штат на З Аўстралійскага Саюза. Пл. 2525,5 тыс.км². Нас. 1687,3 тыс.чал. (1993). Адм. ц. — г. Перт. Б.ч. паверхні — плато выш. 400—500 м, занятае пераважна пустынямі (Гібсана, Вялікая Пясчаная, Вялікая пустыня Вікторыя) з зараснікамі скрэбу і салёнымі азёрамі, на Пн — саваннай. На плато асобныя горы і хрыбты, у т. л.хр. Хамерслі (1226 м). На Пн адасобленае плато Кімберлі. На ПдЗ невял. раён з хрыбтамі Дарлінг і Стэрлінг (1109 м). Найб. развіты здабыча жал. руды (Ямпі-Саўнд, Пілбара і інш.), баксітаў (Дарлінг, Бугенвіль, Мітчэл), золата (Калгурлі, Тэлфер, Норсмен), алмазаў, нікелю, марганцу, медзі, малібдэну, хрому, каменнага вугалю, нафты і прыроднага газу. Перапрацоўка і абагачэнне руд. Прам-сць: чорная і каляровая металургія, машынабудаванне, нафтаперапрацоўка, хім., харч., дрэваапр. і лесапільная. Асн.прамысл.цэнтры: Перт, Фрымантл, Куінана, Калгурлі. Асн. галіна сельскай гаспадаркі — авечкагадоўля воўнавага кірунку (каля 30 млн. галоў авечак). Апрацоўваецца каля 4 млн.га зямель, пераважна на ПдЗ. Вырошчваюць пшаніцу, авёс, ячмень. Садоўніцтва, вінаградарства. На Пн у даліне р.
Орд арашальнае земляробства (бавоўна, рыс, цукр. трыснёг). Гал. марскі порт — Фрымантл-Куінана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДЫ́ЙСКАЕ НАРО́ДНАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1857—59,
антыкаланіяльнае паўстанне пераважна на Пн і ў цэнтры Індыі. Выклікана ўзмацненнем калан. прыгнёту з боку брыт. Ост-Індскай кампаніі, рэзкім павелічэннем падаткаў і інш.Асн. масу паўстанцаў складалі сяляне, ударную сілу — палкі сіпаяў, незадаволеных сваім непаўнапраўным становішчам (у т. л. прыніжэннем рэліг. пачуццяў) у англ.калан. арміі. Пачалося ў маі 1857 з узбр. выступлення бенгальскай арміі (135 тыс. сіпаяў) і яго падтрымкі гарнізонам і насельніцтвам Дэлі. Паўстанцы занялі Дэлі, прымусілі фармальнага магольскага імператара Бахадур-шаха II абвясціць сябе правіцелем Індыі і падпісаць адозву да насельніцтва з заклікам да паўстання, якое хутка ахапіла тэр. ад Пенджаба да Бенгаліі і інш. раёны. Мусульм. духавенства абвясціла свяшчэнную вайну (газават) супраць англічан. Паўстанцы знішчалі англ.ваен. і цывільных чыноўнікаў (часта разам з сем’ямі), здраднікаў, авалодалі некалькімі крэпасцямі. У асн. цэнтрах паўстання (гарады Дэлі, Канпур, Лакхнаў) утварыліся самаст.мясц. ўрады. Раз’яднанасць паўстанцаў (сярод іх кіраўнікоў была княгіня Лакшмі-Баі) аблегчыла задушэнне паўстання англічанамі, якія былі лепш узброены і арганізаваны.
Літ.:
Юрлова Т.Ф. Народное восстание 1857—1859 гг. в Индии и английское общество. М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛО́ЧЫНСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура плямён, якія ў 3-й чвэрці 1-га тыс.н.э. (храналаг. рамкі: канец 4—9 ст., найб. абгрунтаваная дата 5—7 ст.) насялялі большую частку бас. Дзясны, Сейма, вярхоўяў рэк Сула і Псёл, Гомельскае і Магілёўскае Падняпроўе, ніжняе цячэнне Бярэзіны, левабярэжжа Прыпяці ад вусця Пцічы да зліцця з Дняпром. Назва ад гарадзішча каля в.Калочын Рэчыцкага р-на. Насельніцтва займалася земляробствам, жывёлагадоўляй, паляваннем і хатнімі промысламі. Асн. тыпам пасяленняў былі неўмацаваныя селішчы; нешматлікія гарадзішчы служылі сховішчамі на выпадак ваен. небяспекі. Жыллё — аднакамерныя паўзямлянкі зрубнай ці слупавой канструкцыі (часта з апорным слупам ў цэнтры), чатырохвугольныя ў плане. Характэрны адкрытыя агнішчы, трапляюцца печы-каменкі. Пахавальны абрад — трупаспаленне па-за межамі пахаванняў на бескурганных і курганных могільніках, пахаванні урнавыя і ямныя. Насельніцтва вырабляла ляпныя гаршкі пераважна слоіка- і цюльпанападобных рабрыстых форм, а таксама прылады працы і зброю з жалеза, бронзавыя ўпрыгожанні і інш. Этнічная прыналежнасць К.к. спрэчная: В.В.Сядоў, І.П.Русанава, А.Р.Мітрафанаў, В.Б.Перхаўка адносяць яе да балтаў; П.М.Траццякоў, ЭА.Сымановіч, Я.А.Гаруноў, Л.Д.Побаль — да славян.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНА́РСКІЯ АСТРАВЫ́ (ісп. Islas Canarias),
аўтаномная вобласць Іспаніі на аднайм. астравах у Атлантычным ак., за 100—120 км ад паўн.-зах. берагоў Афрыкі. Пл. 7,3 тыс.км². Нас. 1,5 млн.чал. (1991). Адм. ц. — г.Лас-Пальмас. Падзяляюцца на 2 правінцыі: Лас-Пальмас і Санта-Крус-дэ-Тэнерыфе. Найб. астравы: Гран-Канарыя, Тэнерыфе, Фуэртэвентура, Лансаротэ. Вулканічныя гарыстыя астравы, складзеныя з базальтаў. Характэрны патухлыя і дзеючыя вулканы. Выш. да 3718 м (дзеючы вулкан Тэйдэ на в-ве Тэнерыфе). Клімат трапічны, пасатны. Ападкаў 300—500 мм за год. Вечназялёная лясная і хмызняковая расліннасць. Нац. паркі: Тэйдэ, Тыманфая, Кальдэра-дэ-Табурыентэ, Гараханай. Насельніцтва занята гал.ч. ў сферы абслугоўвання і сельскай гаспадарцы. Астравы — буйны цэнтр марскіх курортаў і міжнар. турызму. Абслугоўванне турыстаў і адпачываючых — гал. галіна эканомікі. Найважнейшыя с.-г. культуры — бананы, вінаград, памідоры, бульба, тытунь і гародніна; развіта рыбалоўства (каля 15% агульнаісп. ўлову). Прам-сць: нафтаперапр., хім., харчасмакавая (асабліва плодакансервавая і рыбаперапр.), металаапрацоўчая. Вінаробства. Транспарт марскі і аўтамабільны. Парты Лас-Пальмас і Санта-Крус-дэ-Тэнерыфе — бункерныя базы і суднарамонтныя цэнтрыміжнар. значэння. 2 міжнар. аэрапорты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВІ́НСЛЕНД (Queensland),
штат на ПнУ Аўстраліі. Пл. 1727,5 тыс.км². Нас. 3,1 млн.чал. (1993), з іх каля 80% гарадскога. Адм. ц. — г.Брысбен. Усх. частка К. занятая Вялікім Водападзельным хрыбтом (выш. да 1611 м), зах. — нізіннай раўнінай. Клімат субэкватарыяльны (на Пн) і трапічны (на Пд). На ўсх. схілах гор і прыбярэжнай нізіне выпадае каля 2 тыс.мм ападкаў, месцамі да 2,5 тыс.мм. У гарах захаваліся ўчасткі трапічных і субтрапічных лясоў. Для зах. раёнаў характэрны саванны і пустыні. Гал. галіна сельскай гаспадаркі — жывёлагадоўля. На долю К. прыпадае каля 1/3 агульнааўстралійскага пагалоўя буйн. раг. жывёлы, каля 10% авечак, каля 20% свіней. На прыбярэжных раўнінах пасадкі цукр. трыснягу, трапічных фруктаў (ананасаў, бананаў, папайі, манга і інш.). На зах. схілах гор — пасевы пшаніцы і кукурузы, часта ў спалучэнні з малочнай жывёлагадоўляй. Развіта горназдабыўная прам-сць. Значная здабыча медзі, баксітаў, цынку, свінцу, рутылу, цыркону, каменнага вугалю, вальфраму, золата, урану, волава, жал. руды і інш.Маш.-буд., хім., харч., прам-сць. Транспарт аўтамабільны, чыг., марскі. Гал.індустр.цэнтры: Брысбен, Гладстан, Таўнсвіл, Ракгемптан.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́РТРЭЙК (флам. Kortrijk),
Куртрэ (франц. Courtrai), горад на З Бельгіі, на р. Ліс. 76 тыс.ж. (1990). Вузел чыгунак і аўтадарог. Рачны порт. Прам-сць: тэкст. (ільняная і баваўняная), электронная, маш.-буд., гумавая, буд. матэрыялаў, мэблевая, паліграф.; вытв-сць карункаў, палатна «куртрэ», ювелірных вырабаў. Сусв. цэнтр гандлю лёнам. Біржа па продажы лёну. Музей выяўл. мастацтваў. Арх. помнікі: гатычныя цэрквы (13—15 ст.), ратуша (15—16 ст.), жылыя дамы (17—18 ст.), мост на р. Ліс з вежамі (12 і 15 ст.). Цэнтр турызму.
Вядомы з 5 ст. З 7 ст. рэзідэнцыя фландрскіх бургграфаў. Гар. правы з 1190. 11.7.1302 каля К. адбылася вырашальная для вызвалення Фландрыі ад франц. панавання (з 1300) бітва паміж 4 тыс.франц. конных рыцараў і фландрскім пешым нар. апалчэннем. На месцы бою апалчэнцы сабралі 700 залатых шпор (адсюль другая назва — «бітва шпор»). За гэта ў 1382 франц. кароль Карл VI загадаў спаліць К. У познім сярэдневякоўі адзін з цэнтраў вырабу сукна. Горад моцна пацярпеў у 17 ст. ў выніку войнаў паміж Францыяй і Іспаніяй. У 19—20 ст. індустрыялізаваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУМЕ́ЛЬСКІ (Уладзімір Уладзіміравіч) (1884, г. Томск, Расія — 19.4.1939),
рускі акцёр і рэжысёр; заснавальнік рус.т-ра на Беларусі. Засл. арт. Беларусі (1933). Засл. дз. маст. Беларусі (1938).
Сцэн. дзейнасць пачаў у 1904 акцёрам у правінцыі, з 1910 антрэпрэнёр, у 1916—19 працаваў у т-рах Масквы, Яраслаўля. У 1923—27 трупа пад яго кіраўніцтвам гастраліравала на Украіне і Беларусі. У 1928 арганізаваў рус.т-р у Бабруйску (Дэпо-тэатр). Заснавальнік, кіраўнік (1932—36) і акцёр Дзяржаўнага рускага драм.т-ра Беларусі. Артыст шырокага творчага дыяпазону, пераканаўчай маст. праўды, моцнага тэмпераменту, майстар пераўвасаблення. Сярод лепшых роляў: Булычоў («Ягор Булычоў і іншыя» М.Горкага), Гараднічы («Рэвізор» М.Гогаля), Крачынскі («Вяселле Крачынскага» А.Сухаво-Кабыліна), Тарцюф («Тарцюф» Мальера), Гай («Мой сябар» М.Пагодзіна), Вяршынін («Браняпоезд 14-69» У.Іванава), Скутарэўскі («Скутарэўскі» Л.Лявонава), Мамлак («Прафесар Мамлак» Ф.Вольфа). Яго пастаноўкам уласцівы тонкі маст. густ, дакладнае пачуццё стылю аўтара. Найб. значныя: «Мой сябар» і «Ягор Булычоў і іншыя», «Скутарэўскі», «Тарцюф», «Прафесар Мамлак», «Дзядзька Ваня» А.Чэхава, «Шалёныя грошы» А.Астроўскага.
І.Я.Ліснеўскі.
У.У.Кумельскі.У.Кумельскі (у цэнтры) у ролі Крачынскага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́ГЕРКВІСТ ((Lagerkvist) Пер Фабіян) (23.5.1891, г. Векшэ. Швецыя — 11.7.1974),
шведскі пісьменнік. Чл. Шведскай акадэміі (з 1940). Скончыў Упсальскі ун-т (1912), вывучаў гісторыю мастацтваў у Парыжы (1913). Дэбютаваў у 1912. У цэнтры творчасці Л. — пошук сэнсу жыцця чалавека ў неўладкаваным свеце. У ранняй паэзіі (зб. «Страх», 1916), навелах (зб. «Жалеза і людзі», 1915), п’есах («Апошні чалавек», 1917, і інш.) уплыў экспрэсіянізму і сімвалізму, імкненне надаць творам нац. афарбоўку. Раманы і аповесці «Госць рэчаіснасці» (1925), «Кат» (1933), «Карлік» (1944), «Варава» (1950), «Сібіла» (1956), «Смерць Агасфера» (1960), «Марыямна» (1967), зб-кі паэзіі «Песні сэрца» (1926), «Паэзія і змаганне» (1940), зб. навел «Злыя сагі» (1924), драмы «Кароль» (1932), «Камень мудрасці» (1947) вылучаюцца гуманіст. пафасам, непрыманнем фашызму і інш. форм таталітарызму, эвалюцыяніруюць да «сімвалічнага рэалізму». Аўтар кніг эсэ «Сціснуты кулак» (1934), «Вызвалены чалавек» (1939). На бел. мову асобныя творы Л. пераклалі Г.Шупенька, М.Гіль. Нобелеўская прэмія 1951.
Тв.:
Бел.пер. — Кат. Карлік. Мн., 1986;
Рус.пер. — Соч.Т. 1—2. Харьков, 1997.
Літ.:
Неустроев В.П. Литературные очерки и портреты. М., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРЦІНО́ВІЧ (Аркадзь Нічыпаравіч) (н. 10.3.1920, в. Барбарова Глускага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. пісьменнік. Засл. работнік культ. Беларусі (1980). Скончыў Рэсп.парт. школу пры ЦККП(б)Б (1950), БДУ (1955). Працаваў у рэдакцыях газет, з 1957 у штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва», з 1964 у выд-ве «Беларусь». У 1974—81 гал. рэдактар выд-ва «Мастацкая літаратура». Дэбютаваў у 1938 вершамі. Піша ў жанры лірызаванай аповесці. У цэнтры ўвагі маральна-этычная праблематыка. Выдаў кнігі аповесцей і апавяданняў «Надзея» (1960), «Водгулле» (1963), «Прасека» (1967), «Панарама» (1970), «Няхай ідзе дождж» (1973), «Сцюжа» (1976), зб. вершаў «Чырвоныя ветразі» (1965). Раманы «Не шукай слядоў сваіх» (1979), «Груша на Голым Полі» (1985), «Цень крумкачовага крыла» (1991) пра пакаленне, юнацтва якога прыпала на суровыя выпрабаванні вайны і першыя пасляваен. гады; у іх рэтраспектыўна адлюстраваны значныя пласты нар. жыцця цэлай гіст. эпохі. На бел. мову пераклаў аповесць Х.Мянд «Вецер у галаве» (1971), аповесці і адпавяданні С.Баруздзіна (зб. «Месяц і сонца», 1972), К.Паустоўскага (зб. «Белая вясёлка», 1976) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́ЛЬТАН, Мілтан (Milton) Джон (9.12.1608, Лондан — 8.11.1674), англійскі паэт, публіцыст, грамадскі дзеяч. Скончыў Кембрыджскі ун-т (1632). Пісаў на англ., італьян. і лац. мовах. Раннія творы (цыклы вершаў, санетаў, п’еса-маска «Комус», 1634; элегія «Лісідас», 1638, і інш.) адзначаны эстэтыкай, пераходнай ад Рэнесансу да Новага часу, у цэнтры — праблемы выбару шляху, прызначэння чалавека. У абарону рэсп. ідэалаў, свабоды слова і сумлення стварыў шматлікія трактаты і памфлеты: «Арэапагітыка» (1644), «Іканаборца» (1649), «Абарона англійскага народа» (1650) і інш. Вяршыня яго творчасці — эпічныя паэмы на біблейскія сюжэты «Страчаны рай» (1667) і «Вернуты рай» (1671), у якіх узняты праблемы пазнання Дабра і Зла, іх процістаяння і дыялект. адзінства, сэнсу жыцця і гіст. лёсу чалавецтва. Паэмы з рысамі барока і класіцызму адзначаны маштабнасцю вобразаў, складанай метафарычнасцю, сімволікай і алегарычнасцю. Аўтар трагедыі «Самсон-змагар» (1671), гіст.прац. «Гісторыя Брытаніі» (1670), «Кароткая гісторыя Масковіі» (1682).
Тв.:
Рус.пер. — Потерянный рай. Стихотворения. Самсон-борец. М., 1976.
Літ.:
Чамеев А.А. Джон Мильтон и его поэма «Потерянный рай». Л., 1986.