філармо́нія, ‑і, ж.

Установа, якая займаецца арганізацыяй канцэртаў і прапагандай музычнай культуры. Атрымаўшы права запрасіць у 1960 годзе адзін з лепшых калектываў СССР на святкаванне 950‑годдзя свайго горада, Яраслаўская філармонія запрасіла нашу капэлу. «Звязда». У 1932 годзе адкрыліся кансерваторыя, вялікі сімфанічны аркестр пры радыёкамітэце, філармонія і інш. «Беларусь». Доўга стаяў.. [танк] на Камароўскай развілцы, прыкладна насупраць таго месца, дзе цяпер узвышаецца будынак Дзяржаўнай філармоніі. Беразняк.

[Ад грэч. philos — сябар і harmonia — гармонія, музыка.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

МУРАДЭ́ЛІ Вано Ільіч (6.4.1908, г. Горы, Грузія — 14.8.1970),

грузінскі і расійскі кампазітар. Нар. арт. Расіі (1957). Нар. арт. СССР (1968). Скончыў Тбіліскую кансерваторыю (1931). Вучань С.​Бархударана, М.Мяскоўскага і інш. У 1931—34 у драм. т-рах Грузіі. У 1938—39 адказны сакратар Саюза кампазітараў СССР. У 1942—44 начальнік і маст. кіраўнік Цэнтр. ансамбля ВМФ СССР. Для яго творчасці былі характэрны грамадз. накіраванасць, публіцыстычная завостранасць, увага да праблем сучаснасці. Сярод твораў: оперы «Вялікая дружба» (паст. 1947), «Кастрычнік» (паст. 1964), аперэты «Дзяўчына з блакітнымі вачыма» (паст. 1966), «Масква—Парыж—Масква» (паст. 1968), кантаты; 2 сімфоніі (1938, 1945), «Грузінскі сімфанічны танец» (1936); хары, песні (больш за 100); рамансы на вершы А.​Пушкіна, апрацоўкі нар. песень, музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў. Аўтар мемуараў «З майго жыцця» (1970). Дзярж. прэміі СССР 1946, 1951.

Літ.:

Сеженский К. Вано Мурадели. М., 1962;

В.​Мурадели: Воспоминания и статьи. М., 1983.

В.І.Мурадэлі.

т. 11, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЬЮ-ЙО́РКСКІ ФІЛАРМАНІ́ЧНЫ АРКЕ́СТР (New York Philharmonic Orchestra),

амерыканскі сімфанічны аркестр. Засн. ў Нью-Йорку ў 1842 (у 1921 у яго склад увайшоў Нью-Йоркскі сімф. аркестр, у 1928 — аркестр В.​Дамраша). У станаўленні і фарміраванні выканальніцкага стылю калектыву вял. ролю адыграла дзейнасць яго кіраўнікоў: Г.​Малера (1909—11), А.​Тасканіні (1927—36), Дз.​Мітропуласа (1950—58), Л.​Бернстайна (1958—69), П.​Булеза (1971—75), З.​Меты (1978—91), К.​Мазура (з 1991). Аркестрам дырыжыравалі таксама Б.​Вальтэр, Э.​Клейбер, О.​Клемперэр, Т.​Бічэм, Л.​Стакоўскі, Ш.​Мюнш, пры выкананні ўласных твораў — П.​Чайкоўскі, А.​Рубінштэйн, А.​Дворжак, Р.​Штраус, К.​Сен-Санс, А.​Анегер, І.​Стравінскі, М.​Равель, Дж.​Энеску, Э.​Віла-Лобас і інш. З ім выступалі буйнейшыя інструменталісты і вакалісты свету, у т. л. піяністы І.​Падарэўскі, С.​Рахманінаў, С.​Пракоф’еў, У.​Горавіц, скрыпачы Я.​Хейфец, Д.​Ойстрах, І.​Сігеці, І.​Менухін і інш.

т. 11, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ба́нда

(іт. banda)

1) група злачынцаў, разбойнікаў;

2) медны духавы аркестр, які ў некаторых операх суправаджае дзеянне на сцэне або за сцэнай, зрэдку ўводзіцца ў сімфанічны аркестр як дадатковы ансамбль.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

МАГІЛЁЎСКАЕ МУЗЫ́ЧНАЕ ВУЧЫ́ЛІШЧА імя М.​А.​Рымскага-Корсакава.

Засн. ў 1937 на базе Магілёўскай муз. школы імя Рымскага-Корсакава (з 1919). У 1999/2000 навуч. г. спецыяльнасці: фп., струнныя, духавыя, нар. інструменты, дырыжыраванне (акад. і нар. хор), музыказнаўства. Рыхтуе выкладчыкаў дзіцячых муз. школ, артыстаў аркестра і хору, кіраўнікоў самадз. хароў і аркестраў, выкладчыкаў музыкі і спеваў агульнаадук. школ. Сярод творчых калектываў: аркестры рус. нар. інструментаў, сімфанічны, духавы, цымбальны; хор, ансамбль скрыпачоў, квартэт трамбаністаў. У розны час у вучылішчы выкладалі: А.​Боркус, Т.​Ворашань, С.​Грачак, С.​Гурэвіч, Я.​Далгін, Л.​Каганаў, С.​Куляшоў, Л.​Лазарэнка, І.​Лушчыкаў, Е.​Мінковіч, З.​Міхалевіч, Н.​Мендзялеўская, А.​Мысаў, І.​Паўлаў, В.​Тупіцын, С.​Файнштэйн, А.​Яўстратаў і інш. Вучылішчам кіравалі: Л.​Зісман (1937—56), М.​Салдатаў (1956—73), Л.Іваноў (1973—98), А.​Кірэйчанка (з 1998). Сярод выпускнікоў: М.Браценнікаў, У.Будкевіч, П.​Вандзілоўскі, П.Дружына, У.Ермалаеў, Ю.​Златкоўскі, В.Купрыяненка, Л.​Ліхачэўская, С.​Лясун, Б.Мазур, М.​Марэцкі, М.​Нікіцін, Ф.Пыталеў, В.Раінчык, А.​Сасноўскі, У.Скараходаў, Т.​Шчэрба, Т.Якіменка і інш.

Літ.:

Могилевское музыкальное училище им. Н.​А.​Римского-Корсакова (1937—1987). Могилев, 1987.

Л.​А.​Сівалобчык.

т. 9, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІМФАНІ́ЧНАЯ ФАНТА́ЗІЯ,

адначасткавы сімфанічны твор; адзін з жанраў праграмнай музыкі. Спалучае рысы фантазіі (свабода тэматычнага развіцця і будовы, часам са значнымі адхіленнямі ад традыц. тыпаў) і сімфанічнай паэмы (пераважаюць карцінна-выяўл. тып праграмнасці, элементы фантастыкі).

У замежнай музыцы прадстаўлена асобнымі ўзорамі («Дачка Поўначы» Я.​Сібеліуса), шырока і рознабакова — у творчасці рус. кампазітараў П.​Чайкоўскага, А.​Глазунова, М.​Мусаргскага, С.​Рахманінава, І.​Стравінскага і інш. Блізкія да С.ф. уверцюры-фантазіі Чайкоўскага, М.​Глінкі. У рус. музыцы сфарміраваўся своеасаблівы від С.ф., заснаваны на свабодным сімф. развіцці фалькл. муз. тэм (фантазія «Камарынская» Глінкі на тэмы дзвюх рус. нар. песень, «Фантазія на сербскія тэмы» і «Іспанскае капрычыо» М.​Рымскага-Корсакава, «Італьянскае капрычыо» Чайкоўскага, «Уверцюра на 3 рускія тэмы» М.​Балакірава і інш.).

У творчасці бел. кампазітараў прадстаўлены традыцыйныя віды С.ф.: уверцюры-фантазіі «Зары насустрач», «Дума пра пагранічніка Лагоду» і капрычыо на тэмы бел. нар. песень М.​Аладава, С.ф. Ю.​Бяльзацкага, І.​Лучанка, «Янка» П.​Падкавырава, «Перапёлачка» Р.​Пукста, «Свята» А.​Мдывані і інш.

Літ.:

Гл. да арт. Праграмная музыка, Сімфанічная паэма.

Т.​А.​Дубкова.

т. 14, с. 389

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНДАЛІ́НА,

струнны шчыпковы муз. інструмент лютневай сям’і. Вядома некалькі тыпаў М., якія адрозніваюцца формай корпуса, памерамі шыйкі, колькасцю струн, строем. Найб. пашыраная неапалітанская М. мае моцна пукаты склеены з асобных сегментаў корпус авальнай формы, плоскую дэку з круглай рэзанатарнай адтулінай, кароткую шыйку з метал. ладамі і галоўку з калкамі для замацавання 4 парных струн. Строй М. квінтавы, як у скрыпкі (g—d​1—a​1—e​2). Чысты звонкі гук здабываецца з дапамогай плектра (медыятара). Сфарміравалася ў Італіі каля 1700, з 18 ст. вядома і ў краінах Еўропы. У 19 ст. адзін з найб. папулярных аматарскіх муз. інструментаў, выкарыстоўвалася як сольны, ансамблевы і аркестравы інструмент, служыла асновай т.зв. неапалітанскага аркестра, часам уводзілася і ў оперна-сімфанічны. Для М. пісалі Л.​Бетховен, А.​Вівальдзі і інш. На Беларусі вядома з сярэдзіны 19 ст. напачатку ў муз. побыце гарадоў і мястэчак, на мяжы 19—20 ст. і вёсак (асабліва папулярная ў 1920—30-я г.). У нар. практыцы — сольны і ансамблевы інструмент. Рэпертуар нар. мандаліністаў уключае танцы і песні пераважна гар. паходжання.

Літ.:

Назина И.Д. Белорусские народные музыкальные инструменты: Струнные. Мн., 1982.

І.​Дз.​Назіна.

Неапалітанская мандаліна.

т. 10, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛАДЗЕ́ЧАНСКАЕ МУЗЫ́ЧНАЕ ВУЧЫ́ЛІШЧА імя М.​К.​Агінскага,

сярэдняя спец. навучальная ўстанова ў г. Маладзечна Мінскай вобл. Засн. ў 1958. Размешчана ў будынку, у якім жыў Міхал Клеафас Агінскі (у 1993 вучылішчу прысвоена яго імя). Рыхтуе музыкантаў-інструменталістаў, спевакоў, дырыжораў, музыказнаўцаў, выкладчыкаў дзіцячых муз. школ. У 1999/2000 навуч. г. працуюць аддзяленні: фп.; баяна і акардэона; духавых і ўдарных інструментаў; нар. струнных; струнных смычковых інструментаў; спеваў; хар. дырыжыравання; тэорыі музыкі; дэкар.-прыкладнога мастацтва (з 1995). Пры вучылішчы працуе дзіцячая муз. школа. Сярод творчых калектываў: Маладзечанскі гарадскі сімфанічны аркестр, нар. аркестры рус. нар. і духавых інструментаў (у 1975—96 дзейнічаў таксама нар. камерны аркестр нар. інструментаў); жаночы хор і хор студэнтаў тэарэт. аддзялення; вак. ансамбль «Аніма», камерныя ансамблі. У розны час у вучылішчы выкладалі: Л.​Гуцін, Я.​Дзягцярык, В.​Іваноў, М.​Казінец, В.​Карэтнікаў, Т.​Мдывані, Л.​Свердэль, Ф.​Севасцьянаў, І.​Хадоска, Г.​Цэпава; яго ўзначальвалі Р.​Грышаеў, І.​Сушкевіч, Л.​Школьнікаў, А.​Шунтаў, Ю.​Шпадарук, Э.​Кірыленка, Р.Сарока (з 1980 дырэктар). Сярод выпускнікоў: Ю.Антонаў, А.Елісеенкаў, Л.Колас, Л.Нікольскі, Т.Раеўская, А.Ціхановіч і інш. На будынку вучылішча ўстаноўлена мемар. дошка Агінскаму (скульпт. В.​Янушкевіч).

Літ.:

Маладзечанскае музычнае вучылішча. Маладзечна, 1996.

Л.​В.​Ляшчэвіч.

Будынак Маладзечанскага музычнага вучылішча імя М.​К.​Агінскага.

т. 9, с. 551

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

канцэ́рт, ‑а, М ‑рце, м.

1. Публічнае выкананне інструментальных, вакальных музычных твораў, а таксама харэаграфічных, дэкламацыйных і інш. нумароў па пэўнай праграме. Сімфанічны канцэрт. Канцэрт мастацкай самадзейнасці. Эстрадны канцэрт. □ Крысціна не магла не быць у трывозе за тое, што яе няма вось на гэтым канцэрце, што яна не слухае, як спявае яе малодшая сястра. Кавалёў.

2. Буйны музычны твор для аднаго інструмента ў суправаджэнні аркестра. Канцэрт для фартэп’яна з аркестрам. Скрыпічны канцэрт.

•••

Кашэчы канцэрт — а) пра завыванне катоў; б) пра бязладныя спевы, музыку і інш.

[Фр. concert.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ФІЛАДЭ́ЛЬФІЯ (Philadelphia),

горад на ПнУ ЗША, штат Пенсільванія, у нізоўях р. Дэлавэр, на Атлантычным узбярэжжы. 1418 тыс. ж. (1999). Марскі порт. Важны трансп. вузел. Міжнар. аэрапорт. Адзін з гал. прамысл. цэнтраў ЗША, буйны гандл.-фін. і культ. цэнтр. Прам-сць: машынабудаванне (авіяц., ракетна-касм., ваен., суднабуд., аўтамаб., эл.-тэхн., радыёэлектроннае, вытв-сць прамысл. абсталявання, кантрольна-вымяральных прылад, чыг. вагонаў і лакаматываў і інш.), хім. (вытв-сць мыйных сродкаў, лакаў, фарбаў, хімікатаў і інш.), хіміка-фармацэўтычная, нафтаперапр., харч., швейная, паліграф. (першая друкарня засн. ў 1685), цэлюлозна-папяровая, шкляная, тэкст., мэблевая. Метрапалітэн. Ун-ты, у т. л. Пенсільванскі (засн. ў 1740). Тэатры. Музеі, у т. л. Пенсільванскага ун-та. Акадэмія выяўл. мастацтва і музыкі. Філадэльфійскі сімфанічны аркестр.

У 1-й пал. 17 ст. на месцы Ф. існавала швед. паселішча. У 1681—82 У.Пэн засн. тут калонію англ. квакераў. З 1701 горад. У 18 ст. Ф. — гал. культ. цэнтр брыт. калоній у Паўн. Амерыцы (у 1740 засн. першы амер. ун-т, у 1743 — Амер. філас. т-ва). У час вайны за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83 Ф. — цэнтр патрыят. руху (тут праходзілі пасяджэнні 1-га і 2-га Кантынентальных кангрэсаў); захоплена брыт. войскамі (1777). У Ф. прыняты Дэкларацыя незалежнасці 1776 і 1-я канстытуцыя ЗША (1787). У 1790—1800 сталіца ЗША. Да 1830-х г. Ф. — гал. фін. цэнтр дзяржавы. У 19 ст. была апорай абаліцыянізму.

План Ф., складзены ў 1682, — прамавугольнік паміж рэкамі Скулкіл і Дэлавэр з прамавугольнай сеткай вуліц і 5 плошчамі. У цэнтры горада ратуша (1789—91), на У Стары горад з будынкамі 18 ст. (Індэпендэнс-хол, 1732-45, арх. Э.​Хамілтан; вежа 1750—51). На У каля порта і на 3 прамысл. раёны. Вылучаюцца будынкі Пенсільванскай акадэміі прыгожых мастацтваў (1871—76, арх. Ф.​Фёрнес), музея мастацтваў (1919—27, неакласіцызм), небаскробы дзелавога цэнтра (1923—27) і Філадэльфія сейвінгс фанд сасаеці білдынг (1932, арх. Дж.​Хау, У.​Лескейз), мед. лабараторыі Пенсільванскага ун-та (1957—61, арх. Л.​Кан), жылы корпус Сасаеці-хіл (1964—65, арх. І.​М.​Пей); паркавая эспланада Індэпендэнс-мол.

Да арт. Філадэльфія. Індэпендэнс-хол.

т. 16, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)