КАЛДЫЧЭ́ЎСКІ ЛА́ГЕР СМЕ́РЦІ Створаны ням.-фаш. захопнікамі ў 1942 каля в. Калдычэва Баранавіцкага р-на Гродзенскай вобл. ў Вял.Айч. вайну. На абнесенай дротам тэрыторыі лагера вязняў марылі голадам, непасільнай працай на торфараспрацоўках, катавалі і забівалі. Тут існавала 12 турэмных камер і спец. камера для катаванняў. У ноч на 30.6.1944 перад падыходам Чырв. Арміі гітлераўцы расстралялі вязняў, узарвалі памяшканні, зраўнавалі з зямлёй пахаванні і засеялі травой. У лагеры за час яго існавання закатавана больш за 22 тыс.чал. На месцы лагера помнік ахвярам фаш. тэрору.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЕ́НІКАЎ (Іван Емяльянавіч) (1911.1912, г. Гомель — 14.8.1969),
Герой Сав. Саюза (1944). Працаваў на паравозарамонтным з-дзе ў Гомелі. Скончыў Саратаўскае бранятанк. вучылішча (1937), Акадэмічныя курсы пры Ваен. акадэміі бранятанк. войск (1944). У Чырв. Арміі з 1933. Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял.Айч. вайну з чэрв. 1941 на Зах., Калінінскім, Варонежскім, Бранскім, 1-м і 2-м Укр франтах. У час Лепельскага контрудару 1941 удзельнік баёў каля г. Сянно Віцебскай вобл.Нам. камандзіра танк. брыгады маёр К. вызначыўся ў баях на Кіеўскім напрамку ў 1943. Да 1957 у Сав. Арміі, палкоўнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЕ́СНІК (Іван Іванавіч) (9.10.1932, в. Грычына Дзяржынскага р-на Мінскай вобл. — 10.6.1979),
бел. паэт, публіцыст, перакладчык. Скончыў БДУ (1958), Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1967). Працаваў у час. «Бярозка», «Маладосць», на Бел. радыё. З 1972 у выд-ве «Мастацкая літаратура». Друкаваўся з 1951. Зб-кі вершаў «Белыя каштаны» (1959), «Пяць сузор’яў» (1963), «Калі разам мы» (1967), «Інтэрнат» (1971), «Юнацтва» (1975) пра подзвігі народа ў Вял.Айч. вайну, мірную працу, каханне. На бел. мову пераклаў паасобныя творы А.Пракоф’ева, А.Суркова, Л.Украінкі, М.Нагнібеды, Т.Масэнкі, Я.Райніса, М.Ханінава, З.Нуры, П.Нэруды, І.Давыдкава і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛІНКО́ЎСКІ (Сцяпан Антонавіч) (1918, в. Даколь Глускага р-на Магілёўскай вобл. — 2.2.1945),
Герой Сав. Саюза (1945). У Вял.Айч. вайну з 1941 на Паўн.-Зах., 1-м Укр., 1-м Бел. франтах. Механік-вадзіцель танка ст. сяржант К. вызначыўся ў 1945 пры вызваленні Польшчы: пры наступленні ў складзе экіпажа знішчыў 2 мінамётныя батарэі, 11 аўтамашын і 120 павозак з боепрыпасамі, шмат жывой сілы праціўніка; 22 студз. ў час разведкі ўварваўся ў нас. пункт Кольмар і захапіў склады; 23 студз. авалодаў пераправай цераз р. Нотаць і ўтрымліваў яе да падыходу падмацавання. Загінуў у баі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛУМБІ́ЙСКАЕ ПЛАТО́ (Columbia Plateau),
лававае плато ў Кардыльерах Паўн. Амерыкі, на ПнЗ ЗША. Размешчана паміж Скалістымі і Каскаднымі гарамі. Пл. каля 500 тыс.км². Выш. 700—1000 м. Складзена з крышт. і асадкавых парод палеазою і мезазою, перакрытых вулканічнымі базальтамі неагену. Паверхня плоская або хвалістая, укрыта лёсамі, на Пн марэнай, зрэзана каньёнамі рэк Калумбія (да глыб. 900 м), Снейк (да 1500 м) і інш.; ёсць і сухія каньёны, утвораныя ў антрапагенавы час (найб. Гранд-Кулі). На рэках шмат вадаспадаў, парогаў. ГЭС. Большая ч. плато ўкрыта дзярніста-злакавым стэпам, значная ч. тэрыторыі разарана пад збожжавыя культуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМАРО́Ў (Уладзімір Міхайлавіч) (16.3.1927, Масква — 24.4.1967),
савецкі касманаўт. Лётчык-касманаўт СССР (1964), палкоўнік. Двойчы Герой Сав. Саюза (1964, 1967 пасмяротна). Скончыў Маскоўскую спец. школу ВПС (1945), Батайскае ваен.авіяц. вучылішча (1949), Ваенна-паветр.інж. акадэмію імя Жукоўскага (1959). З 1960 у атрадзе касманаўтаў. 12—13.10.1964 з К.П.Феакціставым і Б.Б.Ягоравым упершыню ў свеце здзейсніў палёт у космас на шматмесным касм. караблі «Узыход» (як камандзір). Загінуў 24.4.1967 пры пасадцы ў час выпрабавання новага касм. карабля «Саюз-1» пасля сутачнага палёту вакол Зямлі. Правёў у космасе 2,13 сут. Імем К. названы кратэр на адваротным баку Месяца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЕРТО́Н (ням. Kammerton ад Kammer пакой + тон),
інструмент для фіксацыі і ўзнаўлення стандартнай вышыні муз. тонаў. Эталон вышыні гуку пры настройцы муз. інструментаў, у хоры і інш. Прасцейшы К. — U-падобна выгнуты замацаваны пасярэдзіне метал. стрыжань, канцы якога могуць свабодна вагацца. Звычайна выкарыстоўваюць К. ў тоне а1 (ля 1-й актавы; часам і ў тоне с2). Частата гэтага гуку мянялася ў розныя перыяды гісторыі музыкі. У наш час прынята настройка К. з частатой 440 герц. Выкарыстоўваюць таксама язычковыя і электронныя К. Для вызначэння вышыні розных тонаў служаць наборы К. і К., у якіх частата рэгулюецца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ПІШЧА (ад стараж.-слав. капь — выява, ідал),
культавае збудаванне ўсх. і прыбалт. славян язычніцкага перыяду. У 1951 пры раскопках у Пярыні каля Ноўгарада выяўлены рэшткі слав. К. 10 ст., прысвечанага Перуну. Уяўляла сабой круг дыяметрам 21 м, на якім у васьмі месцах гарэў агонь; у цэнтры стаяў драўляны ідал Перуна. Паводле падання, каля Полацка на беразе Валовага возера было К. Перуна і Бабы-ягі. Рэшткі свяцілішча сельскай абшчыны 10 ст. раскапалі археолагі ў 1969 каля в. Ходасавічы Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл. Тут стаяў драўляны ідал, вакол якога ў час святкаванняў распальвалі вогнішчы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ПРА ((Capra) Франк) (19.5.1897, г. Палерма, Італія — 1991),
амерыканскі кінарэжысёр. Скончыў Каліфарнійскі тэхнал.ін-т. Пачынаў як комік у нямых фільмах, паставіў некалькі фільмаў з Г.Лэнгданам, у т. л. «Дужы чалавек» (1926). Лепшыя работы вылучаюцца арыгінальнасцю сюжэтаў, дасціпнасцю, свабоднымі дыялогамі, гумарам і прывабнасцю герояў (фільмы «Гэта здарылася аднойчы ў начы», 1934; «Містэр Дзідс пераязджае ў горад», 1936; «З сабою не вынесеш», 1938; за ўсе — прэміі «Оскар»). У час 2-й сусв. вайны кіраваў (з рэж. А.Літваком) стварэннем серыі мантажных фільмаў «Чаму мы ваюем», у т. л. фільма «Бітва за Расію» (1943).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРНІ́ЛАЎ (Уладзімір Аляксеевіч) (13.2.1806, Цвярская вобл., Расія — 17.10.1854),
расійскі ваенна-марскі дзеяч. Віцэ-адмірал (1852). Скончыў Марскі кадэцкі корпус (1823). З 1827 служыў на гвардз. лінейным караблі «Азоў», удзельнік Наварынскай бітвы 1827 і рус.-тур. вайны 1828—29. З 1830 на Балт., з 1834 на Чарнаморскім флоце, нач. штаба эскадры М.П.Лазарава (1838—46), нач. штаба (з 1849) і фактычны камандуючы (з 1851) флотам. У Крымскую вайну 1853—56 удзельнік першага ў свеце бою паравых караблёў, адзін з арганізатараў і кіраўнікоў Севастопальскай абароны 1854—55; смяротна паранены ў час бамбардзіроўкі праціўнікам Севастопаля.