КАШТАЛА́ПАЎ Анатоль Міхайлавіч (н. 20.7.1948, г. Магілёў),

бел. танцоўшчык і музыкант. Засл. арт. Беларусі (1983). З 1970 артыст балета Дзярж. нар. хору Беларусі, з 1974 фальклорна-харэаграфічнага ансамбля «Харошкі», з 1988 у Бел. дзярж. ансамблі нар. музыкі «Свята». Разнапланавы характарны танцоўшчык і музыкант. Тэмпераментна і маляўніча выконвае розныя сола ў пастаноўках калектыву, у т. л. сола на акарыне ў нар. песнях «Калі каліна не цвіла», «Пасею гурочкі», «Песні-баладзе» ў апрацоўках В.​Купрыяненкі, танец з гармонікам у сюжэтнай харэагр. кампазіцыі «Спаборніцтва музыкаў» і інш.

т. 8, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЧУ́М (?, Цэнтр. Азія — не раней 1598),

апошні хан Сібірскага ханства. У 1563 скінуў сібірскіх ханаў Едыгера і Бекбулата — даннікаў рас. цара Івана IV і абвясціў сябе ханам. Ён спыніў выплату даніны і ўзначаліў барацьбу супраць казацкай дружыны Ермака. У 1582 пацярпеў паражэнне ў бітве на Чувашаўскім мысе на р. Іртыш, пакінуў сваю сталіцу Кашлык. У 1585 знішчыў атрад казакаў на чале з Ермаком. Працягваў барацьбу да жн. 1598, калі быў канчаткова разбіты ваяводам А.​Ваейкавым на р. Бердзь, уцёк у Нагайскую Арду, дзе і загінуў.

т. 9, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МНАГАКРА́ТНАЯ РЫ́ФМА,

рыфма, якая паўтараецца ў вершы 5 і больш разоў запар. Асабліва характэрна для ўсх. паэзіі. Трапляецца і ў бел. паэзіі, для спалучэння тых радкоў твора, у якіх разгорнута адна вобразная думка:

І мне наканаваны бой З другімі і самім сабой
Бой з тупасцю. як пень, тупой,
Бой з чэрствасцю, як час, скупой.
Бой з крывадушнасцю любой.
Бяскроўны, ды смяротны бой.
Бой нерваў, сэрца перабой,
Калі нібы перад табой
Такі, як ты, ды не такі,
А пустазвоны-мастакі.
(А.​Лойка. «...І мне наканаваны бой»).

В.​П.​Рагойша.

т. 10, с. 499

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАГО́НЯ,

ваенная павіннасць у ВКЛ. Згадваецца ў прывілеі караля польскага і вял. кн. літ. Ягайлы 20.2.1387 баярству ВКЛ: «У тым выпадку, калі прыйдзецца пераследаваць ворагаў, непрыяцеляў нашых, якія б збягалі з нашай літоўскай зямлі, то дзеля гэтага роду пераследавання, якое па-народнаму завецца пагоняй, абавязаны адпраўляцца не толькі рыцары, але і кожны мужчына, якога б ён ні быў паходжання або стану, толькі б ён быў здольны насіць зброю». У лацінскім тэксце акта слова «пагоня» прыведзена ў форме «pogonia», што сведчыць пра існаванне гэтай павіннасці на слав. землях ВКЛ.

т. 11, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРШАСНАРО́ТЫЯ (Protostomia),

падраздзел двухбакова-сіметрычных беспазваночных жывёл, у якіх ротавая адтуліна ўтвараецца на месцы першаснага рота (бластапора) або яго пярэдняй часткі, анальная — на заднім канцы цела. Уключае імшанак, кольчатых чарвей, круглых чарвей, малюскаў, немертын, мечаногіх, плоскіх чарвей, фаранід, членістаногіх, аніхафор, калючагаловых. Проціпастаўляюцца другаснаротым, у якіх ротавая адтуліна ўтвараецца незалежна ад першаснага рота.

Шкілет вонкавы (кутыкула, хіцін ці ракавіна); пярэдняя і задняя кішкі развіваюцца праз прагінанне эктадэрмы; нерв. сістэма прадстаўлена нерв. ствалом і гангліямі (нерв. вузламі), выдзяляльная — нефрыдыямі. Драбленне яйца спіральнае (калі не зменена другасна).

А.​М.​Петрыкаў.

т. 12, с. 309

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭВАЛЮЦЫ́ЙНЫ ТРЫБУНА́Л,

1) надзвычайны суд у Францыі ў часы Французскай рэвалюцыі 1789—99. Створаны як часовы трыбунал у жн. 1792, рэарганізаваны ў сак. 1793. Назву атрымаў пры якабінцах, калі стаў адным з органаў якабінскай дыктатуры. Яго рашэнні не падлягалі апеляцыі і касацыі; адзінай мерай пакарання была смяротная кара. Пасля тэрмідарыянскага перавароту 1794 Р.т. — орган контррэвалюцыйнага тэрору. Скасаваны ў 1795.

2) Органы правасуддзя ў першыя гады савецкай улады. Створаны паводле Дэкрэта аб судзе ад 22.11.1917 для барацьбы з контррэвалюцыяй, сабатажам і інш. небяспечнымі злачынствамі. Скасаваны ў 1922.

т. 13, с. 539

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКАЛЯ́РНАЕ ПО́ЛЕ,

вобласць прасторы, з кожным пунктам якой звязаны некаторы скаляр. Матэматычна вызначаецца скалярнай функцыяй φ(М), залежнай ад каардынат пераменнага пункта М дадзенай вобласці. Напр., поле т-р унутры дадзенага цела, поле шчыльнасцей. Асн. характарыстыка С.п. — градыент; матэм. апарат вывучэння С.п. — вектарнае злічэнне. С.п. ў фізіцы — поле фізічнае, якое апісваецца скалярнай функцыяй, інварыянтнай адносна павароту восей каардынат. Адрозніваюць уласна С.п. (знак функцыі поля не мяняецца пры прасторавай інверсіі) і псеўдаскалярнае поле (калі знак мяняецца). У квантавай тэорыі поля квантамі С.п. з’яўляюцца часціцы з нулявым спінам.

т. 14, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«У КАРНАЧА́»,

бел. дзіцячая гульня. На Случчыне мае назву «У апуку». Для яе рабілі мячык з ануч. Кожны ўдзельнік выкопваў неглыбокую ямку, каля якой стаяў у пачатку гульні. Адзін з гульцоў каціў мячык праз ямкі. Той, у чыю ямку закоціцца мячык, пляскаў у далоні. Па гэтым сігнале астатнія ўдзельнікі ўцякалі ў «поле» (на адлегласць, адзначаную рысай на зямлі), а той, у чыю ямку трапіў мячык, павінен быў схапіць яго і пацэліць у каго-небудзь з гульцоў. Калі гэта не ўдавалася, то яму выпадала каціць мячык па ямках.

В.​Дз.​Ліцвінка.

т. 16, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯРАПО́ЛК Ю́Р’ЕВІЧ,

пінскі князь у канцы 12 ст. Сын тураўскага і пінскага кн. Юрыя Яраславіча. Упамінаецца ў 1190, калі ў Пінску адбывалася яго вяселле. На свята прыбыў паўд.-рус. кн. Рурык Расціславіч, з якім меркаваўся сумесны паход на Літву, але не адбыўся з-за ранняга раставання снегу. Магчыма, Я.Ю. валодаў Пінскам сумесна з братам Яраславам Юр’евічам. Пры археал. раскопках у Пінску (1957) знойдзены фрагмент амфары з надпісам «[Я]рополче віно». Як мяркуюць, гэта амфара з віном была прывезена на вяселле Я.Ю.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 18, кн. 1, с. 295

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

адпрэ́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак.

Разм. Адхіліць, не даць чым‑н. займацца, прымусіць пакінуць месца, пасаду. [Сымон:] Я думаю! Гэта ж не жартачкі! — ад усяго адпрэчылі, і рук няма за што зацяць. Купала. І чаму.. [Васіль] не абсек тады Клыбіка, не адпрэчыў: знайшоў калі гаварыць пра школьныя справы, пагаварыў бы днём! М. Стральцоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)