ЛЮ́БАНЬ,

вёска ў Вілейскім р-не Мінскай вобл., на аўтадарозе Вілейка—Мядзел. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 12 км на Пн ад горада і чыг. ст. Вілейка, 108 км ад Мінска. 1148 ж., 444 двары (1999). Спірт- і вінзаводы, цэх мінер. вады, кансервавы цэх, малое прадпрыемства «Любань». Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Малітоўны дом евангельскіх хрысціян-баптыстаў. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 9, с. 394

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯШЧЫ́НСКІ ВЯЛІ́КІ КА́МЕНЬ,

геалагічны помнік прыроды на Беларусі (з 1997). За 250 м на ПнЗ ад в. Ляшчынск Мядзельскага р-на Мінскай вобл. Валун ружавата-шэрага дробназярністага граніту з уключэннямі крышталёў мінералаў цёмнага колеру (слюды). Даўж. 4 м, шыр. 3,4 м, выш. 0,8 м, у абводзе 11,7 м, аб’ём 10,7 м³, маса каля 27 т. Прынесены ледавіком каля 15—20 тыс. г. назад са Скандынавіі.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 9, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЗО́ (Рахіль Эфраімаўна) (н. 6.2.1910, г. Барысаў Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне педыятрыі. Д-р мед. н. (1965), праф. (1966). Скончыла Маскоўскі ун-т (1930) і Мінскі мед. ін-т (1940). У 1949—80 у Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў (з 1969 заг. кафедры). Навук. працы па кардыялогіі дзіцячага ўзросту.

Тв.:

Пособие по педиатрии для врачей. Мн., 1969 (разам з І.​Н.​Усавым);

Пневмония у детей раннего возраста. Мн., 1977.

т. 9, с. 510

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКСІМО́ВІЧ (Уладзімір Васілевіч) (н. 2.2.1940, в. Лань Нясвіжскага р-на Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне вет. медыцыны. Д-р вет. н., праф. (1995). Скончыў Віцебскі вет. ін-т (1965). З 1968 у Віцебскай акадэміі вет. медыцыны (з 1988 заг. кафедры). Навук. працы па вывучэнні, метадах дыягностыкі, агульнай спецыфічнай прафілактыцы інфекц. захворванняў жывёл.

Тв.:

Сальмонеллез свиней. Мн., 1994;

Некробактериоз сельскохозяйственных животных. Мозырь, 1999 (разам з Э.​І.​Верамеем).

т. 9, с. 547

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРДЗВІ́ЛАВІЦКАЕ РАДО́ВІШЧА ПЯСКО́Ў.

У Любанскім р-не Мінскай вобл., каля в. Мардзвілавічы. Пластавы паклад звязаны з канцова-марэннымі адкладамі сожскага зледзянення. Пяскі жоўтыя, шэрыя, дробна- і сярэднезярністыя, палевашпатава-кварцавыя, з праслоямі і лінзамі жвірыстага пяску і марэннага супеску. Разведаныя запасы 10,5 млн. м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 1,5—14,3 м, ускрышы (тонкія пяскі, супескі) 0,2—5,9 м. Пяскі прыдатныя на выраб сілікатнай цэглы, сілікатабетону. Распрацоўваецца Любанскім камбінатам будматэрыялаў.

А.​П.​Шчураў.

т. 10, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРО́ЗАЎ (Міхаіл Ільіч) (1.1.1922, г. Барысаў Мінскай вобл. — 24.8.1944),

Герой Сав. Саюза (1943). Скончыў Барысаўскае педвучылішча (1939). У Вял. Айч. вайну на Зах., Варонежскім, Цэнтр. і 1-м Укр. франтах. Артыл. батарэя на чале з старшым лейт. М. вызначылася ў жн.—вер. 1943 пры вызваленні Украіны. У баі за плацдарм на р. Сейм паранены М. працягваў кіраваць агнём батарэі, забяспечыў прарыў абароны праціўніка і вызваленне шэрагу нас. пунктаў.

М.І.Марозаў.

т. 10, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЦКІ́ЙСКІ ВЯЛІ́КІ КА́МЕНЬ,

геалагічны помнік прыроды Беларусі (з 1997). За 400 м на ПнЗ ад в. Мацкі Мядзельскага р-на Мінскай вобл. Валун граніту сярэднезярністага з кварцава-палевашпатавымі жылкамі таўшчынёй да 3—5 см. Даўж. 3,9 м, шыр. 3 м, выш. 1,1 м, у абводзе 10,1 м, аб’ём бачнай часткі 12,8 м³, маса каля 34 т. Прынесены ледавіком каля 15—20 тыс. г. назад са Скандынавіі.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 10, с. 230

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́РКАЎКА (Аркадзь Андрэевіч) (26.1. 1900, в. Зазер’е Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 24.4.1957),

бел. паэт. Скончыў БПІ (1934). Працаваў тэлеграфістам на ст. Мінск (1916—26), на з-дзе «Беларусь», у Палаце мер і вагі, выкладаў у БПІ. У Вял. Айч. вайну партыз. сувязны ў Мінску. Друкаваўся з 1922. Паэзія М. (зб. «Дым жыцця», 1928) вызначаецца філасафічнасцю, лірызмам, паглыбленнем у чалавечую душу.

Тв.:

Гады, як ветразі. Мн., 1959;

Вершы. Мн., 1973.

т. 10, с. 522

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВАСА́Д (Пётр Аляксандравіч) (15.7.1939, в. Шэлехава Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 16.6.1994),

бел. спявак (барытанальны тэнар). Засл. арт. Беларусі (1989). Спяваў у самадзейнасці. З 1960 артыст Дзярж. акад. нар. хору Беларусі. Валодаў моцным, роўным ва ўсіх рэгістрах голасам прыгожага тэмбру вял. дыяпазону, дакладнай інтанацыяй. Яго выканальніцкая манера вылучалася абаяльнасцю, шчырасцю, эмацыянальнасцю. Выконваў адказныя сола ў праграмах калектыву, у т. л. бел. і рус. нар. песнях і інш.

М.​П.​Дрынеўскі.

т. 11, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«НАЛІБО́КІ»

(«Naliboki»),

кодавая назва карнай аперацыі ням.-фаш. захопнікаў супраць партызан і мясц. насельніцтва ў Івянецкім р-не Баранавіцкай (цяпер Мінскай) вобл., у Налібоцкай пушчы 24—27.7.1942 у Вял. Айч. вайну. Праводзілася 3 карнымі батальёнамі, якім не ўдалося пранікнуць у размяшчэнне партыз. фарміраванняў. Выкліканая акупантамі бамбардзіровачная авіяцыя (15 самалётаў) 27 ліп. не здолела знішчыць партызан і разбурыць іх базы. У раёне аперацыі гітлераўцы забілі і паранілі каля 200 мясц. жыхароў.

т. 11, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)