павіва́цца, ‑аецца; незак.

1. Пралягаць, ісці павіляста. Ідзе Сцёпка, дзе чыгункаю па шпалах, а дзе вузенькаю сцежкаю, што павіваецца па хібах насыпу побач чыгункі. Колас. Наперадзе ў лагчыне луг, а далей між зялёных кустоў павіваецца рэчка. С. Александровіч.

2. Расці павіваючыся, віцца. Хмель зялёны каля тыпу павіваўся. Ставер. Раскідаў разлапістае галлё волат-дуб, павіваліся нейкія невядомыя казачныя расліны. Даніленка. // Быць пакручастым. [Чалавек] быў без шапкі, мяккія валасы павіваліся дробнымі кудзерамі, дзюбаты насок не псаваў аліўкавага аблічча. Лужанін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чуба́ты, ‑ая, ‑ае.

1. З чубам (у 1, 2 і 4 знач.). На прызбе чубаты салдат-гарманіст на ўвесь мах расцягваў трохрадку. Ставер. // Які формай нагадвае чуб (пераважна пра расліны). Зіна спынілася, прыслухалася. Дзесьці ўнізе, сярод чубатых вяршалін ні то кіпарысаў, ні то таполяў спяваў салавей. Лось. Цокат, грукат па дарозе, А з дарогі — пыл густы На бярозы, Вербалозы, На чубатыя кусты. Бялевіч.

2. Як састаўная частка некаторых батанічных і заалагічных назваў. Чубаты шалфей. Чубатая чэрнець. Чубаты рабчык.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ме́рыцца, ‑руся, ‑рышся, ‑рыцца; незак.

Збірацца ажыццявіць якое‑н. дзеянне; намервацца. Як толькі я мерыўся ісці, Усцім заступаў мне дарогу, затрымліваў, пытаючыся пра розныя рэчы. Сабаленка. Ліс поўз на жываце, выцягнуўшы галаву, нібы мерыўся раптоўна скочыць на свайго праціўніка. Ваданосаў. // Разм. Імкнуцца заняць якое‑н. становішча, пасаду; меціць. — Вось твой Васіль дык маладзец, — І ў далоні пляснула, — Ён, кажуць, мерыцца ў зяці Да старшыні, да Яснага? Ставер. Падмятальнік стаяў у натоўпе ля хлопца, што мерыўся быць за старшыню сходу. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рэ́йка, ‑і, ДМ рэйцы; Р мн. рэек; ж.

1. Вузкі стальны брус, які замацоўваецца на шпалах (у два рады) для руху паяздоў, ваганетак і пад. У два рады між палёў Роўна рэйкі ляглі. Колас. Па рэйках тых бягуць цягнікі. Лынькоў. Павольна стукаюць на рэйках колы цягніка. Ставер.

2. Вузкая і тонкая драўляная дошка ці брусок. Мы прыладзілі да.. [карты] тоненькія рэйкі, старанна яе падклейвалі. Даніленка.

3. Драўляны брусок з дзяленнямі для вымярэння ўзроўню вады і пад. Вадамерная рэйка. Снегамерная рэйка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ускалыха́ць, ‑лышу, ‑лышаш, ‑лыша; зак.

1. што. Прывесці ў рух, прымусіць калыхацца. І нідзе я не змог бы Пражыць ні хвіліны адной.. Без вятроў, што мой Сож І што Волгу маю ўскалыхалі. Кірэенка. / у вобразным ужыв. І працаю вясёлай Напоўніцца прастор, І песняю дзяўчаты Ускалышуць звонкі бор. Русак.

2. перан.; каго. Разм. Узгадаваць, выхаваць, выпесціць. Знаю — шмат ты [Нарач] каго ўскалыхала, Умывала празрыстай вадой І нярэдка бурлівай бывала, Уздымаючы хвалі гарой. Прыходзька. Мяне з маленства ўскалыхала бура. Маё дзяцінства — на шляхах вайны. Ставер.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

няба́чаны, ‑ая, ‑ае.

Выключны, незвычайны (па сіле праяўлення). Дрэвы растуць, імкнуцца да сонца, дасягаюць нябачаных памераў, старэюць, падаюць і трухлеюць, уступаючы сваё месца маладняку. В. Вольскі. Нябачанымі да гэтага часу тэмпамі расцвітае эканоміка і культура. Пестрак. // Такі, які не сустракаўся раней, якога не даводзілася бачыць. Усіх ахапіла цікавасць... Хацелася бліжэй пабачыць гэту нябачаную штуку-самалёт. Чарот. [Музыку] прывезлі ў панскія пакоі, і ён здзівіўся нябачанаму ніколі багаццю. Чорны. // Таямнічы, дзіўны. Іван і Арцём дужа зблізіліся. Нейкія нябачаныя, невядомыя ніці прыцягвалі іх адзін да другога. Ставер.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зя́па, ‑ы, ж.

Разм. Рот звера, рыбы; пашча. [Мядзведзь] толькі шчэрыў чорную зяпу ды круціў тоўстым хібам. Даніленка. Аўчарка набліжалася.., ужо стала відаць яе разяўленая зяпа з высунутым языком. Быкаў. // Груб. Рот чалавека. — Мы гарантуем табе жыццё. Звяжам, заткнём зяпу і ціха паедзем да сваіх. Шамякін. // перан.; якая або чаго. Пра шырока адкрытае паглыбленне ў чым‑н. Чыгунка выгіналася дугой і гублялася ў чорнай зяпе тунеля. Ставер. Хлопчык.. туліўся да бацькі, калі яны заходзілі ў качагарку, дзе замурзаныя ў сажу людзі падкідалі дровы ў вогненную зяпу. С. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

закава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; ‑куём, ‑куяце; зак., каго-што.

1. Надзець на каго‑н. кайданы, ланцугі, скаваўшы іх. Прыехалі жандары, закавалі Пархвена ў кайданы і адправілі ў Сібір на катаргу. Жычка. // перан. Пакарыць, зняволіць. Не танула песня ў моры. У агні не гарэла, Закаваць не мог у путы Сатрап азвярэлы. Купала. Няма яшчэ такіх кайданаў, Каб закаваць людское сэрца. Глебка.

2. перан. Пакрыўшы лёдам, зрабіць нерухомым; замарозіць. Падскочыў мароз і закаваў балоты і рэкі. Якімовіч. / у безас. ужыв. Закавала лёдам рэкі, Ручаёчкі — аж да дна. Ставер.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рулявы́, ‑ая, ‑ое.

1. Які мае адносіны да руля (у 1 знач.). Рулявое кола. Рулявое вясло. □ За мачтай цямнела нерухомая постаць рулявога матроса. Час ад часу ён круціў штурвальнае кола. Самуйлёнак.

2. у знач. наз. рулявы́, ‑ога, м. Чалавек, які кіруе рулём на судне. Жвавы падлетак прабягае па палубе. Каля капітанскай рубкі яго спыняе рулявы. Каршукоў. Моўчкі глядзяць вартавыя, Дазорныя і рулявыя. Лось. // перан. Пра кіраўніка, правадыра. У баях цяжкіх, на барыкадах ты ішла пад сцягам баявым. Слаўная ўдарная брыгада — нашага народа рулявы. Ставер.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пара́нены, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад параніць.

2. у знач. прым. Які атрымаў раненне, мае рану. Праходзілі групамі і па адным параненыя чырвонаармейцы. Чорны. Кожны дзень праз вёску везлі фурманкамі пакалечаных, параненых людзей. Галавач. // Пашкоджаны пры раненні (пра якую‑н. частку цела). Міколку, аднак, было не да смеху,.. вельмі садніла параненая шчака. Лынькоў. Параненая рука пачала пухнуць, рана загнаілася. Ставер.

3. у знач. наз. пара́нены, ‑ага, м.; пара́неная, ‑ай, ж. Чалавек, які атрымаў раненне. Тадора Міронаўна працавала на кухні, даглядала параненых. Брыль. [Санітарка] спяшаецца, каб у час дапамагчы параненаму. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)