у літаратуры — свядомае мэтанакіраванае перайманне, імітацыя характэрных рыс стылю пэўнага пісьменніка або групы пісьменнікаў, літ. школы, плыні, пэўных жанраў фальклору, дыялектаў, гаворак.
Як сродак маст. адлюстравання С. дае магчымасць пісьменніку пераўвасабляцца ў інш. чалавека — выдуманага ім аўтара, пранікаць у чужую свядомасць і выяўляць яе праз асаблівасці маўлення («Вечары на хутары каля Дзіканькі» М.Гогаля, творы Казьмы Пруткова, быліцы Навума Прыгаворкі ў В.Дуніна-Марцінкевіча, «Дудка беларуская» і «Смык беларускі» Ф.Багушэвіча).
С. адлюстроўвае спецыфіку размоў дзейных асоб як прадстаўнікоў сац. ці этнагр. груп насельніцтва, што актывізуе працэс індывідуалізацыі, тыпізацыі («Тралялёначка» і «Сведка» Багушэвіча, «Несцерка» А.Вольскага). С. адрозніваецца і ад мех. пераймання вонкавых рыс стылю без ідэйна-маст. патрэб у гэтым, і ад парадзіравання (гл.Пародыя), калі рэзка падкрэсліваюцца рысы прататыпнага стылю, які служыць узорам, сродкам для стылізатара. Знешняе перайманне ўзору, падробка пад нар. мову, капіраванне элементаў паэтыкі розных кірункаў і плыней вядзе да псеўдастылізацыі, дэкаратыўнасці, эпігонства і эклектыкі. С., асабліва фалькл., пашыраецца і актывізуецца ў час стылявых пераходаў ад аднаго маст. метаду да другога, ад старога стылю да новага, у працэсе ўзбагачэння літ. мовы нар. гаворкай (казкі А.Пушкіна і У.Даля, «Канёк-Гарбунок» П.Яршова, «Ляўша» М Ляскова, гавэнды і вершы на бел. мове У.Сыракомлі, «Пінская шляхта» Дуніна-Марцінкевіча, «Казкі жыцця» Я.Коласа і інш.). Неабходнасць стылявога абнаўлення вымушае актыўна звяртацца да С. і сучасных бел. паэтаў (Р.Барадулін, Я.Сіпакоў і інш.). Найб. пашыраная праява С. — сказ, стылявым узорам якога ў л-ры выступае вусна-размоўная, па-мастацку не арганізаваная гутарка. Фалькл. С. арыентуецца на вусна-паэтычную, па-мастацку арганізаваную мову; яе прататып, ці ўзор — пэўны твор фальклору.
У выяўленчым і дэкаратыўна-прыкладным мастацтве, 1) мастацкае абагульненне выяўляемых фігур і прадметаў з дапамогай умоўных прыёмаў, спрашчэння малюнка, формы, колеру, аб’ёму. Пашырана ў розных відах мастацтва для рытмічнай арганізацыі цэласнасці кампазіцыі. Вял. яе роля ў арнаменце, манументальным жывапісе, плакаце, дзе выява ператвараецца ў вобразны сімвал, праз які раскрываецца змест. У станковым мастацтве С. надае рысы дэкаратыўнасці, часта служыць больш глыбокаму выяўленню сутнасці зместу праз памяншэнне дэталізацыі і канцэнтрацыю ўвагі гледача на асн. характэрных рысах аб’екта твора.
2) Імітацыя вобразнай сістэмы і фармальных асаблівасцей гіст. або рэгіянальных стыляў, выкарыстаных у новым маст. кантэксце. С. засвойвае, перапрацоўвае і выяўляе ў новай якасці своеасаблівыя рысы культур пры захаванні іх унутр. сутнасці, сімвалічна намякае на першакрыніцу, чым адрозніваецца ад літаральнага пераносу элементаў гіст. твораў у новы маст. кантэкст у эклектыцы. Элементы С. вядомы з 17—18 ст. (кітайскія матывы ў дэлфцкім фаянсе ў Нідэрландах, у дэкар.-прыкладным мастацтве Францыі). Найб. пашырылася ў эпоху рамантызму (мастацтва «назарэйцаў», прэрафаэлітаў). У Расіі найб. ярка выявілася ў мастацтве пач. 20 ст. (С. мастацтва 17—18 ст. у творчасці мастакоў аб’яднання «Свет мастацтва», С. прымітыву ў жывапісе М.Ларыёнава і Н.Ганчаровай). На Беларусі пашырылася з 1980-х г. з ростам цікаўнасці да нац. гісторыі (С. сармацкага партрэта ў творах Г.Вашчанкі, А.Марачкіна, У.Стальмашонка і інш.).
У архітэктуры С. звязана са свабодным разуменнем маст. зместу і стылю, што паслужылі прататыпам (напр., С. стараж.-рус. архітэктуры ў пабудовах А.Шчусева і У.Пакроўскага ў 1910-я г.). С. класічнай спадчыны (італьян. Адраджэння, рус. класіцызму) характэрна для пабудоў 1930—50-х г. У архітэктуры Польшчы і Зах. Беларусі вядомы мадэрнісцкія С. ў духу нар. дойлідства (жылыя дамы, гасп. пабудовы).
Літ.:
Троицкий В.Ю. Стилизация // Слово и образ. М., 1964;
Дзюбайла П.К. Праблемы стылю ў сучаснай беларускай прозе. Мн., 1973.
І.С.Шпакоўскі (літаратура), С.У.Пешын (выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва), С.А.Сергачоў (архітэктура).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАСО́ПІС,
перыядычнае выданне, якое публікуе навук., гіст., маст. або літ.-публіцыст. матэрыялы; як і газета, адзін з асн. сродкаў масавай інфармацыі. Ч., як правіла, арыентуецца на пэўную аўдыторыю: паводле прафес. прызначэння, узросту, прыхільнасцей, сац., сац.-паліт., дэмаграфічных і інш. прыкмет. Тыпалагічна Ч. падзяляюць на грамадска-паліт., літ.-маст., сатыр., навук.-галіновыя, навук.-папулярныя, навук.-інфарм., вытв.-тэхн., а таксама для жанчын, моладзі, дзяцей і інш. Выходзяць штотыднёва, раз у 2 тыдні, штомесяц, штоквартальна.
Першым Ч. лічыцца «Le journal des savants» («Часопіс вучоных»), які выйшаў у Францыі ў 1665; першы Ч. у Расіі — «Ежемесячные сочинения, к пользе и увеселению служащие» (1755). Выдавецкая дзейнасць бел. студэнтаў у Пецярбургу прывяла да выпуску ў 1884 двух нумароў Ч. «Гомон». У пач. 20 ст. на Беларусі выдаваліся Ч. «Крапіва», «Саха», «Лучынка», «Раніца»; галіновыя выданні: «Белорусский учительский вестник», «Медицинское дело» (1910), «Минские врачебные известия» (1910—15), «Педагогическое дело», «Спорт» (1913); Ч. для дзяцей «Зорька» (1905—12). Бел. выдавецкае т-ва «Загляне сонца і ў наша аконца» выдавала Ч. «Маладая Беларусь». Першыя бел.сав. Ч. — «Чырвоны шлях» (1918), «Белорусская криница» (1918—19), «Народная асвета», «Факел коммунизма» (абодва 1919), «Коммунистический труд» (1919—23), «Школа и культура Советской Белоруссии», «Вольны сцяг», «Вестник народного комиссариата просвещения», «Полымя», «Бюллетень Центрального бюро Коммунистической партии (большевиков) Белоруссии» (1923), «Камуністычнае выхаванне»; галіновыя Ч. — «Хозяйство Белоруссии» (1920—21), «Шлях кааперацыі» (1925—28), «Прафесіянальны рух Беларусі» (1925—29), «Шляхі калектывізацыі» (1925—33); пазней — «Маладняк», «Наш край», «Узвышша», «Саветы Беларусі» (1928—31) і інш. У Зах. Беларусі выдаваліся Ч. «Бальшавік», «Маланка», «Беларуская культура», «Беларускі летапіс», «Асва», «Маладая Беларусь» і інш. (гл. ў арт.Заходнебеларускі друк). У Вял.Айч. вайну на тэр. Беларусі выходзіла каля 100 перыяд. выданняў на бел., рус., ням., укр. мовах (гл.Друк акупацыйны ў Вял.Айч. вайну, Друк падпольны ў Вял.Айч. вайну). У пасляваен. гады на Беларусі выдавалася каля 130 Ч. і інш.перыяд. выданняў тыпу Ч., у т. л.«Коммунист Белоруссии», «Полымя», «Работніца і сялянка» (з 1995 «Алеся»), «Народная асвета», «Здравоохранение Белоруссии» (з 1996 «Здравоохранение»), «Бярозка», «Беларусь», «Весці Акадэміі навук Беларусі», «Вожык», «Нёман», «Маладосць», «Сельское хозяйство Белоруссии» (з 1991 «Хозяин»), «Доклады Академии наук Беларуси», «Вясёлка», «На экранах Беларусі» (з 1996 «На экранах»), «Инженерно-физический журнал», «Тэатральны Мінск» (1961—90), «Журнал прикладной спектроскопии», «Дифференциальные уравнения», «Веснік Беларускага дзяржаўнага універсітэта», «Помнікі гісторыі і культуры Беларусі» (з 1989 «Спадчына»), «Родная прырода», «Мастацтва Беларусі» (з 1992 «Мастацтва»), «Беларуская мова і літаратура ў школе» (з 1992 «Роднае слова»), У 1990-я г. Ч. пачалі выдаваць грамадскія, культ. і інш. аб’яднанні, творчыя, прафес. саюзы і калектывы: «Веснік Беларускага экзархата», «Беларуская думка», «Пачатковая школа» (з 1991), «Пралеска», «Гаспадыня» (з 1992), «Беларускі гістарычны часопіс», «Веснік Беларускага дзяржаўнага эканамічнага універсітэта», «Армия», «Всемирная литература», «Вышэйшая школа», «Пазашкольнае выхаванне» (усе з 1996), «Атэстацыя», «Белорусский экономический журнал» (абодва з 1997) і інш. На 1.2.2003 на Беларусі зарэгістравана 442 ч.
Літ.:
Перыядычны друк Беларусі, 1817—1916 гг.: Бібліягр. паказ. Мн., 1960;
Перыядычны друк Беларускай ССР (1917—1958). Вып. 1. Часопісы. Мн., 1960;
Друк Беларускай ССР, 1966—1970: Статыстыч. матэрыялы. Мн., 1972;
Говін С.В. Друк Заходняй Беларусі (1921—1939 гг.). Мн., 1974;
Адамовіч В.С. Падпольныя перыядычныя выданні на Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны: Бібліягр. паказ. Мн., 1975;
Булацкі Р.В., Сачанка І.І., Говін С.В. Гісторыя беларускай журналістыкі. Мн., 1979;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЯМЕЙНА-АБРАДАВАЯ ПАЭЗІЯ
звязана з нараджэннем, шлюбам і пахаваннем чалавека, Ахоплівала сферу сямейных адносін, працоўную дзейнасць чалавека, яго побыт і жыццё, сац. і маральна-этычныя ідэалы, абрады і звычаі. Складвалася пад уплывам язычніцтва, пазней — хрысціянства. У беларусаў найлепш захавалася радзінная паэзія са спецыфічна нац. ў ёй хрэсьбіннымі песнямі. Гал. дзеючыя персанажы радзіннай абраднасці: парадзіха, бабка-павітуха, бацька нованароджанага, кум, кума. Засцерагальныя абрады і песні павінны былі ахоўваць здароўе парадзіхі і дзіцяці, а таксама забяспечыць шчаслівую долю нованароджанага, якая паводле нар. перакананняў залежала ад бабкі-павітухі, кумоў. У хрэсьбіннай паэзіі вылучаліся заклінальныя, велічальныя, жартоўныя і бяседныя песні, прыгаворкі, зычэнні, тосты. Хрэсьбінныя жартоўныя песні развейвалі ідэальныя вобразы ўдзельнікаў урачыстага застолля. Найб. старажытныя — заклінальныя і велічальныя песні, якія вызначаліся ўстойлівай традыцыйнасцю вобразаў-персанажаў, паэтыкі, мелодыкі. Велічальныя песні багатыя на эпітэты, параўнанні. Асабліва каларытна абмалёўваўся вобраз бабкі, шанаванне якой падкрэслівалася трапнымі параўнаннямі. Песні пра кума і куму часта мелі жартоўна-эратычны характар. Большасць заклінальных песень звернута да бабкі, раскрываюць яе дзеянні, што скіраваны забяспечыць шчаслівую долю немаўляці; у многіх песнях яна заклінае пра гэта Бога. У застольна-бяседных творах адлюстроўваліся гасціннасць гаспадароў, урачыстасць падзеі, нацыянальна-адметныя традыцыі.
Вясельныя песні, прыпеўкі, прыгаворкі, тосты беларусаў суправаджалі сватанне, заручыны, выпяканне каравая, пасад і інш. этапы вяселля. У многіх выпадках падказвалі наступныя рытуальныя дзеянні. Песні, зычэнні, тосты, што выконвалі асноўныя ўдзельнікі шлюбнай урачыстасці, павінны былі магічна спрыяць шчасцю маладых, іх дабрабыту. У час суборнай суботы (дзявочы вечар) спявалі песні з матывамі адшукання руты, каліны для вяночка, завівання вянка, развітання з сяброўкамі, непазбежнасці расставання з бацькамі. Традыцыйна склаўся каравайны рытуал з песнямі, у якіх гіпербалізуецца колькасць выкарыстаных прадуктаў, персаніфікуюцца каравай (сімвалізаваў жаніха і нявесту), печ, дзяжа, лапата і інш.; каларытна малююцца вобразы каравайніц. Спявалі песні, у якіх гучала скарга нявесты, павянчанай з нялюбым. Сумам прасякнуты песні нявесты-сіраты, якая просіць нябожчыкаў бацькоў блаславіць яе шлюб. Перад ад’ездам маладога да нявесты гучалі песні, у якіх адлюстроўваўся пераход хлопца ў стан жанатага мужчыны. Застольныя песні маглі быць лірычныя, жартоўныя, велічальныя і інш. Багатымі сродкамі маст. выразнасці жартоўныя песні добразычліва высмейвалі сватоў, дружкаў, баяр, маршалкаў і інш. удзельнікаў вяселля. Часам жартоўна супрацьпастаўляліся жаніх і нявеста.
Пахавальны і памінальны рытуал складваўся на Беларусі на працягу многіх стагоддзяў. Асноўныя жанры гэтых абрадаў — галашэнні, псалмы, духоўныя вершы. Уся абраднасць прасякнута верай у замагільнае жыццё, у наяўнасць неўміручай душы ў чалавека. Хаўтурныя галашэнні — імправізаваныя творы, у якіх традыцыйна выкарыстоўваліся стэрэатыпныя нар. формулы, маст. прыёмы і сродкі для аплаквання памерлых. Некат. будуюцца на рытарычных пытаннях, памяншальна-ласкальных формах прыметнікаў і назоўнікаў. З эмацыянальнай узрушанасцю ў галашэннях аплаквалася заўчасная смерць немаўляці, выказваліся любоў і пашана да блізкага чалавека, горыч перажыванняў, раскрывалася нялёгкае жыццё памерлага, бязмерная роспач асірацелых дзяцей, удавы, бацькоў. Песні-псалмы — творы духоўна-маралізатарскага характару. Яны бытавалі як разнавіднасць канта і выконваліся на хаўтурах, трацінах, дзевяцінах, Радаўніцу. Крыніцамі духоўных вершаў была хрысціянская апакрыфічная літаратура. Вершы перадавалі старазапаветныя і новазапаветныя сюжэты, славілі святых, праведнікаў, асуджалі грэшнікаў. Сямейна-абрадавая паэзія, цесна звязаная з жыццём, побытам, узаемаадносінамі ў грамадстве, вызначалася ўстойлівай традыцыйнасцю, жывучасцю, поліфункцыянальнасцю ў найважнейшыя вехі жыцця чалавека. Выдадзены тамы серыі «Беларуская народная творчасць» «Радзінная паэзія» (1971, укладальнікі М.Грынблат, В.Ялатаў), «Вяселле. Абрад» (1978, укладальнік К.Цвірка), «Вяселле. Песні» (т. 1—6, 1980—88, укладальнікі Л.Малаш, З.Мажэйка), «Пахаванне. Памінкі. Галашэнні» (1986, укладальнікі У.Васілевіч, Т.Варфаламеева), «Вяселле. Мелодыі» (1990, укладальнікі З.Мажэйка, Т.Варфаламеева), «Радзіны. Абрад. Песні» (1998, укладальнікі Г.Пятроўская, Т.Кухаронак).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
тэхні́чны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да тэхнікі (у 1 знач.), звязаны з ёй. Тэхнічныя праблемы. Тэхнічны прагрэс. Тэхнічная рэканструкцыя народнай гаспадаркі.// Які звязаны з вывучэннем, пашырэннем і навуковай распрацоўкай тэхнікі; які абумоўлівае гэтыя працэсы. Тэхнічныя навукі. Тэхнічныя веды. Тэхнічная літаратура. Тэхнічная інфармацыя.// Які заняты, працуе ў галіне тэхнікі. Тэхнічная інтэлігенцыя.
2. Які мае адносіны да тэхнікі (у 2 знач.), звязаны з абслугоўваннем, захаваннем, выкарыстаннем і эксплуатацыяй яе. Тэхнічныя навыкі. Тэхнічныя прыёмы.
3. Які мае адносіны да работы машын і механізмаў, звязаны з працэсам вытворчасці чаго‑н. Тэхнічныя магчымасці станка. Тэхнічныя патрабаванне Тэхнічная дакументацыя.// Звязаны з абслугоўваннем тэхнікі якой‑н. вытворчасці. Тэхнічная служба. Тэхнічны аддзел. Тэхнічны склад.
4. Які падлягае выкарыстанню або апрацоўцы ў прамысловасці. Тэхнічныя культуры. Тэхнічная вада. Тэхнічнае масла.
5. Які выконвае розныя дапаможныя работы ў якой‑н. справе. Тэхнічны сакратар. Тэхнічныя работнікі сцэны.
6. Які абазначае спецыяльнае паняцце, што адносіцца да якой‑н. галіны тэхнікі і навукі; прафесіянальны (пра слова, выраз). Тэхнічны тэрмін.
7. Які вылучаецца высокай тэхнікай, майстэрствам (пра спорт, мастацтва). Тэхнічны баксёр.
•••
Тэхнічны кантроль — нагляд за якасцю прамысловай прадукцыі, за адпаведнасцю яе ўстаноўленым стандартам.
Тэхнічны мінімум — сукупнасць ведаў у якой‑н. галіне, неабходныя для рабочага адпаведнай спецыяльнасці.
Тэхнічная норма — норма выпрацоўкі, якая ўстанаўліваецца з улікам забеспячэння тэхнікай і ўмоў працы.
Тэхнічны рэдактар — рэдактар, які ведае паліграфічным афармленнем кнігі, газеты і пад.
Тэхнічны савет — кансультатыўны орган па пытаннях тэхнікі (пры міністэрстве, навукова-даследчым інстытуце, канструктарскім бюро).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Калоць1 ’датыкаючыся чым-н. вострым, выклікаць боль; утыкаючы што-н. вострае, рабіць дзірку, адтуліну ў чым-н., праколваць’, ’бадаць, пароць (рагамі); забіваць чым-н. вострым (свіней)’, ’рассякаць на часткі; расшчапляць, раздрабняць’ (ТСБМ). У гаворках адзначаюцца значэнні ’датыкаючыся вострым, выклікаць боль і да т. п.’ (Бяльк., Касп., Нас., Сержп. Прымхі, Яруш.), ’забіваць свінню’ (Сержп. Прымхі), ’забіваць (рыбу) васцямі’ (полац., З нар. сл.), ’рассякаць на часткі, расшчапляць’ (Радч., Юрч.); у форме калоцца ’бадацца’ адзначаюць Мат. Гом.; калоць ’бадаць; забіваць; адчуваць востры боль, шчапаць’ (Сл. паўн.-зах.), калоць ’расшчапляць, калоць дровы; біць рагамі’ (ТС). У іншых мовах: укр.колоти ’калоць, бадаць, забіваць’, ’калоць свіней; расшчапляць, калоць дровы’, рус.колоть ’калоць; раздрабляць; забіваць свіней; калоць дровы і да т. п.’, у гаворках яшчэ і ’бадаць’, ’жаліць’. Польск.kłuć ’калоць; праколваць чым-н. вострым; раніць вочы’, ст.-польск. таксама ’змагацца на турніры’, літар. і дыял. ’забіваць (свінню) і інш.’, ’расшчапляць, калоць дрэве’ і цікавае ў Ліндэ, дыял. ’прарастаць’ (у Карловіча, 2, 377: «Pszenierka się kole»). Шэраг польск. значэнняў (гл. Слаўскі, 2, 275) безумоўна пад беларускім уплывам, параўн. адпаведныя спасылкі ў Карловіча, там жа, в.-луж.kłóć ’калоць; расшчапляць і да т. п.’, н.-луж.kłojś у падобных значэннях, чэш.kłáti ’калоць, забіваць; змагацца на турніры’, чэш.мар. ’бадаць; расшчапляць’, славац.klať ’забіваць (свіней)’, славен.kláti ’калоць; расшчапляць; біць; забіваць; кусаць; мучыць і да т. п.’, серб.-харв.кла́ти ’забіваць; мучыць; калоць; кусаць і да т. п.’, макед.колам ’забіваць, мучыць’, балг.коля ’пераразаць горла або адразаць галаву жывёле, калоць’, дыял. ’разразаць’, ст.-слав.клати ’заколваць, забіваць’. Узнаўляецца прасл.kolti з відавочна даўняй дыферэнцыяцыяй значэнняў на базе ’калоць (біць, датыкацца чым-небудзь вострым’, што давала і ’расшчапляць’ і ’забіваць’ (адкуль ’мучыць’ і інш.), гл. Слаўскі, 2, 275, дзе шырока прыводзіцца ранейшая літаратура. З і.-е. адпаведнікаў звычайна прыводзяць літ.kálti ’каваць, выдзёўбваць’ (цікава, што адпаведнае да слав.kovatiліт.káuti мае значэнні ’біць, забіваць’ зусім не кавальскія тэрміны), лат.kalt ’біць’; з улікам іншых і.-е. форм узнаўляюць і.-е.kol параўн. БЕР, 2, 564.
Кало́ць2 ’свідраваць’ (Юрч.). Адпаведнікаў да гэтай лексемы як быццам няма. Магчыма, мясцовы наватвор на базе калоць ’праколваць дзірку’, адкуль ’рабіць дзірку’ > ’свідраваць’.
Кало́ць3 у выразе калоць‑калоць ’ківаць з боку на бок, патрасаючы’ (Нік. Напаў.), да калаціць (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
ІЛЮСТРА́ЦЫЯ (ад лац. illustratio наглядная выява) у мастацтве, 1) выява, якая суправаджае, дапаўняе, наглядна тлумачыць тэкст і ўспрымаецца ў пэўным адзінстве з ім (малюнак, гравюра, фотаздымак, рэпрадукцыя і інш.).
2) Галіна кніжнай графікі. Яе развіццё цесна звязана з гісторыяй кнігі (гл.Мастацтва кнігі). Уваходзячы ў маст. арганізм кнігі, газеты, часопіса, І. часта дапаўняецца інш.дэкар. элементамі афармлення (застаўкамі, канцоўкамі, ініцыяламі). Першапачаткова рукапісныя кнігі ілюстраваліся мініяцюрамі. З вынаходніцтвам кнігадрукавання і дрэварыту І. стала адной з гал. састаўных частак графікі.
На Усходзе найб. раннія дрэварытныя І. вядомы ў Кітаі з 6—7 ст., асабліва пашырыліся ў 12 ст.; у канцы 16 ст. там вынайшлі і каляровы дрэварыт У Японіі кніжная графіка ўзнікла ў пач. 17 ст., яе росквіт прыпадае на 18 — пач. 19 ст. (Х.Маранобу, К.Утамара, К.Хакусай). Еўрап. дрэварытная І. ўзнікла ў 15 ст., першапачаткова была цесна звязана з мініяцюрай. З часам яна стала важным сродкам пашырэння рэліг.-дыдактычных, пазней гуманіст. і рэфармацыйных ідэй. Раннія І. вылучаліся лаканізмам абагульненых контураў, якія гарманіравалі са шрыфтамі. З 16 ст. павялічылася імкненне да перадачы глыбіні прасторы і жывапісных эфектаў (А.Дзюрэр, Г.Гольбейн Малодшы, Л.Кранах Старэйшы, Тыцыян і інш.). З канца 16 ст. пашырыліся І. ў тэхніцы медзярыту, яны пераўтвараюцца ў самаст. кампазіцыі, якія выконвалі на асобных аркушах. Асаблівая ўвага аддавалася франтыспісу, пабудаванаму на ўзор трыумфальнай барочнай аркі. У 18 ст. шырокае распаўсюджанне атрымала вытанчаная віньетка ў стылі ракако (Ж.А.Фраганар, У.Хогарт і інш.). Масаваму пашырэнню І. ў 19 ст. садзейнічала вынаходства тарцовай гравюры, літаграфіі і асабліва фотамех. рэпрадукцыі. Гэтаму перыяду ўласцівы і завершаныя І. на асобных аркушах, і накіды ў тэксце, пашырэнне часопіснай графікі (А.Дам’е, У.Блейк, Э.Дэлакруа, В.Васняцоў, І.Білібін і інш.). У І. 20 ст.вял. ролю адыгрывае інтэрпрэтацыя мастаком літ. тэксту, што дапускае шматзначнасць яго трактоўкі (П.Пікасо, Р.Гутуза, Р.Кент, У.Фаворскі, А.Канеўскі і інш.).
На Беларусі І. бярэ пачатак ад мініяцюр рукапісаў (Аршанскае евангелле, Лаўрышаўскае евангелле і інш.). Асобнае месца займаюць І. Радзівілаўскага летапісу з рэаліст. адлюстраваннем гіст., быт. і фалькл.сцэн. З паяўленнем бел. кнігадрукавання (16 ст.) пашырылася дрэварытная І. (гравюры выданняў Ф.Скарыны, П.Мсціслаўца, друкарняў Вільні, Брэста, Нясвіжа, Куцейны, Магілёва), якая склалася пад уплывам зах.еўрап. (пераважна нямецкай) І. і змененай на мясц. грунце візант. традыцыі. Развівалася ў творчасці М. і В.Вашчанкаў, Ф.Ангілейкі, А. і Л.Тарасевічаў і інш. У 17 ст. ў бел. І. пачалі выкарыстоўваць медзярыт (М.Вашчанка). У 19 — пач. 20 ст. ў кніжнай графіцы працавалі І.Аляшкевіч, А.Бартэльс, К.Бахматовіч, С.Богуш-Сестранцэвіч, В.Ваньковіч, К.Кастравіцкі, К.Каганец і інш. Забарона царскім урадам бел. мовы і кнігадрукавання прывяла да часовага заняпаду І. У 1920-я г. закладваліся асновы сучаснай нац. школы бел. І. (М.Філіповіч, П.Гуткоўскі, А.Тычына, Г.Змудзінскі, В.Дваракоўскі, Я.Горыд, Я.Драздовіч). У 1930—40-я г. значны ўклад у развіццё І. зрабілі В.Літко, М.Малевіч, Б.Басаў, А. і В.Волкавы, Я.Мінін і інш. У Вял.Айч. вайну пашырылася сатырычная І. (В.Букаты, Дз.Красільнікаў, В.Козак). Пасля вайны ілюстравалася пераважна дзіцячая л-ра. Новы этап развіцця бел. І. пачаўся ў 1960-я г. Важнае значэнне мела стварэнне аддзялення кнігі пры Бел.тэатр.-маст. ін-це (1971), выд-ваў «Мастацкая літаратура» і «Юнацтва». У 1970—90-я г. ў кніжнай графіцы працавалі і працуюць М. і У.Басалыгі, Я.Кулік, А.Кашкурэвіч, А.Лось, Г. і Н.Паплаўскія, У.Савіч, М.Селяшчук, В.Славук, В.Шаранговіч, А.Шэвераў і інш.
Літ.:
Церашчатава В.В. Беларуская кніжная графіка, 1917—1941. Мн., 1978;
Шматаў В.Ф. Сучасная беларуская графіка, 1945—1977. Мн., 1979;
Книговедение: Энцикл. сл. М., 1982;
Шматаў В.Ф. Беларуская кніжная гравюра XVI—XVIII стст. Мн., 1984.
У.Фаворскі. Ілюстрацыя да драмы А.С.Пушкіна «Барыс Гадуноў». 1954.Да арт.Ілюстрацыя. Бельбела да Павія. Мініяцюра «Цар Давід». 1430.А.Дзюрэр. Нараджэнне Хрыста. Ілюстрацыя да «Жыццяпісу Марыі». Нюрнберг. 1511.Ілюстрацыя да «Евангелля напрастольнага» П.Мсціслаўца. 1575.В.Шаранговіч. Ілюстрацыя да паэмы А.Міцкевіча «Пан Тадэвуш». 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́ЛЕЖ Іван Паўлавіч (8.2.1921, в. Глінішча Хойніцкага р-на Гомельскай вобл. — 9.8.1976),
бел. пісьменнік. Нар. пісьменнік Беларусі (1972). Скончыў БДУ (1945). Удзельнік Вял.Айч. вайны. У 1942 пад Растовам цяжка паранены. У 1941—42 вёў дзённік. З 1945 працаваў у час. «Полымя», у апараце ЦККП(б)Б. З 1966 сакратар, у 1971—76 нам. старшыні праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Дэбютаваў вершамі ў 1939. Як празаік упершыню выступіў у 1943 у газ. «Бугурусланская правда». Першае апавяданне на бел. мове «Сустрэча ў шпіталі» (1944). Адно з ранніх апавяданняў — «У завіруху» — высока ацаніў К.Чорны. У 1946 яно дало назву зборніку. Аповесць «Гарачы жнівень» (1946) пра цяжкасці аднаўленчага перыяду. Першы раман «Мінскі напрамак» (1952). У 1960—70-я г. гэты твор перапрацаваны і стаў больш шматпланавым і маштабным па ахопе падзей, багатым на сапраўдныя нар. характары, праз якія пераканаўча паказана героіка і трагедыя вайны. Выдаў зб-кі апавяданняў «Блізкае і далёкае» (1954), «У гарах дажджы» (1957), «Што ён за чалавек» (1961). Аўтар п’есы пра інтэлігенцыю «Пакуль вы маладыя» (1956, паст.Бел. т-рам імя Я.Купалы 1957), гісторыка-рэв. драмы «Дні нараджэння» (1958, паст. тамсама 1959). Найвялікшым дасягненнем М. і ўсёй бел. л-ры стала трылогія з цыкла «Палеская хроніка» — раманы «Людзі на балоце» (1961, Літ. прэмія імя Я.Коласа 1962), «Подых навальніцы» (1964—65, за абодва Ленінская прэмія 1972) і «Завеі, снежань» (1976). Раман «Людзі на балоце» М. пачаў як твор лірычны і называў яго «лірычным раманам», а наступныя раманы трылогіі ствараў ужо як трагедыйныя раманы-даследаванні. У іх выявілася грамадз. смеласць і ідэйна-маст. маштабнасць у асэнсаванні складаных абставін калектывізацыі на Палессі, жыцця Беларусі 1920—30-х г., праўдзівасць і шчырасць аўтара ў спалучэнні з яго высокай прафес. культурай, глыбокім і тонкім псіхалагізмам, разуменнем душы бел. селяніна. Непаўторная маст. канцэпцыя тагачаснага жыцця народа, вял. ідэйны змест данесены праз дасканалую маст. форму і адметныя вобразы. Лёс і драма жыцця і кахання Васіля Дзятла і Ганны індывідуальныя, глыбока народныя; і астатнія вобразы паказаны ва ўсёй іх складанасці, глыбіні і непаўторнасці, яны сцвярджаюць чалавечнасць у чалавеку. «Палеская хроніка» — глыбокае філасофска-маст. асэнсаванне жыцця бел. народа на вельмі важным гіст. этапе, яна стала нац. эпапеяй. У 1975 М. выдаў кн. літ.крытычных артыкулаў, эсэ, інтэрв’ю і публіцыстыкі «Жыццёвыя клопаты» (Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Коласа 1976), у 1977 выйшла «Першая кніга» (дзённікі, запісы ваен. гадоў). Паводле «Палескай хронікі» Бел. тэлебачанне паставіла 3-серыйны тэлеспектакль (1965), у 1979 — тэлеспектакль па рамане «Завеі, снежань». Бел. тэатр імя Я.Купалы паставіў спектакль «Людзі на балоце» (1966, інсцэніроўка Т.Абакумоўскай і З.Браварскай). Паводле матываў гэтага рамана К.Цесакоў стварыў радыёоперу «Барвовы золак» (1983). Жыццю і творчасці пісьменніка прысвечаны дакумент. фільм «Іван Мележ» (сцэнарый В.Адамчыка, 1978). Рэжысёры В.Тураў і Дз.Зайцаў на студыі «Беларусьфільм» паставілі маст. кінафільмы «Людзі на балоце» (1982, Дзярж. прэмія СССР 1984) і «Подых навальніцы» (1983). У 1984 Тураў зняў 8-серыйны тэлефільм. М. быў старшынёй праўлення Бел. аддзялення т-ва «СССР—Францыя», старшынёй Бел.к-та абароны Міру, чл.Сусв. Савета Міру. Яго імем названы школа ў в. Глінішча, б-ка ў Гомелі, цеплаход. У в. Глінішча адкрыты літаратурны музей М. У 1980 устаноўлена Літ. прэмія Саюза пісьменнікаў Беларусі імя М.
Тв.:
Збор тв.Т. 1—6. Мн., 1969—71;
Збор тв.Т. 1—10. Мн. 1979—85.
Літ.:
Успаміны пра Івана Мележа. Мн., 1982;
Сказ пра Івана Мележа. Мн., 1984;
Бугаёў Дз. Вернасць прызванню. Мн., 1977;
Кулешов Ф. Подвиг художника. 2 изд. Мн., 1982;
Гніламёдаў У. Іван Мележ. Мн., 1984;
Смыкоўская В. Творчая канцэпцыя пісьменніка. Мн., 1976;
Ляшук В. Іван Мележ у школе. Мн., 1981;
Адамовіч А. Здалёк і зблізку. Мн., 1976;
Яго ж. Літаратура, мы і час.Мн., 1979;
Яго ж. Собр. соч.Т. 4. Мю. 1983;
Андраюк С. Іван Мележ // Стыль пісьменніка. Мн., 1974;
Драздова З.У. Майстэрства слова. Мн., 1993;
Шупенька Г. Прага мастацкасці. Мн., 1996. С. 12—81;
Смыкава І. Іван Мележ // Смыкава І. Беларускія пісьменнікі-лаўрэаты. Мн., 1973.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́НЧАНКА Пімен Емяльянавіч (23.8.1917, г. Талін — 2.4.1995),
бел.паэт.Нар. паэт Беларусі (1973). Ганаровы акадэмік Нац.АН Беларусі (1994). Скончыў пед. курсы ў Бабруйску (1934), Мінскі пед.ін-т (1939). У 1933 працаваў рабочым у Бабруйску. З 1934 настаўнічаў на Магілёўшчыне. З 1939 у Чырв. Арміі, удзельнік вызвалення Зах. Беларусі (вер. 1939). У Вял.Айч. вайну спец. карэспандэнт армейскіх і франтавых газет. З 1946 заг. аддзела час. «Вожык», з 1948 заг. аддзела, нам.гал. рэдактара газ. «Літаратура і мастацтва». З 1953 гал. рэдактар альманаха «Советская Отчизна», з 1958 — час. «Маладосць». У 1966—71 сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Друкаваўся з 1934. У першых зб-ках «Упэўненасць» (1938), «Вераснёвыя сцягі» (1940) настрой і пачуцці яго пакалення — рамантычна-ўзнёслыя парыванні, летуценні маладосці і кахання, трывога ў прадчуванні нарастаючай пагрозы вайны. У зб-ках «Табе, Беларусь» (1942), «Дарога вайны» (1943), «Далёкія станцыі» (1945) горыч расстання з Беларуссю, вера ў яе вызваленне, героіка нар. змагання вызначаюць унутр. напружанне, палымянасць лірычнага перажывання паэта. Шырока выкарыстоўваў фалькл. вобразы і прыёмы. Вершы ваен. часу («Краіна мая», «Будуць вечна сады расцвітаць...», «Сінія касачы», «Дзеці вайны», «Герой» і інш.) спалучаюць адухоўленыя, чыстыя, светлыя малюнкі жыцця, задушэўныя перажыванні з драм., нярэдка па-баладнаму сціслым і ёмістым паказам ваен. выпрабаванняў. Уражанні ад знаходжання з сав. войскамі ў Іране (1944—45) сабраны ў патрыят. цыкле «Іранскі дзённік» (1944—47). У зб-ках «Гарачыя вятры» (1947), «Вершы» (1948), «Прысяга» (1949), «За шчасце, за мір!» (1950), «Вершы і паэмы» (1952), «Шырокі свет» (1955) тэма мірнай працы, суровая памяць вайны, услаўленне прац. энтузіязму, імкненне да сац. значнасці і дзейснасці паэзіі. Вынік паездак у ЗША і інш. краіны — зб-кі «Кніга вандраванняў і любові» (1959), «Нью-Йоркскія малюнкі» (1960), «Тысячы небасхілаў» (1962), «Чатыры кантыненты» (1964). Сведчаннем творчай сталасці з’яўляюцца зб-кі «Пры святле маланак» (1966, Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Купалы 1968), «Снежань» (1972), «Крык сойкі» (1976), «Вячэрні цягнік» (1977), «Дзе начуе жаўранак» (1979, у пер. на рус. мову, Дзярж. прэмія СССР 1981), «Маўклівая малітва» (1981), «Лясныя воблакі» (1985) і інш., дзе найб. поўна рэалізаваліся магчымасці і выявіліся лепшыя рысы таленту П. Яго паэзія псіхалагічна чуйная, незвычайна багатая на рэаліі жыцця і чалавечыя адносіны, павернута да штодзённых спраў, прасякнута людскімі клопатамі і трывогамі, раскрывае свет сучасніка — грамадзяніна і патрыёта, які жыве напружана, дзейна. Паэт ярка выражанага грамадзянска-публіцыст. тэмпераменту, глыбока ўражлівы, па-маладому няўрымслівы; ён усё жыццё працягваў змаганне за маральна-этычную вартасць і сутнасць чалавечай асобы, за нац. свядомасць, мову і культуру беларусаў. З сярэдзіны 1980-х г. яго творчасць вылучаецца публіцыст. адкрытасцю, трыбуннасцю, вастрынёй прамаўлення, сатыр. пафасам і адначасова застаецца па-ранейшаму глыбока лірычнай, уражлівай, чуйнай да чужога болю (кн. «І вера, і вернасць, і вечнасць», 1986; «Горкі жолуд», 1988; «Высокі бераг», 1993). У пасмяротную кнігу паэзіі розных гадоў «Зямля ў мяне адна» (1996) увайшла і напісаная ў гады вайны паэма «Вандраванне ў нянавісць». Аўтар лірычных паэм «Беластоцкія вітрыны» (1940), «Маладосць у паходзе» (1946), «Патрыятычная песня» (1957, Літ. прэмія імя Я.Купалы 1959) і інш. Выступаў як крытык: кн. «На паэтычным небасхіле» (1977) і «Высокі бераг» (1993) у якіх змешчаны артыкулы, эсэ, успаміны пра Я.Купалу, Я.Коласа, А.Куляшова, А.Фадзеева і інш., пра падзеі літ. жыцця. Пераклаў на бел. мову асобныя творы А.Міцкевіча, М.Нагнібеды, Я.Райніса, А.Суркова, Ф.Шылера і інш.
Тв.:
Зб. твораў. Т. 1—3. Мн., 1967—71;
Зб. твораў. Т. 1—4. Мн., 1981—83;
Млечны шлях. Мн., 1980;
Неспакой. Мн., 1988;
Выбранае: Вершы. Паэма. Мн., 1993.
Літ.:
Лазарук М.А. Пімен Панчанка. Мн., 1959;
Бярозкін Р.С. Пімен Панчанка. Мн., 1968;
Гілевіч Н. Іменем чалавечнасці // Гілевіч Н. У гэта веру. Мн., 1978;
Бечык В. Хвалявацца за ўсіх і ўсё... // Бечык В. Прад высокаю красою... Мн., 1984;
Стральцоў М. Пімен Панчанка: (Фотаальбом). Мн., 1987.