ГРАФІТЫЗА́ЦЫЯ,

працэс утварэння графіту ў некаторых метал. сплавах (пераважна на аснове жалеза), якія маюць вуглярод у выглядзе няўстойлівых карбідаў. Адбываецца пры павышанай т-ры (напр., пры адпале), пад уплывам якой у метал. аснове сплаву фарміруюцца і растуць часцінкі графіту. Графітызацыя павышае зносаўстойлівасць сплаваў за кошт высокіх змазачных уласцівасцей графіту. Выкарыстоўваюць у вытв-сці вырабаў з коўкага чыгуну.

т. 5, с. 415

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАБРАМЫ́СЛЕНСКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА,

у Лёзненскім р-не Віцебскай вобл. на р. Чарніца (прыток Лучосы), за 10 км на ПдЗ ад г. п. Лёзна. Створана ў 1962. Пл. 1,16 км². Даўж. 8 км, найб. шыр. 800 м, найб. глыб. 5 м, аб’ём вады 2,25 млн. м³. Берагавая лінія звілістая: правы бераг пад лесам, левы забалочаны. Выкарыстоўваецца для энергет. мэт.

т. 5, с. 558

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЧЫ́Л II

(1647 — 27.2.1713),

цар Імерэтыі і Кахетыі, пісьменнік і гісторык. Пасля працяглай і беспаспяховай барацьбы супраць Персіі і Турцыі і з феад. міжусобіцамі ў 1699 пакінуў сваю краіну і перабраўся ў Расію, дзе заснаваў груз. калонію (у с. Усіхсвяцкім, пад Масквою). Стваральнік першай груз. друкарні. Аўтар паэт. зб. «Арчыліяні», гіст. паэмы «Спрэчка Тэймураза з Руставелі».

т. 1, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТЭКТАНІ́ЧНАЯ СКЛА́ДКАВАСЦЬ,

утварэнне складак горных парод пад уздзеяннем экзагенных працэсаў. Атэктанічная складкавасць узнікае ад напору покрыўных ледавікоў, апоўзневых працэсаў, выпірання гліністых парод у бартах рачных далін, абвалу парод у карставыя пустоты, разбухання ангідрыту пры пераходзе ў гіпс, перакрывання асадкамі рыфтавых пабудоў і выступаў рэльефу і інш. У Беларусі найб. шырока праявілася як гляцыятэктанічныя парушэнні ў адкладах плейстацэну.

М.А.Нагорны.

т. 2, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎТАХТО́Н (ад грэч. autochthōn мясцовы, карэнны) у геалогіі, участак зямной кары, які не зведаў значных гарыз. перамяшчэнняў і залягае пад насунутым на яго тэктанічным покрывам (алахтонам). Подсцільныя пароды звычайна рэзка адрозніваюцца ад покрыўных, зона размежавання іх запоўнена міланітамі. Можа мець складкавыя ці разрыўныя парушэнні незалежна ад покрыва або сумесна з ім. Пашыраны ў складкавых абласцях.

М.А.Нагорны.

т. 2, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУ́ЛЬКАЎСКАЕ ВО́ЗЕРА,

у Івацэвіцкім р-не Брэсцкай вобл., у бас. р. Ясельда, за 39 км на ПдУ ад г. Івацэвічы. Пл. 0,51 км², даўж. 1 км, найб. шыр. 700 м, найб. глыб. 24,5 м. Схілы катлавіны выш. да 5 м, пясчаныя; паўн. — тарфяністыя, пад лесам і хмызняком, месцамі разараныя. Вакол возера прыродаахоўная зона. Праз возера працякае Агінскі канал.

т. 4, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КІ БЕЛЯНО́К,

возера ў Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Быстрыца, за 28 км на ПдЗ ад г. Полацк. Пл. 0,2 км², даўж. 880 м, найб. шыр. 270 м. Пл. вадазбору 2 км². Схілы катлавіны выш. да 11 м, заходнія пад лесам і хмызняком, усходнія разараныя. Ручаямі злучаецца з азёрамі М. Белянок і Нявіда.

т. 4, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́ЧКА Генадзь Іосіфавіч

(н. 15.2.1922, в. Лутна Шклоўскага р-на Магілёўскай вобл.),

Герой Сав. Саюза (1943). Скончыў школу авіямеханікаў (1941), эл.-мех. тэхнікум (1963). У Вял. Айч. вайну снайпер ст. сяржант Вялічка на фронце з чэрв. 1941 знішчыў 330 гітлераўцаў, падрыхтаваў каля 200 снайпераў. Удзельнік баёў пад Сталінградам, на Доне, вызвалення Украіны, Польшчы, Чэхаславакіі. Да 1946 у Сав. Арміі.

т. 4, с. 389

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКСЕЛЬБА́НТ

(ням. Achselband),

ніцяны плецены шнур (пазалочаны, пасярэбраны або каляровы) з метал. наканечнікамі. Прышпільваецца звычайна да правага (радзей левага) пляча пад пагонам (эпалетам). У арміях многіх замежных краін — прыналежнасць формы адзення ад’ютантаў, афіцэраў генштаба, жандараў і інш., а таксама асабовага складу некаторых часцей. Ва Узбр. Сілах Рэспублікі Беларусь — прыналежнасць параднай формы адзення ганаровай варты, удзельнікаў ваен. парадаў.

т. 1, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКТАДРА́ХМА

(ад грэч. oktadrachmon 8 драхмаў),

сярэбраная манета Стараж. Грэцыі, якая складала 8 драхмаў. Маса каля 28 г. Вядомы актадрахмы 6—3 ст. да н.э., якія чаканілі ў Абдэры, Іхнае, на Бізальтавых і Эдонскіх а-вах Аляксандрам Македонскім, Сідонам, Пталамеямі, а таксама залатая актадрахма Пталамеяў пад назвай «мнеён».

Актадрахма. Абдэра. Каля 544—450 да н.э. Серабро.

т. 1, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)