КАНАЛІЗА́ЦЫЯ,

1) комплекс інж. збудаванняў для прыёму, ачысткі і выдалення за межы населеных пунктаў сцёкавых вод; неабходны элемент упарадкаванасці населеных пунктаў, паляпшэння быт. і сан.-гігіенічных умоў. Падзяляецца на ўнутраную (К. будынкаў) і вонкавую (К. тэрыторый). Унутраная складаецца з сан. прылад — прыёмнікаў (умывальнікаў, ракавін, ваннаў і г.д.) і каналізацыйнай сеткі. Сістэмы К.: агульнасплаўныя — усе сцёкавыя воды (бытавыя, вытв., атм.) выводзяцца па адной сетцы труб; раздзельныя — адна сетка труб для гасп.-фекальных, другая для атм. вод; паўраздзельныя — функцыянуюць як агульнасплаўныя ў час невял. дажджоў і як раздзельныя пры вял. колькасці ападкаў. Калі няма цэнтралізаванай К., для будынкаў з водаправодам робяць мясцовую К., сцёкавыя воды ў ёй ачышчаюцца ў адстойніках (септыках) і на пляцоўках падземнай фільтрацыі.

2) Размеркаванне эл. энергіі паміж асобнымі спажыўцамі; кабельная К. — сістэма керамічных або бетонных труб, укладзеных пад зямлёй; служыць для пракладкі кабелю падземных ліній сувязі (тэлефон, тэлеграф і інш.).

т. 7, с. 568

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУРЧА́ТАЎ (Ігар Васілевіч) (12.1.1903, г. Сім Чэлябінскай вобл., Расія — 7.2.1960),

расійскі фізік, арганізатар і кіраўнік работ па атамнай навуцы і тэхніцы ў СССР. Акад. АН СССР (1943), тройчы Герой Сац. Працы (1949, 1951, 1954). Скончыў Крымскі ун-т (1923). У 1925—42 у Ленінградскім фізіка-тэхн. ін-це АН СССР. Разам з інш. адкрыў з’яву сегнетаэлектрычнасці (1929), выявіў ядз. ізамерыю (1935). Пад яго кіраўніцтвам пабудаваны першы ў СССР цыклатрон (1939), адкрыта спантаннае дзяленне ядраў урану (1940), распрацавана процімінная ахова ваен. караблёў (1941), створаны першы ў Еўропе ядз. рэактар (1946), першая ў СССР атамная бомба (1949), першая ў свеце тэрмаядз. бомба (1953) і АЭС (1954), пачаліся даследаванні па праблеме кіравальнага тэрмаядз. сінтэзу. Яго імем названы хім. элемент курчатовій. Ленінская прэмія 1957, Дзярж. прэміі СССР 1942, 1949, 1951, 1954.

І.В.Курчатаў.

Літ.:

Основатели советской физики. М., 1970. С. 200—223;

Советские ученые: Очерки и воспоминания. М., 1983. С. 92—150.

т. 9, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕМБРА́НА (лац. membrana скурка, перапонка),

1) у тэхніцы — тонкая гнуткая пласцінка (плёнка), звычайна замацаваная па перыметры. Прызначана раздзяляць 2 поласці з рознымі ціскамі або аддзяляць замкнёную поласць ад агульнага аб’ёму.

Бываюць плоскія, гафрыраваныя, інш. складанага профілю; метал. (з сталі, фольгі, элінвару, бронзы) і неметал. (з гумы, скуры, пластмасы і інш.) Выкарыстоўваюцца ў мех. гуказапісвальных і гукаўзнаўляльных апаратах (мікрафонах, тэлефонах), як адчувальныя элементы (у мембранных цягамерах, дыфманометрах), для ўшчыльнення (у мембранных помпах, вакуумных клапанах і інш.).

2) У тэорыі пругкасці — замацаваная па контуры бясконца тонкая плёнка, модуль пругкасці якой у перпендыкулярным да паверхні напрамку роўны нулю. Такая М. з’яўляецца пругкай сістэмай, выкарыстоўваецца як нясучы элемент у мембранных вісячых сістэмах. У прыблізных разліках прымаецца нерасцяжнай.

3) М. біялагічныя — структуры, што забяспечваюць цэласнасць клетак і арганел. Гл. Біялагічныя мембраны.

4) Крыніца гуку ў некаторых муз. інструментах: нацягнутая на рэзанатар скура, сінт. плёнка і інш. Гл. таксама Мембранныя метады раздзялення.

т. 10, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕФЕЛАМЕ́ТРЫЯ (ад грэч. nephelē мутнасць + ...метрыя),

сукупнасць метадаў вымярэння інтэнсіўнасці святла (бачнага ці ультрафіялетавага), рассеянага ў зададзеным асяроддзі, з мэтай вызначэння канцэнтрацыі, формы і памераў дысперсных часцінак.

У Н. вымяраюць інтэнсіўнасць рассеянага святла з дапамогай нефелометраў ці фотаэл. колераметраў з адпаведнымі прыстасаваннямі, адчувальны элемент (дэтэктар) якіх можна размясціць пад рознымі вугламі да напрамку зыходнага светлавога патоку. Метады вымярэння грунтуюцца на залежнасці характару рассеяння святла, а таксама ступені яго палярызацыі ад суадносін паміж памерамі дысперсных часцінак і даўжынёй хвалі зыходнага святла. Напр., калі найб. памер часціц не перавышае 0,1 даўжыні хвалі, рассеянне святла будзе сіметрычным (гл. Рэлееўскае рассеянне святла); часцінкі большых памераў рассейваюць святло мацней і нераўнамерна. Н. выкарыстоўваецца ў хім. аналізе, для даследавання эмульсій ці інш. калоідных сістэм, у метэаралогіі, фізіцы мора, пры вывучэнні некаторых біял. аб’ектаў.

Літ.:

Шифрин К.С. Рассеяние света в мутной среде. М.; Л., 1951.

А.​Б.​Гаўрыловіч.

т. 11, с. 304

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ФАС (ад грэч. pathos пакута, пачуццё, страсць),

натхненне, захапленне, уздым; ідэйна-эмацыянальнае асэнсаванне і ацэнка, «пануючы строй пачуццяў» (Ф.​Шылер) у маст. творы, ці ўсёй творчасці аўтара. Звычайна П. супрацьпастаўляўся этасу. У ант. эстэтыцы з П. звязвалі змены ў стане героя пад уплывам трагічных абставін, напружаную і бурную рэакцыю на іх, разбурэнне ўнутранай раўнавагі. Арыстоцель разглядаў П. як неабходны элемент трагедыі, характарызаваў яго як пакуты, страх. У развіцці тэорыі П. існуюць 2 тэндэнцыі: адна звязана з распрацоўкай паэт. і аратарскага стылю (рыторыка), выразных сродкаў стварэння эмацыянальна насычанай патэт. мовы (у жанрах оды, трагедыі, гімна, гл. Патэтычнае), другая — з разуменнем П. як элемента ўласна маст. стылю, ідэйна-эмацыянальных адносін мастака да адлюстраванага ім свету. У гэтым сэнсе П. выступае ў творах у адзінстве з тэмай і ідэяй. У мастацтвазнаўстве і эстэтыцы адрозніваюць П. трагічны, драм., гераічны, сентыментальны, рамант., лірычны, сатыр., гумарыстычны.

В.​В.​Краснова.

т. 12, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

і́трый

(н.-лац. yttrium, ад Ytterby = назва мясцовасці ў Швецыі)

хімічны элемент, які належыць да групы рэдказямельных элементаў, шэры лёгкі метал; выкарыстоўваецца для легіравання сталі, чыгуну і сплаваў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

кампартыме́нт

(фр. compartiment)

1) кампазіцыйны элемент садовай клумбы;

2) біял. аддзел (адсек) клеткі, які адасабляецца ад яе астатняй часткі пранікальнай мембранай і характарызуецца спецыфічнымі марфалагічнымі ці біяхімічнымі ўласцівасцямі.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

пало́ній

(н.-лац. polonium, ад с.-лац. Polonia = Польшча)

радыеактыўны хімічны элемент, мяккі серабрыста-белы метал, падобны па сваіх уласцівасцях на тэлур і вісмут, выкарыстоўваецца ў атамнай прамысловасці.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

-сюль у прыслоўях адсюль, дасюль, пасюль (ТСБМ) і пад., ст.-бел. отсюль, досюль (Альтбаўэр). Пачатковы элемент узыходзіць да ўказальнага займенніка *sь (гл. сей), другая частка да канцавой партыкулы *lě‑/*‑li; фанетычныя змены па аналогіі з адкуль, пакуль, адтуль і пад., дзе мяркуецца зыходнае ô, параўн. рус. отко́ль ’адкуль’ (Шуба, Прыслоўе, 116), параўн. беласт. сёлю, сю́лю ’гэтай дарогай, што ўяўляе’, паводле Громыка (Зб. памяці Закрэўскай, 147), Тв. скл. адз. л. старых ‑ĭ‑асноў, параўн. сель, гл. Магчымасць кантамінацыі з сюды (гл.), параўн. ESJSt, 13, 799.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жу́мрыць ’хрупаць (есці)’ (КСТ), кобр. жо́мраты ’павольна есці, жаваць’ (Жыв. сл., 100). Рус. перм., свярдл. жумрить ’жаваць’, укр. жу́мрити, жу́мрати ’есці’ (Грынч.), н.-луж. žumliś ’цяжка жаваць, мямліць’, в.-луж. žumlić ’гаварыць у нос, мямліць’, уст. ’намагацца перажаваць’ (Пфуль). Параўн. серб.-харв. жумо́рити, жубо̀рити і жу̏борити ’рабіць невялікі шум, ціха і няясна гаварыць’, шумо̀рити, шу̀морити ’шамацець’, славен. šumoréti, šumréti ’тс’. Элемент жу‑ суадносіцца, верагодна, з жав‑ у жаваць (гл.) < *žev‑ < і.-е. *g(i̯)eu‑. Далейшыя часткі кораня (м, р) няясныя. Параўн. жупарыць, жабанець.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)