пірахло́р

(ад піра- + хлор)

мінерал класа вокісаў і гідравокісаў бурага, жаўтавата-зялёнага колеру; сыравіна для атрымання ніобію.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

хлары́н

(ад хлор)

род штучнага валакна з полівінілхларыду, з якога робяць фільтры для кіслот, рыбалоўныя сеткі і інш.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

хлорацэтафено́н

(ад хлор + ацэтон + гр. phaino = свячу)

арганічнае злучэнне, бясколернае крышталічнае рэчыва, якое належыць да слёзатачывых атрутных рэчываў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

галаге́ны

(ад гала- + -ген)

хімічныя элементы (фтор, хлор, бром, ёд і астат), якія пры злучэнні з металамі даюць солі.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

хлорбензо́л

(ад хлор + бензол)

арганічнае злучэнне, араматычны галагеназмяшчальны вуглевадарод, бясколерная вадкасць; выкарыстоўваецца як растваральнік, пры вырабе некаторых лакаў, фарбавальнікаў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

МІНЕРАЛІЗА́ТАРЫ,

1) жывыя арганізмы (пераважна гетэратрофныя бактэрыі), якія раскладаюць мёртвыя арган. злучэнні да асобных хім. рэчываў і элементаў (азот, калій, кальцый, фосфар, вуглякіслы газ і інш.). Адыгрываюць важную ролю (разам з прадуцэнтамі і кансументамі) у біяцэнозе.

2) Газа- і парападобныя рэчывы — вадарод, бор, фтор, вуглярод, фосфар, сера, хлор, вада і інш., раствораныя ў магме. М. зніжаюць вязкасць магмы і т-ру яе крышталізацыі, змяняюць парадак вылучэння мінералаў, уплываюць на дыферэнцыяцыю магмы. Зрэдку дзейнічаюць як каталізатары, могуць уваходзіць у састаў пародаўтваральных мінералаў або заставацца ў іх як газападобныя ці вадкія ўключэнні. Асабліва багатыя М. пнеўматалітавыя (лятучыя) вылучэнні і гідратэрмальныя растворы, якія ўзнікаюць пры метамарфізме горных парод. Пры ўзгонцы М. нясуць многія металы і ўтвараюць з імі лятучыя злучэнні, якія ўдзельнічаюць у крышталізацыі астаткавага расплаву магмы (гл. Пегматыт) ці пранікаюць у шчыліны ўмяшчальных парод і садзейнічаюць утварэнню новых мінералаў з карыснымі кампанентамі.

т. 10, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕРАВАДАРО́Д,

найпрасцейшае хім. злучэнне серы з вадародам, H2S.

Бясколерны газ з пахам тухлых яек, шчыльн. 1,538 кг/м³, tкіп -60,35 °C. Раствараецца ў вадзе; водны раствор С. — серавадародная кіслата H2S — слабая двухасноўная к-та, якая ўтварае солі гідрасульфіды і сульфіды. Сумесі С. з паветрам (4,5—45,5% С. па аб’ёме) выбухованебяспечныя. Пры награванні ў вільготным паветры С. узаемадзейнічае з большасцю металаў і іх аксідаў з утварэннем сульфідаў металаў. Моцны аднаўляльнік; моцнымі акісляльнікамі (азотная к-та, хлор) С. акісляецца да сернай кіслаты. С. ёсць у нафтавых і вулканічных газах, у вадзе некат. мінер. крыніц і лячэбных гразях; утвараецца пры раскладанні бялкоў. У прам-сці атрымліваюць як пабочны прадукт пры ачыстцы нафты, прыродных і прамысл. газаў. Выкарыстоўваюць пераважна для вытв-сці серы і сернай к-ты, а таксама для атрымання сульфідаў і сераарган. злучэнняў, у аналіт. хіміі. Атрутны, пашкоджвае слізістыя абалонкі, органы дыхання; ГДК у атм. паветры 0,008 мг/м³.

т. 14, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

дыхлорэта́н

(ад ды- + хлор + этан)

арганічнае злучэнне, бясколерная вадкасць, якая выкарыстоўваецца як растваральнік і як сыравіна ў вытворчасці сінтэтычнага каўчуку.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

запява́ла, ‑ы, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑е; Т ‑ай, ж.

1. Спявак (спявачка), які (якая) выконвае запеў у харавых спевах. За гутаркаю пасыпаліся песні; запявалам вызваўся Хлор. Гартны. У гуртку мастацкай самадзейнасці і на вечарынках .. [Мар’яна] заўсёды была запявалай. Стаховіч.

2. перан. Разм. Пачынальнік, зачыншчык чаго‑н. Мы гартаваліся У баях і ў працы дбалай, Мы небывалага юнацтва запявалы. А. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ВОДААЧЫ́СТКА,

комплекс тэхнал. працэсаў, які забяспечвае давядзенне якасці вады, што паступае ў водаправодную сетку з крыніцы водазабеспячэння, да ўстаноўленых вытв. паказчыкаў. Ажыццяўляюць на водаачышчальных збудаваннях, дзе выкарыстоўваюць рэагентныя і дэзінфекцыйныя ўстаноўкі, адстойнікі, градзірні і інш.

Воды паверхневых крыніц (рэк, азёр) да падачы ў водаправод асвятляюць (выдаляюць завіслыя і калоідныя часцінкі), пазбаўляюць колеру і абеззаражваюць (знішчаюць патагенныя бактэрыі і вірусы). Для асвятлення і пазбаўлення колеру праводзяць каагуляцыю, адстойванне, фільтрацыю. Для абеззаражвання вады выкарыстоўваюць вадкі хлор, хлорную вапну ці азон. Падземныя воды пры здавальняючым хім. саставе толькі абеззаражваюць хлорам ці ультрафіялетавымі прамянямі. Для змякчэння (выдалення празмернай колькасці солей кальцыю і магнію) ваду апрацоўваюць вапнаю, содай ці прапускаюць праз іанітныя фільтры (гл. Іаніты). Аэрацыяй з далейшым фільтраваннем памяншаюць колькасць солей жалеза. Газы (серавадарод, метан, радон, вуглякіслы і інш.) выдаляюць аэрацыяй, радыеактыўныя рэчывы — дэзактывацыяй. Дэзадарацыю вады ажыццяўляюць сорбцыяй рэчываў, якія абумоўліваюць прысмак і пах, актываваным вугалем ці акісленнем азонам, дыаксідам хлору, перманганатам калію.

У.​М.​Марцуль.

т. 4, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)