фестыва́ль, ‑ю, м.

Грамадская ўрачыстасць з паказам і праглядам якога‑н. віду мастацтва. Фестываль мастацкіх фільмаў. □ У нядзелю раніцай да Шаманскага зайшоў Наварка, каб дагаварыцца, як аформіць калгасны хор, які меўся выступаць на раённым фестывалі калгаснай самадзейнасці. Дуброўскі. / у іран. ужыв. — Бабкі, бабкі!.. Цішэй там, фес[ты]валь устроілі. Пташнікаў.

[Фр. festival — урачыстасць.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рэжысе́р

(фр. régisseur, ад лац. regere = кіраваць)

пастаноўшчык спектакляў, фільмаў, эстрадных ці цыркавых праграм.

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

ПТУШКО́ (Аляксандр Лукіч) (19.4.1900, г. Луганск, Украіна — 6.3.1973),

расійскі кінарэжысёр, мастак. Нар. арт. СССР (1969). Вучыўся ў Маскоўскім ін-це нар. гаспадаркі. У кіно з 1927, напачатку канструктар лялек і пастаноўшчык мультыплікацыйных фільмаў. Стварыў серыю «Прыгоды Брацішкіна» (1928—30), зняў першы гукавы аб’ёмна-мультыплікацыйны фільм «Уладар быту» (1932). Сярод інш. фільмаў: «Новы Гулівер» (1935), «Казка пра рыбака і рыбку» (1937), «Вясёлыя музыкі» (1938), «Залаты ключык» (1939; выкарыстаў ігравыя, аб’ёмна-мультыплікацыйныя і камбінаваныя здымкі). З 1940-х г. ставіў фільмы-экранізацыі, пераважна казкі: «Каменная кветка» (1946, прыз Міжнар. кінафестывалю ў Канах), «Садко» (1953, прыз Міжнар. кінафестывалю ў Венецыі), «Ілья Мурамец» (1956; першы шырокаэкранны фільм са стэрэафанічным гукам), «Сампо» (1959), «Казка пра згублены час» (1964), «Казка пра цара Салтана» (1967), «Руслан і Людміла» (1972). Паставіў таксама фільм «Пунсовыя ветразі» (1961). Часта быў аўтарам або сааўтарам сваіх фільмаў. Дзярж. прэмія СССР 1947.

Тв.:

Специальные способы киносъемки. М., 1930 (разам з Л.​Сухарэбскім);

Мультипликационные фильмы. М.; Л., 1931;

«Чудеса» кино. М., 1949.

т. 13, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЯКСА́НДРАЎ (сапр. Марманенка) Рыгор Васілевіч

(23.1.1903, Екацярынбург, Расія — 16.12.1983),

рускі кінарэжысёр і сцэнарыст. Нар. арт. СССР (1948). Герой Сац. Працы (1973). Праф. (1951). З 1921 акцёр Першага рабочага т-ра Пралеткульта ў Маскве. З 1924 працаваў у кіно як акцёр, асістэнт, сурэжысёр С.Эйзенштэйна (фільмы «Стачка», «Браняносец Пацёмкін»). З 1933 ставіў фільмы самастойна. Стварыў жанр муз.-эксцэнтрычнай камедыі: «Вясёлыя хлопцы» (1934), «Цырк» (1936, Дзярж. прэмія СССР 1941), «Волга-Волга» (1938), «Светлы шлях» (1940), «Вясна» (1947). З інш. фільмаў: «Сустрэча на Эльбе» (1949, Дзярж. прэмія СССР 1950), «Рускі сувенір» (1960). Аўтар сцэнарыяў амаль усіх сваіх фільмаў.

т. 1, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́ПРА ((Capra) Франк) (19.5.1897, г. Палерма, Італія — 1991),

амерыканскі кінарэжысёр. Скончыў Каліфарнійскі тэхнал. ін-т. Пачынаў як комік у нямых фільмах, паставіў некалькі фільмаў з Г.​Лэнгданам, у т. л. «Дужы чалавек» (1926). Лепшыя работы вылучаюцца арыгінальнасцю сюжэтаў, дасціпнасцю, свабоднымі дыялогамі, гумарам і прывабнасцю герояў (фільмы «Гэта здарылася аднойчы ў начы», 1934; «Містэр Дзідс пераязджае ў горад», 1936; «З сабою не вынесеш», 1938; за ўсе — прэміі «Оскар»). У час 2-й сусв. вайны кіраваў (з рэж. А.​Літваком) стварэннем серыі мантажных фільмаў «Чаму мы ваюем», у т. л. фільма «Бітва за Расію» (1943).

т. 8, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАВУ́САЎ (Алег Паўлавіч) (н. 16.11.1945, г. Слуцк),

бел. мастацтвазнавец, дзеяч кінамастацтва. Скончыў БДУ (1966). Заснавальнік і мастацкі кіраўнік майстэрні мультфільмаў кінастудыі «Беларусьфільм» (1975—89), анімацыйных студый (1989—95), віцэ-прэзідэнт кінавідэастудыі «Кадр-2» (з 1995). З 1963 выступае ў друку па праблемах бел. выяўл. мастацтва. Аўтар сцэнарыяў хранікальна-дакумент. і публіцыстычных фільмаў «Прафесар прыгажосці» (1972, з У.​Бойкам), «Загадка Ф.​Скарыны» (1973), «Развітальны вальс» (1977), «Задума» (1979), «Нераскрыты» (1992) і інш. Стваральнік анімацыйных фільмаў: «Казка пра вясёлага клоуна» (1980, рэжысёр), «Несцерка» (1978, аўтар сцэнарыя з В.​Вольскім), аўтар сцэнарыяў і рэжысёр стужак «Песня пра зубра» (1983), «Вельмі стары чалавек» (1989), «Дэкамерон» (1994, і прадзюсер).

Л.​Д.​Фінкельштэйн.

т. 2, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАБРАЛЮ́БАЎ (Ігар Міхайлавіч) (н. 22.10.1933, г. Новасібірск, Расія),

бел. кінарэжысёр. Нар. арт. Беларусі (1985), засл. дз. маст. Беларусі (1974). Скончыў БДУ (1956), Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі (1963). З 1962 на кінастудыі «Беларусьфільм». З 1992 праф., заг. кафедры Ін-та сучасных ведаў у Мінску. Яго фільмы адметныя актуальнасцю праблематыкі, актыўнасцю аўтарскай пазіцыі. Сярод лепшых: «Іван Макаравіч» (1958, прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1970; прыз Міжнар. кінафестывалю дзіцячых фільмаў у Венецыі, 1970), «Братушка» (1976, са студыяй маст. фільмаў «Сафія», Балгарыя; сярэбраны медаль імя А.​Даўжэнкі 1976), «Расклад на паслязаўтра» (1979), «Трэцяга не дадзена» (1981), «Белыя росы» (1983), «Восеньскія сны» (1987), «Плач перапёлкі» (1991, тэлевізійны, шматсерыйны).

І.М.Дабралюбаў.

т. 5, с. 558

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАШУ́К (Віктар Нічыпаравіч) (н. 16.9.1938, в. Валокі Хойніцкага р-на Гомельскай вобл.),

бел. кінарэжысёр і сцэнарыст. Нар. арт. Беларусі (1989). Засл. дз. маст. Беларусі (1978). Скончыў БДУ (1960), Вышэйшыя курсы сцэнарыстаў і рэжысёраў у Маскве (1967). З 1960 на кінастудыі «Беларусьфільм», працуе ў галіне дакумент. кіно. Для творчасці Д. характэрны арганічны сплаў лірыкі і публіцыстыкі. Стварыў цыклы публіцыстычных фільмаў (Дзярж. прэмія СССР 1985): «Хатынскі цыкл» (1975—78, прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1976); «У вайны не жаночы твар» (1980—84, прыз Міжнар. кінафестывалю ў Лейпцыгу 1983). З інш. фільмаў: «Дом» (1970), «А зязюля кукавала...» (1972, біяграфічны пра Я.​Купалу), «Развітанне» (1980), «Віцебская справа» (1991).

В.Н.Дашук.

т. 6, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІВАНО́Ў (Аляксандр Гаўрылавіч) (12.8.1898, в. Давыдава Баравіцкага р-на Наўгародскай вобл., Расія — 20.8.1984),

расійскі кінарэжысёр, сцэнарыст. Нар. арт. СССР (1964). Скончыў кінашколу ў Ленінградзе (1924). У кіно з 1925. Сярод фільмаў: «Месяц злева» (1929), «Транспарт агню», «Ёсць, капітан!» (абодва 1930), «На мяжы» (1938). Асабліва блізкая І. ваен. тэма: фільмы «Падводная лодка Т-9» (1943), «Сыны» (1946), «Вяртанне з перамогай» (1948), «Зорка» (1953), «Салдаты» (1957). Паставіў кінатрылогію «Узнятая цаліна» (1960—61, паводле М.​Шолахава), фільмы «Калі пазаве таварыш» (1963), «Першарасіяне» (1968) і інш. Мастацтву І. характэрны лаканізм, псіхал. дакладнасць, строгі адбор выяўл. сродкаў. Аўтар сцэнарыяў многіх пастаўленых ім фільмаў.

Літ.:

Муратов Л. Александр Иванов. Л., 1968.

т. 7, с. 150

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МАСФІ́ЛЬМ»,

адна з буйнейшых студый маст. фільмаў у Расіі. Створана ў 1924 у Маскве, выпускала фільмы маст., навукова-папулярныя, хранікальна-дакумент., анімацыйныя, з 1935 — толькі мастацкія. З 1991 кінаканцэрн «М.». Гл. таксама раздзел Кіно ў арт. Расія.

т. 10, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)