., што зарадзілася ў праславянскія (да сярэдзіны 1-га тыс. в.э.) часы, дыферэнцыравалася па меры рассялення славян ў Цэнтр. і Усх. Еўропе. Паводле функцый герояў і характару іх сувязей з калектывам у слав. М. вылучаюць некалькі ўзроўняў. Вышэйшы іх узровень характарызуецца найб. абагульненым тыпам функцый багоў, іх сувяззю з афіц. культам. Да яго адносяць Перуна, Вялеса і інш., якія ўвабралі ў сябе ваен. і гасп.-прыродную функцыі. Да больш нізкага ўзроўню адносяць багоў, звязаных з гаспадаркай і абрадам, а таксама багоў, што ўвасаблялі цэласнасць замкнёных невял. калектываў (Род, Чур і інш.). Элементы наступнага ўзроўню характарызуюцца большай абстрагаванасцю функцый (Доля, Ліха, Праўда, Смерць, Злыдні і інш.). Да ніжэйшага ўзроўню адносяць класы індывідуалізаванай нячыстай сілы, духаў, жывёл, звязаных з прасторай ад дома да лесу (дамавікі, лесавікі, русалкі, вадзянікі і інш.). У бел. М. пашыраны міфы пра дрэвы (дуб, бярозу, рабіну, явар, каліну), кветкі (зязюльчыны слёзы, папараць-кветку), птушак (зязюлю, бусла, ластаўку, салаўя, дзятла, варону), паходжанне асобных рэк, балот, азёр, узгоркаў і інш., міфалагічныя паданні пра волатаў і курганы-валатоўкі. Багата міфаў, звязаных з Купаллем, з агульнаслав. божаствамі (Перун, Жыжаль, Вялес) і з божаствамі, звязанымі з земляробчым календаром (Зюзя, Ярыла, Цаца, Лёля, Лада, Цёця, Жыцень і інш.).

Літ.:

Мифы народов мира: Энцикл. Т. 1—2. 2 изд. М., 1991—92;

Евсюков В.В. Мифы о Вселенной. Новосибирск, 1988;

Грейвс Р. Мифы Древней Греции: Пер. с англ. М., 1992;

Міфы Бацькаўшчыны. Мн., 1994;

Асов А.И. Мифы и легенды древних славян. М., 1998;

Легенды и мифы Древней Греции и Древнего Рима. СПб., 1998;

Котерелл А. Мифология: Энцикл. справ.: Пер. с англ. Мн., 1999.

М.​А.​Дабрынін, У.​А.​Замкавец.

т. 10, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

чу́цца, чуюся, чуешся, чуецца; незак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Быць чутным, устрымацца на слых. Ганна маўчала. А можа і гаварыла, ды вельмі ціха, не чуліся яе словы на адлегласці. Кулакоўскі. Госці азіралі вестыбюль, перагаварваліся, часам чуўся вясёлы малады смех. Арабей.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Успрымацца органамі пачуццяў; адчувацца. Снег быў мяккі і і зусім не чуўся пад нагамі. Паслядовіч. [Поплаў] быў такі забалочаны, што тут на дарозе чуўся адтуль пах гнілога карэння балотных раслін. Чорны. // перан. Праяўляцца, даваць сябе адчуць. Туга па радзіме, невыказны боль па яе лугах і рэках, барах і нябёсах выразна чуюцца ў такіх вершах [Броўкі], як «Маці», «Роднае». Бярозкін. [Голас] зусім не падобны быў на другі, мяккі і звонкі, хоць і ў ім таксама чулася засмучэнне. Васілевіч. // у знач. пабочн. Адчувацца, думацца. Быццам бы і слухала [Хадося] Міканораву гаворку, а сама — чулася — была далёкая ад гаворкі гэтай, абыякавая была. Мележ.

3. як або якім чынам. Адчуваць сябе, быць у пэўным стане. Затое ж, калі забярэцца Цімошка з кароўкамі ў лес, то ўжо там чуецца ён вольна. Колас. І з кожным годам.. [Ганна Макараўна] чулася ўсё больш і больш адзінокай. Марціновіч. / у безас. ужыв. Лёгка чулася нам, — ці мы ў лузе граблі, Ці калгасныя з ёй вартавалі палі. Куляшоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сушы́ць, сушу, сушыш, сушыць; незак., каго-што.

1. Рабіць сухім (што‑н. сырое, вільготнае, мокрае), трымаючы на паветры або ў цёплым месцы. Сушыць бялізну. □ Палажы сушыць валёнкі — Сам адпачывай. Астрэйка. Волька сядзела на печы — сушыла галаву пасля жыцця. Васілевіч. // і без дап. Рабіць празмерна сухім, пазбаўляючы неабходнай вільгаці. Сонца паліла няшчадпа, сушыла апошнія жнівеньскія травы. Шамякін. [Ліда] сама і не чула б, здаецца, таго, што ад рання сушыла смага. Брыль. / у безас. ужыв. А ў той год вельмі сушыла. Зямля, як жывая, енчыла, прасіла піць. Хомчанка. Ад смагі баляць патрэсканыя губы. Сушыць у роце. Сяргейчык. // Рабіць асушэнне, адводзячы ваду. А старыя і чуць не хацелі: — Не, не можна балота сушыць!.. Багун. // Выдаляць (ваду, вільгаць); асушаць. А як паднялося вышэй .. [сонца] і пачало сушыць расу на траве, тады павуціна доўгімі бліскучымі ніткамі пачала паўзці ў паветры. Нікановіч.

2. Нарыхтоўваць у запас, выдаляючы вільгаць з раслін, пладоў і пад.; высушваць, засушваць. Сушыць грыбы. □ Збіраў .. [Лявон] таксама розныя расліны і ягады, сушыў іх, потым даваў людзям ад розных хвароб. Кулакоўскі. Мяса .. [марскія людзі] не прывыклі запасіць надоўга, напрыклад, сушыць. Маўр.

3. перан. Разм. Падрываць здароўе, даводзячы да худзізны, знясілення. Гарачка сушыла сілы, як спякотлівы летні дзень высушвае расу. Асіпенка. Абхадзіў я за плугам палетак, Хоць яшчэ быў зусім малалетак. Працаваў аж да сёмага поту, Заядала, сушыла работа. Хведаровіч. // Мучыць, мардаваць. Твар [дзяўчынкі] быў учарнелы і завостраны. Вялікі неспакой сушыў яго. Чорны.

4. перан. Рабіць сухім, чэрствым, нячулым. У глыбокім маўчанні з прыроднаю сілай Зліваюцца душы, Збліжае нас час да [вячэрняга] схілу — А сэрцаў не сушыць! Буйло.

•••

Сушыць вёслы — трымаць вёслы над вадой, кінуўшы веславаць.

Сушыць галаву (мазгі) — клопатам, думкамі займаючы галаву, падрываць сабе здароўе.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ДЫВА́Н,

мастацкі тэкстыльны выраб, звычайна з шматколерным узорам, прызначаны пераважна для ўпрыгожвання і ўцяплення жылля. Бываюць ворсавыя і бязворсавыя (кілімы, паласы, шпалеры, габелены), маляваныя на тканіне, радзей паперы або цыраце. Вырабляюцца ручным спосабам, з сярэдзіны 19 ст. і машынным з воўны, шоўку, ільну, бавоўны, штучных валокнаў. Маст. асаблівасці вызначаюцца фактурай тканіны, характарам матэрыялу і фарбавальнікаў, фарматам, суадносінамі бардзюра і цэнтра поля Д., характарам і кампазіцыяй арнаменту, колеравым строем.

Найб. раннія Д. выяўлены пры раскопках Пазырыкскіх курганоў Горнага Алтая і датуюцца 5—4 ст. да н.э. Захаваліся звесткі пра Д. ў Асірыі, Вавілоне, Егіпце. З Д. Усходу найб. вядомы іранскія, перс., туркм.. азерб. і інш. У Зах. Еўропе вядомы з 11 ст. (Д. з Баё, Францыя, і інш.). З 16 ст. асаблівае месца займаюць шпалеры (флам., франц., нямецкія), у 17—18 ст. вылучаюцца ворсавыя Д. мануфактуры Саванеры (засн. ў 1624 у Парыжы). У 19 ст. з развіццём фарб. вытворчасці маст. ўзровень рэзка падае і пачынае адраджацца толькі з сярэдзіны 20 ст.

На Беларусі дыванаткацтва мае даўнія традыцыі, нац. характар узораў, кампазіцыі колераў, тэхнікі. Побач з дэкар. посцілкамі ткалі нар. Д., якімі ўпрыгожвалі жылыя памяшканні і інтэр’еры храмаў. Нар. бязворсавыя Д. ткалі ў тэхніцы кіліма, закладання, 2-асноўнай, тыпу габелена (напр., Гродзенскія падвойныя Д.). У розных раёнах мелі сваю традыц. расфарбоўку і арнамент. Ткалі Д. з геам. і раслін. арнаментам, антрапа- і зааморфнымі выявамі. У гарадах і мястэчках ткалі на заказ т. зв. дворскія бязворсавыя Д., блізкія па кампазіцыі да нар., або пераймалі зах.-еўрап. стылі і матывы дэкору. У 18—1-й пал. 19 ст. вылучаюцца вырабы Гродзенскіх каралеўскіх мануфактур, магнацкіх мануфактур у Нясвіжы, Міры, Карэлічах, Слоніме і інш., якія вызначаліся высокай тэхнікай ткацтва і прыгажосцю. З 19 ст. вядомасць набылі маляваныя Д., ствараліся на аснове багатых традыцый узорыстых тканых Д. і посцілак (творы А.​Кіш, Я.​Драздовіча і інш.). Маст. вобраз такіх Д. аналагічны творам наіўна-рэаліст. кірунку. Сучасныя нар. майстры вырабляюць і бязворсавыя Д. Ворсавыя Д. машыннага вырабу ствараюцца на прадпрыемствах акц. т-ваў «Віцебскія дываны» і «Дываны Брэста». Гал. кірунак — стварэнне Д. з бел. арнаментам, што адпавядаюць сучаснаму інтэр’еру па стылявым і колеравым вырашэнні. Бел. Д. экспанаваліся на міжнар. выстаўках у Германіі, Італіі, Польшчы, Інданезіі, дзе адзначаны дыпломамі. Вырабы акц. т-ва «Дываны Брэста» ўзнагароджаны брыльянтавай зоркай у Мексіцы (1994) і «Залатой аркай» у Іспаніі (1995).

Літ.:

Трызна Дз.С. Беларускія дываны і габелены. Мн., 1981;

Maríkowski T. Dawnie tkaniny i hafty w Polsce w XVI—XVIII w. Wrocław, 1954;

Моран А. де. История декоративно-прикладного искусства: От древнейших времен до наших дней: [Пер. с фр.]. М., 1982.

Азербайджанскі дыван «куба». 19 ст.
Туркменскі дыван «бешыр». 1900.
Персідскі дыван «фараган». 19 ст.
Да арт. Дыван. У.​Гусеў. Дыван «Арнаментальны». 1979. Брэсцкі дывановы камбінат.
Дыван маляваны. А.​Кіш. Рай. 1930—40-я г.
Да арт. Дыван. Л.​Цыбульская. Жакардавы дыван. 1984.
Турэцкі дыван «кула». 17 ст.
Дыван маляваны з Мядзельскага раёна Мінскай вобл. 1950-я г.

т. 6, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУ́КА АСТРАВЫ́ (Cook Islands). У цэнтральнай ч. Ціхага ак., у Палінезіі; аўт. дзяржава ў свабоднай асацыяцыі з Новай Зеландыяй. Пл. 240,1 км². Нас. 19,8 тыс. чал. (1997); мясц. жыхары — пераважна палінезійцы а-воў Кука. Каля 27 тыс. мясц. жыхароў жыве ў Новай Зеландыі. Сярэдняя шчыльн. 82,5 чал. на 1 км². Больш за палавіну насельніцтва сканцэнтравана на в-ве Раратонга (пл. 67 км²), там жа адм. ц. і порт Аваруа (каля 1,5 тыс. ж.). Афіц. мова — англійская, шырока выкарыстоўваецца мясц. мова. Большасць вернікаў — пратэстанты-кангрэгацыяністы (75%), ёсць католікі (10%) і інш. Нац. свята — Дзень канстытуцыі (4 жн.). У склад К.а. уваходзяць 15 астравоў, адлегласць з Пн на Пд каля 1 тыс. км, з 3 на У каля 800 км. Падзяляюцца на 2 групы: Паўднёвую (8 астравоў, пл. 212,1 км², у асноўным вулканічнага паходжання, выш. да 652 мг. Тэ-Манга на в-ве Раратонга), Паўночную (7 каралавых атолаў, пл. 28 км²). Клімат трапічны пасатны. На паўд. астравах цёплая зіма (чэрв.жн., сярэдняя т-ра каля 22 °C) і гарачае лета (каля 26 °C), на Пн сезонныя адрозненні невялікія. Сярэднегадавая колькасць ападкаў каля 2000 мм. У ліст.крас. сезон ураганаў. Рэчкі і ручаі ёсць толькі на вулканічных астравах, там жа на схілах гор лясы з пальмаў, фікусаў і інш. раслін. На атолах расліннасць бедная. Вырошчваюць какосавую пальму, тара, бананы, маніёк, жыхары паўд. астравоў — батат, фасолю, кукурузу, апельсіны, ананасы, памідоры. Развіты свіна- і птушкагадоўля. Рыбалоўства, здабыча штучна вырашчанага жэмчугу, перламутру, чарапахавых панцыраў. 2 швейныя ф-кі, піваварны з-д, прадпрыемствы па перапрацоўцы садавіны і рыбы. Найб. важная галіна эканомікі — замежны турызм. З абслугоўваннем турыстаў (пераважна з Новай Зеландыі і Аўстраліі) звязана большасць працоўных. Дадатковы даход краіне прыносіць рэалізацыя мясц. паштовых марак. Транспарт пераважна марскі. Аэрадромы на а-вах Раратонга і Аітутакі, якія з’яўляюцца цэнтрамі турызму. Экспартуюць копру і трапічныя фрукты. Гандл. сувязі ў асноўным з Новай Зеландыяй. Дэфіцыт знешнегандл. балансу і бюджэту пакрываецца субсідыямі Новай Зеландыі. Грашовая адзінка — новазеландскі долар.

Заселены палінезійцамі ў 1-м тыс. н.э. У 1773 адкрыты брыт. мараплаўцам Дж.​Кукам (адсюль назва). У 1821 тут замацаваліся еўрап. місіянеры хрысціянства. У 1888 абвешчаны брыг. пратэктаратам, у 1891 перададзены пад кантроль Новай Зеландыі, з 1915 яе калонія. У 1915 створаны Заканад. савет. У 1957 ён пераўтвораны ў Заканад. асамблею, пры якой існуе палата арыкі (правадыроў) з дарадчымі функцыямі. Паводле канстытуцыі 1965 жыхары К.а., застаючыся грамадзянамі Новай Зеландыі, маюць аўтаномію ва ўнутр. справах. Новая Зеландыя захавала кантроль за знешняй палітыкай і абаронай К.а.

Літ.:

Малаховский К.В. История островов Кука. М., 1978.

т. 8, с. 566

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)