ВЯРХО́ЎСКІЯ КНЯ́СТВЫ,
дробныя княствы ў вярхоўях р. Ака ў 2-й пал. 13—16 ст.: Навасільскае, Адоеўскае, Варатынскае, Перамышльскае, Мезецкае, Бялёўскае, Валконскае, Карачаеўскае. Утварыліся ў выніку драблення Чарнігаўскага княства. У пач. 14 ст. вярхоўскія князі — саюзнікі вял. кн. літ. Гедзіміна ў барацьбе супраць татар і Маскоўскага княства, у сярэдзіне 14 ст. — васалы Масквы. Пасля перамогі вял. кн. літ. Альгерда над татарамі ў бітве каля Сініх Вод 1362 Вярхоўскія княствы трапілі пад уплыў ВКЛ, але ў канцы 1360-х г. перайшлі на бок Масквы. У пач. 15 ст. большасць Вярхоўскіх княстваў падначаліў вял. кн. літ. Вітаўт; адносную самастойнасць з вял. князямі ВКЛ захавала Навасільска-Адоеўска-Варатынскае княства. Узмацненне цэнтралізатарскай палітыкі ў ВКЛ выклікала незадаволенасць вярхоўскіх князёў, якія пачалі пераходзіць на бок вял. кн. маскоўскага Івана III. У выніку вайны Маскоўскай дзяржавы з Вялікім княствам Літоўскім 1492—94 ВКЛ страціла Вярхоўскія княствы. Некат. з іх захаваліся ў Расіі як удзелы да 2-й пал. 16 ст.
Літ.:
Шеков А.В. Верховские княжества: (Краткий очерк полит. истории, XIII — середина XVI вв.). Тула, 1993;
Кром М.М. Меж Русью и Литвой: Западнорус. земли в системе рус.-лит. отношений конца XV — первой трети XVI в. М., 1995.
В.С.Пазднякоў.
т. 4, с. 397
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАСІ́НСКАГА ЛЕ́ТАПІС,
помнік бел.-літоўскага летапісання, спіс 2-га агульнадзяржаўнага бел.-літ. летапіснага зводу 1-й, кароткай рэдакцыі. Дайшоў у рукапісе 2-й пал. 16 ст. бел. паходжання, які зберагаўся ў б-цы графаў Красінскіх у Варшаве і загінуў у час 2-й сусв. вайны. Рукапіс без пачатку і канца. Апрача бел.-літ. хронікі ў ім змешчаны «Александрыя», «Хаджэнне ігумена Данііла», бел. пераклады біблейскай кнігі Товіт, «Аповесць пра Таўдала», «Сказанне пра Сівілу-прарочыцу» і інш. свецкія і рэліг. творы. К.л. складаецца з 2 частак: легендарнай гісторыі Літвы — «Хронікі Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага», якая названа «Летапісцам», і «Кройники о великих князех литовских». У 1-й частцы выкладзена легенда пра паходжанне літ. князёў і шляхты ад рымскіх арыстакратаў (абрываецца на княжанні Трайдзена). 2-я частка складам блізкая да арыгінальнай часткі Слуцкага спіса 1-га агульнадзярж. бел.-літ. зводу — Беларуска-літоўскага летапісу 1446. Яна ўключае «Летапісец вялікіх князёў літоўскіх», «Аповесць пра Падолле», «Пахвалу Вітаўту» і шэраг апавяданняў па гісторыі ВКЛ канца 14—1-й пал. 15 ст. К.л. апісаны Я.Карскім у працы «Пра мову так званых літоўскіх летапісаў» (Варшава, 1894). Упершыню апубл. А.Бычковым у 1893.
В.А.Чамярыцкі.
т. 8, с. 455
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́РДСКАЯ МО́ВА,
адна з іранскіх моў (паўн.-зах. група); мова курдаў. Пашырана ў Турцыі, Іране, Іраку, Сірыі, часткова ў Сярэдняй Азіі, Арменіі, Азербайджане, Грузіі. Афіц. мова (разам з араб. мовай) Ірака. Асн. гаворкі: курманджы (аснова літ. мовы ў Сярэдняй Азіі, Арменіі, Азербайджане, Грузіі) і сарані (аснова літ. мовы ў Іраку).
Курманджы мае 9 галосных, 30 зычных фанем; проціпастаўляюцца простыя зычныя «п», «т», «к», «ч» і прыдыхальныя п’, т’, к’, ч’ Націск сілавы, звычайна на апошнім складае. У марфалогіі 3 склоны (прамы, ускосны, клічны), пэўны і няпэўны артыклі, 2 тыпы спражэння (суб’ектнае і аб’ектнае), 6 часавых форм. У сарані адсутнічае фанема «в», айнізацыя галосных (уплыў на галосны папярэдняга зычнага «айн»), невыразна проціпастаўляюцца простыя і прыдыхальныя зычныя. У некат. гаворках страцілася катэгорыя роду. У літ. мове і некат. гаворках сарані адсутнічае катэгорыя склону.
Першыя пісьмовыя помнікі — на аснове араб. графікі (11 ст.). Пісьменства ў Сярэдняй Азіі, Арменіі, Азербайджане, Грузіі з 1921 на аснове арм., з 1929 — лац., з 1946 — рус. графікі, у Іраку — на аснове араб. графікі.
Літ.:
Курдоев К.К. Грамматика курдского языка. М.; Л., 1957;
Бакаев Ч.Х. Язык курдов СССР. М., 1973.
т. 9, с. 48
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЕ ЛІТАРАТУ́РНА-АРТЫСТЫ́ЧНАЕ ТАВАРЫ́СТВА,
грамадская літ.-маст. і асветніцкая арг-цыя ліберальна-дэмакр. кірунку. Існавала ў Мінску ў 1906—09. Створана членамі забароненага Мінскага таварыства аматараў прыгожых мастацтваў. Кіраўнікі: В.Чавусаў, К.Фальковіч, В.Аляксандрава, А.Аляксандраў, Д.Мейчык, В.Сушчынскі, К.Урсыновіч і інш. Мела драм., літ., маст. і муз. секцыі. Аматары паставілі больш за 60 спектакляў, у т. л.: «Гора ад розуму» А.Грыбаедава, «Вішнёвы сад», «Дзядзька Ваня» і «Іванаў» А.Чэхава, «Плады асветы» Л.Талстога і «Ганна Карэніна» паводле яго аднайм. рамана, «Ідыёт» паводле Ф.Дастаеўскага, «Мар’я Іванаўна» і «Яўрэі» Я.Чырыкава, «Рэвізор» М.Гогаля і інш. Літ. секцыя т-ва арганізавала шэраг лекцый і літ. чытанняў: «Драматургія Ібсена» і «Морыс Метэрлінк» Ю.Айхенвальда, «Маладая руская паэзія» і «Апошнія парасткі рускай паэзіі» Я.Анічкава, «Талстой і Андрэеў: паралельная характарыстыка» У.Самойлы, «Паходжанне права і яго сутнасць» Мейчыка, «Санін» М.Арцыбашава» У.Майстраха і інш. Маст. секцыя наладзіла 4-ю выстаўку жывапісу і графікі ў Мінску (1908). Муз. секцыя аб’ядноўвала каля 400 прафес. музыкантаў і аматараў, наладжвала лекцыі і канцэрты. Спыніла дзейнасць у выніку фін. банкруцтва.
У.М.Конан.
т. 10, с. 412
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Касні́к ’істужка’; ’тасёмка’; ’шнурок, сплецены з нітак, якім карысталіся пры красанні агню’, ’наогул вузкія палоскі чаго-н., шматы’ (Сл. паўн.-зах.), ’істужка’ (Сцяшк. МГ). Параўн. прыклад у Сцяшк.: «У дзяўчынкі прыгожы каснік у касе». Не цяжка схіліцца да думкі, што гэта слав. слова *kosьnikъ (да *kosa ’валасы’, *kosьnikъ ’істужка для кос’). Але сітуацыя тут зусім іншая. Бел. каснік запазычана з літ. мовы (гл. Сл. паўн.-зах., 2, 433): параўн. літ. kasnỹkas ’тс’. Гэта вытворнае на літ. глебе ад літ. kasà ’каса, валоссе’ (падрабязна гл. у Фрэнкеля, 1, 226) па мадэлях літ. словаўтварэння.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Дзірва́н ’неапрацаванае, зарослае травой поле’ (БРС, Сцяшк.). Старое запазычанне з літ. мовы. Параўн. літ. dirvónas (да dirvà; аб этымалогіі літ. слоў гл. Фрэнкель, 1, 97). Ужо ў ст.-бел. мове сустракаюцца формы дирванъ, дырванъ у значэнні ’аблога’ (формы гэтыя вядомы з XVI ст., гл. Булыка, Запазыч., 96).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
А́РКУШ (Алесь) (сапр. Козік Аляксандр Барысавіч; н. 28.5.1960, г. Жодзіна Мінскай вобл.),
бел. пісьменнік, выдавец. Скончыў Бел. ін-т нар. гаспадаркі (1987). Уваходзіў у літ. аб’яднанне «Тутэйшыя». Стваральнік Т-ва вольных літаратараў (1993). Заснаваў выдавецкую суполку «Полацкае ляда», выдае літ. альманах «Ксэракс беларускі», серыю «Паэзія новай генерацыі». У яго вершах (зб-кі «Вяртанне», 1988; «Тайніца», 1991, з П.Бурдыкам; «Крылы ператворацца ў карэнні», 1993; «Развітанне з Танталам», 1994) інтэлектуальная заглыбленасць, псіхалагізм, матывы міфалогіі.
т. 1, с. 482
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СКІ СЬВЕТ»,
навуковы, культ.-асветны і літ. часопіс. Выдаецца з 1971 у ЗША на бел. мове бел. эміграцыяй. Выходзіць у залежнасці ад паступлення матэрыялаў. Рэдактар і выдавец М.Прускі (жыве ў г. Гранд-Рапідс, штат Мічыган, ЗША). Публікуе навук. артыкулы па гісторыі Беларусі, па пытаннях бел. культуры, літ. творы, успаміны і інш. Многія нумары прысвечаны асобным бел. дзеячам. Змяшчае таксама гіст. і сучасныя фотаздымкі, тэксты і ноты бел. песень, гумарыстычныя старонкі.
Г.І.Сурмач.
т. 2, с. 457
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАФЕ́З (сапр. Гаглойты Фёдар Захаравіч; 11.9.1913, Баку — 12.8.1983),
асецінскі пісьменнік. Скончыў пед. ін-т (Цхінвалі, 1950). Першы зб. вершаў «Акорды фандыра» (1940). У творах услаўляў жыццё, духоўную прыгажосць асецінскага народа (зб-кі вершаў «Мір», 1952; «Родны ачаг», 1959; «Жыццялюб», 1974; кн. апавяданняў «Лямпачка Дзаджэ», 1961; раман «Добры дзень, людзі!», 1966, і інш.). Вядомы як перакладчык і літ. крытык. На асецінскую мову пераклаў асобныя творы Я.Купалы. Літ. прэмія імя Косты Хетагурава 1981.
т. 5, с. 93
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІО́ФЕ (Барыс Ісакавіч) (23.11.1918, г. Горкі Магілёўскай вобл. — 12.12.1943),
бел. літ.-знавец. Вучыўся ў Ленінградскім ун-це (1937—41). Загінуў на фронце. Даследаваў бел. л-ру 19 ст., творчасць Я.Купалы: арт. «Літаратурна-гістарычнае значэнне «Тараса на Парнасе», «Паэма «Тарас на Парнасе» Аб часе і месцы напісання і гісторыка-літаратурным значэнні», «Аб рамантызме Купалы», «Лірычная паэма Купалы «Яна і я» (усе 1940).
Літ.:
Кісялёў Г. Пошукі імя. Мн., 1978. С. 53—54.
т. 7, с. 299
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)