АДЭНАМАТО́З ЛЁГКІХ (ад адэнома + ...оз),

хранічная вірусная хвароба жывёл. Характарызуецца развіццём шматлікіх залозападобных разрастанняў у лёгачнай парэнхіме. Пашырана амаль ва ўсіх краінах свету, адзначаецца і на Беларусі. Хварэюць авечкі, козы, менш каровы, коні, сабакі, мышы, некаторыя рыбы. Узбуджальнік — рэтравірус тыпу С. Заражэнне паветрана-кропельным шляхам. Інкубацыйны перыяд ад некалькіх месяцаў да некалькіх гадоў. Лятальнасць ад 50 да 80%.

т. 1, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЙЛ-РО́ЯЛ (Isle Royale),

нацыянальны парк у ЗША, штат Мічыган. Засн. ў 1931. Знаходзіцца на воз. Верхняе (самае вял. прэснаводнае возера свету). Пл. каля 216 тыс. га, у т. л. 54 тыс. га сушы (в-аў Айл-Роял). Захоўваюцца першабытныя хвойныя і цвердалістыя лясы; бабры, разнастайная іхтыяфауна (46 відаў рыб) і арнітафауна (197 відаў птушак). Біясферны рэзерват.

т. 1, с. 175

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРАСТРА́Т (Hērostratos, г. Эфес, Малая Азія, цяпер Турцыя),

грэк, які спаліў у 356 да н.э. храм Артэміды Эфескай (прылічаны грэкамі да аднаго з 7 дзівосаў свету), каб абяссмерціць сваё імя. Паводле падання, храм згарэў у ноч нараджэння Аляксандра Македонскага. Герастрат быў забіты. Па рашэнні жыхароў іанійскіх гарадоў імя Герастрата было аддадзена вечнаму забыццю; стала сімвалам ганебна набытай славы.

т. 5, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАДЗЯ́НСКІ (Барыс Львовіч) (10.6.1902, Пекін — 2.12.1945),

бел. сцэнарыст маст. і дакумент. кіно. Засл. дз. маст. Беларусі (1935). Працаваў на кінафабрыках «Саўкіно», з 1930 «Савецкая Беларусь». Паводле яго сцэнарыяў створаны маст. фільмы «Першы ўзвод» (1933) і «Залатыя агні» (1935); дакумент. фільмы «Канец жывых машын» (1930), «Дырэктар станка» (1931), «Ратуйце мільёны» (1932), «Ураган» (1932, разам з Р.​Кобецам), «Гонар свету» (1933).

т. 3, с. 229

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРУ́МЕЛЬ (Валерый Мікалаевіч) (н. 14.5.1942, пас. Разведкі Тыгдзінскага р-на Амурскай вобл., Расія),

савецкі спартсмен-лёгкаатлет (скачкі ў вышыню). Засл. майстар спорту (1961). Скончыў Дзярж. цэнтр. ін-т фіз. культуры ў Маскве (1967). Чэмпіён (1964), сярэбраны прызёр (1960) Алімпійскіх гульняў, чэмпіён Еўропы (1962), 6 разоў ставіў сусв. рэкорды, тройчы (1961—63) прызнаваўся лепшым спартсменам свету. Аўтар кнігі «Вышыня» (1971).

т. 3, с. 266

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЬДЫ́ВІЯ (Valdivia),

археалагічная культура рыбаловаў і збіральнікаў 3-га — 1-й пал. 2-га тыс. да н.э. на цэнтр. узбярэжжы Эквадора. Адна з самых стараж. культур Новага Свету. Магчыма, яе носьбітам было вядома прымітыўнае земляробства. Выяўлены багата арнаментаваны гліняны посуд і статуэткі жанчын, каменныя нажы, разцы, скрабкі, зерняцёркі, клінападобныя сякеркі, рыбалоўныя кручкі з ракавін, касцяныя шылы і інш.

т. 3, с. 491

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАНГ ТХАЙ ШОН (Dang Thai Son; н. 1958),

в’етнамскі піяніст. Нар. арт. В’етнама (1984). Музыцы вучыўся ў маці, вядомай піяністкі, потым у Маскоўскай кансерваторыі. Гастраліруе. Вытанчанасць і філіграннасць выканальніцкай манеры, «адэкватнасць» трактоўкі (асабліва твораў Ф.​Шапэна) вылучылі яго як аднаго з лепшых піяністаў свету. Лаўрэат 1-й прэміі Міжнар. конкурсу піяністаў імя Ф.​Шапэна (Варшава, 1980).

т. 6, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЭ́РАС ((Carreras) Хасэ) (н. 5.12.1946, г. Барселона, Іспанія),

іспанскі спявак (лірычны тэнар). Выступае ў «Метраполітэн-опера», «Ла Скала», «Ковент-Гардэн» і інш. т-рах свету. Валодае голасам прыгожага тэмбру, вылучаецца ярка індывідуальным стылем выканання. Вядомы як выканаўца лірычных партый у операх (у т. л. малавядомых) Г.​Даніцэці, Дж.​Вердзі, Дж.​Пучыні. Выступае ў ансамблях з М.Кабалье, П.Дамінга, Л.Павароці.

Х.Карэрас.

т. 8, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫБІЯ́СІ ((Dibiasi) Клаўс) (н. 6.10.1947, г. Зольбад-Халь, Аўстрыя),

італьянскі спартсмен (скачкі ў ваду). Алімпійскі чэмпіён (1968, 1972, 1976) і чэмпіён свету (1973, 1975) у скачках з вышкі. Чэмпіён Еўропы ў скачках з вышкі (1966, 1974) і трампліна (1974). Пераможца спаборніцтваў на Кубак Еўропы ў скачках з вышкі (1965, 1967, 1975), трампліна (1969, 1973, 1976), вышкі і трампліна (1971).

т. 6, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́НА ((Kono) Томас) (н. 17.6.1930, г. Ганалулу, ЗША),

амерыканскі спартсмен (цяжкая атлетыка). Выступаў у лёгкай, паўсярэдняй і сярэдняй вазе. Чэмпіён XV (1952, Хельсінкі), XVI (1956, г. Мельбурн, Аўстралія) і сярэбраны прызёр XVII (1960, Рым) Алімп. гульняў. Чэмпіён свету (1953—55, 1957—59). Пераможца Панамер. гульняў (1955, 1959, 1963). Устанавіў 24 сусв. рэкорды, у т. л. 8 у трохбор’і.

т. 8, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)