ВІ́ЛЕНСКАЯ АСТРАНАМІ́ЧНАЯ АБСЕРВАТО́РЫЯ,

адна з найстарэйшых астранамічных абсерваторый у Еўропе. Засн. ў 1753 у Вільні.

Адным з арганізатараў і першым дырэктарам (1765—1807) быў М.Пачобут-Адляніцкі. У абсерваторыі ў розны час працавалі астраном Я.Снядэцкі, П.Славінскі, М.​Глушневіч, М.​М.​Гусеў, Я.​Я.​Саблер, П.​М.​Смыслоў і інш., навук. і асветніцкая дзейнасць якіх адыграла станоўчую ролю ў пашырэнні на Беларусі і ў Літве прыродазнаўчых ведаў. У 1753—65 Віленская астранамічная абсерваторыя існавала як астр. кабінет, абсталяваны найпрасцейшымі прыладамі. Пасля набыцця больш дасканалых астр. інструментаў з 1773 вяліся сістэм. назіранні планет, астэроідаў, камет, зацьменняў Сонца і Месяца, пакрыццяў зорак Месяцам. Першая ў Расіі пачала астрафіз. даследаванні: з 1864 асн. яе кірункам стала вывучэнне фатаграфічнымі метадамі паверхні Месяца і фіз. з’яў, што адбываюцца на Сонцы. Вяла таксама метэаралагічныя назіранні; віленскія астраномы прымалі ўдзел у вызначэнні геагр. каардынат населеных пунктаў і ў геад. экспедыцыях на тэр. Віленскай, Гродзенскай, Мінскай і Курляндскай губерняў. Абсерваторыя мела вял. б-ку, у 1838—46 выдавала свае навук. працы. Спыніла дзейнасць пасля пажару 1876. У 1940 утворана астр. абсерваторыя пры Вільнюскім ун-це.

Літ.:

Славенас П.В. Астрономия в высшей школе Литвы XVI—XIX вв. // Историко-астрономические исследования. М., 1955. Вып. 1.

А.​І.​Болсун.

т. 4, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІРУСАЛО́ГІЯ (ад вірусы + ...логія),

медыка-біял. навука аб вірусах. Агульная вірусалогія вывучае прыроду вірусаў, іх будову, размнажэнне, біяхімію, генетыку, паходжанне і пашырэнне ў прыродзе. Мед., вет. і с.-г. вірусалогія даследуе патагенныя вірусы, іх інфекцыйныя ўласцівасці, распрацоўвае меры папярэджання, дыягностыкі і лячэння захворванняў, якія імі выклікаюцца.

Сфарміравалася ў канцы 19 ст. пасля адкрыцця рус. вучоным Дз.​І.​Іваноўскім (1892) віруса тытунёвай мазаікі. Былі вызначаны вірусы яшчуру (1898) і жоўтай ліхаманкі (1901), потым вірусы — узбуджальнікі шаленства, воспы, поліяміэліту, адру, герпесу. Сучаснай вірусалогіі вядома больш за 500 вірусаў, патагенных для чалавека і жывёл.

На Беларусі распрацоўка пытанняў вірусалогіі пачалася ў 1924 і звязана з вырабам і выкарыстаннем вакцын супраць воспы і шаленства. Асн. навук. цэнтры па мед. і ветэрынарнай вірусалогіі — Бел. НДІ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі, эксперым. ветэрынарыі, рыбнай гаспадаркі, БДУ і інш. Распрацаваны актыўныя злучэнні супраць вірусаў грыпу, энцэфаліту і інш., удасканалена сістэма аховы пры даследаванні патагенных узбуджальнікаў хвароб чалавека і жывёл (В.​І.​Вацякоў, П.​Р.​Рыцік, Э.​У.​Фельдман, Б.​П.​Савіцкі, І.​І.​Протас, М.​А.​Кавалёў, Л.​М.​Галаўнёў і інш.). Асаблівае значэнне набываюць праблемы вывучэння вірусаў, якія выклікаюць пухлінныя працэсы, латэнтных вірусных інфекцый і ВІЧ-інфекцыі.

Літ.:

Зуев В.А. Медленные вирусные инфекции человека и животных. М., 1988.

т. 4, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЛЬНАЯ БАРАЦЬБА́,

від спарт. барацьбы, у якім шырока выкарыстоўваюцца тэхн. і сілавыя прыёмы — захопы (у т. л. ніжэй пояса), падсечкі, падбівы, перавароты і інш. У схватцы (3 перыяды па 3 мін) перамагае той, хто пакладзе саперніка на лапаткі ці набярэ больш ачкоў за тэхн. прыёмы і актыўнасць.

Узнікла ў Вялікабрытаніі ў канцы 19 ст. З 1904 (за выключэннем 1912) у праграме Алімпійскіх гульняў, з 1928 праводзяцца чэмпіянаты Еўропы, з 1951 — свету. З 1912 дзейнічае Міжнар. аматарская федэрацыя барацьбы (ФІЛА).

На Беларусі падобнае на вольную барацьбу адзінаборства вядомае здаўна як барацьба «да крыжа». Як від спорту вольная барацьба развіваецца з 1948. Праводзяцца чэмпіянаты ў розных узроставых катэгорыях, традыц. міжнар. турнір па вольнай барацьбе на прызы А.Мядзведзя (аднесены ФІЛА да спаборніцтваў вышэйшай катэгорыі), матчавыя сустрэчы бел. барцоў з камандамі інш. краін. Сярод бел. майстроў вольнай барацьбы найб. поспехаў дамагліся трохразовы алімпійскі чэмпіён, неаднаразовы чэмпіён свету і Еўропы Мядзведзь, а таксама В.​Сюльжын (чэмпіён свету 1973, Еўропы 1972—73, уладальнік Кубка Еўропы 1974—75), Л.​Кітоў (чэмпіён Еўропы 1970), В.​Яўпоеў (чэмпіён Еўропы 1984), А.​Сабееў (чэмпіён Еўропы 1989—90), С.​Смаль (чэмпіён свету 1991, сярэбраны прызёр Алімпійскіх гульняў 1992), В.​Аруджаў (чэмпіён свету 1991, бронзавы прызёр Алімпійскіх гульняў 1992).

т. 4, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНАБАЛІ́ЗМ (ад грэч. anabolē уздым),

асіміляцыя, сукупнасць хім. працэсаў у жывым арганізме, якія забяспечваюць біял. сінтэз патрэбных для жыцця складаных рэчываў (бялкоў, поліцукрыдаў, тлушчаў, нуклеінавых кіслот і інш.) з больш простых. Накіраваны на ўтварэнне і абнаўленне структурных частак клетак і тканак. Непарыўна звязаны з катабалізмам (процілеглы працэс) і ўтварае з ім хім. аснову прамежкавага абмену рэчываў і абмену энергіі (забяспечвае яе назапашванне) у арганізме. Аўтатрофныя арганізмы (зялёныя расліны і некаторыя грыбы) здольныя ажыццяўляць першасны сінтэз арган. злучэнняў з CO2 з выкарыстаннем вонкавых крыніц энергіі (сонечнага святла, акіслення неарган. рэчываў), гетэратрофныя — толькі за кошт энергіі, якая вызваляецца ў працэсах катабалізму. Колькасць зыходных кампанентаў для біясінтэзу абмежаваная (глюкоза, рыбоза, амінакіслоты, піравінаградная кіслата, гліцэрына, ацэтылкаэнзім анабалізму і інш.). Як правіла, анабалізм забяспечваецца спецыфічным наборам ферментаў і ўключае шэраг аднаўленчых этапаў. У працэсе анабалізму кожная клетка сінтэзуе характэрныя для яе бялкі, вугляводы, тлушчы і інш. злучэнні (напр., мышачныя клеткі сінтэзуюць уласны глікаген і не скарыстоўваюць глікаген печані). У высокаарганізаваных арганізмаў у рэгуляцыі анабалізму на ўзроўні клетачнага абмену рэчываў акрамя ферментаў удзельнічаюць гармоны і інш. біял. актыўныя рэчывы, нерв. сістэма (гл. Нейрагумаральная рэгуляцыя). Многія прыродныя і сінтэтычныя рэчывы (анаболікі) здольныя павышаць узровень анабалізму, іх выкарыстоўваюць для штучнага нарошчвання мышачнай масы цела ў спорце (праблема допінг-кантролю), таксама як лек. сродкі ў тэрапіі хвароб абмену рэчываў.

т. 1, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДАПТЫ́ЎНАЯ РАДЫЯ́ЦЫЯ,

тып эвалюцыі, пры якім ад адной продкавай формы ўтвараецца мноства разнастайных формаў арганізмаў у межах віду або групы роднасных відаў. Ляжыць у аснове адаптацыягенезу і з’яўляецца вынікам набыцця арганізмам прыстасаванасці (гл. Адаптацыя ў біялогіі) і пранікнення ў новыя адаптыўныя зоны. Праяўляецца ў разнастайнасці падпарадкаваных таксанамічных груп у межах кожнага буйнога таксона (напр., розныя віды грызуноў — вавёркі, суслікі, бабры, сям. драпежных млекакормячых і інш.). Канцэпцыя адаптыўнай радыяцыі сфармулявана амер. вучоным Г.​Осбарнам у сувязі з эвалюцыяй млекакормячых (1910).

Осбарн адрозніваў 5 гал. ліній спецыялізацыі ў будове канечнасцяў млекакормячых, залежных ад умоў месцазнаходжання і спосабаў перамяшчэння: хуткі бег у наземных відаў; рыючы лад жыцця ў відаў, якія жывуць пад зямлёй; плаванне ў відаў, што жывуць у вадзе; лажанне ў дрэвавых відаў; планіраванне і палёт у відаў, жыццё якіх праходзіць у паветры. Асн. крыніца адаптыўнай радыяцыі — унутрывідавыя працэсы (генетычная разнастайнасць відавых папуляцый, дыферэнцыроўка віду на геагр. і экалагічныя расы і інш.). Наяўнасць у продкавага арганізма якой-небудзь структуры або фізіял. функцыі, што ў вельмі мадыфікаванай форме ёсць у больш высокаразвітых роднасных арганізмаў, сведчыць пра іх агульнае паходжанне і складае аснову эвалюц. тэорыі (гл. Філагенез).

А.​С.​Леанцюк.

Адаптыўная радыяцыя плацэнтарных млекакормячых, якія маюць агульнага продка (у цэнтры).

т. 1, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДВЕНТЫ́СТЫ (ад лац. adventus прышэсце),

паслядоўнікі хрысціянскай плыні ў пратэстантызме.

Вучэнне адвентызму ўзнікла ў 1830-я г. ў ЗША заснавальнік У.​Мілер. Прапаведуюць блізкасць 2-га прышэсця Хрыста і ўстанаўлення на Зямлі 1000-гадовага царства Божага, уваскрэсенне мёртвых, пекла для грэшнікаў. Прызнаюць абрады водахрышчэння, прычашчэння, узаемнага абмывання ног. Абавязковай прызнаюць плату ​1/10 часткі даходаў на карысць абшчыны, місіянерскую дзейнасць. Мае некалькі галін: адвентысты першага дня, сёмага дня (найб. пашыраны), рэфармісты і інш.

Групы абшчын адвентысты утвараюць злучэнні, з якіх складаюцца уніёны (саюзы), дывізіёны. У дывізіён уваходзяць адвентысты некалькіх дзяржаў (напр., у б. СССР адвентысты складалі 1 дывізіён). Цэнтр адвентыстаў знаходзіцца ў Вашынгтоне. Усяго ў свеце каля 3 млн. адвентыстаў, з іх 1 млн. адвентыстаў сёмага дня. Адвентызм належыць да таталітарных культаў, уплывае на свядомасць, пачуцці і паводзіны веруючых, якія знаходзяцца ў трывожным чаканні «канца свету». На Беларусі адвентысты з’явіліся ў 1920-я г. ў зах. рэгіёнах. Першым місіянерам на Палессі быў М.​Даўгун (у 1921 вярнуўся з заробкаў з ЗША), актыўную дзейнасць вялі прыезджыя місіянеры. У 1925 у Столінскім р-не створана першая абшчына. У 1973 на Беларусі было каля 300 адвентыстаў, у 1988 іх колькасць падвоілася. На 1995 існавала больш за 20 абшчын, з іх 10 на Брэстчыне.

К.​С.​Пракошына.

т. 1, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗАФАРБАВА́ЛЬНІКІ,

клас фарбавальнікаў, у малекуле якіх адна ці некалькі азагруп -N=N-, звязаных з радыкаламі арган. злучэнняў (араматычных, гетэраараматычных, з актыўнымі CH2-групамі). У склад малекулы ўваходзяць таксама замяшчальныя і незамяшчальныя аміна- і гідраксігрупы, сульфакіслотная група SO3H, нітратная NO3, карбаксільная COOH і інш. Сінтэз азафарбавальнікаў заснаваны пераважна на рэакцыі азаспалучэння. Па колькасці азагруп адрозніваюць мона-, ды- і поліазафарбавальнікі.

Колер монаазафарбавальнікаў залежыць ад хім. будовы радыкалаў, звязаных з азагрупай, колькасці і месцазнаходжання замяшчальнікаў у іх. Прасцейшыя азафарбавальнікі звычайна жоўтага, аранжавага ці чырв. колеру. Паглыбленне колеру звязана з колькасцю аміна-, гідраксі- і азагруп, велічынёй сістэмы спалучэння малекулы азафарбавальнікаў, яе палярызацыяй, наяўнасцю спалучэння паміж азагрупамі. Паводле хім. будовы, асаблівасцяў узаемадзеяння з матэрыяламі азафарбавальнікі падзяляюцца на: пігменты; дысперсныя азафарбавальнікі (нерастваральныя ў вадзе, растваральныя ў арган. растваральніках і палімерах); асноўныя фарбавальнікі; кіслотныя фарбавальнікі; лакі (звычайна нерастваральныя ў вадзе солі барыю ці кальцыю кіслотных фарбавальнікаў); пратраўныя фарбавальнікі, прамыя фарбавальнікі; актыўныя фарбавальнікі (уступаюць ў хім. рэакцыі з малекуламі матэрыялаў); азагены; металазмяшчальныя комплексныя злучэнні азафарбавальнікаў. Уключаюць фарбавальнікі ўсіх колераў і адценняў, усіх груп па тэхнал. выкарыстанні. На долю азафарбавальнікаў прыпадае больш за палову вытв-сці фарбавальнікаў. Выкарыстоўваюцца на фарбаванне прыродных і сінт. валокнаў, скуры, паперы, гумы, пластмас, як пігменты для лакаў, фарбаў, пры вытв-сці каляровых алоўкаў і інш.

Літ.:

Аналитическая химия синтетических красителей: Пер. с англ. Л., 1979.

т. 1, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБО́РТ (лац. abortus),

спыненне цяжарнасці ў жанчын у першыя 22 тыдні (раней лічылі 28), калі плод яшчэ не здольны да жыцця па-за целам маці. Спыненне цяжарнасці ў больш познія тэрміны (да 38 тыдняў) наз. заўчаснымі родамі. Аборт да 12 тыдняў лічыцца ранні, пасля гэтага тэрміну — позні. Аборт штучны — спыненне цяжарнасці пры дапамозе спец. інструментаў або фармакалагічных сродкаў урачом у мед. установе; дазволены заканадаўствам у большасці краін свету, у т. л. ў Рэспубліцы Беларусь. Штучнае спыненне цяжарнасці па-за бальнічнай установай або без урача лічыцца крымінальным. Самаадвольны аборт (выкідыш) можа быць вынікам уздзеяння генет., эндакрынных, інфекц., сац.-эканам., экалаг., прафес. фактараў і звязаных з гэтым хвароб жанчыны і мужчыны і стварае вял. праблему ў акушэрстве — да 15—20% выкідышаў. У самаадвольным аборце адрозніваюць стадыі: пагражальны аборт, аборт, які пачаўся, аборт няпоўны і поўны. На 2 першых стадыях магчыма захаванне цяжарнасці. Самаадвольны аборт можа ўзнікаць паўторна (прывычны выкідыш), асн. сімптомы: болі ў нізе жывата і ў крыжы, крывяныя выдзяленні, далучаная інфекцыя. Аборт, якому спадарожнічае інфекцыя, наз. інфекцыйны. Любы аборт можа выклікаць ускладненні раннія (крывацёкі, пракол сценкі маткі, пашкоджанні сумежных органаў) і познія (запаленне палавых органаў і брушыны, бясплоднасць, эндакрынныя парушэнні), а таксама смерць жанчыны. Лячэнне аборту на ўсіх стадыях праводзіцца ў стацыянарных умовах.

І.​У.​Дуда.

т. 1, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЫНО́КА (Orinoco),

рака на Пн Паўднёвай Амерыкі, у Венесуэле і Калумбіі. Даўжыня 2730 км, плошча басейна больш за 1 млн. км². Пачынаецца ў паўднёва-заходняй частцы Гвіянскага пласкагор’я, цячэ на Паўночны Усход сярод астанцовых гор Гвіянскага шчыта, утварае шматлікія парогі, вадаспады да 17 м, месцамі цясніны; ніжняе цячэнне Арынока — на Гвіянскай нізіне; упадае ў Атлантычны акіян. Асноўныя прытокі: Каўра, Карані (справа); Гуаўярэ, Мета, Араўка, Апурэ (злева). У вярхоўях ад Арынока аддзяляецца рака Касік’ярэ, па рэчышчы якой каля ​1/3 сцёку паступае ў басейн ракі Амазонка (з’ява біфуркацыі рэк). За 200 км ад акіяна — шырокая дэльта (плошча каля 20 тысяч км²), дзе рака падзяляецца на 36 рукавоў (найбольшыя Манама, Макарэа — суднаходны, Бока-Грандэ і іншыя. Марскія прылівы на 400 кіламетраў ад вусця.

Сярэдні расход вады каля 29 тысяч м³/с, гадавы сцёк каля 915 км³. Дажджавыя паводкі з красавіка да кастрычніка. Цвёрды сцёк да 45 млн. т за год. Марское суднаходства — да горада Сьюдад-Балівар, рачное — да горада Пуэрта-Аякуча (Венесуэла), у перыяд дажджоў — да вусця ракі Гуаўярэ (з перарывамі каля парогаў). Каскад ГЭС (найбольшыя — Гуры, на рацэ Карані). На Арынока гарады Санта-Барбара, Пуэрта-Аякуча, Сьюдад-Балівар, Пуэрта-Ардас (Венесуэла), Пуэрта-Карэньё (Калумбія).

М.​В.​Лаўрыновіч.

т. 2, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎТАМА́Т (ваен.),

ручная аўтаматычная агнястрэльная зброя для стральбы чэргамі або адзіночнымі стрэламі. Мае здымны (аддымны) магазін ёмістасцю 20 патронаў і больш, высокую скарастрэльнасць, невял. габарыты і масу, аснашчаецца штыком-нажом для вядзення рукапашнага бою і рэзання дроту.

Першы аўтамат створаны ў Расіі У.​Р.​Фёдаравым і выкарыстаны ў 1916. У Вял. Айч. вайну аўтаматам звычайна называліся пісталеты-кулямёты (напр., ППШ, ППС і інш.). У арміях краін СНД пераважаюць аўтаматы канструкцыі М.​Ц.​Калашнікава (АК, АКМ, АК74), якія маюць калібр 5,45—7,62 мм, масу 3,3—4,3 кг, тэмп стральбы 600 выстралаў за мін, баявую скарастрэльнасць кароткімі чэргамі да 100, адзіночнымі стрэламі да 40 выстралаў за мін, далёкасць агню 400 м, прыцэльную далёкасць да 1000 м. Для знішчэння групавых цэляў аўтамат аснашчаецца падствольным гранатамётам, які дае магчымасць весці стральбу асколачнымі гранатамі калібру 30—40 мм на адлегласці да 300—400 м. Такую стралк. зброю маюць на ўзбраенні Узбр. Сілы Рэспублікі Беларусь.

Аўтамат ёсць на ўзбраенні армій многіх краін свету пад назвай універсальная або штурмавая вінтоўка, аблегчаная аўтам. вінтоўка з пакарочаным ствалом, напрыклад у ЗША аўтам. вінтоўка, у Англіі і ФРГ — пісталет-кулямёт і інш.

Аўтамат канструкцыі М.​Ц.​Калашнікава: 1 — з драўляным прыкладам (АКМ); 2 — 3 прыкладам, які складваецца (АКМС).

т. 2, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)