ВІ́ЦІНГ (Віцінгс) Яўген Эдуардавіч

(2.8.1884, С.-Пецярбург — 20.8.1959),

спявак (драм. тэнар) і педагог. Засл. дз. маст. Латвіі (1946) і Беларусі (1955). Праф. (1947). Вучыўся ў Мілане, дэбютаваў у П’ячэнцы (Італія, 1908). У 1907—18 саліст Марыінскага т-ра, дзе выканаў партыі Радамеса («Аіда» Дж.​Вердзі), Хазэ («Кармэн» Ж.​Бізэ), Германа («Пікавая дама» П.​Чайкоўскага) і інш. З 1920 жыў пераважна ў Рызе (да 1946 саліст оперы, да 1950 педагог кансерваторыі). У 1950—59 вёў клас сольных спеваў у Бел. кансерваторыі. Сярод яго вучняў М.Ворвулеў, В.Глушакоў, М.Зюванаў, Р.Асіпенка, М.Дружына, П.Дружына, А.​Самарадаў.

т. 4, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАРЛІЯ́К (Ніна Львоўна) (н. 7.8.1908, С.-Пецярбург),

спявачка (сапрана) і педагог. Нар. арт. Расіі (1979). Нар. арт. СССР (1990). Скончыла Маскоўскую кансерваторыю (1932; клас К.​Дарліяк, маці Д.), з 1935 выкладала ў ёй, стварыла школу камерных спеваў (праф. з 947). Адна з буйнейшых сучасных камерных спявачак. З 1935 выступала ў канцэртах, у т. л. ў ансамблі з мужам — С.Рыхтэрам. Выконвала рамансы і оперныя арыі рус. і замежнай класікі, вак. лірыку сучасных кампазітараў, у т. л. ўпершыню шэраг твораў С.​Пракоф’ева, Дз.​Шастаковіча і інш. Сярод вучаніц Г.​Пісарэнка, Т.​Тугарынава, А.Ільіна.

т. 6, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Кана́рхаць, кынаркыць ’чытаць каноны і казаць стыхіры ў царкве’, ’дакучліва і са слязьмі выпрошваць’, кынаркыньня ’вымаганне’, кынаркыла ’вымагальнік’ (Гарэц., Нас., Яўс.), канархіст(а) ’лобры спявак, пачынальнік спеваў’, ’запявала’, ’забаўнік’ (Нас.). Рус. конархать ’чытаць каноны ў царкве’, смал. ’дакучліва прасіць’, укр. канархати ’спяваць на клірасе’ ’гаварыць у нос’, ’гібець’, ст.-рус., ц.-слав. конархати. З грэч. κανοναρχώ ’чытаю каноны’ (Фасмер, 2, 307). Значэнне ’прасіць’ узнікла ў XVIII ст., калі бедныя вучні спяваннем канонаў •зараблялі сабе па пражытак (Насовіч, 229).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пе́сня (пе́сьня, пі́сьня) ’невялікі паэтычны твор для спеваў’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ, ТС, Бяльк.). Укр. пі́сня, рус. пе́сня, ст.-рус. пѣснь, польск. pieśń, дыял. pieśma, н.-луж. pěsń, в.-луж. pěseń, палаб. pesȇn, чэш. píseň, славац. pieseň, славен. pẹ̑sem, pẹ̑sma, pẹ̑sniti ’ствараць песню’; серб.-харв. пе̏сма, pjȅsna; макед. пе̏сна, дыял. песма; балг. пе́сен, дыял. пе́сня, ст.-слав. пѣснь. Прасл. *pěsnъ < *pě‑ti ’спяваць’, як *bа‑snь < і.-е. *ba(ja)‑ti ’распавядаць’ (Міклашыч, 245; Фасмер, 3, 249; Шустар-Шэўц, 1058; Бязлай, 3, 28).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ВАЛЫ́НЧЫК (Антон Міхайлавіч) (18.7.1896, в. Мяльканавічы Слонімскага р-на Гродзенскай вобл. — 13.11.1985),

бел. харавы дырыжор, кампазітар. Засл. дз. культ. Беларусі (1964). Скончыў Вышэйшыя муз. курсы Варшаўскай кансерваторыі пры Крамянецкім муз. ліцэі (1935). Да 1939 выкладаў спевы ў Клецкай і Навагрудскай гімназіях, ствараў самадз. хары. З 1947 хормайстар Маладзечанскага абл. ансамбля песні і танца і Гродзенскага нар. ансамбля песні і танца «Нёман», у 1965—71 кіраўнік Гродзенскай нар. харавой капэлы настаўнікаў. У 1961—76 заг. кафедры музыкі і спеваў Гродзенскага пед. ін-та. Аўтар хароў і песень на вершы Я.​Купалы, Я.​Коласа, К.​Буйло і інш.

т. 3, с. 490

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А КАПЭ́ЛА (італьян. a cappella),

шматгалосыя харавыя спевы без інстр. суправаджэння. Пашыраны ў нар. творчасці. Як стыль прафес. хар. мастацтва склаліся ў культавай поліфаніі ў канцы сярэднявечча, дасягнулі росквіту ў майстроў Нідэрландскай школы і Дж.Палестрыны. Для правасл. царквы спевы а капэлы — адзіная форма хар. мастацтва. З эпохі Адраджэння развіваюцца і ў свецкай музыцы. На Беларусі ранні свецкі жанр спеваў а капэлы — кант. У стылі а капэлы працавалі кампазітары розных эпох. Сярод бел. — В.​Залатароў, М.​Равенскі, А.​Багатыроў, Р.​Пукст, У.​Алоўнікаў, Ю.​Семяняка, Э.​Тырманд, А.​Мдывані, Л.​Захлеўны, А.​Бандарэнка і інш.

А.​А.​Саламаха.

т. 1, с. 185

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАВЫ́ДАЎ (сапр. Левенсон) Аляксандр Міхайлавіч

(1872, маёнтак у Палтаўскай губ., Украіна — 28.6.1944),

расійскі спявак (лірыка-драм. тэнар). Засл. арт. Рэспублікі (1924). У 1889 — 1914 на опернай сцэне, у т. л. з 1900 у Марыінскім т-ры (Пецярбург). Адзін з лепшых выканаўцаў на рус. сцэне партый Германа («Пікавая дама» П.​Чайкоўскага), Каніо («Паяцы» Р.​Леанкавала), Зігмунда, Логе і Міме («Пярсцёнак нібелунга» Р.​Вагнера). З сярэдзіны 1920-х г. працаваў за мяжой (у 1934 рэж. опернай трупы, дзе спяваў Ф.Шаляпін). З 1935 зноў на радзіме, з 1936 выкладаў у вячэрняй школе спеваў пры Ленінградскім т-ры оперы і балета.

т. 5, с. 566

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́НТЭ ФЛАМЕ́НКА (ісп. cante flamenco),

група сольных песень і танцаў Паўд. Іспаніі, а таксама стыль іх выканання. Радзіма К.ф. — Андалусія. Характэрны любоўны змест, асаблівы эмацыянальны стыль спеваў (найб. стараж. пласт наз. кантэ хонда — «глыбінныя спевы»), разнастайнасць рытмаў (прышчоўкванне пальцамі, дробнае прыстукванне абцасамі — сапатэада, суправаджэнне на кастаньетах; гал. муз. інструмент — гітара). Сярод асн. відаў — тона, пала, сігірыя, салеарэс, фанданга). Вядома з глыбокай старажытнасці. Пашырылася з узнікненнем спец. артыстычных кафэ (першае ў Севільі, 1842). Масавае пашырэнне набыло з 1870-х г. (1870—1920-я г. наз. «залатой эпохай» К.ф.). Стыль К.ф. выкарыстоўвалі ў творчасці многія кампазітары (М. дэ Фалья і інш.).

т. 8, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНО́ДЫЯ (грэч. monodia песня аднаго спевака ад monos адзін + ōdos спявак),

аднагалоссе, якое не патрабуе суправаджэння. Пазбягае любых верт. суадносін гукаў (рэальных або мяркуемых) і разгортваецца выключна ў іх лінеарна-меладычным руху. Характэрна для муз. фальклору многіх народаў, для сярэдневяковых зах.-еўрап. (грыгарыянскі харал) і стараж.-рус. (знаменны спеў) царк. спеваў, а таксама для ўсх. класічнай музыкі вуснай традыцыі (мугам, маком, макам, рага і інш.). Манадычная бел. нар. музыка стараж. пласта. У творах сучасных бел. кампазітараў М. трапляецца ў межах асобных невял. эпізодаў.

Літ.:

Галицкая С.П. Теоретические вопросы монодии. Ташкент, 1981.

А.​А.​Друкт.

т. 10, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́РНЫЯ ДУ́ДКІ, парнёўка, дудкі,

старажытны бел. народны духавы муз. інструмент тыпу падоўжнай свістковай флейты. Інш. назвы: пасвісцелі, сапілка, гуслі. Складаюцца з 2 драўляных дудак рознай даўжыні з трыма ігравымі адтулінамі на кожнай. Тыповы гукарад сяміступенны, утвараецца 2 тэтрахордамі з 1 агульным гукам. Гучанне камернае, светлае, мяккага тэмбру. У час ігры дудкі трымаюць пад вуглом. П.д. гучалі на бяседах, хрэсьбінах, вяселлях, пры ваджэнні карагодаў. Выкарыстоўвалі звычайна як сольны інструмент і для суправаджэння спеваў, часам у ансамблі са скрыпкай. На іх выконвалі мелодыі абрадавых і пазаабрадавых песень, радзей танцавальныя. Былі найб. пашыраны на Магілёўшчыне.

Р.​Дз.​Назіна.

т. 12, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)