выступленне жыхароў Смаленска супраць улады ВКЛ і за аднаўленне самастойнага Смаленскага княства. Пачалося вясной 1440, калі смаленскі ваявода А.Саковіч пачаў прыводзіць смалян да прысягі на вернасць новаму вял.кн.ВКЛ Казіміру IV Ягелончыку. У горадзе актывізавалася групоўка баяр і «чорных людзей», якая абапіралася на падтрымку ўшчэмленых у паліт. правах правасл. феадалаў усх. рэгіёнаў ВКЛ Карыстаючыся тым, што значная частка па-пралітоўску настроеных баяр выехала ў Вільню на выбранне новага вял. князя, частка жыхароў горада ўзняла паўстанне. Пасля перамогі над паўстанцамі Саковіч выехаў з горада, але смаляне не скарыліся і запрасілі да сябе ваяводам дарагабужскага кн. Андрэя Дзмітрыевіча, а потым «к собе оспадарем» мсціслаўскага кн.Юрыя Лугвенавіча (гл. ў арт.Мсціслаўскія). Ен вырашыў не падначальвацца Казіміру, арыштаваў у Смаленску баяр, што ездзілі да Казіміра, канфіскаваў іх маёмасць і раздаў яе сваім прыхільнікам. Як і ў 1432 (гл.Свідрыгайлы паўстанне 1432—39), ВКЛ зноў апынулася на мяжы расколу на 2 дзяржавы. Казімір вырашыў задушыць мяцеж. Але пасланыя ім войскі прастаялі пад Смаленскам 3 тыдні, не наважыліся на штурм і вярнуліся назад. У ліст. 1440 сам Казімір з войскам пайшоў на Смаленск. Юрый, не маючы дастаткова сіл, уцёк у Маскву, а адтуль у Вял. Ноўгарад.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СО́Ф’Я СЛУ́ЦКАЯ (1.5.1585, г. Слуцк — 19.3.1612),
рэлігійная дзяячка, бел.правасл. святая. Дачка слуцкага кн.Юрыя Алелькавіча і Барбары Кішкі. Выхоўвалася ў праваслаўі. Рана асірацела і стала ўладальніцай вял. латыфундыі пад апекай сваякоў Хадкевічаў. Пасля смерці дзядзькоў Аляксандра (1591) і Яна Сымона (1592) да Соф’і адышло ўсё Слуцкае княства з гарадамі Слуцк і Капыль, мяст. Раманава, Старобін, Любань, Пясочнае і Ленін, 32 фальваркі. Яе апекуны Хадкевічы завінаваціліся Радзівілам вял. суму грошай, і ў 1600 дамовіліся выдаць Соф’ю замуж за Я.Радзівіла (у будучым кашталян віленскі). Аднак спрэчкі паміж Хадкевічамі і Радзівіламі ледзь не выліліся ў баявыя дзеянні. Пры пасрэдніцтве караля Жыгімонта III Вазы бакі паразумеліся. 1.10.1600 у Брэсце адбыўся шлюб Соф’і з Радзівілам. Хоць муж вызнаваў кальвінізм, Соф’я засталася праваслаўнай. Шмат увагі аддавала дабрачынным справам, падтрымлівала правасл. цэрквы і манастыры ў Слуцкім княстве, якое дзякуючы ёй захавала сваё правасл. аблічча. Пасля яе заўчаснай смерці Слуцкае княства, згодна з ранейшай дамоўленасцю, перайшло да Радзівілаў. Труна з астанкамі Соф’і знаходзілася ў царкве Слуцкага Троіцкага манастыра і шанавалася як цудатворная. Зараз мошчы зберагаюцца ў Мінскім Свята-Духавым кафедральным саборы, Соф’я ўваходзіць у Сабор бел. святых. Дзень яе памяці 1 красавіка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАРНА́ЎЧЫЦЫ,
вёска ў Брэсцкім р-не на аўтадарозе Брэст—Камянец. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 18 км на ПнУ ад Брэста. 2380 ж., 884 двары (2003). З-д жалезабетонных вырабаў, ПМК-55, вучэбны цэнтр Брэсцкага аблсельгасхарча. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Магіла ахвяр фашызму. Помнікі архітэктуры: Чарнаўчыцкі Троіцкі касцёл, Свята-Параскева-Пятніцкая (Пакроўская) царква (1733).
Вядомы з пач. 15 ст. У 1421 у Ч. заснаваны касцёл. У 1487 баярын Іван Іллініч абмяняў свае вотчыны на дзярж. маёнтак Ч., які заставаўся ў родзе Іллінічаў да 2-й пал. 16 ст. Пасля смерці ў 1569 Юрыя Іллініча Ч. перайшлі да Радзівілаў, да пач. 19 ст. Чарнаўчыцкае графства — цэнтр радзівілаўскага маёнтка. У 16—18 ст. мястэчка ў Брэсцкім пав.ВКЛ. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) у Рас. імперыі, у Брэсцкім пав. Слонімскай, з 1797 Літоўскай, з 1801 Гродзенскай губ. У 1886—574 ж., 71 двор, школа, 2 правасл. царквы, яўр. малітоўны дом, сінагога. З 1921 у Польшчы, вёска ў Турненскай гміне Брэсцкага пав. Палескага ваяв., 149 ж. (1921). З 1939 у складзе БССР, з 15.1.1940 вёска ў Брэсцкім р-не, з 12.10.1940 цэнтр сельсавета.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Ю́РЫЙ ЯРАСЛА́ВІЧ (?—11627),
князь тураўскі і пінскі. Сын Яраслава Святаполчыча, унук кіеўскага і тураўскага кн.Святаполка Ізяславіча. У летапісах упамінаецца з 1149, калі быў даверанай асобай і служылым князем у Юрыя Уладзіміравіча Далгарукага; па яго загадзе ў 1155 беспаспяхова намагаўся захапіць г. Луцк у кн. Мсціслава Ізяславіча. Відаць, у 1157 авалодаў Туравам і Пінскам як сваёй родавай спадчынай. Вывядзенне Ю.Я. гэтых зямель з-пад улады кіеўскіх князёў азначала аднаўленне незалежнасці Тураўскага княства і панавання там дынастыі Ізяславічаў. У 1158 вял. кіеўскі кн. Ізяслаў Давыдавіч арганізаваў супраць Ю.Я. вял. паход, у якім прынялі ўдзел галіцкія войскі, у т. л. луцкі кн. Яраслаў Ізяславіч, Яраполк Андрэевіч, Рурык Расціславіч са смаленскімі атрадамі, Уладзімір Мсціславіч, полацкія войскі і качэўнікі-берандзеі. У 1160 Ю.Я. ажыццявіў паход на сваіх паліт. праціўнікаў, намагаўся захапіць г. Выр у Пераяслаўскім княстве і г. Зарыты ў Чарнігаўскім княстве. У тым жа годзе вытрымаў у Тураве 3-тыднёвую аблогу валынскіх князёў Мсціслава і Яраслава Ізяславічаў, Яраполка і Уладзіміра Андрэевічаў. Толькі ў 1162 вял. кіеўскі кн. Расціслаў Мсціславіч заключыў мір з Ю.Я. Відаць, у хуткім часе пасля гэтага Юрый памёр, бо ў 1162 тураўскім князем названы яго сын Святаполк Юр’евіч. Летапісныя паведамленні малююць Ю.Я. як вопытнага дыпламата, умелага і ўдачлівага военачальніка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАХО́ДЫ ВІ́ТАЎТА НА СМАЛЕ́НСК 1395—1404,
ваенныя паходы супраць Смаленскага княства з мэтай далучэння яго да ВКЛ. Спробы падпарадкаваць смаленскія землі рабіў Альгерд (1356, 1375). У 1386 пасля разгрому смалян войскамі ВКЛ каля Мсціслава (гл.Мсціслаўская бітва 1386) Ягайла пасадзіў у Смаленску сына загінуўшага ў бітве кн. Святаслава — Юрыя і прымусіў яго ў 1387 прынесці васальную прысягу. Пасля прыходу да ўлады ў ВКЛВітаўта Юрый, абапіраючыся на падтрымку Разанскага княства, вырашыў кіраваць самастойна. У 1395 Вітаўт заняў Смаленск і пасадзіў там сваіх намеснікаў — Якава Ямантавіча і Васіля Барэйкавіча. Пасля паражэння Вітаўта ў бітве на Ворскле 1399, Юрый з дапамогай разанскага кн. Алега і паўстаўшых гараджан вярнуў Смаленск. У 1401, 1402, 1403 Вітаўт рабіў няўдалыя спробы вярнуць горад. Пасля смерці разанскага кн. Алега (1402) прыхільнікі Вітаўта спрабавалі ўзняць у княстве мяцеж, але поспеху не мелі. У 1404 пры падтрымцы Ягайлы і нейтралітэце Маск. дзяржавы Вітаўт уключыў Смаленскае княства ў склад ВКЛ. Паводле сведчання «Хронікі літоўскай і жамойцкай», «Вітаўт... вінных усіх... пазабіваў да трох тысяч, і, абы ў Смаленску не было больш ужо бунтаў, з княства абярнуў ужо ў ваяводства». Уваходжанне смаленскіх зямель у склад ВКЛ не прынесла значных змен у іх грамадскае і эканам. жыццё, яны захавалі сваю аўтаномію, прывілеі і культ. традыцыі.
Літ.:
Ластовский Г. Смоленск и Великое княжество Литовское в XIII—XVI вв. // Край Смоленский. 1993. № 7/8.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СМАЛЕ́НСКІ ЛЕ́ТАПІС,
помнік стараж.-рус. летапісання. Складаўся ў г.Смаленск у 13 — пач. 15 ст. Вядомы па ўрыўках, што зберагліся ў рус. і бел. летапісных зводах 15—16 ст. Прысвечаны пераважна гісторыі Смаленскай зямлі і часткова ВКЛ (звесткі пра паход кн. Альгерда і Святаслава Смаленскага на Маскву ў 1370, пра бітву літ. і смаленскіх князёў пад Мсціславам у 1386, бітву кн. Вітаўта з татарамі на р. Ворскла ў 1399, пра вяртанне ў Смаленск кн.Юрыя Святаславіча, яго смерць у 1407 і інш.). Падзеі ў С.л. асветлены з мясц. пазіцый. Яго аўтары — патрыёты і выразнікі інтарэсаў смаленскіх феадалаў. Твор прасякнуты ідэяй сцвярджэння паліт. самастойнасці Смаленскага княства. у асобных месцах мае антылітоўскую накіраванасць. Усяго вядома каля 70 гіст. запісаў канца 13 — пач. 15 ст., звязаных са Смаленскам, аднак некаторыя з іх не смаленскага паходжання, а ўзніклі ў Маскве або Ноўгарадзе. С.л. складзены ў традыцыйнай форме як збор дзелавых пагадовых запісаў і гіст. апавяданняў, размешчаных у храналагічнай паслядоўнасці. Адна з крыніц рус. летапісаў 15 ст., у прыватнасці Троіцкага летапісу (звод Кіпрыяна 1408), і праз іх Беларуска-літоўскага летапісу 1446. Мясц. смаленскае летапісанне заняпала ў пач. 15 ст. ў сувязі з канчатковай стратай Смаленскім княствам паліт. незалежнасці (у 1404 увайшло ў ВКЛ). У 2-й чвэрці 15 ст. ў Смаленску вяліся гіст. запісы і ўзнік шэраг летапісных твораў (2-я частка «Летапісца вялікіх князёў літоўскіх», Смаленская хроніка і інш.), аднак гэта помнікі не смаленскага, а агульнадзярж. бел.-літ. летапісання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФЕАДА́ЛЬНАЯ ВАЙНА́ў Расіі ў 15 ст.,
міжусобная вайна ў 1425—53 (з перапынкамі) за прастол Маскоўскага вялікага княства паміж вял. князем маскоўскім Васілём II [1425—62] і звенігародска-галіцкімі ўдзельнымі князямі — яго дзядзькам Юрыем Дзмітрыевічам з сынамі Васілём Косым і Дзмітрыем Шамякам. У гады малалецтва і маладосці Васіля II княствам кіравала яго маці вял. княгіня Соф’я Вітаўтаўна. У час Ф.в. (паводле формы — дынастычнай спрэчкі) фактычна адбывалася барацьба паміж дзвюма ідэалогіямі развіцця дзяржаўнасці ў Паўн.-Усх. Русі — цэнтралізатарскай вакол Масквы (Васіль II) і ўдзельна-княжацкай (Юрый Дзмітрыевіч з сынамі). Пасля смерці Васіля I (1425) яго брат Юрый Дзмітрыевіч пачаў аспрэчваць правы на маскоўскі прастол у 10-гадовага Васіля 11. У 1433 і 1434 ён на кароткі час захопліваў Маскву, але не знайшоў там падтрымкі ў баяр і гараджан. Пасля смерці Юрыя (1434) гал. праціўнікам Васіля II стаў Васіль Касой (у 1436 яго войскі разбіты, ён схоплены і аслеплены). У лют. 1446 яго брат Дзмітрый Шамяка з дапамогай цвярскога князя захапіў Маскву, асляпіў Васіля II і пасля зняволення ў г. Угліч саслаў яго на княжанне ў Волагду. Шамяка аднавіў вял. Суздальска-Ніжагародскае княства, гарантаваў незалежнасць Ноўгараду, пашырыў правы феад. знаці. Аднак у канцы 1446—пач. 1447 ён скінуты Васілём II, які з дапамогай Цверы вярнуў сабе Маскву. Вайна спынілася ў 1453 са смерцю Дзмітрыя Шамякі. Яе вынікам стала амаль поўнае скасаванне ўдзелаў у Маскоўскім вял. княстве і рэзкая перамена на яго карысць становішча ў Паўн.-Усх. Русі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Вячы́сты (БРС, КТС, Нас., Яруш.), вячыстасць ’вечнасць, спадчыннае ўладанне’ (КТС, Нас.), вѣчисто ’на вякі, вечна; моцна’ (Нас.). Укр.вічистий (лем., Грынч., СУМ), ст.-рус.вѣчистый (зах.-укр. тэр.; з граматы Юрыя Холмскага, 1376 г.). Польск.wieczysty, wieczyście, wieczystość ’вечны, на вякі, вечнасць і г. д.’, памор.v́ečəstï, чэш.věčitost ’тс’. Думку адносна запазычання з польскай мовы (Булыка, Запазыч., 61; Гіст. лекс., 94) падтрымліваюць ст.-бел. форма вечисте і адсутнасць слова ва ўсх.-бел. гістарычных помніках. Што датычыцца зах.-укр. і ст.-рус. слоў, то, мяркуючы па храналогіі і геаграфіі, неабавязкова разглядаць іх як польскія запазычанні, гэта хутчэй агульная з’ява. Неабходна адзначыць, што як для ўсх.-слав. моў, так і для польскай суфіксацыя ‑іст‑ у дадзеным выпадку не з’яўляецца натуральнай; гл. Gr. hist., 226 і наст. З паралельнай суфіксацыяй ‑it‑ аналагічныя ўтварэнні ў іншых славянскіх мовах: чэш.večitý, славац.večitý, балг.вечи́т, макед.вечит, вечито, серб.-харв.вѐчит, вѐчито ’тс’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
ЛІ́ДСКІ ЗА́МАК.
Пабудаваны ў 1330-я г. з бутавага каменю і цэглы ў г.Ліда Гродзенскай вобл. Уваходзіў у лінію супрацькрыжацкай абароны Навагрудак—Крэва—Меднікі—Трокі. Замак у плане меў выгляд няправільнага чатырохвугольніка з 2 вуглавымі вежамі, быў пастаўлены на насыпным пясчаным узгорку, абкружаны балоцістымі берагамі рэк Лідзея і Каменка, з Пн — ровам шыр. каля 20 м, які злучаў гэтыя рэкі і аддзяляў замак ад горада. Пазней (верагодна, у 16—17 ст.) у сістэму перадзамкавых умацаванняў з У уключана штучнае возера. На замкавым двары размяшчаліся правасл. царква (у 1533 перанесена ў горад), жылыя і гасп. пабудовы, з 1568 — суд, архіў, астрог. Жылыя памяшканні былі на верхніх паверхах вежаў.
Л.з. зведаў шмат аблог. У 1384 пасля штурму яго ўзялі крыжакі і часткова разбурылі. У 1392 атрады ням. і англ. рыцараў і войскі іх саюзніка кн. Вітаўта аблажылі і ўзялі замак. У 1394 англ. і франц. рыцары зноў напалі на Ліду, але жыхары горада абаранілі замак. Не авалодалі Л.з. у 1406 атрады смаленскага кн.Юрыя Святаславіча, у 1433 войска кн. Свідрыгайлы, у 1506 загоны крымскіх татар. Улетку 1659 замак штурмам захапіла рус. войска І.А.Хаванскага. У час.Паўн. вайны 1700—21 замак разбураны ў 1702 і 1710 (паводле інш. звестак, і ў 1706) шведамі, якія ўзарвалі яго вежы. Апошняя бітва тут адбылася ў 1794 паміж паўстанцамі Т.Касцюшкі, што заселі ў руінах замка, і царскімі войскамі.
Археал. даследаванні Л.з. праводзілі М.А.Ткачоў (1970), А.А.Трусаў (1977—78, 1980, 1985), А.К.Краўцэвіч (1986—87). У 1920-я г. зроблена частковая, у 1982 — поўная кансервацыя Л.з. Вядуцца работы па рэстаўрацыі сцен і вежаў замка.
Літ.:
Ткачоў М.А. Замкі і людзі. Мн., 1991;
Краўцэвіч А., Трусаў А. Археалагічнае вывучэнне Лідскага замка і г. Ліды // З глыбі вякоў: Наш край. Мн., 1992.
Лідскі замак. Акварэль Ю.Пешкі канца 18 ст.Лідскі замак. Сучасны выгляд.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛУ́ЦКАЕ КНЯ́СТВА,
1) удзельнае княства Тураўскай зямлі ў 12—14 ст. Цэнтр — г.Слуцк. Вылучылася ў 1160, калі слуцкім князем стаў Уладзімір Мсціславіч, унук Уладзіміра Манамаха. Канчаткова аформілася ў 1190-я г. Тут княжылі нашчадкі тураўскага кн.Юрыя Яраславіча. Гэта дынастыя панавала да канца 14 ст. Апошні князь з яе, Юрый, згаданы ў грамаце 1387. У 1320—30-я г. С.к. разам з інш. княствамі Тураўскай зямлі ўвайшло ў склад ВКЛ.
2) Буйное феад. княства ў ВКЛ. Узнікла ў 1395, калі вял.кн. Вітаўт адабраў у кн. Уладзіміра Альгердавіча Кіеўскае княства і даў яму як кампенсацыю Слуцк і Капыль з навакольнымі землямі ў якасці ўдзельнага княства. Да сярэдзіны 15 ст. цэнтрам княства быў Капыль (гл.Капыльскае княства), пасля Слуцк. Нашчадкі Уладзіміра Альгердавіча, князі Алелькавічы (Слуцкія) валодалі С.к. да 1612. Пасля смерці ў 1612 княгіні Соф’і С.к. перайшло да яе мужа Я.Радзівіла і заставалася ў родзе Радзівілаў, з перапынкам у 1695—1744, калі знаходзілася ў жаночых нашчадкаў Радзівілаў слуцка-біржанскай лініі, княгінь Нойбургскіх.
С.к. займала тэрыторыю паміж р. Нёман на Пн, р. Лань на З, р. Пціч на У і р. Прыпяць на Пд; уключала гарады і мястэчкі Слуцк, Капыль, Цімкавічы, Грэск, Таль, Пагост, Любань, у 16 ст. — і Петрыкаў. Да 16 ст. яно знаходзілася ў васальнай залежнасці ад велікакняжацкай улады. Кіраваў С.к. князь з дапамогай баярскай рады. У слуцкага князя былі свае васалы — князі, баяры і слугі путныя, якія атрымлівалі за службу (вайсковую і адміністрацыйную) маёнткі. У валасцях кіравалі намеснікі князя. У 16 ст. С.к. паступова ператварылася ў вял.феад. вотчыну, але захавала рысы ўдзельнага княства. Да канца 18 ст. заставалася унікальнай адм.-тэр. адзінкай ВКЛ. З 1507 уваходзіла ў Новагародскі пав. і адначасова захоўвала ў адм., суд. і вайск. структурах свае асобныя ўстановы, якія падпарадкоўваліся слуцкаму князю. У 1791 С.к. скасавана, замест яго створаны Случарэцкі павет.