ДЭГАЗАВА́ЛЬНЫЯ РЭ́ЧЫВЫ,
хімічныя злучэнні, якія актыўна рэагуюць з атрутнымі рэчывамі і ператвараюць іх у нетаксічныя ці малатаксічныя злучэнні. Адрозніваюць Д.р. акісляльна-хларавальнага дзеяння (гіпахларыты — кальцыевыя і натрыевыя солі хларнавацістай кіслаты, хлораміны) і шчолачныя (сода, гідраксід натрыю, аміячная вада і інш.). Выкарыстоўваюць растворы Д.р. у вадзе ці арган. растваральніках (напр., дыхлорэтане, трыхлорэтане, тэтрахлорэтане, бензіне і інш.) пры дэгазацыі хім. спосабамі.
т. 6, с. 324
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭЛІМІТА́ЦЫЯ ГРАНІ́Ц,
вызначэнне становішча і напрамку дзярж. граніцы па дамоўленасці паміж сумежнымі дзяржавамі, зафіксаванае ў дагаворы і графічна выяўленае на картах, якія прыкладаюцца да яго. На падставе Д.г. праводзіцца дэмаркацыя граніц. Д. наз. таксама размежаванне марской тэр. сумежных дзяржаў (унутр. вод, тэр. мора, выключнай эканам. зоны, кантынент. шэльфа), якое ажыццяўляецца на падставе міждзярж. дагавора або судовага ці арбітражнага рашэння.
т. 6, с. 342
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭМЕРА́РА (Demerara),
буйны баксітаносны раён у паўн. ч. Гаяны, паблізу Атл. ўзбярэжжа. Уключае больш за 100 радовішчаў, якія ўтвараюць баксітаносную зону, выцягнутую ўздоўж узбярэжжа на 150 км пры шыр. каля 25 км. Асваенне з 1917. Геал. запасы 800 млн. т. Баксіты латэрытна-асадкавыя, пераважна гібсітавыя, з колькасцю гліназёму Al2O3 60—63%. Распрацоўка адкрытым спосабам. Цэнтр здабычы — Макензі.
т. 6, с. 349
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭНДРАКЛІМАТАЛО́ГІЯ (ад дэндра... + кліматалогія),
навука пра метады вы вучэння клімату мінулых эпох па зменах велічынь гадавых кольцаў драўніны. Асн. прынцып Д. — перакрыжаванае датаванне — грунтуецца на непаўторным у часе і амаль аднолькавым характары змен памераў і структуры гадавых кольцаў у большасці дрэў, якія раслі ў падобным клімаце (вузкія кольцы паказваюць на гады засухі, шырокія — на спрыяльныя ўмовы росту).
т. 6, с. 351
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭСІКА́ЦЫЯ (ад лац. desicco высушваю),
перадуборачнае падсушванне раслін для паскарэння выспявання і аблягчэння ўборкі ўраджаю. Для Д. выкарыстоўваюць хім. рэчывы — дэсіканты, якія разбураюць калоіды пратаплазмы, што рэзка зніжае здольнасць клетак утрымліваць ваду, памяншае колькасць звязанай вады ў расліне і ўзмацняе выпарэнне. Выкарыстоўваюць на пасевах бавоўніку, канапель, сланечніку, рысу, пшаніцы, бульбы, насеннікаў цукр. буракоў і інш.; эфектыўная ў вільготнае надвор’е.
т. 6, с. 358
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЙСА́НСКАЯ КАТЛАВІ́НА,
міжгорная ўпадзіна на У Казахстана, паміж хрыбтамі Паўд. Алтая на Пн, Тарбагатаем і Саурам на Пд. Выш. днішча ад 370 м (воз. Зайсан) да 1000 м. Складзена з азёрных і рачных пяскоў і глін. У рэльефе вылучаюцца астанцовыя горныя масівы. Пераважаюць паўпустынныя ландшафты, якія выкарыстоўваюць як пашы; у дэльце р. Чорны Іртыш ёсць тугайныя лясы.
т. 6, с. 501
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАКАНАДА́ЎЧАЯ ІНІЦЫЯТЫ́ВА,
права ўнясення законапраектаў у заканадаўчыя органы, якое цягне за сабой абавязак гэтых органаў абмеркаваць законапраект і прыняць па ім рашэнне. Паводле Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь права З.і. належыць Прэзідэнту, дэпутатам Палаты прадстаўнікоў, Савету Рэспублікі, Нац. сходу Рэспублікі Беларусь, ураду, а таксама грамадзянам у колькасці не менш як 50 тыс. чал., якія валодаюць выбарчым правам. Рэалізуецца ў Палаце прадстаўнікоў.
т. 6, с. 504
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАКЛА́ДНІКІ,
цяглыя сяляне, якія пераходзілі ў залежнасць да феадалаў, каб пазбавіцца ад цяжкіх падаткаў і павіннасцей на карысць дзяржавы або злоўжыванняў ураднікаў. Яны трацілі асабістую свабоду, вымушаны былі плаціць феадалу натуральныя і грашовыя падаткі. Велікакняжацкія ўлады змагаліся супраць закладніцтва, бо яно змяншала колькасць дзярж. сялян і скарачала дзярж. даходы. У 15—16 ст. закладніцтва было пашырана у Полацкай зямлі.
т. 6, с. 505
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЛАТУ́ХА,
вёска ў Калінкавіцкім р-не Гомельскай вобл. Цэнтр Чкалаўскага с/с. За 50 км на ПнУ ад г. Калінкавічы, 98 км ад Гомеля, 12 км ад чыг. ст. Васілевічы, 661 ж., 288 двароў (1997). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Каля вёскі Залатухінскае радовішча нафты.
т. 6, с. 511
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАПАВЕ́ТНЫЯ ГАДЫ́,
у Рускай дзяржаве канца 16 ст. гады, у якія сялянам забаранялася пераходзіць ад аднаго феадала да другога ў Юр’еў дзень (асенні); этап запрыгоньвання сялян. Пачалі ўводзіцца з 1581 урадам Івана FV, замацаваны ўказам цара Фёдара Іванавіча каля 1592—93, які забараніў выхад сялян і аб’явіў пісцовыя кнігі апошняга агульнага апісання юрыд. асновай сял. прыгону.
т. 6, с. 529
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)