адзін з цэнтральных шляхоў расшчаплення глюкозы з цукроў ці поліцукроў у жывёльных, раслінных і многіх бактэрыяльных клетках; ферментатыўны анаэробны працэс негідралітычнага распаду вугляводаў (пераважна глюкозы) да малочнай к-ты. Адыгрывае значную ролю ў абмене рэчываў жывых арганізмаў, забяспечвае клеткі энергіяй ва ўмовах недахопу кіслароду, а ў аэробных умовах з’яўляецца стадыяй, якая папярэднічае дыханню. У гліколізе адзначаюць 3 этапы (гл. схему). На 1-м этапе (рэакцыі 1—4) малекула глюкозы пераўтвараецца ў 2 малекулы гліцэральдэгід-3-фасфату (з выкарыстаннем 2 фасфатных груп і энергіі, якая выдзяляецца пры гідролізе адэназінтрыфасфату — АТФ). На 2-м этапе (рэакцыі 5, 6) альдэгідная група кожнай з 2 малекул гліцэральдэгід-3-фасфату акісляецца да карбаксільнай, а энергія, якая пры гэтым выдзяляецца, ідзе на сінтэз АТФ з адэназіндыфасфату (АДФ) і неарганічнага фасфату, адначасова адбываецца аднаўленне нікацінамідадэніндынуклеатыду (НАД) да нікацінамідадэніндынуклеатыдфасфату (НАДФ). На 3-м этапе (рэакцыі 7—9) 2 малекулы фасфату, якія далучыліся да цукру на 1-м этапе, пераносяцца назад на АДФ, у выніку чаго ўтвараецца АТФ і кампенсуюцца затраты АТФ на 1-м этапе. Сумарны выхад энергіі пры гліколізе зводзіцца да сінтэзу 2 малекул АТФ (на 1 малекулу глюкозы), якія ўтварыліся ў рэакцыях 5 і 6. У большасці клетак жывёл піруват, які ўтвараецца пры гліколізе, поўнасцю акісляецца ў мітахондрыях да CO2 і H2O. У анаэробных арганізмаў і тканках (шкілетныя мышцы) гідроліз — асн. крыніца клетачнага АТФ. Малекулы пірувату, застаючыся ў цытазоле, могуць пераўтварацца ў залежнасці ад віду арганізма ў лактат (у мышцах, некат. мікраарганізмах) або ў этанол + CO2 (у дражджах, гл.Браджэнне).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНВАРЫЯ́НТНАСЦЬу фізіцы,
нязменнасць аб’екта (фіз. велічыні, матэм. суадносін, ураўненняў фіз. тэорыі і інш.) адносна пэўных пераўтварэнняў, якія адлюстроўваюць незалежнасць фіз. заканамернасцей ад канкрэтных сітуацый, у якіх яны ўстанаўліваюцца і ад спосабу апісання гэтых сітуацый. І. звязана з уласцівасцямі сіметрыі прасторы і часу, для матэм. апісання якіх у класічнай механіцы выкарыстоўваюцца Галілея пераўтварэнні, а ў рэлятывісцкай тэорыі — Лорэнца пераўтварэнні. Аднароднасць і ізатропнасць трохмернай (эўклідавай) прасторы і аднароднасць часу, як вынікае з Нётэр тэарэмы, прыводзяць да існавання фундаментальных законаў захавання энергіі, імпульсу і моманту імпульсу.
І. звязана з агульнымі і найб. глыбокімі ўласцівасцямі матэрыяльных аб’ектаў, прасторы і часу. Напр., рэлятывісцкая інварыянтнасць звязана з аднароднасцю і ізатропнасцю 4-мернай прасторы-часу, а ізатапічная інварыянтнасць — з незалежнасцю моцнага ўзаемадзеяння элементарных часціц ад іх эл. зарадаў. Пры стварэнні розных аб’яднаных тэорый (гл.Вялікае аб’яднанне, Электраслабае ўзаемадзеянне) выяўляюцца інш. віды І., напр.Калібровачная інварыянтнасць. З паняццем І. цесна звязана паняцце каварыянтнасці. Паводле яе патрабаванняў пры адпаведных пераўтварэннях сіметрыі захоўваецца толькі форма запісу матэм. суадносім фіз. тэорыі, а самі велічыні могуць мяняцца. Напр., 4-вектар энергіі-імпульсу P (P1; P2; P3; P4) P′ (P1′; P2′; P3′; P4′) — каварыянт, а яго квадрат P2 = (P′)2 = −m2c4 — інварыянт, дзе m — маса спакою рэлятывісцкай часціцы, c — скорасць святла ў вакууме. На прынцыпах каварыянтнасці грунтуецца т. зв. каварыянтны падыход, распрацаваны Ф.Л.Фёдаравым для рашэння задач тэарэт. фізікі (гл.Каварыянтныя метады, Праектыўных аператараў метад).
Літ.:
Вигнер Е. Этюды о симметрии: Пер. с англ.М., 1971;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
тэрмаэлектры́чны
(ад тэрма- + электрычны)
1) звязаны з працэсам непасрэднага пераходу цеплавой энергіі ў электрычную ў правадніках;
2) заснаваны на дзеянні двух розных праваднікоў, якія ўтвараюць замкнуты ланцуг (напр. т. тэрмометр).
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
БЫТАВЫ́Я АДХО́ДЫ,
разнастайныя паводле складу і фіз.-хім. уласцівасцяў рэшткі, якія ўтвараюцца ў працэсе бытавой дзейнасці чалавека. Падлягаюць выдаленню або ліквідацыі для папярэджання забруджвання навакольнага асяроддзя. У сувязі з павелічэннем аб’ёмаў бытавых адходаў з’яўляюцца крыніцай біятычнага, механічнага, хім. і інш. відаў забруджвання навакольнага асяроддзя, пагаршаюць яго сан.-эпідэміялагічныя, аздараўленчыя і эстэт. вартасці. Нейтралізацыя адмоўнага ўплыву бытавых адходаў звязана з распрацоўкай спосабаў іх выкарыстання як сыравіны і крыніцы энергіі для розных галін нар. гаспадаркі (напр., харч. адходы як другасныя кармы для жывёлы, рэшткі металу і паперы — сыравіна для другаснай іх вытворчасці і інш.). Ствараюцца цэнтралізаваныя сістэмы выдалення і апрацоўкі вадкіх і цвёрдых бытавых адходаў (гл.Утылізацыя забруджвальнікаў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКЛІМА́ЦЫЯ,
сукупнасць карысных гамеастатычных змен у арганізме, якія даюць яму магчымасць існаваць пры змене ўмоў асяроддзя. Грунтуецца на т.зв. аклімацыйных рэакцыях — абарачальных зменах фізіял. механізмаў і марфал. структуры ў адказ на павольныя і працяглыя змены ў асяроддзі, у прыватнасці сезонныя. Напр., аклімацыйныя змены покрыва птушак і звяроў забяспечваюць ім захаванне цяпла зімой і рассейванне яго летам, што дае магчымасць падтрымліваць адносна пастаяннай т-ру цела з мінім. затратамі энергіі. Халаднакроўныя жывёлы, а таксама расліны прыстасоўваюцца да сезонных змен пераключэннем ферментных і інш. біяхім. сістэм з рознымі тэмпературнымі оптымумамі і т.ч. як бы падганяюць свае дыяпазоны ўстойлівасці да пераважных умоў асяроддзя. Часам аклімацыю памылкова атаясамліваюць з акліматызацыяй і эксперым. адаптацыяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБСАЛЮ́ТНА ЧО́РНАЕ ЦЕ́ЛА,
ідэалізаваны аб’ект, які поўнасцю паглынае эл.-магн. выпрамяненне, што падае на яго (паглынальная здольнасць роўная адзінцы). У прыродзе не існуе, хоць паглынальная здольнасць некаторых рэчываў (сажа, плацінавая чэрнь) блізкая да 0,95. Штучная мадэль абсалютна чорнага цела (гл.рыс.) — вял. пустая замкнёная поласць з непразрыстымі сценкамі і маленькай уваходнай адтулінай. Пры звычайных т-рах выпрамяненне A, якое ўваходзіць праз адтуліну, шмат разоў адбіваецца ад сценак поласці C і практычна назад не выходзіць. Выпрамяненне абсалютна чорнага цела вызначаецца толькі яго абс. т-рай, размеркаванне энергіі ў ім падпарадкоўваецца Планка закону выпрамянення. Адыгрывае важную ролю ў тэорыі эл.-магн. выпрамянення.
Мадэль абсалютна чорнага цела. A — выпрамяненне; C — поласць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЦЫМО́ВІЧ (Леў Андрэевіч) (25.2.1909, Масква — 1.3.1973),
сав. фізік. Акад.АНСССР (1953, чл.-кар. з 1946), праф. (1947). Герой Сац. Працы (1969). Скончыў БДУ (1928). З 1930 у фізіка-тэхн. ін-це, з 1944 у Ін-це атамнай энергіі, з 1957 акад.-сакратар Аддз. агульнай фізікі і астраноміі АНСССР. Навук. працы ў галіне атамнай і ядз. фізікі, электроннай оптыкі, фізікі плазмы. Даказаў выкананне закону захавання імпульсу пры анігіляцыі электрона і пазітрона, распрацаваў эл.-магн. метад раздзялення ізатопаў, упершыню атрымаў тэрмаядз. рэакцыю ва ўстойлівай квазістацыянарнай плазме (у сааўт.). Ленінская прэмія 1958. Дзярж. прэміі СССР 1953, 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЗАТУРБІ́ННЫ РУХАВІ́К,
цеплавы рухавік, у якім энергія сціснутага і нагрэтага газу пераўтвараецца ў мех. работу на вале газавай турбіны. Сціснутае атм. паветра падаецца ў камеру згарання, куды паступае газападобнае, вадкае або цвёрдае пылападобнае паліва. Энергія газападобных прадуктаў згарання пераўтвараецца ў мех. работу ў рабочым коле газавай турбіны. Бываюць адна- і двухвальныя. Выкарыстоўваюцца: у якасці асн. рухавікоў сілавых установак лятальных апаратаў, аўтамабіляў (гл.Газатурбінны аўтамабіль), газатурбавозаў, трактароў і інш.; на цеплавых і перасоўных электрастанцыях (гл.Газатурбінная электрастанцыя), для прыводу кампрэсараў з адначасовай выпрацоўкай эл. і цеплавой энергіі ў нафтавай, газавай, металургічнай, хім. прам-сці і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫСІПАТЫ́ЎНЫЯ СІСТЭ́МЫ,
механічныя сістэмы, поўная энергія якіх (сума кінетычнай і патэнцыяльнай энергій) у працэсе руху памяншаецца, пераходзячы ў інш. віды энергіі, напр. ва ўнутр. энергію — цеплату (гл.Дысіпацыя). Д.с. з’яўляецца кожнае цела ці сістэма цел, што рухаюцца ў рэальным асяроддзі пры наяўнасці сіл трэння, супраціўлення ці вязкасці.
Паняцце «Д.с.» выкарыстоўваецца ў фізіцы і ў дачыненні да немех. сістэм у выпадках, калі энергія ўпарадкаванага працэсу пераходзіць у энергію неўпарадкаванага працэсу, у рэшце рэшт — у энергію хаатычнага (цеплавога) руху малекул. Напр., вагальны контур, у якім адбываюцца затухальныя ваганні з-за наяўнасці амічнага (актыўнага) супраціўлення, з’яўляецца таксама Д.с.; у гэтым выпадку эл. энергія ўпарадкаванага руху электронаў пераходзіць у т. зв. джоўлеву цеплату.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́ЙГЕР, Гайгер (Geiger) Ганс Іаган; 30.9.1882, г. Нойштат-ан-дэр-Вайнштрасэ, Германія — 24.9 1945),
нямецкі фізік-эксперыментатар. Чл. Берлінскай АН (1937). Вучыўся ў Эрлангенскім, Мюнхенскім і Манчэстэрскім ун-тах. З 1907 выкладаў у Манчэстэрскім, Кільскім, Цюбінгенскім, Берлінскім ун-тах. Навук. працы па атамнай і ядз. фізіцы, фізіцы касм. прамянёў. У 1908 вызначыў зарад электрона; разам з Э.Рэзерфардам вынайшаў прыладу для падліку асобных мікрачасціц (гл.Гейгераўскі лічыльнік); разам з англ. фізікам Дж.Неталам прапанаваў эмпірычную формулу сувязі пастаяннай распаду з энергіяй альфа-часціц (1911—12; закон Гейгера—Нетала); разам з В.Ботэ даказаў справядлівасць законаў захавання энергіі і імпульсу пры сутыкненнях элементарных часціц; разам з англ. фізікам Э.Марсдэнам эксперыментальна пацвердзіў формулу Рэзерфарда па рассейванні альфа-часціц.