вёска ў Міёрскім р-не Віцебскай вобл., на аўтадарозе Міёры—Шаркаўшчына. Цэнтр сельсавета. За 18 км на ПдЗ ад горада і чыг. ст. Міёры, 198 км ад Віцебска. 580 ж., 288 двароў (2000). Лясніцтва. Сярэдняя школа, клуб, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Касцёл (1989). Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнік архітэктуры — Мікалаеўская царква (2-я пал. 19 ст.).
У пісьмовых крыніцах у ВКЛ вядома з канца 15 ст. пад назвай Пагост як месца збору даніны. У 15—18 ст. належаў І.Сапегу, Клоту, М.Сіняўскаму, Л.Сапегу, С.Бужынскаму і Ф.Юндзілу. З 1795 мястэчка ў складзе Рас. імперыі. У 1818 з маёнтка Пагост вылучылася частка пад назвай Стары Пагост (за 7 км ад яго, мела 284 ж., 31 двор); мястэчка сталі называць Н.П. У 1859 у Н.П. 119 ж., 32 двары. З 1862 працавала школа, цэнтр воласці Дзісенскага пав. У 1878—79 пабудавана Мікалаеўская царква. У 1897—607 ж. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр воласці Браслаўскага пав. Віленскага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр Новапагосцкага с/с Міёрскага р-на.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАСЛА́ЎЛЬ-ЗАЛЕ́СКІ,
горад, раённы цэнтр у Яраслаўскай вобл., на воз. Пляшчэева, у вусці р. Трубеж. Засн. ў 1152. Нас. 44,8 тыс.ж. (1996). Чыг. станцыя. Прам-сць: хім. (вытв-сць магнітнай стужкі, фотапаперы), харч., лёгкая. Аўтаматорны і цагельны з-ды, мэблевая ф-ка.
У цэнтры горада захаваліся земляныя валы стараж. ўмацавання, 4-стаўповы 1-купальны Спаса-Праабражэнскі сабор (1152—60), шатровая царква Пятра Мітрапаліта на Гасударавым двары (1585), барочныя 5-купальныя цэрквы Уладзімірская (1745) і Аляксандра Неўскага (1746), класіцыстычныя асабняк Цямерыных (2-я пал. 18 ст.), мемар. сядзіба «Боцік» (1803) з абеліскам у гонар Пятра I і будынкам музея. Ансамблі манастыроў: Троіца-Данілаў (16—18 ст.; сабор 1530—32, размалёўкі 17 ст.), Нікіцкі (16—19 ст., сабор 1561—64, галерэі 17 ст.), Фёдараўскі (16—19 ст.; сабор 16 ст.), Горыцкі (17—18 ст.; праезныя Святыя вароты 17 ст.). Помнік Аляксандру Неўскаму (1958, скульпт. С.Арлоў, арх. Л.Капіца). Гіст.-мастацкі музей. Каля П.-З. — Шаляпінка, сядзіба Ф.І.Шаляпіна. Турызм.
Літ.:
Иванов К.И., Пуришев И.Б. Переславль-Залесский: Путеводитель по городу и окрестностям. Ярославль, 1986;
Переславль-Залесский: Путеводитель по ист. и архит. памятникам. М., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРГА́М (грэч. Pergamos),
старажытны горад у М. Азіі (цяпер г. Бергама, Турцыя). У 283—133 да н.э. сталіца Пергамскага царства. Пры цару Атале I стаў культ. цэнтрам М. Азіі, тут была буйнейшая (пасля Александрыйскай) б-ка (200 тыс. скруткаў). Каля 180 да н.э. ў П. ўпершыню пачалі выкарыстоўваць пергамент замест папірусу. Горад быў вядомы сваёй мед. школай. У 133 да н.э. падпарадкаваны Рыму. У 713 да н.э. разбураны арабамі. Адбудаваны візантыйцамі, але страціў былое значэнне. З 1330 пад уладай Турцыі.
Эліністычны горад быў абнесены магутнымі сценамі з т.зв. варотамі Эўмена. Размяшчаўся тэрасамі на гары, вяршыню якой займаў акропаль. Сярод помнікаў акропаля: свяцілішча Афіны Нікефоры (4—3 ст. да н.э.) з храмам і будынкам б-кі, руіны т-ра (2 ст. да н.э.), фундаменты Вял. алтара Зеўса (каля 181—159 да н.э.; рэканструкцыя і ант. скульптура ў Ант. зборы, Берлін), сцены якога былі аздоблены вялікім (сцэны барацьбы багоў з гігантамі) і малым (міф пра Тэлефа) мармуровымі рэльефнымі фрызамі.
Літ.:
Белов Г.Д. Алтарь Зевса в Пергаме. Л., 1957.
Я.Ф.Шунейка (архітэктура).
Пергам. Руіны тэатра. 2 ст. да н.э.Пергам. Вялікі алтар Зеўса. Рэканструкцыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́СКІ,
вёска ў Мастоўскім р-не Гродзенскай вобл., на р. Зальвянка, на скрыжаванні аўтадарог Масты—Зэльва і Ваўкавыск—Шчучын. Цэнтр сельсавета. За 14 км на ПдУ ад горада і 16 км ад чыг. ст. Масты, 74 км ад Гродна. 816 ж., 284 двары (2000). Рамонтны з-д, філіял Ваўкавыскага акц.т-ва «Беллакт», млын, лясніцтва. Сярэдняя школа, клуб, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, філіял раённага камбіната быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Помнікі архітэктуры: касцёл Маці Божай Ружанцовай (1918), Мікалаеўская царква (1870). Каля вёскі археал. комплекс (7 стаянак каменнага веку і 4 селішчы сярэдневякоўя), Пескаўскае агаленне рачных адкладаў.
Вядомы з 17 ст. як уладанне Сапегаў. З 1795 у Рас. імперыі. У 19 — пач. 20 ст. цэнтр воласці Ваўкавыскага пав. Гродзенскай губ. У 1886 мястэчка, 1352 ж., 43 двары, школа, царква, касцёл, капліца, сінагога, 3 яўр. малітоўныя дамы, яўр. багадзельня, гарбарня, 5 вадзяных млыноў, заезны дом, 14 крам. 6 корчмаў, кірмаш. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Ваўкавыскага пав. Беластоцкага ваяв. З 1939 у БССР, з 12.10.1940 цэнтр сельсавета Мастоўскага раёна. У 1962—65 у Ваўкавыскім р-не.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКАЙ ЕЗУІ́ЦКАЙ АКАДЭ́МП БІБЛІЯТЭ́КА Існавала з канца 16 ст. да 1820. Засн. пры Полацкім езуіцкім калегіуме. Складалася з гал., навук. і польск. б-к. У 19 ст. найбагацейшы кнігазбор Беларусі (у 1811 — каля 40 тыс. тамоў). Захоўвала каралеўскія граматы (прывілеі), стараж. рукапісы і інш. дакументы, каля 90 біблій 16—17 ст. Аснову кніжнага фонду складалі выданні 16—18 ст. на польск., лац., франц., ням. мовах, у т. л. працы Арыстоцеля (Гайдэльберг, 1562), Эразма Ратэрдамскага (Амстэрдам, 1682); л-ра, выдадзеная на Беларусі, у т. л. лекцыі Ф.Пракаповіча (Магілёў, 1786), выданні Полацкай езуіцкай акадэміі па маст. рыторыцы (1788, 1816), яе «Miesięcznik Połocki» («Полацкі месячнік»), дысертацыя філосафа А.Доўгірда, дапаможнікі па прыродазнаўстве. Пасля закрыцця акадэміі кнігазбор перададзены манаскаму ордэну піяраў. У 1830, калі піяры былі пераведзены з Полацка ў Вільню, кнігазборы часткамі перададзены б-цы Полацкага кадэцкага корпуса (2080 кніг па дакладных навуках; у 1915 вывезены ў Сімбірск). Публічнай б-цы ў Пецярбургу перададзена 389 старадрукаў, б-кам бел. гімназій — 10 тыс. тамоў. Значную частку фондаў атрымала б-ка Віцебскай духоўнай семінарыі, якая ў 1900 перадала яе б-цы Кіеўскай духоўнай акадэміі (у камісію для перадачы ўваходзілі М.Я.Нікіфароўскі, Дз.А.Даўгяла).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКАЯ НАСТА́ЎНІЦКАЯ СЕМІНА́РЫЯ імя Я.П.Кульнева, сярэдняя спец.навуч. ўстанова ў Полацку ў 1872—1918. Рыхтавала настаўнікаў пераважна для Віленскай навучальнай акругі. Мела 3 асн. класы (з 1907—4) і гадавое падрыхтоўчае аддзяленне. Прымаліся асобы ўсіх саслоўяў з 16-гадовага ўзросту, якія скончылі пач.нар. вучылішча. У 1912 семінарыі прысвоена імя Я.П.Кульнева. Выкладаліся: Закон Божы, педагогіка, рус. і царк.-слав. мовы, арыфметыка, асновы геаметрыі, каморніцтва, гісторыя, геаграфія, спевы, рамяство і інш. Пры семінарыі дзейнічалі: узорнае пач. вучылішча (50—70 вучняў штогод), дзе семінарысты праходзілі пед. практыку; курсы для настаўнікаў пач.нар. вучылішчаў; б-ка (8 тыс. тамоў); метэаралагічная станцыя (з 1900); музей наглядных дапаможнікаў (з 1910). У 1907 часова зачынена. У 1-ю сусв. вайну знаходзілася ў эвакуацыі ў г. Вязнікі Уладзімірскай губ. За 1872—1900 П.н.с. скончылі 521, у 1911—142 выхаванцы. На базе семінарыі створаны пед. тэхнікум (гл.Полацкі педагагічны каледж). У П.н.с. выкладалі Ю.Ф.Крачкоўскі, гісторык Я.Смірноў, протаіерэй М.Дуброўскі (даследчык жыцця Ефрасінні Полацкай), вучыўся бел. паэт Я.Журба.
Літ.:
Смирнов Е.И. Полоцкая учительская семинария за 30 лет ее существования. Витебск, 1902;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫБЫ́ТКІ,
вёска ў Гомельскім р-не, на р. Вуць, каля аўтадарогі Гомель—Церахоўка. Цэнтр сельсавета. За 22 км на ПдУ ад Гомеля, 5 км ад чыг. ст. Зябраўка. 549 ж., 250 двароў (2000). Клуб, б-ка, бальніца, цырульня. Царква Раства Прасвятой Багародзіцы. Брацкая магіла сав. лётчыкаў. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну.
Паводле пісьмовых крыніц вядома з 1640 як сяло (9 дымоў) у Гомельскім старостве ВКЛ. Адносілася да Гомельскага замка, якім валодаў кн. Чартарыйскі. З 1772 у Рас. імперыі. У 1773 пабудавана правасл. царква Раства Багародзіцы. У пач. 19 ст. цэнтр маёнтка, які належаў М.А.Бардоўскаму. У 1853 у П. 267 рэвізскіх душ, нар. вучылішча (з 1856), у 1864—64 рэвізскія душы мужч. полу, сукнавальня і крупадзёрка, што належалі М.Бетулінскай, у 1877 засн. маслабойня. У 1886 у П. 581 ж., 98 двароў, царкоўнапрыходская школа, млын, хлебазапасны магазін, у 1909—989 ж., 160 двароў, у Насовіцкай вол. Гомельскага пав., у 1926—878 ж., 179 двароў, школа 1-й ступені, цэнтр сельсавета Насовіцкага раёна Гомельскай акр., з 26.7.1930 — Гомельскага р-на. У Вял.Айч. вайну ў вер. 1943 ням. фашысты спалілі 143 двары, загубілі 17 жыхароў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУ́ХАВІЧЫ,
вёска ў Пухавіцкім р-не Мінскай вобл., на р. Свіслач пры ўпадзенні ў яе р. Цітаўка, на аўтадарозе Мінск—Бабруйск. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 9 км на У ад г. Мар’іна Горка, 65 км ад Мінска, 9 км ад чыг. ст. Пухавічы. 2236 ж., 882 двары (2001). Прадпрыемства водна-гасп. сістэм, лясніцтва, дрэваапр. цэх, рамонтна-буд. ўчастак. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, камбінат. быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкія магілы сав. воінаў і партызан, ваеннапалонных і ахвяр фашызму. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. За 2 км ад вёскі дом адпачынку «Пухавічы».
Вядомы з сярэдзіны 16 ст. як прыватная вёска Мінскага пав.ВКЛ. З 1793 у Рас. імперыі, мястэчка, цэнтр воласці Ігуменскага пав. З канца 18 ст. ўласнасць Сулістроўскіх, Фрыбесаў, Эсткаў, Ваньковічаў. У 1886—860 ж., 73 двары. царква (з 1874), нар. вучылішча (з 1863), 3 сінагогі, 2 піваварні, 26 крам, 4 кірмашы на год. У пач. 20 ст. ў мястэчку 2225 ж., 418 двароў. У 1905 адбылося рэв. выступленне насельніцтва. У 1922—58 працавала бальніца. У 1924—25 цэнтр Пухавіцкага раёна. З 1938 вёска.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗМО́ЎНЫ ВЕРШ, гутарковы верш,
верш, пабудаваны на інтанацыйнай аснове. Для яго характэрна размоўная інтанацыя, пэўная адвольнасць у суаднесенасці інтанацыйна-сінтакс. і метрычнай структур. Сказы неаднолькавай даўжыні і будовы спалучаюцца ў Р.в. без якой-н. папярэдне вызначанай сістэмы.
От і свята, от каляды,
На марозе скрыпяць санкі...
Ўсе на свеце святку рады,
Ўсюды песні і гулянкі.
Скачуць хлопцы і дзяўчаты,
А гарэлкі п’юць чы мала?!
Адно слова — ўсюды свята...
Ну! кабыла, чаго стала?!
Чаго стала?!.. скажаш — цяжка,
Дый не надта ж ты і сыта,
А мне ж лёгка?.. глядзь, сярмяжка
Стара... рвана... ветрам шыта...
Стаў крапчэй мароз ка святу.
Ось і зорка забліскала.
Хоць скарэй бы мне ў хату...
Ну! кабыла! чаго стала?!
(Я.Лучына. «Што думае Янка, везучы дровы ў горад»)
Асаблівую ролю ў Р.в. адыгрываюць паўзы, паўторы, умаўчанні, пропускі, анакалуф, часта выкарыстоўваецца анжамбеман (пачатак сінтаксічна цэласнага словазлучэння знаходзіцца ў адным вершаваным радку, а канец у наступным). Р.в. зрэдку падзяляецца на строфы, часта мае амебейную кампазіцыю. У сучаснай бел. паэзіі пашыраны ў медытатыўнай лірыцы і звязаны з выяўленнем філас. зместу («Эстафета агню» М.Танка, «Мысль і слова» С.Дзяргая і інш).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСІ́ЙСКАЯ АКАДЭ́МІЯ ТЭАТРА́ЛЬНАГА МАСТА́ЦТВА,
адна з буйнейшых тэатр. вышэйшых навуч. устаноў Расіі. Засн. ў 1878 у Маскве як муз. школа, з 1883 Муз.-драм. вучылішча пры Маскоўскім філарманічным т-ве. У 1886 стала першай вышэйшай муз.-тэатр.навуч. установай, дзе выкладалі У.Неміровіч-Данчанка, А.Южын, У.Меерхольд і інш.; сярод выпускнікоў — В.Кніпер-Чэхава, І.Масквін, І.Пяўцоў, А.Ляшкоўская, А.Гогалева, Л.Собінаў і інш. З 1935 пасля шэрагу рэарганізацый наз.Дзярж.ін-ттэатр. мастацтва імя А.В.Луначарскага. З 1992 сучасная назва. Рыхтуе акцёраў і рэжысёраў для драм. і муз. т-раў, эстрады і цырка, тэатразнаўцаў, педагогаў-харэографаў, менеджэраў сцэн. мастацтваў і інш. Ф-ты: акцёрскі, рэжысуры, драмы, тэатразнаўчы, прадзюсерскі, балетмайстарскі (уключае каледж), эстрады (уключае ліцэй), муз.т-ра, сцэнаграфіі. Пры акадэміі існуюць навук.-практычны цэнтр па праблемах акцёрскага і рэжысёрскага майстэрства, музеі, вучэбны т-р, выд-ва, б-ка. Сярод выкладчыкаў акадэміі В.Андроўская, М.Ахлопкаў, Р.Баяджыеў, М.Гарчакоў, А.Джывелегаў, Ю.Завадскі, С.Ігнатаў, А.Лабанаў, Л.Лаўроўскі, С.Макульскі, А.Папоў, М.Пятроў, І.Раеўскі, В.Сахноўскі, Ю.Собалеў, І.Судакоў, М.Тарханаў, У.Філіпаў і інш.