БА́РМЫ, барма,

шыйныя каралі або круглы каўнер на ўрачыстым убранні візант. імператараў 10—15 ст., рус. вял. князёў і цароў (14—пач. 18 ст.). Вырабляліся з золата, серабра, парчы і інш. тканіны, упрыгожваліся жэмчугам, самацветамі, выявамі святых. Надзяваліся на каранацыі і ўрачысты выхад. На Русі бармы ўпершыню згадваюцца ў духоўнай грамаце Івана Каліты, пад назвай «оплечья» вядомы з 1216.

т. 2, с. 310

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРХА́НЫ

(цюрк.),

мацерыковыя дзюны, паўмесяцавыя або серпападобныя ўзгоркі з сыпкага, навеянага ветрам пяску. Характэрныя для пясчаных пустыняў. Наветраны схіл барханаў выпуклы ў плане, доўгі, пакаты (5—14°), падветраны — увагнуты, кароткі, стромкі (30—33°), пераходзіць у выцягнутыя «рогі». Выш. да 10—20 м, зрэдку 40 м. Звіваючыся, утвараюць барханныя ланцугі. Пад уздзеяннем ветру перамяшчаюцца да сотняў метраў за год.

т. 2, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЫ́САЎСКІЯ ЛЕСАПІ́ЛЬНЫЯ ЗАВО́ДЫ.

Дзейнічалі ў Беларусі ў 1875—1914 у маёнтку Старабарысаўскі Барысаўскага пав. (цяпер у межах г. Барысаў) і ў г. Барысаў. У 1908 на адным з іх былі створаны мукамольна-крупяное, дражджавое і спіртавое прадпрыемствы пад назвай «Заводы Літва». Мелі паравыя машыны, катлы і рухавікі, дынама-машыну. Выраблялі дошкі, рэйкі, брусы. У 1908 працавалі 176 рабочых.

т. 2, с. 333

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАГАЛО́ВАЕ ВО́ЗЕРА,

у Беларусі, у Мядзельскім раёне Мінскай вобл., у бас. р. Страча, за 25 км на ПнЗ ад г.п. Мядзел, за 1,5 км на ПдЗ ад воз. Вял. Швакшты. Пл. 0,24 км², даўж. 700 м, найб. шыр. 500 м, даўж. берагавой лініі 1,82 км. Схілы катлавіны забалочаныя, пад лесам, берагі сплавінныя. Бяссцёкавае. У выніку меліярацыі ўзровень вады панізіўся.

т. 2, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСІ́ЛЬКА СВЯТАСЛА́ВІЧ,

полацкі князь 12 ст. Сын Святаслава Усяславіча, брат Прадславы (Ефрасінні Полацкай). Упамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1132, калі полацкае веча прагнала навязанага Полацку кн. Святаполка Мсціславіча і выбрала Васільку Святаславіча на трон. З імем Васількі Святаславіча звязана ўсталяванне ў Полацку прынцыпу выбарнасці князя вечам. У 1143 выдаў дачку Марыю замуж за Святаслава Усеваладавіча.

Г.В.Штыхаў.

т. 4, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕЛІЖЖЭ́, Веліж’я,

возера ў Беларусі, у Петрыкаўскім р-не Гомельскай вобл., у пойме р. Прыпяць, за 11 км на У ад г. Петрыкаў. Пл. 0,23 км², даўж. 1,65 км, найб. шыр. 150 м, даўж. берагавой лініі 3,3 км. Схілы катлавіны выш. да 2 м, пясчаныя, пад хмызняком. Берагі пераважна нізкія, забалочаныя. Злучана ручаём з р. Скалодзіна.

т. 4, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГАЗЭ́ТА ЛІТЭРА́ЦКА ВІЛЕ́НЬСКА»

(«Gazeta Literacka Wileńska», «Віленская літаратурная газета»),

першае перыядычнае выданне на тэр. ВКЛ. Выдавалася ў 1760—94 у Вільні на польск. мове як орган Віленскай езуіцкай акадэміі. Мела культ.-асв. кірунак. Напярэдадні паўстання 1794 пад кіраўніцтвам А.Т.Касцюшкі актыўна асвятляла пытанні эканам. і паліт. жыцця. З жн. 1794 наз. «Кур’ер літэвскі», з 1841 «Виленский вестник».

С.В.Говін.

т. 4, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЙКО́ЎКА,

паселішча позняга мезаліту (5-е тыс. да н.э.) каля в. Гайкоўка Касцюковіцкага р-на Магілёўскай вобл. У навук. л-ры вядома пад назвай Печанеж (балота). Знойдзена больш за 2000 прадметаў крамянёвага інвентару, у т. л. тронкавыя наканечнікі стрэл, канцавыя, паўкруглыя і двайныя скрабкі, разцы, авальныя сякеры і цёслы, праколкі і інш. Апрацоўка крэменю рабілася непасрэдна на паселішчы.

т. 4, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЫАЗАНА́НТЫ,

хімічныя рэчывы, якія павышаюць устойлівасць гумы да разбурэння (растрэсквання) пад уздзеяннем атм. азону. Падзяляюцца на хімічнаактыўныя (рэагуюць з азонам з большай скорасцю, чым макрамалекулы каўчуку) і інертныя (утвараюць на паверхні вырабу эластычную ахоўную плёнку, напр., парафін, воск і інш.). Уваходзяць у гумавую сумесь пры яе вытв-сці (1—3% ад масы каўчуку) ці іх наносяць на паверхню вырабу.

т. 1, с. 394

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРВА́Д,

стараж. стараж. горад-дзяржава ў Паўн. Фінікіі. Упершыню ўпамінаецца ў егіп. крыніцах пач. 15 ст. да н.э. З 8 ст. да н. э. пад уладай Асірыі. На пач. 7 ст. да н. э. — Вавілоніі. Пры Ахеменідах меў аўтаномію. У 332 да н. э. перайшоў на бок Аляксандра Македонскага. З 5 ст. да н.э. ў Арвадзе чаканілі манету.

т. 1, с. 459

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)