ЛО́ГІКА НАВУ́КІ,

філасофская дысцыпліна, якая выкарыстоўвае паняцці і тэхн. апарат сучаснай фармальнай логікі (дэдуктыўнай, індуктыўнай) для аналізу сістэм навук. ведаў. Даследуе асаблівасці лагічных падстаў ключавых момантаў у навук. пазнанні (логіка развіцця навукі, логіка навук. адкрыццяў і інш.). Як спец. дысцыпліна Л.н. ўзнікла ў сярэдзіне 19 ст. і сфарміравалася ў 1-й чвэрці 20 ст. (Г.​Фрэге, Б.​Расел, Л.​Вітгенштэйн). Прадмет Л.н. складаюць агульныя і найб. істотныя рысы функцыянавання ўсіх галін і кірункаў навукі: спосабы пабудовы навук. тэорый; класіфікацыя навук. тэорый і інш. форм абагульнення, сістэматызацыі і арганізацыі навук. ведаў; вывучэнне штучных (фармалізаваных) моў навукі; аналіз комплексу фармальных структур навук. паняццяў і акрэсленняў, высноў, даследчых працэдур і аперацый, распрацоўка крытэрыяў іх эфектыўнасці; разгляд логіка-гнасеалагічнага і логіка-метадалагічнага зместу працэсаў абстрагавання, тлумачэння, экстрапаляцыі, прадбачання і інш., якія выступаюць ва ўсіх сферах навук. дзейнасці. У 2-й пал. 20 ст. пэўны ўплыў атрымаў лагічны аналіз сістэм навук. ведаў з дапамогай метаду фармалізацыі, напр., у форме мадэліравання і пабудовы логіка-матэм. мадэлей аб’ектаў, што вывучаюцца ў прыродазнаўчых і грамадскіх навуках. Значную цікавасць маюць даследаванні па лагічнай семантыцы і праблемах, звязаных з эмпірычным абгрунтаваннем і праверкай навук. тэорый і гіпотэз ва ўсёй сукупнасці прыродазнаўчых і грамадскіх навук.

Літ.:

Копнин П.В. Логические основы науки. Киев, 1968;

Зиновьев А.А. Логика науки. М., 1971;

Логические проблемы исследования научного познания;

Семантич. анализ языка. М., 1980.

В.​І.​Боўш.

т. 9, с. 334

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕЙТРЫ́ННАЯ АСТРАНО́МІЯ,

раздзел астраноміі, звязаны з пошукам, рэгістрацыяй і даследаваннем патокаў нейтрына ад пазаземных крыніц. Узнікла ў 1960-я г. разам са з’яўленнем прылад і метадаў дэтэктыравання нейтрына. Метады Н.а., у адрозненне ад інш. метадаў даследавання касм. аб’ектаў, даюць магчымасць вывучаць шчыльныя касм. аб’екты і даўнія касмалагічныя эпохі.

У Сусвеце нейтрына ўтвараюцца ў выніку ядз. працэсаў у нетрах зорак і пры ўзаемадзеянні касм. выпрамянення з асяроддзем, напр. з рэчывам атмасферы Зямлі (атм. нейтрына), міжгалактычным і міжзорным газамі, морам рэліктавых фатонаў (гл. Рэліктавае выпрамяненне) і інш. Энергетычны спектр касм. нейтрына ад ~10​−4эВ (касмалагічныя, ці рэліктавыя нейтрына) да 10​20—10​28эВ. Энергія нейтрына ад Сонца і нестацыянарных зорак да 10​8эВ. Нейтрына слаба ўзаемадзейнічаюць з рэчывам, таму зоркі для іх практычна празрыстыя і яны бесперашкодна пакідаюць іх. Рэгістрацыя гэтых нейтрына дае магчымасць вызначаць т-ру, шчыльнасць і хім. састаў цэнтр. часткі зорак, недаступнай вывучэнню інш. метадамі. Слабае ўзаемадзеянне касм. нейтрына з рэчывам абумоўлівае складанасць іх дэтэктыравання (патрэбна вял. колькасць рэгістравальнага рэчыва і дэтэктары неабходна будаваць глыбока пад зямлёй). Створана 5 найб. магутных дэтэктараў сонечных нейтрына (ЗША, Расія — ЗША Італія — Расія, Японія, Канада) і 2 вял. дэтэктары атм. нейтрына (у воз. Байкал, Расія і антарктычным лёдзе, ЗША). З 1980 існуе сусветная служба назірання за ўспышкамі звышновых зорак у нейтрынным святле. Гл. таксама Нейтрынная астрафізіка.

І.​С.​Сацункевіч, А.​А.​Шымбалёў.

т. 11, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАГНАЗІ́РАВАННЕ,

распрацоўка прагнозу; спец. навук. даследаванне перспектыў развіцця якога-н. аб’екта або з’явы; вызначэнне тэндэнцый і перспектыў развіцця пэўных працэсаў на аснове аналізу даных аб іх мінулым і сучасным стане. Найб. распаўсюджаныя аб’екты П.: навук.-тэхн. (развіццё фундаментальных і прыкладных даследаванняў, розных галін тэхнікі, новыя тэхналогіі і матэрыялы і інш.), тэхніка-эканам. (тэхніка-эканам. паказчыкі вытв-сці, асваенне новых відаў прадукцыі і інш.), ваенна-паліт. (ваенныя канфлікты, блокі і інш.), прыродныя (навакольнае асяроддзе, паводкі і інш.). У іх аснове ляжаць 3 узаемадапаўняльныя крыніцы атрымання інфармацыі: экстрапаляцыя ў будучыню тэндэнцый, заканамернасці развіцця якіх у мінулым і цяпер добра вядомы; мадэліраванне аб’ектаў навук. вывучэння, паказ іх у спрошчаным, схематычным выглядзе; прагнозная ацэнка экспертаў. У адпаведнасці з гэтым існуюць 3 спосабы П., якія дапаўняюць адзін аднаго: экстрапаліраванне і інтэрпаліраванне — пабудова дынамічных радоў развіцця паказчыкаў прагназіруемага працэсу; мадэліраванне — пабудова пошукавых і нарматыўных мадэлей; анкетаванне. Алгарытм (сац. тэхналогія) П. можа быць наступным: вывучэнне праблемы (праблемнай сітуацыі) — распрацоўка сац. заказу — пашпартызацыя — распрацоўка мэт і задач — распрацоўка даследчага прагнозу — канструяванне нарматыўнага прагнозу — верыфікацыя і карэкціроўка прагнозаў. Існуе вял. колькасць прагнозаў, якія ўтрымліваюць пошукавыя і нарматыўныя аспекты П. (праграмныя, пошукавыя, аналітычныя, мэтавыя і інш.).

Літ.:

Рабочая книга по прогнозированию. М., 1982;

Бестужев-Лада И.В. Поисковое социальное прогнозирование. М., 1984;

Яго ж. Нормативное социальное прогнозирование. М., 1987;

Котляров И.В. Теоретические основы социального проектирования. Мн., 1989.

І.​В.​Катляроў.

т. 12, с. 532

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІСТЭ́МНЫ АНА́ЛІЗ,

сукупнасць метадаў і сродкаў даследавання складаных, шматузроўневых сістэм, аб’ектаў, працэсаў, якія даюць магчымасць рыхтаваць і абгрунтоўваць рашэнні па складаных праблемах паліт., ваен., сац., эканам., навук. і тэхн. характару. Асновай С.а. лічаць агульную тэорыю сістэм і сістэмны падыход. Працэс С.а. складаецца з пастаноўкі праблемы, вызначэння мэты і крытэрыяў ацэнкі; структурнага аналізу доследнай сістэмы; распрацоўкі канцэпцыі развіцця сістэмы; падрыхтоўкі магчымых варыянтаў; непасрэднага аналізу выбраных варыянтаў і іх вынікаў. Гал. працэдура С.а. — пабудова абагульненай мадэлі (ці мадэляў), якая адлюстроўвае ўсе фактары і ўзаемасувязі рэальнай сітуацыі. Атрыманая мадэль даследуецца з мэтай высвятлення блізкасці выніку пэўнага альтэрнатыўнага варыянта да жаданага, параўнальных затрат рэсурсаў па кожным варыянце, ступені ўспрымальнасці мадэлі да непажаданых знешніх уздзеянняў. Абапіраецца на шэраг матэм. метадаў і сучасных метадаў кіравання. Выкарыстоўваецца ў праграмаванні і перспектыўным планаванні, пры рашэнні задач праектавання аўтаматызаваных сістэм кіравання, праектаванні і рэканструкцыі гарадоў і інш. У 1972 у Лаксенбургу (Аўстрыя) створаны Міжнар. ін-т прыкладнога С.а., у рабоце якога ўдзельнічаюць 12 краін. Ін-т працуе над праблемамі, якія патрабуюць міжнар. супрацоўніцтва (ахова навакольнага асяроддзя, асваенне рэсурсаў сусв. акіяна, карыстанне пагранічнымі воднымі басейнамі і інш.).

Літ.:

Клиланд Д., Кинг В. Системный анализ и целевое управление: Пер. с англ. М., 1974;

Диалектика и системный анализ. М., 1986;

Перегудов Ф.И., Тарасенко Ф.П. Введение в системный анализ. М., 1989;

Философия и методология науки. М., 1996.

М.​В.​Тараткевіч.

т. 14, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УНУ́ТРАНЫЯ ВО́ЙСКІ Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь,

дзяржаўнае ўзброенае фарміраванне Рэспублікі Беларусь. Прызначаны для абароны жыцця, правоў, свабод і законных інтарэсаў грамадзян, грамадства і дзяржавы, канстытуцыйнага ладу, бяспекі і суверэнітэту краіны ад злачынных і інш. проціпраўных замахаў. Падпарадкоўваюцца міністру ўнутр. спраў Рэспублікі Беларусь.

Папярэднікамі У.в. Беларусі былі У.в. СССР (войскі ўнутр. аховы Рэспублікі, войскі ўнутр. службы, войскі Усерасійскай Надзвычайнай Камісіі і інш.). У.в., у іх ліку падраздзяленні і часці, утвораныя на базе 5-га Бел. канвойнага палка, аднымі з першых уступілі у бой з ворагам у гады Вялікай Айчыннай вайны (132-гі асобны батальён НКУС — у Брэсцкай крэпасці), потым удзельнічалі у вызваленні Беларусі ад ням.-фаш. захопнікаў. У 1960—67 часці (аддзелы) У.в., якія дыслацыраваліся на тэр. рэспублікі, былі падпарадкаваны Мін-ву ўнутр. спраў БССР. Пасля абвяшчэння незалежнасці Беларусі 43-я канвойная дывізія У.в. СССР была перайменавана ў дывізію У.в. МУС Рэспублікі Беларусь.

У 1992 на базе дывізіі і інш. часцей створаны У.в. МУС Рэспублікі Беларусь.

Асн. задачы У.в.: ахова грамадскага парадку; забеспячэнне рэжыму ізаляцыі асоб, якія знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі, іх канваіраванне; ахова асабліва важных дзярж. аб’ектаў і спец. грузаў; удзел у ажыццяўленні рэжыму надзвычайнага становішча; выкананне задач у сістэме тэр. абароны і інш. Афіцэрскія кадры для У.в. рыхтуе аднайм. ф-т Ваен. акадэміі Рэспублікі Беларусь.

Ю.​В.​Жадобін.

Да арт. Унутраныя войскі. Сапёры-піратэхнікі на практычных занятках.

т. 16, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Я́ДЗЕРНАЯ БЯСПЕ́КА,

якасць установак і ўстройстваў, што утрымліваюць ядзернае паліва, пры якой тэхн. сродкамі і арганізац. мерапрыемствамі прадухіляецца магчымасць ядз. аварый.

Забеспячэнне Я.б. — асн. патрабаванне пры выбары пляцовак для размяшчэння. пры праектаванні, збудаванні, эксплуатацыі ядз. аб’ектаў. Да іх адносяцца ядзерныя рэактары ўсіх тыпаў і прызначэння, устаноўкі для вытв-сці ядзернай зброі, сховішчы ядз. паліва. устаноўкі па яго перапрацоўцы, устройствы для захоўвання радыеактыўных адходаў і інш. Я.б. грунтуецца на: унутр. самаахове ўстановак, заснаванай на іх фіз. і праектных уласцівасцях, абсталяванні ўстановак надзейным ахоўнымі сістэмамі бяспекі і кантролю параметраў; высокай кваліфікацыі і адказнасці персаналу, выкананні норм і правіл. што дзейнічаюць у галіне ядз. тэхнікі.

На Беларусі нагляд за Я.б. ажыццяўляе спец. дзярж. орган — Праматамнагляд Мін-ва па надзвычайных сітуацыях. Акрамя нац. норм і правіл улічваюцца таксама рэкамендацыйныя стандарты, распрацаваныя Міжнародным агенцтвам па атамнай энергіі. Парушэнне норм і правіл можа прывесці да цяжкіх ядз. аварый (страта кіравання ланцуговай рэакцыяй у ядз. рэактары і разгону яго магутнасці; утварэнне крытычнай масы ва ўстройствах, што маюць у сабе падзельныя матэрыялы, з узнікненнем самаадвольнай ланцуговай рэакцыі — да выхаду радыеактыўных прадуктаў дзялення за межы ўстановак і інш. Аварыі з найб. цяжкімі наступствамі адбыліся на хім. камбінаце «Маяк» у Чэлябінскай вобл. (Расія, 1957), АЭС «Тры-Майл Айленд» (ЗША, 1979), Чарнобыльскай АЭС (Украіна, 1986; гл. Чарнобыльская катастрофа 1986).

А.​І.​Ярашэвіч.

т. 18, кн. 1, с. 234

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЫЦЦЁ,

філасофскае паняцце, якім абазначаюць аб’ектыўную рэальнасць існавання ўсіх матэрыяльных і духоўных з’яў. Складанасць вызначэння гэтага паняцця абумоўлена мноствам прадметаў рэальнасці, разнастайнасцю іх якасцяў і прыкмет. У прыватнасці, аб’екты рэчаіснасці падзяляюцца на матэрыяльныя і духоўныя, жывыя і мёртвыя, прыродныя і сац.; яны могуць мець прыкметы адзінкавага і агульнага, істотнага і неістотнага, магчымага і сапраўднага. Спалучэнне гэтых прыкмет і вызначае рознае тлумачэнне прыроды быцця. Найперш быццё абазначае факт існавання пэўнага прадмета ў межах пэўнай прасторы і часу. Па-за гэтымі рамкамі настае смерць, разбурэнне, знішчэнне прадмета, адбываецца яго пераход з быцця ў небыццё. У гэтым значэнні быццё набывае абсалютнае, а небыццё адноснае значэнне. Але быццё разумеецца і як субстанцыя, аснова свету і яго асобных, канкрэтных рэчаў. Пад быццём разумеюць таксама сутнасць аб’ектаў — сукупнасць агульных, значных прыкмет аб’ектаў. Пры такім падыходзе быццё падзяляецца на рэальнае і ідэальнае. Рэальнае — гэта спалучэнне агульных, істотных прыкмет пэўнага класа прадметаў, якія зноў і зноў утвараюцца ў працэсе іх узнікнення і існавання. Тым самым агульныя прыкметы прадметаў набываюць статус абсалютнага быцця, канкрэтная рэч характарызуецца паняццем адноснага быцця. Акрамя таго, існасць (а разам з ёю і быццё) можа пераўтварацца і ў ідэальную форму, г. зн. у форму паняцця. Напр., стол можа існаваць у рэальнасці (стол — аб’ект) і ў ідэальнай рэчаіснасці як паняцце (стол — ідэя). Г. зн., што ў ідэальнай форме быцця магчымасць і рэчаіснасць як бы зліваюцца ў сваім дыялект. адзінстве, набываючы нейкі першасны субстанцыйны сэнс. Ідэя таго ж стала (як і любая іншая ідэя) становіцца вечнай, абсалютнай, нязменнай і характарызуе, з пункту гледжання аб’ектыўных ідэалістаў, сапраўднае быццё, сапраўдную рэальнасць, а канкрэтны прадмет (той жа стол) уяўляе сабой як бы копію гэтай ідэі, яе пераходны злепак, або небыццё. Таму, паводле Платона, у ідэальным свеце ёсць толькі быццё і няма небыцця, а ў свеце канкрэтных рэчаў ёсць толькі небыццё і няма быцця. Яшчэ больш складаны характар набывае праблема быцця, калі яна пераносіцца ў галіны гнасеалогіі і сацыялогіі, таму што тут гаворка ідзе пра магчымасць адлюстравання быцця, пра спецыфіку чалавечага быцця (Платон, М.​Хайдэгер). Тут ідэальнасць становіцца не толькі сэнсам адлюстравання, але і элементам існавання; самаперажыванне быцця набывае характар быційнай характарыстыкі, а паняцце небыцця становіцца сімвалам невядомага канца, асэнсаванне якога таксама надае асаблівую афарбоўку чалавечаму быццю.

Філосафы розных эпох істотна разыходзіліся ў азначэнні сутнасці быцця і небыцця, па-рознаму вызначалі іх суадносіны. Напр., прадстаўнікі стараж.-грэч. мілецкай школы лічылі, што ёсць толькі быццё, якое вызначаецца зыходнымі элементамі (стыхіямі) свету (зямля, вада, паветра, агонь). Геракліт сцвярджаў, што быццё і небыццё — гэта адно і тое ж і адначасова не адно і тое ж. Парменід лічыў, што ёсць толькі быццё, а небыцця няма. Паводле Платона, чалавек існуе адначасова ў фізічным і духоўным, вонкавым і ўнутраным сусветах, таму неабходна адрозніваць быццё эмпірычнае (пераходнае) і сапраўднае (вечнае). Для Г.​Гегеля быццё ёсць ідэальнае, божае, а прырода — другаснае быццё ідэі. Ф.​Ніцшэ лічыў, што ніякага абсалютнага быцця няма, быццё — гэта вечны ланцуг паўтораў. Прадстаўнікі дыялект. матэрыялізму зыходзілі з таго, што быццё вечнае і першаснае ў адносінах да свядомасці, вызначае яе функцыянаванне і развіццё, хоць сама свядомасць здольна не толькі адлюстроўваць быццё, але і аказваць уздзеянне на яго.

Літ.:

Доброхотов А.Л. Категория бытия в классической западной европейской философии. М., 1986;

Проблемы познания социальной реальности. М., 1990;

Zaslawski D. Analyse de l’être. Paris, 1982.

А.​М.​Елсукоў.

т. 3, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТУРЫЗМ.

Актыўнае развіццё культурна-пазнавальнага турызму на Беларусі вызначае геаграфічнае становішча краіны, вялікая разнастайнасць і захаванасць прыродных ландшафтаў, багатая гісторыя, наяўнасць музейных аб’ектаў, помнікаў гісторыі і культуры. На тэр. Беларусі больш за 15 тыс. аб’ектаў, якія маюць архітэктурную, гіст., культурную значнасць; памятных мясцін, звязаных з нараджэннем і дзейнасцю знакамітых асоб; ёсць буйнейшыя масівы старадаўніх некранутых лясоў, унікальныя па прыгажосці ахоўныя прыродныя тэрыторыі, у іх ліку маляўнічыя паркі, пушчы, азёры, рэчкі, балоты; шмат рэдкіх відаў раслін і жывёл.

На Беларусі турызм як арганізаваны турысцкі рух пачаў фарміравацца ў 1920-я г. Арганізаваныя формы ён набыў пасля стварэння Таварыства пралетарскага турызму і экскурсій, якое ў 1930-я г. набыло статус турысцка-экскурсійных упраўленняў у структуры прафсаюзаў. Бел. турысцка-экскурсійнае ўпраўленне было першай структурай па арганізацыі масавай турысцка-экскурсійнай дзейнасці. У пасляваенныя гады формы развіцця турызму пашыраліся і ўдасканальваліся. Турысцка-экскурсійныя ўпраўленні пераўтвораны ў Саветы па турызме і экскурсіях. З канца 1940-х г. на Беларусі працавалі Рэсп. і абл. станцыі юных турыстаў. У 1949 спарт. турызм Беларусі ўключаны ў Адзіную ўсесаюзную спарт. класіфікацыю. Аматарскі турызм актывізаваўся з канца 1950-х г. 1-ы злёт турыстаў адбыўся ў 1959 (пас. Зялёнае Мінскага р-на). 1-ы турысцкі клуб утвораны ў 1959 (Мінск, спарт. т-ва «Чырвоны сцяг»; у 1962 ён рэарганізаваны ў Мінскі гар. клуб турыстаў). У 1970—80-я г. турысцкія клубы ствараліся на аснове турысцкіх секцый калектываў фіз. культуры мінскіх, абл. і інш. прадпрыемстваў і арг-цый. У 1962 створаны Рэсп. савет па турызме і экскурсіях; у яго структуру ўвайшлі абл. саветы, бюро падарожжаў, экскурсій і інш. З 1964 пачалі праводзіцца спаборніцтвы па асобных відах турызму. Створаны і працуюць рэсп. і абл. турысцкія арганізацыі, клубы, фірмы, якія займаюцца арганізацыяй турызму і адпачынку. У 1977 заснавана Федэрацыя турызму, у 1991 — Федэрацыя спарт. турызму і Рэсп. турысцка-спарт. саюз. Кантрольна-выратавальная служба створана ў 1973, у 1991 яна пераўтворана ў Рэсп. турысцкі аператыўна-выратавальны цэнтр. З 1992 штогод праводзяцца спаборніцтвы па асобных відах турызму і турысцка-прыкладным мнагабор’і, з 1999 — турысцкія злёты сярод розных катэгорый вучняў і студэнтаў. Сярэдзіна 1990-х г. характарызуецца ростам турысцкіх фірм розных форм уласнасці, якія займаюцца арганізацыяй турысцка-экскурсійнага абслугоўвання насельніцтва, у т. л. і камерцыйнага турызму. У 1996 Спорткамітэт Рэспублікі Беларусь пераўтвораны ў Мін-ва спорту і турызму, у структуру якога ўваходзіць Упраўленне турызму. Закон «Аб турызме» (1999) вызначыў прынцыпы дзярж. палітыкі ў гэтай сферы. З 2001 дзейнічае Рэсп. унітарнае прадпрыемства «Нац. агенцтва турызму». Ствараюцца турысцкія базы (1-я прафсаюзная турбаза «Возера Нарач» засн. ў 1958). На 1.1.2004 на Беларусі дзейнічае 9 буйных прафсаюзных аздараўленчых комплексаў: «Белае Возера», «Лясное Возера» ў Брэсцкай, «Браслаўскія азёры», «Лосвіда», «Орша» ў Віцебскай, «Сож» у Гомельскай, «Нёман» у Гродзенскай, «Высокі Бераг», «Нарачанка» ў Мінскай абласцях з агульнай колькасцю месцаў каля 6 тыс.; функцыянуе больш за 260 гасцініц, аздараўленчых комплексаў, матэляў і інш. з агульнай умяшчальнасцю больш за 23 тыс. месцаў (2004). З канца 1990-х г. на Беларусі вядзецца падрыхтоўка прафес. турысцкіх кадраў. Выдаюцца час. «Падарожнік», газ. «Туризм и отдых». Сярод арганізатараў і ветэранаў турысцкага руху — П.​Н.​Багданаў, М.​З.​Гальчун, У.​І.​Ганапольскі, Ю.​М.​Кокараў, Ф.​В.​Наркевіч, Г.​А.​Новікаў і інш.

У.​І.​Ганапольскі.

т. 18, кн. 2, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛОТАЗНАЎСТВА

Пачатак развіццю балотазнаўства на Беларусі дала экспедыцыя І.​І.​Жылінскага па асушэнні балот Палесся (1873—98). Яе ўдзельнік Г.​І.​Танфільеў апісаў расліннасць палескіх балот і распрацаваў іх першую класіфікацыю. У 1875 В.​В.​Дакучаеў апублікаваў працу «Па пытанню асушэння балот увогуле і ў прыватнасці аб асушэнні Палесся». У 1911 арганізавана Мінская балотная станцыя (з 1930 — Усесаюзны НДІ балотнай гаспадаркі, з 1957 — Бел. НДІ меліярацыі і воднай гаспадаркі, з 1993 — Бел. НДІ меліярацыі і лугаводства). У 1912—15 у Мінску выдаваўся часопіс «Болотоведение». Супрацоўнікі БСГА А.​Д.​Дубах і Х.​А.​Пісаркоў даследавалі ў 1926—29 прырост сфагнавых імхоў і торфу. Балотную расліннасць вывучалі В.​С.​Палянская, З.​М.​Дзянісаў, В.​А.​Міхайлоўская, гісторыю развіцця і геагр. пашырэнне асобных тыпаў балот даследаваў У.​С.​Дактуроўскі, стратыграфію тарфяных пакладаў — С.​М.​Цюрэмнаў. У 1925—30 закладзены асновы акультурвання балот (А.​Т.​Кірсанаў, М.​Ф.​Лебадзевіч, А.​Ф.​Флёраў). У 1934 арганізаваны Ін-т торфу (з 1990 — Ін-т праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі). У 1934 складзена першая карта балот Беларусі, распрацавана класіфікацыя тарфяных радовішчаў (Л.​Я.​Лепін). У 1940 выдадзены «Кадастр тарфяных радовішчаў БССР».

Пасля Вял. Айч. вайны пачалося інтэнсіўнае вывучэнне і буйнамаштабнае выкарыстанне торфу на энергетычныя і с.-г. мэты. У 1953 выдадзена праца «Тарфяны фонд Беларускай ССР» з картай. Вывучаліся заканамернасці фарміравання радовішчаў торфу, праводзілася ацэнка іх рэсурсаў, ствараліся спец. рэсурсныя заказнікі тарфяной сыравіны. Праведзена паглыбленае вывучэнне стратыграфіі тарфяных радовішчаў (С.​Г.​Беленькі), узросту балот Беларусі (С.​М.​Цюрэмнаў, М.​І.​Нейштат, А.​П.​Підоплічка і інш.), механізму забалочвання азёр (А.​П.​Підоплічка, М.​А.​Канойка). Складзена карта расліннага покрыва Беларусі, дзе адзначаны балотныя супольніцтвы рознага генезісу (Дз.​С.​Голад). Прапанавана новая класіфікацыя тарфяных пакладаў на аснове іх прыродна-гіст. эвалюцыі (А.​Г.​Дубавец).

З 1990-х г. развіваецца новы кірунак балотазнаўства — балотаводства, мэта якога — выкарыстанне прыродных рэсурсаў балот без парушэння балотаўтваральнага працэсу. Вылучаны 4 кірункі балотаводства: экалагічны (выкарыстанне балот у экалагічных мэтах, аднаўленне парушаных балот), агранамічны (вырошчванне балотных ягадных, лек. і меданосных культур), энергатэхналагічны (вырошчванне хуткарослых раслін на балотах для атрымання біямасы ў тэхн. і энергетычных мэтах), культурна-рэкрэацыйны (выкарыстанне балот як аб’ектаў турызму, навукі і інш.). Распрацаваны «Схема рацыянальнага выкарыстання і аховы тарфяных рэсурсаў Рэспублікі Беларусь на перыяд да 2010 г.» і аўтаматызаваная інфармацыйная сістэма «Тарфяны фонд Рэспублікі Беларусь» (І.​Г.​Танавіцкі з супрацоўнікамі). Абгрунтавана неабходнасць дзярж. аховы балот і тарфяных радовішчаў; надання ім статусу ўгоддзяў міжнар. значэння з уключэннем у склад аб’ектаў Сусветнай прыроднай спадчыны; складзены Чырвоны спіс балот Беларусі, які ўключае 230 балот.

Літ.:

Смоляк Л.П., Рубан Н.Н. Сравнительная продуктивность болот Полесья. Мн., 1983;

Смеловский В.Е. Выработанные торфяные месторождения и их использование. Мн., 1988;

Тановицкий И.Г., Обуховский Ю.М. Антропогенные изменения торфяно-болотных комплексов. Мн., 1988;

Развитие исследований в области генезиса, использования и охраны торфяных месторождений // Твердые горючие отложения Беларуси и проблемы охраны окружающей среды. Мн., 1992;

Кухарчик Т.И. Верховые болота Беларуси. Мн., 1996;

Лиштван И.И. Развитие химических наук и наук о земле в Республике Беларусь // 70 лет Национальной академии наук Беларуси. Мн., 2000;

Основные итоги исследований в области генезиса, использования и охраны болот и торфяных месторождений Республики Беларусь // Природопользование. Мн., 2002. Вып. 8;

Биосферно совместимое использование лесных и болотных экосистем. Мн., 2003.

М.​М.​Бамбалаў.

т. 18, кн. 2, с. 562

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДЛЮСТРАВА́ННЕ МАСТА́ЦКАЕ,

спецыфічная форма асваення рэчаіснасці. Метадалагічнай асновай разумення сутнасці адлюстравання мастацкага з’яўляецца адлюстравання тэорыя, якая раскрывае агульныя заканамернасці і спосабы адэкватнага спасціжэння свету. Ужо ў антычнасці піфагарэйцы, а потым Платон і Арыстоцель сцвярджалі ідэю аб мімесісе (перайманні) як асн. эстэт. прынцыпе і сутнасці мастацтва. Наследаванне прыродзе было дамінантай у эст. трактоўках эпохі Адраджэння, класічнай эстэтыцы 16—17 ст. Гётэ выступаў супраць змешвання прыроды і мастацтва, недаацэнкі суб’ектыўнай творчасці «сапраўднага мастака». М.​Г.​Чарнышэўскі замацаваў у тэорыі мастацтва паняцце «ўзнаўленне». Сцвярджэнне ў мастацтве прынцыпу канкрэтна-гіст. ўзнаўлення абумоўлівае рэалістычнае адлюстраванне рэчаіснасці (гл. Рэалізм). Канцэпцыя актыўнага ўздзеяння мастацтва на духоўны свет чалавека праяўлялася ў адраджэнні ант. тэорыі мімесісу (М.​К.​Сарбеўскі), развівалася Ф.​Скарынам, М.​Гусоўскім, Сімяонам Полацкім і інш. У эпоху Асветніцтва элементы адлюстравання мастацкага выявіліся ў арыентацыі на пазнавальныя і выхаваўчыя функцыі мастацтва (А.​Доўгірд, Л.​Бароўскі). К.​Каліноўскі, Я.​Купала, Я.​Колас, М.​Багдановіч, Цётка, А. і І.​Луцкевічы, А.​Гарун і інш. развівалі ўяўленне пра маст. праўду як адлюстраванне праўды жыцця, гісторыі і самабытнай культуры бел. народа. Адлюстраванне мастацкае прадугледжвае асабістыя адносіны творцы да аб’ектаў, што пазнаюцца. Сэнс маст. абагульнення заключаны ў адборы істотнага і заканамернага, у раскрыцці тыповых характараў і сітуацый.

Літ.:

Дорошевич Э., Конон В. Очерк истории эстетической мысли Белоруссии. М., 1972;

Крюковский Н.И. Логика красоты. Мн., 1965;

Юлдашев Л.Г. Искусство: философские проблемы исследования. М., 1981;

Конан У. Ля вытокаў самапазнання: Станаўленне духоўных каштоўнасцей у святле фальклору. Мн., 1989.

т. 1, с. 113

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)