АПТЫ́ЧНАЯ ШЧЫ́ЛЬНАСЦЬ,
мера непразрыстасці слоя рэчыва для светлавых прамянёў. Характарызуе аслабленне аптычнага выпрамянення ў слаях рэчываў (фарбавальнікаў, святлафільтраў, раствораў і інш.). Для неадбівальнага слоя D = lg I0/I = kλL, дзе I0, I — інтэнсіўнасць святла, што ўпала на слой і выйшла з яго адпаведна, kλ — каэфіцыент паглынання асяроддзя для выпрамянення з даўж. хвалі λ, L — таўшчыня слоя рэчыва. Аптычная шчыльнасць звязана з каэфіцыентам прапускання τ: D = lg 1/τ. Вымяраецца з дапамогай дэнсітометраў, мікрафатометраў, спектрасенсітометраў і інш. Выкарыстоўваецца ў фатаграфіі, астрафотаметрыі, пры аптычным гуказапісе, пры спектральнай аэрафотаздымцы і інш.
т. 1, с. 438
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕНЗО́Л,
араматычны вуглевадарод, C6H6, мал. м. 78,11. Бясколерная вадкасць, tкіп 80,1 °C, шчыльн. 0,879∙103 кг/м³. Раствараецца ў вуглевадародах, эфірах, горш у метаноле; з вадой і спіртамі ўтварае азеатропныя сумесі. Атрымліваюць выдзяленнем з фракцый коксахім. вытв-сці, каталітычным рыформінгам нафтавых фракцый C6—C8. Сыравіна ў вытв-сці стыролу, фенолу, капралактаму, аніліну, нітрабензолу, арган. фарбавальнікаў, выбуховых рэчываў, пестыцыдаў і інш.; растваральнік лакафарбавых матэрыялаў, каўчукаў; дабаўка да маторнага паліва. Таксічны: раздражняе скуру, выклікае сутаргі, пры шматразовых уздзеяннях малых канцэнтрацый — змены формулы крыві і крывятворных органаў, ГДК 5 мг/м³.
т. 3, с. 98
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІРАГАЛО́Л, 1,2,3-трыгідраксібензол, пірагалолавая кіслата,
многаатамны фенол, C6H3(OH)3.
Бясколерныя крышталі, якія на святле шарэюць, tпл 133—134 °C, шчыльн. 1453 кг/м³. Добра раствараюцца ў вадзе, этаноле, дыэтылавым эфіры. Лёгка акісляецца; шчолачныя растворы П. хутка і колькасна паглынаюць малекулярны кісларод. У прам-сці атрымліваюць піролізам (дэкарбаксіліраваннсм) галавай кіслаты. Выкарыстоўваюць у вытв-сці фарбавальнікаў для футра і валасоў, у арган. сінтэзе (як аднаўляльнік), фатаграфіі (праяўляльнае рэчыва), газааналізатарах (паглынальнае рэчыва), у якасці прысадкі да змазачнага масла. Выклікае дэрматозы; ГДК у вадзе 0,1 мг/л.
т. 12, с. 377
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
карбазо́л
[ад карба- + аз(от) + -ол]
арганічнае злучэнне, якое ўключае азот, змяшчаецца ў каменнавугальнай смале; выкарыстоўваецца ў вытворчасці фарбавальнікаў, лекавых сродкаў.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
метылхлары́д
(ад метыл + хларыд)
хлорысты метыл, бясколерны газ; выкарыстоўваецца пры сінтэзе арганічных фарбавальнікаў і некаторых палімераў.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
бензальдэгі́д
[ад бенз(ол) + альдэгід]
арганічнае злучэнне, бясколернае масляністае рэчыва з пахам горкага міндалю; выкарыстоўваецца пры вырабе пахучых рэчываў, фарбавальнікаў.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
меланжэ́р
(фр. melangeur)
машына для змешвання розных субстанцый, якая ўжываецца пры вытворчасці шакаладу, парашкоў, фарбавальнікаў і інш.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
пансо́
(фр. ponceau = ярка-чырвоны)
група штучных кіслотных фарбавальнікаў для фарбавання воўны і шоўку ў чырвоны колер.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
АНТРАХІНО́НАВЫЯ ФАРБАВА́ЛЬНІКІ,
клас арганічных фарбавальнікаў, вытворных антрахінону. Адметныя хім. устойлівасцю, яркасцю колеру, устойлівасцю да святла і мокрай апрацоўкі. Неабходны колер і адценне Антрахінонавыя фарбавальнікі атрымліваюць дзякуючы ўвядзенню ў будову антрахінону розных замяшчальнікаў. Падзяляюцца на пратраўныя фарбавальнікі (напр., алізарын), якія ўтвараюць на валакне ўстойлівыя нерастваральныя комплексы з іонамі алюмінію, хрому, жалеза; водарастваральныя кіслотныя фарбавальнікі (напр., антрацэн сіні) для воўны і шоўку; асноўныя фарбавальнікі, растваральныя ў вадзе для капрону, нейлону і нерастваральныя для ацэтатнага шоўку і поліэфірных валокнаў; кубавыя фарбавальнікі (напр., 1,5-дыамінаантрахінон). Выкарыстоўваюцца таксама для фарбавання каўчуку, гумы, мінер. масла, у паліграф. і лакафарбавай вытв-сці.
т. 1, с. 393
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬДЭГІ́ДЫ,
клас арганічных злучэнняў, у састаў якіх уваходзіць альдэгідная група — C(O)H, звязаная з вуглевадародным радыкалам. Найпрасцейшы — фармальдэгід. Ніжэйшыя альдэгіды — рэчывы з рэзкім пахам, вышэйшыя C8—C14 — з прыемным. Рэакцыйназдольныя: акісляюцца да кіслот, аднаўляюцца да спіртоў, уступаюць у рэакцыі замяшчэння, далучэння, кандэнсацыі, утвараюць ненасычаныя злучэнні, цыклічныя трымеры (паральдэгід, трыаксан), лінейныя палімеры (парафармальдэгід), прадукты полікандэнсацыі. Атрымліваюць з любых класаў злучэнняў; некаторыя вылучаюць з расліннай сыравіны. Выкарыстоўваюць у сінтэзе палімераў (поліфармальдэгіду, полівінілацэталяў, аміна- і фенолальдэгідных смолаў), карбонавых кіслот, спіртоў і інш.; у вытв-сці пестыцыдаў, выбуховых, духмяных рэчываў, лекаў, фарбавальнікаў. Гл. таксама Ацэтальдэгід, Фурфурол, Ванілін, Цытраль.
т. 1, с. 277
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)