у Горацкім, Мсціслаўскім р-нах Магілёўскай вобл. і паўд.ч. Дубровенскага р-на Віцебскай вобл. Займае найб. высокую ч.Аршанска-Магілёўскай раўніны. Абмяжоўваецца далінай р. Сож і яе прытокам р. Проня. Уваходзіць ва Усх.-Бел. (Прыдняпроўскую) фіз.-геагр. правінцыю. Найб.выш. 239 м.
Аснову тэктанічнай будовы складае Аршанская ўпадзіна, запоўненая магутнымі адкладамі дэвонскіх і мелавых глін і вапнякоў. Асадкі антрапагену прадстаўлены невял. магутнасці марэнай сожскага ўзросту. Асаблівасць геал. будовы — пашырэнне лёсавых і лёсападобных карбанатных суглінкаў і супескаў магутнасцю да 10 м, якія займаюць водападзелы рэк і ствараюць плоскахвалістую платопадобную паверхню раўніны з суфазійнымі западзінамі. Схілы рачных далін парэзаны ярамі і лагчынамі глыб. да 20—30 м. На дне некат. з іх цякуць пастаянныя ручаі. Глебы ўрадлівыя, дзярнова-палева-падзолістыя, часам дзярнова-карбанатныя з наяўнасцю гумусу ў ворным слоі да 2,5%. Частка глеб моцна эрадзіравана. Пад ворывам 60%, прыроднай расліннасцю (рэшткі ялова-дубовых лясоў і лугава-балотная) 10% тэрыторыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫКАНА́ЎЧЫ АДДЗЕ́Л ЛІТВЫ́, Літоўска-Беларускі чырвоны жонд,
цэнтр па кіраўніцтве паўстаннем 1863—64 у Літве і Беларусі. Створаны ў Вільні 26.6.1863 паводле дэкрэта варшаўскага Нац. ўрада ад 10.5.1863 на базе Аддзела кіраўніцтва правінцыямі Літвы. Спачатку старшынёй быў Я.Гейштар, пасля яго арышту 12.8.1863 кіраўніком стаў К.Каліноўскі. Фармальна залежаў ад варшаўскага паўстанцкага ўрада, але фактычна вырашаў важнейшыя пытанні паўстання незалежна. Уваходзілі У.Малахоўскі, Ю.Каліноўскі, Ф.Зянковіч, Ц.Далеўскі, І.Здановіч, І.Ямант. Аддзел намагаўся ўмацаваць рэв. арг-цыю, наладзіць сувязі з рус. рэвалюцыянерамі, далучыць да паўстання шырокія нар. масы. Прадстаўнікамі выканаўчага аддзела Літвы за мяжою былі Д.Банольдзі, Б.Длускі, Малахоўскі. У Кёнігсбергу ў 1864 было наладжана выданне падп.газ. «Glos z Litwy» («Голас з Літвы»). Пасля арышту К.Каліноўскага 10.2.1864 у Вільні дзейнічалі рэшткі паўстанцкай адміністрацыі.
Літ.:
Смирнов А.Ф. Восстание 1863 года в Литве и Белоруссии. М., 1963;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНУЭ́ЗСКІЯ КАЛО́НІІ Ў ПАЎНО́ЧНЫМ ПРЫЧАРНАМО́Р’І,
умацаваныя гандлёвыя і ваенна-адм. пункты на паўн. узбярэжжы Чорнага м. ў 13—15 ст.Засн. купцамі Генуі. Цэнтр — г. Кафа (сучасная Феадосія). У 1266 генуэзцы дамагліся ад стаўленіка Залатой Арды ў Крыме перадачы ім у валоданне Кафы, у 1357 выцесніўшы венецыянцаў, захапілі Чэмбалу (Балаклаву), у 1365 — Салдаю (Судак). Узніклі іх калоніі Баспора (на месцы сучаснага г. Керч), Тана (у вусці Дона), агенцтвы меліся ў г. Матрэга, Копа (каля Краснадара) і інш. Тут жылі грэкі, італьянцы, армяне, татары, рускія і інш. З сярэдзіны 14 ст. і да 1475 генуэзцы фактычна кантралявалі гандаль у Азова-Чарнаморскім бас. У 14—15 ст. у Маскве існавала карпарацыя купцоў («суражане»), якія спецыялізаваліся на гандлі з генуэзскімі калоніямі. У 1380 генуэзская пяхота ўдзельнічала на баку Мамая ў Кулікоўскай бітве 1380. Пасля падзення Візантыі (1453) міжнар. становішча калоній пагоршылася, у 1475 яны захоплены і разбураны Турцыяй і яе васалам Крымскім ханствам. Захаваліся рэшткі крапасных сцен, вежаў і палацаў генуэзцаў у Феадосіі, Балаклаве, Судаку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ША,
1) у беларусаў вясельная абрадавая страва, якой частавалі маладых пасля, а часам і перад першай шлюбнай ноччу. Маладых, накрытых ручніком ці наміткай, прыводзілі з каморы ў хату, свякроў у вывернутым кажусе пугай здымала з іх пакрывала, кідала яго на печ і садзіла за стол, потым тройчы папераменна частавала з лыжкі К., трымаючы ў руках пугу. Пакаштаваўшы К., жаніх браў з рук маці лыжку з рэштай К. і кідаў яе на печ. Свякроў «біла» маладых пугай і выганяла з-за стала, яны аббягалі вакол яго і выходзілі з хаты, а свякроў садзілася на іх месца. За стол садзіліся госці. Неўзабаве маладая вярталася з закускай, частавала свякроў, апярэзвала яе поясам уласнага вырабу, вешала на плечы ручнік, на галаву завязвала чыстую хустку (Віцебшчына). Рытуал кідання К. на печ ці парог — рэшткістараж. абраду ахвярапрынашэння продкам роду. Да 19 ст. яго першапачатковае значэнне страцілася. К. таксама абрадавая страва на радзінах (гл.Бабіна каша). 2) Традыцыйная страва амаль усіх народаў свету.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЗЫ́РСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1649,
выступленне гараджан Мазыра і сялян навакольных вёсак у час антыфеадальнай вайны 1648—51 на Беларусі. Пачалося ўлетку 1648. Выступленне ўзначаліў мазырскі рамеснік Іван Сталяр. Жыхары Мазыра склалі асобную харугву на чале з мясц. седлавым майстрам Седляром. У жн. да гараджан далучыўся пасланы Б.Хмяльніцкім атрад Міхненкі. З мэтай закрыць казацкім загонам шлях на Беларусь, у пач.студз. 1649 на Тураў і Мазыр рушыла 15-тысячнае войска ВКЛ на чале з гетманам польным Я.Радзівілам. Радзівіл паслаў да гараджан ганца з лістом, у якім прапанаваў здаць горад без бою, за што абяцаў усім паўстанцам права на свабодны выхад. Гараджане не прынялі прапановы. 19 студз. войска Радзівіла падышло да Мазыра. Драгуны, пад прыкрыццём саней з дрывамі, падышлі да варот, выбілі іх бярвёнамі і ўварваліся ў горад. К канцу дня горад і замак былі захоплены, рэшткі паўстанцаў адцеснены да Прыпяці і перабіты, горад разрабаваны, часткова спалены. Кіраўнік паўстання Сядляр прарваўся праз акружэнне і выратаваўся, Міхненка быў узяты ў палон і пакараны смерцю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ЛІ,
зборная група ніжэйшых раўнакрылых і разнакрылых матылёў, якія належаць да 3 падатрадаў (больш за 40 сям., каля 15 тыс. відаў). Вядомы з мелавога перыяду (каля 135 млн.г. назад). Пашыраны ўсюды. На Беларусі найб. трапляюцца прадстаўнікі 11 сям.: М. зубатыя — Micropterygidae, М. сапраўдныя — Tineidae (27 відаў), М.-стракаткі — Gracilariidae, або LithocoUetidae (18 відаў), М. гарнастаевыя — Yponomeutidae, М. выемчатакрылыя — Gelechiidae, М.-чахланоскі — Psychidae (9 відаў), М.-малюткі — Nepticulidae, або Stigmellidae (7 відаў), М. вузкакрылыя — Momphidae, М.-блішчанкі. або М. кружковыя — Heliozelidae (2 віды), М.-мінёры — Tischeriidae (4 віды), М.-мяшочніцы — Talaeporiidae (3 віды).
Матылі дробных і сярэдніх памераў. размах крылаў да 70 мм. Лічынкі (вусені) паядаюць раслінныя і жывёльныя рэшткі, грыбы, лішайнікі; дарослыя не кормяцца. Сярод М. шмат шкоднікаў, напр., М. мэблевая і М. адзежная псуюць шэрсць і футра, М. зерневая, або свірнавая — збожжапрадукты, М. стракатка яблыневая і М. гарнастаевая яблыневая шкодзяць яблыні, М. пупышкава-парасткавая — хвоі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАМАЗГА́-ТЭПЕ́,
рэшткі паселішча часоў энеаліту і бронзы плямён Сярэдняй Азіі (гл.Анаўская культура), за 7 км ад чыг. ст. Каахка ў Туркменіі. Пагорак Н.-Т. (выш. 32 м, пл. да 100 га) насыпаны штучна. Насельніцтва займалася земляробствам, існавала ліманнае арашэнне. Характэрны шматпакаёвыя пабудовы з цэглы-сырцу, падзеленыя вузкімі вулачкамі. Пахаванні адзінкавыя, у скурчаным стане, з керамічным інвентаром. Знойдзены крамянёвыя, каменныя, медныя і бронзавыя прылады працы і ўпрыгожанні, у т. л. халцэдонавыя пацеркі, гліняныя жаночыя статуэткі, мадэлі вазкоў, фігуркі жывёл. Керамічны посуд да канца 3-га тыс. да н.э. быў ляпны, потым вырабляўся на ганчарным крузе. Кераміка размалёўвалася геам. узорам у адну ці дзве (чорную і чырвоную) фарбы часам з выявамі птушак і жывёл, выкананых у іранскім стылі папярэдніх часоў. У пач. 2-га тыс. да н.э. Н.-Т. прыйшло ў заняпад. Лічаць, што яго насельніцтва вымушана было шукаць новае месца для пражывання ў сувязі з пачаткам засушлівага перыяду.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЕАПАТАЛО́ГІЯ (ад палеа... + паталогія),
навука пра хваробы выкапнёвых раслінных і жывёльных арганізмаў. Тэрмін увёў англ. вучоны М.Рафер у 1913. Вывучае паталогію беспазваночных, пазваночных жывёл і чалавека (ад пітэкантрапа), высвятляе частату і даўнасць хвароб, асаблівасці іх выяўлення і пашырэння ў розныя гіст. эпохі. Цесна звязана з палеанталогіяй, археалогіяй, прыродазнаўствам, медыцынай. Падзяляецца на П. раслін, жывёл і чалавека. Выкарыстоўвае метады патолагаанатоміі, рэнтгенаграфіі, гісталогіі, гістахіміі, біяхіміі.
Аб’ект даследавання — выкапнёвыя рэшткі (косці, зубы, валасяное покрыва і інш.), знойдзеныя ў час археал. і інш. раскопак. Па іх апісаны дэфармавальны артроз і спандылёз, хвароба Боткіна, касцявы туберкулёз, сіфіліс, рахіт, карыес зубоў і інш. П. мае вял. значэнне для распрацоўкі этыялогіі і патагенезу шэрагу захворванняў сучаснага чалавека, праблемы працягласці жыцця, прагназавання кірункаў яго эвалюцыі з улікам біял. і сац.-эканам. фактараў.
На Беларусі пытанні П. распрацоўваюцца з 1970 у Бел.пед. ун-це, Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац.АН Беларусі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́РШАЕ АПАЛЧЭ́ННЕ 1611,
атрады рас. дваран, земскіх людзей і казакоў, створаныя для барацьбы з рэшткамі войск Ілжэдзмітрыя II і польска-літоўскімі інтэрвентамі, якія занялі Маскву ў час вайны Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18. Збор апалчэння ўзначаліў П.Ляпуноў. У сак. 1611 апалчэнцы (20—30 тыс.чал.) падышлі да Масквы і аблажылі горад. Аднак польска-літ. гарнізон (6 тыс.чал., паводле інш. звестак да 10—12 тыс.) вытрымаў 4-месячную аблогу. Пасля таго як П.Ляпуноў быў забіты, рэшткі створанага ім апалчэння ў жн. 1611 увайшлі ў 2-е апалчэнне К.Мініна і Дз.Пажарскага, якое ў 1612 вызваліла Маскву ад польска-літоўскіх інтэрвентаў.
Літ.:
Платонов С.Ф. Очерки по истории смуты в Московском государстве XVI—XVII вв. М., 1937;
Костомаров Н.И. Повесть об освобождении Москвы от поляков в 1612 г. и избрание царя Михаила // Костомаров Н.И. Земские соборы. М., 1995;
Радзинский Э.С. Лжедмитрий // Соч.: В 7 т. М., 1999. Т. 5, ч. 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́НСКІ КАРАЛІ́НСКІ ЗА́МАК.
Існаваў у 16—18 ст. у в. Каралін (цяпер у межах г. Пінск Брэсцкай вобл.). Пабудаваны ў традыцыях новаітальян. фартыфікацыйнай сістэмы. У плане — падоўжаны чатырохвугольнік (75 × 37 × 46 × 75) з бастыёнамі на вуглах. Курціны і чатырохвугольныя з брустверамі бастыёны былі вымураваны з каменю (з боку поля бастыёны значна большыя). З ПдУ замак ахоўвалі стромкі бераг і воды р. Піна. Унутры валоў ішоў падземны скляпеністы праход вышынёй 2,1 м і шырынёй 90 см. У 2-й пал. 17 ст. замкам валодаў маршалак ВКЛ Ян Дольскі, потым — кн. Вішнявецкія. У ліп. 1660 у час аблогі П.К.з. разбураны рас. войскамі, у 1704 — войскамі шведскага караля Карла XII. У пач. 19 ст. яшчэ былі цэлыя 2 бастыёны і курціна. Пазней замак знік пад гар. забудовай. Рэшткі П.К.з. адлюстраваны на планах Пінска канца 18 ст., на малюнках Н.Орды 19 ст.
Літ.:
Ткачоў М.А. Замкі і людзі. Мн., 1991. С. 159—160.
М.А.Ткачоў.
Руіны Пінскага Каралінскага замка 3 малюнка Н.Орды. 19 ст.