КАПРАФА́ГІ [ад грэч. kopros памёт, кал + фаг(і), арганізмы, якія жывяцца экскрэментамі. Да іх належаць многія малашчацінкавыя чэрві (алігахеты), насякомыя, лічынкі двухкрылых, грызуны, зайцападобныя і інш. Многія беспазваночныя жывёлы (напр., тэрміты, ва ўсіх фазах свайго развіцця) — факультатыўныя К., якія набываюць карысную мікрафлору, калі паядаюць экскрэменты дарослых асобін. У фауне Беларусі сярод К. пераважаюць жукі-гнаевікі і лічынкі мух, з інш. К. пашыраны дажджавыя чэрві, кляшчы-арыбатыды і інш. сапрафагі. К. паскараюць распад арган. рэшткаў, спрыяюць працэсам гуміфікацыі глеб, павышаюць іх урадлівасць.

т. 8, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Дыгенетычныя смактуны, гл. Плоскія чэрві

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Геагельмінты (чэрві) 3/393, 418

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

МАКРАФА́УНА (ад макра... + фауна),

сукупнасць жывёльных арганізмаў з памерамі цела больш за 10 мм (членістаногія, чэрві, малюскі, рыбы, земнаводныя, паўзуны, птушкі, млекакормячыя).

т. 9, с. 542

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ресни́чный

1. ве́йкавы;

2. биол. расні́чны;

ресни́чные че́рви расні́чныя чэ́рві;

ресни́чное те́ло анат. расні́чнае цела.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

ГЕАБІЁНТЫ [ад геа... + біёнт(ы)],

пастаянныя насельнікі глебы, цыкл развіцця якіх праходзіць у глебавым асяроддзі. Тыповыя прадстаўнікі — дажджавыя чэрві, многія першаснабяскрылыя насякомыя, краты і інш. Геабіёнты — частка глебавых біяцэнозаў.

т. 5, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭТРЫТАФА́ГІ [ад дэтрыт + ...фаг(і)],

дэтрытаедныя жывёлы, водныя жывёлы, якія кормяцца дэтрытам. У ліку Д. чэрві (паліхеты), эхіўрыды, двухстворкавыя малюскі, калаўроткі, планктонныя ракападобныя і інш. Д. адфільтроўваюць часцінкі дэтрыту з дапамогай спец. органаў або жывяцца імі непасрэдна. Удзельнічаюць у працэсах ачышчэння вады.

т. 6, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСЕМЯНЕ́ННЕ,

працэс, які забяспечвае ў жывёл сустрэчу палавых клетак — яец і сперматазоідаў; папярэднічае апладненню. Поспех асемянення забяспечваецца адначасовым выспяваннем гамет абодвух палоў. Вонкавае асемяненне ўласціва большасці жывёл, якія жывуць або размнажаюцца ў вадзе (кольчатыя чэрві, двухстворкавыя малюскі, ігласкурыя, кішачнаполасцевыя, бясчэрапныя, кругларотыя, большасць рыб, бясхвостыя земнаводныя). Унутранае асемяненне ўласціва некаторым водным і пераважнай большасці наземных жывёл (плоскія і круглыя чэрві, многія членістаногія і малюскі, большасць пазваночных — акулападобныя, хімеравыя і некаторыя касцістыя рыбы, вышэйшыя пазваночныя). Прамежкавы тып асемянення — вонкава-ўнутранае, пры якім самец выдаляе сперму (у выглядзе кропелек семявай вадкасці ці сперматафораў) у знешняе асяроддзе, на субстрат, пасля чаго яе захоплівае самка; характэрны для многіх ніжэйшых членістаногіх, што жывуць у вадзе, і хвастатых земнаводных. Штучнае асемяненне шырока выкарыстоўваюць пры развядзенні рыб і с.-г. жывёл.

т. 2, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕГЕТАТЫ́ЎНАЕ РАЗМНАЖЭ́ННЕ,

утварэнне новага арганізма з часткі мацярынскага, адзін са спосабаў бясполага размнажэння. У жывёльных арганізмаў ажыццяўляецца пачкаваннем (губкі, кішачнаполасцевыя, некат. чэрві, імшанкі, абалоннікі) або дзяленнем (прасцейшыя, плоскія і кольчатыя чэрві), у ніжэйшых раслін (напр., у водарасцей) — часцей дзяленнем, радзей пачкаваннем (некат. сумчатыя грыбы, напр., дрожджы, некат. базідыяльныя грыбы), у ніжэйшых шматклетачных раслін — распаданнем цела на часткі, здольныя да рэгенерацыі. Вышэйшыя расліны могуць размнажацца карэнішчамі (шматгадовыя травы), чаранкамі (сцябловымі — агрэст, вярба, ружа, таполя; лісцевымі — бягонія, седум; каранёвымі — ажына, вішня, маліна, сліва), адводкамі (яблыня, груша, ягадныя культуры), цыбулінамі (цыбуля, часнок), клубнямі (бульба, тапінамбур) і інш. Вегетатыўнае размнажэнне мае шэраг пераваг перад палавым: лёгкасць размнажэння, хуткае развіццё і ранні пачатак плоданашэння, захаванне ў патомстве прыкмет і ўласцівасцей мацярынскай расліны. Выкарыстоўваецца ў пладаводстве, агародніцтве, лесаводстве.

т. 4, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЕ́БАВАЯ ФА́УНА,

сукупнасць жывёльных арганізмаў, якія жывуць у глебе (шматлікія прасцейшыя, круглыя чэрві, лічынкі некат. насякомых і інш.). Жывое арган. рэчыва (заамаса жывёл глебы) — актыўны кампанент глебаўтваральных працэсаў.

Глебавая фауна падзяляецца на макра-, меза- і мікрафауну (існуюць іншыя варыянты класіфікацыі). Да макрафауны (мегафауны) адносяць рыючых пазваночных (на Беларусі, напр., крот еўрапейскі). Мезафауна — глебавыя беспазваночныя (памерам ад некалькіх міліметраў да некалькіх сантыметраў, напр., энхітрэіды), мнаганожкі, земляныя чэрві, смаўжы, павукападобныя, макрыцы і інш. насякомыя і іх лічынкі. Да мікрафауны належаць глебавыя беспазваночныя, якіх нельга распазнаць простым вокам (напр., калаўроткі, ціхаходкі, нематоды, кляшчы, нагахвосткі). У ворных землях структура глебавай фауны можа істотна зменьвацца пад уплывам меліярацыі, угнаенняў, дэфаліянтаў, ядахімікатаў, пры змене с.-г. культур ці агратэхнікі іх вырошчвання і інш.

т. 5, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)