ВЫГО́ЦКІ (Леў Сямёнавіч) (17.11.1896, г. Орша Віцебскай вобл. — 11.6.1934),
псіхолаг. Скончыў Маскоўскі ун-т (1917). У 1919—23 жыў і працаваў у Беларусі. З 1924 у Маскоўскім ін-це эксперым. псіхалогіі, потым у заснаваным ім Ін-це дэфекталогіі. Даследаваў грамадскую, дзіцячую, пед. і клінічную псіхалогію. Крытычна прааналізаваў тагачасныя філас. і псіхал. канцэпцыі («Сэнс псіхалагічнага крызісу», рукапіс, 1926). У кн. «Гісторыя развіцця вышэйшых псіхічных функцый» (1930—31, апубл. 1960) выклаў культ.-гіст. тэорыю развіцця псіхікі. Вывучаў таксама структуру свядомасці («Мысленне і мова», 1934), якую лічыў дынамічнай сэнсавай сістэмай, што знаходзіцца ў адзінстве афектыўных, валявых і інтэлектуальных працэсаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫТВО́РЧЫ ЦЫКЛ,
час, неабходны для вырабу пэўнай прадукцыі на прамысл. прадпрыемстве. Уключае тэхнал. перыяд і перапынкі ў вытв-сці. Тэхнал. перыяд складае асн. частку вытворчага цыклу і ўключае час, неабходны для выканання аперацый па вырабе прадукцыі і ажыццяўлення натуральных працэсаў. Перапынкі падзяляюцца на міжаперацыйныя (сушка дрэва, браджэнне піва і г.д.) і абумоўленыя рэжымам работы прадпрыемства і патрэбамі вытворцаў (перапынкі паміж рабочымі зменамі і інш.). Агульная працягласць вытворчага цыклу характарызуе ўзровень арганізацыі вытв. працэсу па часе і залежыць ад прадукцыі, што вырабляецца, узроўню механізацыі і аўтаматызацыі вытв-сці, тэхнікі і тэхналогіі, відаў руху прадметаў працы ад адной аперацыі да другой і інш. Скарачэнне вытворчага цыклу павышае эфектыўнасць вытв-сці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫЯЎЛЕ́НЧЫЯ МАСТА́ЦТВЫ,
раздзел пластычных мастацтваў; аб’ядноўваюць жывапіс, скульптуру, графіку, фотамастацтва. Адлюстроўваюць рэчаіснасць у наглядных вобразах, што ўспрымаюцца зрокам. Структурная ідэнтычнасць, падабенства прадмета і яго вобраза, матэрыялізаванага ў маст. творы на палатне, кардоне або дошцы, на аркушы паперы, у камені ці метале, насценных размалёўках (манум.-дэкар. жывапіс), з’яўляецца адной з характэрных умоў рэаліст. ўзнаўлення прадметнага свету. Выяўленчыя мастацтвы маюць неабмежаваныя магчымасці глыбокага і праўдзівага адлюстравання дынамікі самых розных працэсаў грамадскага жыцця, выяўлення эстэт. сутнасці прыроднай і сац. рэчаіснасці, духоўнага свету чалавека; часам таксама могуць увасабляць вобразы, якія не існуюць у рэальнасці і створаны фантазіяй чалавека. Выяўленчае мастацтва з’яўляецца фактарам фарміравання грамадскага ўсведамлення (гл.Мастацтва); адной з формаў пазнання свету.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРА́НСКІ (Георгій Канстанцінавіч) (н. 26.12.1912, г. Казань, Расія),
бел. вучоны ў галіне машыназнаўства і тэхн. кібернетыкі. Чл.-кар.АН Беларусі (1969), д-ртэхн.н. (1968), праф. (1969). Скончыў БПІ (1938). Арганізатар і першы дырэктар Ін-та машыназнаўства і аўтаматызацыі і Ін-та тэхнічнай кібернетыкі АН Беларусі. Навук. працы па аўтаматызацыі канструявання і тэхнал. праектавання. Распрацаваў тэарэт. асновы, метады і алгарытмы мадэлявання і аўтаматызаванага праектавання тэхнал.працэсаў у машынабудаванні.
Тв.:
Элементы теории автоматизации машиностроительного проектирования с помощью вычислительной техники. Мн., 1970 (у сааўт.);
Автоматизированные системы технологической подготовки производства в машиностроении. М., 1976 (у сааўт);
Технологическое проектирование в комплексных автоматизированных системах подготовки производства. М., 1981 (разам з Э.І.Бендзеравай).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРБЫЛЁВА (Ганна Іванаўна) (н. 18.12.1928, в. Старая Гараша, Мардовія, Расійская Федэрацыя),
бел. аграхімік-глебазнавец. Д-рс.-г.н. (1979), праф. (1981). Скончыла Маскоўскую акадэмію імя К.А.Ціміразева (1951). З 1955 у БСГА. Навук. працы па вывучэнні рацыянальных спосабаў унясення ўгнаенняў, дастасаваных да агратэхн. умоў вырошчвання с.-г. культур, прыёмах аптымізацыі мінер. жыўлення с.-г. раслін, біядынаміцы глебавых працэсаў і гумусавага стану глебы.
Тв.:
Баланс фосфора в системе почва—растения—удобрения в севообороте при разных нормах и способах внесения туков // Почвы БССР и пути повышения их плодородия. Мн., 1977;
Научные основы применения удобрений в Западном регионе СССР. Мн., 1981 (у сааўт.);
Оптимальные параметры плодородия почв. М, 1984 (у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРНО́ВА-КАРБАНА́ТНЫЯ ГЛЕ́БЫ,
тып глеб, што фарміруюцца ў месцах выхаду на паверхню карбанатных парод (вапнякоў, даламітаў, мелу і інш.) пры нармальным увільгатненні пад травяністай расліннасцю. У залежнасці ад ступені выяўлення працэсаў вышчалочвання і ападзольвання Дз.-к.г. падзяляюць на 3 падтыпы: тыповыя Дз.-к.г., вышчалачаныя. ападзоленыя, якія ўключаюць вял. колькасць родаў, відаў і разнавіднасцей. Пашыраны невял. ўчасткамі ў еўрап.ч. Расіі, на Д. Усходзе. На Беларусі найб. трапляюцца ў Магілёўскай, Брэсцкай і Віцебскай абласцях. Высокаўрадлівыя, маюць 5—9% гумусу, інтэнсіўна асвойваюцца пад ворыва. Прыдатныя для вырошчвання патрабавальных да глебавых умоў с.-г. культур (цукр. буракі, пшаніца, ячмень, люцэрна і інш.). Урадлівасць Дз.-к.г. павышаюць мінер. (пераважна калійнымі, марганцавымі і борнымі) угнаеннямі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПАГАНАДЫ́ЗМ (ад гіпа... + ганады),
гіпагеніталізм, паталагічны стан чалавека, які абумоўлены зніжанай сакрэцыяй палавых гармонаў і характарызуецца слабым развіццём палавых органаў і другасных палавых прыкмет. Бывае першасны (пры паталогіі палавых органаў) і другасны (у выніку пашкоджання інш. эндакрынных залоз — гіпофіза, гіпаталамуса, шчытападобнай залозы, наднырачнікаў і інш.).
Адрозніваюць розныя клінічныя формы гіпаганадызму: эмбрыянальная — праяўляецца адсутнасцю яечак, крыптархізмам або сіндромам Клайнфелтэра (калі развіваецца ў раннім эмбрыянальным перыядзе, да 20 тыдняў, прыводзіць да гермафрадытызму); дапубертатная форма суправаджаецца фарміраваннем еўнухападобных прапорцый цела і недастатковасцю або адсутнасцю другасных палавых прыкмет; постпубертатная (у дарослым узросце) характарызуецца знікненнем другасных палавых прыкмет і парушэннем палавых функцый. Гіпаганадызм можа ўзнікаць у выніку запаленчых працэсаў у яечках, таксама з прычыны гарманальнай недастатковасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПО́ФІЗ (ад грэч. hypophysis адростак),
ніжні мазгавы прыдатак, залоза ўнутр. сакрэцыі чалавека і пазваночных жывёл. Знаходзіцца ў ямцы асн. косці чэрапа (турэцкім сядле). Звязваецца ножкай з асновай мозга. Маса гіпофіза ў чалавека 0,5—0,6 г. Выпрацоўвае гармон росту, адрэнакартыкатропны і ганадатропныя гармоны і інш., што стымулююць рост і развіццё арганізма, функцыі інш. эндакрынных залоз, удзельнічаюць у рэгуляцыі ціску крыві, выдзяленні мачы, скарачэнні мышцаў маткі. Дзейнасць гіпофіза кантралюецца ц. н. с., цесна звязана з гіпаталамусам і інш. залозамі ўнутр. сакрэцыі. Хваробы гіпофіза ўзнікаюць ад чэрапна-мазгавых траўмаў, запаленчых працэсаў, пухлін. Найб. вядомыя хваробы пярэдняй долі гіпофіза: акрамегалія, гігантызм, Іцэнкі—Кушынга хвароба, карлікавы рост, вегетатыўныя расстройствы; задняй долі гіпофіза — дыябет нецукровы. Лячэнне: гармонатэрапія, хірургічнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЛЕ́СКАЯ (Галіна Адамаўна) (н. 28.2.1937, в. Кімейка Сенненскага р-на Віцебскай вобл.),
бел. фізік. Д-рфіз.матэм.н. (1987), праф. (1993). Чл. Нью-Йоркскай АН (1995). Дачка А.І.Залескага. Скончыла БДУ (1959), дзе і працавала да 1966. З 1966 у Ін-це фізікі, з 1992 у Ін-це атамнай і малекулярнай фізікі Нац.АН Беларусі. Навук. працы па малекулярнай спектраскапіі і лазернай фізіцы. Распрацавала метады даследаванняў электроннай і вагальнай рэлаксацыі шмататамных малекул, метады і сродкі газавага аналізу тэхнал.працэсаў і навакольнага асяроддзя.
Тв.:
Энергетические зависимости характеристик столкновительного обмена колебательной энергией в парах многоатомных молекул (разам з Дз.Л.Якаўлевым) // Оптика и спектроскопия. 1995. Т. 78, № 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАПАВЕ́ДНЫЯ ЛЯСЫ́,
лясныя масівы на тэрыторыі асабліва ахоўных прыродных тэрыторый і аб’ектаў і каштоўныя ўчасткі лесу, абвешчаныя помнікамі прыроды, якія знаходзяцца пад аховай запаведнага рэжыму. З’яўляюцца эталонамі прыроды, прызначаны для захавання генет. фонду жывёл і раслін, натуральных раслінных згуртаванняў і экасістэм, выкарыстоўваюцца для вывучэння прыродных працэсаў у лясах. Частка З.л. (у запаведніках) абсалютна запаведныя, у іх выключаецца любое ўмяшанне ў прыродныя працэсы. На Беларусі агульная пл. З.л. каля 1200 тыс.га, у т. л. лясоў-запаведнікаў і нац. паркаў 240 тыс.га, ландшафтных, біялагічных і гідралагічных заказнікаў каля 800 тыс.га, каштоўных участкаў лесу 5,0 тыс.га. З.л. належаць да лясоў 1-й групы, у іх забаронена высечка і інш. лесагасп. дзейнасць.