НЕЗАБІТО́ЎСКІ (Станіслаў) (24.9.1641, в. Ятра Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. — 1717),
бел. мемуарыст, кальвінісцкі грамадскі дзеяч. Вучыўся ў Навагрудскім езуіцкім калегіуме. Служыў у Радзівілаў, доўгі час жыў у Слуцку. Неаднаразова выбіраўся дэпутатам ад навагрудскай шляхты на сесіі Трыбунала ВКЛ. Збераглася вял. эпісталярная спадчына Н. (каля 700 лістоў да розных асоб, у т. л. да польскага паэта З.Морштына). Аўтар змястоўных і падрабязных успамінаў, дзе апісаны падзеі 1682—1700 на Навагрудчыне і Случчыне. Яго мемуары — каштоўная крыніца па гісторыі грамадска-паліт. і прыватнага жыцця Беларусі і Літвы канца 17 ст. Рукапіс мемуараў зберагаецца ў Нац. б-цы ў Варшаве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЁЎДА, Нявода, Палужанка,
рака ў Навагрудскім і Карэліцкім р-нах Гродзенскай вобл., левы прыток р. Сэрвач (бас.р. Нёман). Даўж. 39 км. Пл. вадазбору 240 км². Пачынаецца каля в. Нёўда Навагрудскага р-на, цячэ ў межах Навагрудскага ўзв. па ўзгорыстай мясцовасці, перасечанай глыбокімі лагчынамі і ярамі. Упадае ў р. Сэрвач на Пн ад в. Беразавец. Даліна пераважна трапецападобная, шыр. 2—3 км, са стромкімі схіламі, выш. да 30 м. Пойма роўная, месцамі забалочаная, пад хмызняком, шыр. 100—500 м. Рэчышча моцна звілістае, ад в. Аколіца да вусця каналізаванае. Сярэднегадавы расход вады ў вусці каля 1,7 м³/с. Прымае сцёк з меліярац. каналаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІ́ЖНЯЯ ТУНГУ́СКА,
рака ў Эвенкійскай аўт. акрузе і Іркуцкай вобл. Расіі, правы прыток р. Енісей. Даўж. 2989 км, пл. басейна 473 тыс.км². Цячэ ў межах Сярэднесібірскага пласкагор’я. У верхнім цячэнні (да вусця р. Ілімпея) — у шырокай даліне, у рэчышчы шмат перакатаў. У ніжнім цячэнні частыя азёрападобныя расшырэнні (да 20—25 км). Пры перасячэнні трапаў месцамі цячэ ў цяснінах. Шмат парогаў. Гал. прытокі: Ілімпея, Таймура, Учамі (злева), Кочэчум, Віві, Тутанчана (справа). Жыўленне пераважна снегавое. Сярэдні расход вады ў ніжнім цячэнні 3420 м³/с. Ледастаў ад канца кастр. да мая. Суднаходная ў час паводкі да г.п. Тура. У вусці — прыстань Туруханск.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІКО́ЛЬСКІ (Леанід Уладзіміравіч) (н. 9.1.1948, в. Гнеўчыцы Іванаўскага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. спявак (барытон). Засл. арт. Беларусі (1997). Скончыў Бел. кансерваторыю (1976). З 1976 саліст Мурманскай і Калінінскай філармоній. З 1984 саліст Ансамбля песні і танца Узбр. Сіл Рэспублікі Беларусь. Валодае голасам прыгожага тэмбру вял. дыяпазону. У рэпертуары творы бел. і інш. кампазітараў пераважна ваен.-патрыят. тэматыкі. Першы выканаўца многіх песень бел. кампазітараў, у т. л. І.Лучанка, У.Будніка, А.Чыркуна, А.Атрашкевіч і інш. Аўтар і выканаўца песень «Ты вясна мая», «Не сумуйце, дзяўчаты», «Асенняе каханне», «Поезд разлукі» і інш. Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу выканаўцаў сав. песні (Ленінград, 1978).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІКУ́ЛІНА-КАСІ́ЦКАЯ (Любоў Паўлаўна) (28.8.1827, с. Жданаўка Пільнінскага р-на Ніжагародскай вобл., Расія — 17.9.1868),
руская актрыса. На сцэне з 1843. Іграла ў Ніжнім Ноўгарадзе, Яраслаўлі і інш. у меладрамах, вадэвілях і операх. З 1847 у трупе Малога т-ра. Яе творчасць вызначалася яркім сцэн. тэмпераментам, шчырасцю перажыванняў. Найб. поўна самабытны талент актрысы раскрыўся ў п’есах А.Астроўскага; Кацярына («Навальніца», першая выканаўца гэтай ролі), Дуня («Не ў свае сані не садзіся»), Груша («Не так жыві, як хочацца»). Сярод інш. роляў: Луіза («Каварства і каханне» Ф.Шылера), Марыя («Матчына блаславенне», пераробка франц. меладрамы) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НОВАСІБІ́РСК,
горад у Расіі, цэнтр Новасібірскай вобл., на р. Об. Узнік у 1893, у 1904—25 наз.Нованікалаеўск. 1367,7 тыс.ж. (1996). Найбольшы горад Сібіры. Прамысл., навук. і культ.цэнтр. Вузел чыгунак і аўтадарог. Порт, аэрапорт, метрапалітэн. Прам-сць: маш.-буд. (з-ды «Сібэлектрацяжмаш», электратэрмічнага абсталявання і інш.), станкабуд., прыладабуд., радыёэлектронная, авіябудаванне, чорная і каляровая металургія, хім. і хім.-фармацэўтычная, лёгкая, харч.; вытв-сцьбуд. матэрыялаў. ГЭС. Сібірскае аддзяленне Рас.АН. 16 ВНУ, у т. л. 2 ун-ты, кансерваторыя. 6 тэатраў, у т. л. тэатр оперы і балета. Філармонія. Цырк. Музеі: краязн., геал., заал., гісторыі і культуры народаў Сібіры, карцінная галерэя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯСВІ́ЖСКАЯ БАЛЕ́ТНАЯ ШКО́ЛА (Існавала ў 1758—90) (?) у г. Нясвіж Мінскай вобл. Створана М.К.Радзівілам Рыбанькай пры Нясвіжскім тэатры Радзівілаў. Рыхтавала для т-ра артыстаў балета з дзяцей прыгонных. Кіраўнікі: Л.Дзюпрэ (1758—60),
Я.Аліўе (з 1762), А.Лойка (з 1779), Г.Петынеці (з 1780).
У кантракце, заключаным 3.3.1758 з Дзюпрэ на 3 гады, было запісана, што «ён будзе таксама вучыць васьмярых дзяцей і маладых людзей для балета ў тэатры». Першы балет з удзелам навучэнцаў школы — «Балет з Арлекінам». У «Дыярыушы» ад 9.12.1759 адзначана: «упершыню хлопчыкі і дзяўчынкі выконвалі балет, добра ў іх атрымлівалася».
Літ.:
Музыкальный театр Белоруссии: Дооктябрьский период. Мн., 1990. С. 207—223.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯСВІ́ЖСКАЯ ЗА́МКАВАЯ ВЕ́ЖА,
помнік архітэктуры 2-й пал. 16 ст. ў г. Нясвіж Мінскай вобл. Уваходзіць у комплекс Нясвіжскага касцёла езуітаў. Першапачаткова складалася з нізкай шатровай брамы (злучала горад з замкам; не захавалася) і высокай абарончай вежы. Вежа — квадратнае ў плане збудаванне, завершанае шатровым дахам. Глухі ніжні ярус з контрфорсамі вырашаны як масіўны цокаль. 2-і ярус аформлены прамавугольнымі, круглымі і квадратнымі аконнымі праёмамі, 3-і і 4-ы — арачнымі. Белыя атынкаваныя абрамленні праёмаў і між’ярусныя паяскі кантрастуюць з чырв. цаглянай муроўкай сцен, што стварае дэкар. 2-колерную гаму фасадаў. У архітэктуры вежы алюстраваны рысы бел. абарончага дойлідства, стыляў готыкі і рэнесансу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯСВІ́ЖСКАЯ СЛУ́ЦКАЯ БРА́МА,
помнік архітэктуры барока ў г. Нясвіж Мінскай вобл. Пабудавана ў 1690 на месцы брамы 16 ст., перабудавана ці адноўлена ў 1700 (паводле інш. звестак у 1760) на дарозе-дамбе ўздоўж возера, якая вяла ў горад з боку Слуцкага тракту. Мураваны 2-ярусны прамавугольны ў плане аб’ём з вял. арачным праездам унутры (даўж. 10,3 м), сцены ўмацаваны контрфорсамі, накрыты 2-схільным чарапічным дахам. Падоўжаныя фасады завершаны пластычнымі франтонамі з крывалінейным абрысам. На 1-м ярусе знаходзіліся памяшканні для варты, на 2-м — капліца, раскрытая праз вял. праём з балконам у бок горада. У 1970-я г. брама рэстаўрыравана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯСВІ́ЖСКІ ПАВЕ́Т,
адм.-тэр. адзінка на Беларусі ў канцы 18 ст. і ў 1920—40. Створаны ў 1793 у межах Мінскай губ.Рас. імперыі. Цэнтр — г.Нясвіж. Скасаваны 12.12.1796. Зноў утвораны 29.7.1920 у Мінскай губ.БССР. Уключаў 12 валасцей: Гавязнянскую, Гарадзейскую, Грыцэвіцкую, Клецкую, Ланскую, Магільнянскую, Пацейкаўскую, Свержанскую, Сіняўскую, Сноўскую, Цімкавіцкую, Цялядавіцкую. 6.8.1920 да павета далучаны Жухавіцкая і Мірская вол. Навагрудскага пав. З 18.3.1921 у складзе Польшчы, за выключэннем Магільнянскай вол., частак Пацейкаўскай, Цімкавіцкай і Цялядавіцкай вал. З 3.12.1939 у БССР, у Баранавіцкай вобл. 15.1.1940 скасаваны, утвораны Нясвіжскі раён, часткі тэр. павета адышлі ў Ганцавіцкі, Капыльскі, Клецкі, Навагрудскі, Стаўбцоўскі і Уздзенскі р-ны.