КАНСТРУ́КЦЫЯ граматычная, сінтаксічнае цэлае, якое складаецца з моўных адзінак, што аб’ядноўваюцца на падставе наяўнасці ў іх пэўных грамат. уласцівасцей. У сінтаксісе вылучаюць К.: дзеепрыметнікавыя («асветленая сонцам рунь»), дзеепрыслоўныя («чытаючы пісьмо»), прыназоўнікава-іменныя («на стале», «упоперак дарогі»), безасабовыя («варта падумаць», «на дварэ падмарозіла»), пасіўныя («расказаны настаўнікам»), адасобленыя («ліст, напісаны ад рукі»), з адмоўем («не сустрэў нікога»), з аднароднымі членамі («ружовыя, жоўтыя і блакітныя кветкі»), з чужой мовай («Ён сказаў: «Сустракайце вечарам») і інш. спалучэнні слоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПЫ́ЛЬСКІ ЗАВО́Д ГУ́МАВА-ТЭХНІ́ЧНЫХ ВЫ́РАБАЎ.
Створаны 25.4.1975 у г.Капыль Мінскай вобл. на базе Капыльскага райпрамкамбіната. Меў 2 цэхі: гумава-тэхнічных вырабаў і мэблевы. У 1997 пабудаваны цэх падрыхтоўкі сыравіны для вытв-сці тэхн. гумы і трыкат. палатна. Асн. прадукцыя (1998): гумавыя боты, галёшы розных мадэляў, шыны для дзіцячых веласіпедаў, тэхпласціна, наборы мэблі «Беларуская хата», для кухні, прыхожай, шафы для вопраткі, тэхн. дакументацыі, кніжныя паліцы і інш.Вытв-сць гумавага абутку складае 75% ад агульнага аб’ёму прадукцыі. Сыравіна для абутку закупляецца ў Расіі, на Украіне, для мэблі — на Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТАЛІ́ЦКІЯ ЦЭ́РКВЫ УСХО́ДНЯГА АБРА́ДУ,
цэрквы, якія адышлі ад розных кірункаў усх. хрысціянства (праваслаўя, монафісіцтва, нестарыянства, монафеліцтва) і маюць унію (саюз) з каталіцкай царквой. Прызнаюць вярх. ўладу папы, асн. догматы каталіцызму, захоўваючы сваю традыцыйную абраднасць, царк. арг-цыю і літургічную мову. Дзейнічаюць 6 К.ц.у.а.: мараніцкая, грэка-каталіцкая (мелькіцкая), халдзейская (сіра-халдзейская, або асіра-халдзейская), сіра-каталіцкая, армяна-каталіцкая, копта-каталіцкая. Прыхільнікі К.ц.ў.а. жывуць пераважна ў краінах Б. Усходу — Ліване, Сірыі, Турцыі, Іарданіі, Ізраілі, Егіпце, але маюць абшчыны ў інш. рэгіёнах (гл. таксама Беларуская грэка-каталіцкая царква).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́БІК (Лявон Сцяпанавіч) (1871, в. Кукавічы Капыльскага р-на Мінскай вобл. — сак. 1918),
бел. паэт і публіцыст. Скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю. Настаўнічаў. За ўдзел у рэвалюцыі 1905—07 сасланы на 3 гады ў Краснаярскі край. Пасля жыў у Пінску, потым на радзіме. З 1910 друкаваўся ў газ. «Наша ніва» (вершы, нататкі). Аўтар вершаваных апавяданняў «Залом у жыце» (1911), «Лекар-вядзьмар» і «Калядны вечар» (1912), якія вызначаюцца вострай сац. накіраванасцю, крытычным пафасам.
Тв.:
У кн.: Беларуская дакастрычніцкая паэзія. Мн., 1967.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́СІПАЎ (Віктар Ціханавіч) (н. 9.8.1944, г. Растоў-на-Доне, Расія),
адзін са стваральнікаў сістэмы нац.ваен. адукацыі на Беларусі. Ген.-маёр (1989). Дац. (1995). Скончыў Ваенна-камандную акадэмію ППА імя Г.К.Жукава (1978). З 1982 камандзір дывізіі, корпуса ППА. У 1991—94 нач. Мінскага інж.-зенітнага ракетнага вучылішча ППА, з 1995 нам.нач.Ваен. акадэміі Беларусі. У 1997—99 нам.гал. рэдактара выд-ва «Беларуская Энцыклапедыя». Аўтар артыкулаў па праблемах рэфармавання Ўзбр. Сіл Беларусі і дапаможнікаў для падрыхтоўкі спецыялістаў ППА.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАГО́СТ-ЗАГАРО́ДСКАЯ КЕРА́МІКА,
традыцыйныя ганчарныя вырабы з в. Пагост-Загародскі Пінскага р-на Брэсцкай вобл. Промысел вядомы са старажытнасці, існаваў да канца 1930-х г.Найб. росквіту дасягнуў у канцы 19 — пач. 20 ст. Выраблялі чорнаглянцаваны посуд гасп. прызначэння: глякі (бунькі), збанкі, міскі, гладышы, макатры, гаршкі з вушкамі, формы, кубкі, фігурныя кветнікі. Вырабы вызначаюцца буйнымі лаканічнымі формамі, суцэльна глянцаванай паверхняй, коса зрэзанымі венчыкамі місак і макатроў.
Літ.:
Сахута Я.М. Беларуская народная кераміка. Мн., 1987.
Я.М.Сахута.
Чорнаглянцаваная пагост-загародская кераміка. Брэсцкая вобл.Пач. 20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕТРУКО́Ў (Міхалка) (сапр.Лотыш Міхаіл Пятровіч; 1880 ?, г.п. Івянец Валожынскага р-на Мінскай вобл. — 1947),
бел. пісьменнік. Ваяваў у 1-ю сусв. і грамадз. войны. Працаваў пісарам у Івянцы, Стоўбцах, Валожыне, рабочым у Ракаве, Радашковічах, настаўнічаў у ваколіцах Івянца. З 1910 друкаваўся ў «Нашай ніве». Пісаў апавяданні, карэспандэнцыі, нататкі, у якіх адлюстроўваў жыццё местачкоўцаў, сялян, норавы мясц. улад. Часта звяртаўся да фальклору.
Тв.:
У кн. — Беларуская дакастрычніцкая проза. Мн., 1965.
Літ.:
Каханоўскі Г. Адчыніся, таямніца часу. Мн., 1984. С. 171—173.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫСТА́ЎКА, прэфікс (лац. praefixum прымацаваны спераду),
адзін з відаў афікса, службовая марфема, якая размяшчаецца перад коранем. Служыць для ўтварэння новых лексем («біць — адбіць, забіць, перабіць», «лес — узлесак, «Палессе», «народны — міжнародны, прынародна») або надання слову пэўнага грамат. значэння: відавога («казаць — сказаць»), ступені параўнання («лепшы — найлепшы») і інш. Дзеяслоўныя П. маюць яшчэ назву прэвербаў (ад лац. prae уперадзе і verbum слова). П. могуць спалучацца ў адным слове («папавыносіць», «напавынаходзіць»). У старых утварэннях і запазычаных словах П. могуць вылучацца толькі гістарычна [воблака—(в)об-влако].
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІЯ ЛА́ГЕРЫ ДЛЯ ПЕРАМЕ́ШЧАНЫХ АСО́Бу Германіі і Аўстрыі.
Існавалі ў 1945 — пач. 1950-х г. Пасля 2-й сусв. вайны саюзніцкія акупац. ўлады стварылі лагеры для часовага ўтрымання грамадзян інш. дзяржаў, якія па розных прычынах апынуліся ў Германіі і атрымалі статус перамешчаных асоб. У 1945 створаны 3 бел. лагеры: у Рэгенсбургу (амер.акупац. зона), Ватэнштэце і Гослары (англ.акупац. зона), пазней яшчэ каля 20 бел. лагераў у Зах. Германіі і некалькі ў Аўстрыі. У іх налічвалася каля 2 тыс. беларусаў. Лагеры (на іх не распаўсюджвалася юрысдыкцыя герм. улад) мелі сваю адміністрацыю. Пад кіраўніцтвам нац. к-таў была створана адукац.-асв. сістэма: дашкольныя ўстановы, пач. школы, гімназіі, школы для дарослых, прафес. курсы. Бел. школы мелі нац. характар. Пры лагерах існавалі нац. арг-цыі — Ліга бел.паліт. вязняў у Нямеччыне, Задзіночанне бел. ветэранаў, Бел. студэнцкае згуртаванне, Аб’яднанне бел. лекараў на чужыне. Яны здолелі наладзіць на пач. 1947 выпуск амаль 20 газет і часопісаў — «Бацькаўшчына», «Шляхам жыцця», «Шыпшына», «Зважай», «Крывіцкі светач», «Беларуская думка» і інш. У сувязі з дазволам для перамешчаных асоб выбару месца сталага пражывання і ад’ездам іх у розныя краіны свету лагеры на пач. 1950-х г. былі ліквідаваны.
Літ.:
Вініцкі А. Матар’ялы да гісторыі беларускай эміграцыі ў Нямеччыне ў 1939—1951 гг. Лос Анжэлес;
Мн., 1994;
Максімюк Ян. Беларуская гімназія імя Янкі Купалы ў Заходняй Нямеччыне 1945—1950. Нью Ёрк;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́ЛЬБА,
шматгадовыя клубняносныя расліны роду паслён сям. паслёнавых. Больш як 170 дзікарослых і культ. відаў. Радзіма — Паўд. Амерыка. Вырошчваюць бульбу андыйскую (Solanum andigenum; у Паўд. Амерыцы) і бульбу еўрапейскую, ці чылійскую (S. tuberosum; як аднагадовая расліна ў краінах з умераным кліматам). У Еўропу завезены ў сярэдзіне 16 ст.; у палявой культуры (у т. л. на Беларусі) з 18 ст. Палавіна пасяўной плошчы бульбы ў Еўропе, чвэрць — у Азіі. На Беларусі бульба лічыцца нац. культурай, «другім хлебам», пасяўныя плошчы займаюць 749,3 тыс.га (1993). З бульбы атрымліваюць крухмал, спірт, патаку, гатуюць сотні відаў страў, яна ідзе на корм жывёле.
Шматсцябловая расліна выш. 50—100 см, сцёблы прамыя, зялёныя або афарбаваныя антацыянам. На падземных сцябловых парастках (сталонах) фарміруюцца патаўшчэнні — клубні круглай, падоўжанай, рэпападобнай формы, белага, жоўтага, чырвона-фіялетавага, сіняга колеру. На паверхні клубня — вочкі з 3—4 пупышкамі. Лісце няпарнаперыстарассечанае, гладкае ці маршчакаватае. Кветкі двухполыя, белыя, чырвона-фіялетавыя, сіне-фіялетавыя. Суквецце складаецца з 2—3 і больш завіткоў. Плод — шматнасенная ягада. Цвіце ў чэрв.—жніўні. Размнажаецца клубнямі і іх часткамі (у селекцыі — насеннем). Добра расце на ўгноеных супясчаных і пясчаных мінер. глебах, на сярэднякіслых тарфяна-балотных. Сарты, раянаваныя на Беларусі: раннія і сярэдняраннія — Бел. ранняя, Прыгожая 2, Аксаміт, Аноста, Адрэта, Дзецкасельская, Сантэ, Явар; сярэдняспелыя — Агеньчык, Расінка; сярэдняпознія і познія — Лошыцкая, Ласунак, Прынёманская, Беларуская 3, Тэмп, Арбіта.