ПАНАМЕРЫКА́НСКІЯ ГУ́ЛЬНІ,

рэгіянальныя транскантынентальныя комплексныя спарт. спаборніцтвы. Арганізаваны пад эгідай Арганізацыі амер. дзяржаў, праводзяцца пад патранажам Міжнар. алімп. камітэта раз у 4 гады (у год напярэдадні Алімп. гульняў) пад кіраўніцтвам нац. спарт. федэрацый краіны-арганізатара гульняў. Першыя П.г. адбыліся ў 1951 у Буэнас-Айрэсе па 19 відах спорту. У праграму П.г. уключаецца большасць відаў спорту, што ўваходзяць у праграму Алімпійскіх гульняў.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 12, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ ЦЭНТР АЛІМПІ́ЙСКАЙ ПАДРЫХТО́ЎКІ ПА ТЭ́НІСЕ І НАСТО́ЛЬНЫМ ТЭ́НІСЕ РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ.

Засн. ў Мінску ў 1996. Яго дзейнасць накіравана на падрыхтоўку спартсменаў і нац. каманд да Алімп. гульняў, чэмпіянатаў свету і Еўропы і інш. Каардынуе дзейнасць аддзяленняў спарт. дзіцяча-юнацкіх школ, вучылішчаў алімп. рэзерву і інш. Спарт. комплекс Н.ц. пабудаваны ў 1978 у Мінску. Мае 4 крытыя тэнісныя корты з трыбунай для 500 гледачоў, трэніровачную залу, мед. і метадычны кабінеты, дапаможныя памяшканні, 13 адкрытых кортаў (6 з травяным і 7 з грунтавым пакрыццём), якія выкарыстоўваюцца для вучэбна-трэніровачных заняткаў, правядзення міжнар. і рэсп. спаборніцтваў. У цэнтры працуюць вучэбна-спарт. групы, трэнеры-выкладчыкі. Сярод выхаванцаў — пераможцы міжнар. спаборніцтваў Н.Зверава, В.​Барабаншчыкава, У.​Ваўчкоў, М.​Мірны, У.​Самсонаў і інш.

В.​Я.​Ржаных.

т. 11, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛКІ́ПЕР (англ. goal-keeper),

гулец, які абараняе вароты (варатар) у спарт. гульнях (футбол, хакей і інш.).

т. 4, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭЛЬФІ́Н у спорце,

спосаб спарт. плавання, скорасная разнавіднасць батэрфляю, ад якога адрозніваецца хвалепадобным рухам ног і цела.

т. 6, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУК’Я́НЧЫКАЎ (Сяргей Пятровіч) (н. 9.11.1945, г. Смаленск, Расія),

бел. кінарэжысёр дакумент. кіно, сцэнарыст. Скончыў Усесаюзны ін-т кінематаграфіі (1974). З 1963 на кінастудыі «Беларусьфільм». Рэжысёрскую манеру вылучаюць экспрэсіўнасць, музыкальнасць, арыгінальнасць маст. вырашэння. Сярод спарт. фільмаў «Паляванне на золата» (1974; Гран пры Міжнар. фестывалю спарт. фільмаў у Корціна-д’Ампеца, Італія, 1975), «Шчаслівыя берагі Алімпіі» (1978), «Тэхніка водналыжнага спорту» (1981), «Гарадкі — народная гульня» (1998, Гран пры Міжнар. фестывалю спарт. фільмаў у Палерма, Італія, 1998). Стварыў цыкл маст.-публіцыст. фільмаў «Наш Афганістан» («Боль», 1986; «Я з падпарадкавання выйшаў», 1989; «Сорам», 1990). Дакумент. фільмы «Адлучэнне» (1993), «Смутак» (1994), «Чарнобыль. Фантомы», «Асколкі аўтабіяграфіі», «Чарнобыль. Попел» (усе 1996) пра чарнобыльскую трагедыю. Сярод інш. фільмаў — «Трамвай NON-STOP» (1993), «Другі» (1996, 1-ы прыз Міжнар. фестывалю «Тыдзень сусв. эксперым. кіно», Мадрыд, 1997). Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1980.

т. 9, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕЛЬВЕТО́Н,

гладкаафарбаваная шчыльная тканіна з кароткім густым начасаным ворсам на добрым баку. Выкарыстоўваюць у асноўным для пашыву спарт. касцюмаў.

т. 4, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАТАЦЫ́КЛ (ад лац. motor які прыводзіць у рух + грэч. kyklos круг, кола),

двухколавы трансп. сродак з рухавіком унутр. згарання з рабочым аб’ёмам больш за 50 см³. Выпускаюцца таксама М. з бакавым прычэпам — каляскай для аднаго пасажыра ці невял. грузу. Паводле прызначэння падзяляюцца на дарожныя, спарт. і спецыяльныя. Рухавік карбюратарны 2- або (радзей) 4-тактавы, ахаладжэнне сустрэчным патокам паветра (асобныя мадэлі спарт. і высокафарсіраваных дарожных М. маюць вадзяное ахаладжэнне). На Беларусі вырабляюцца на Мінскім матацыклетным і веласіпедным заводзе.

т. 10, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛІМПІ́ЙСКІ РУХ,

міжнародны грамадскі рух, накіраваны на прапаганду і развіццё спорту праз падрыхтоўку і арганізацыю Алімпійскіх гульняў. Аб’ядноўвае мільёны людзей незалежна ад паліт. і рэліг. перакананняў, расавай прыналежнасці на прынцыпах раўнапраўя, дэмакратыі і ўзаемнай павагі. Асн. мэты і прынцыпы алімпійскага руху выкладзены ў Алімпійскай хартыі. Арганізац. аснова алімпійскага руху — Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК), Нацыянальныя алімпійскія камітэты (НАК) і іх кантынентальныя аб’яднанні (Асацыяцыя нац. алімпійскіх к-таў, Алімпійскі Савет Азіі, Асацыяцыя еўрап. нац. алімпійскіх к-таў і інш.), арганізац. к-ты Алімпійскіх гульняў, міжнар. і нац. федэрацыі па алімпійскіх відах спорту. Важную ролю ў развіцці алімпійскага руху адыгрываюць алімпійскія кангрэсы, сесіі МАК, дзейнасць яго спецыялізаваных камісій і інстытутаў, а таксама розных міжнар. спарт. арг-цый (Трыбунал спарт. арбітражу, Вярх. Савет міжнар. спарт. арбітражу, Міжнар. алімпійская асацыяцыя даследаванняў у спарт. медыцыне і інш.). Алімпійскі рух мае свае традыцыі, рытуалы, алімпійскую сімволіку.

Гісторыя сучаснага алімпійскага руху пачынаецца з канца 19 ст. Па ініцыятыве франц. педагога, гісторыка і грамадскага дзеяча П. дэ Кубертэна ў 1894 у Парыжы адбыўся I Міжнар. спарт. (алімпійскі) кангрэс, які прыняў рашэнне аднавіць на сучаснай аснове Алімпійскія гульні. Праграмныя і арганізац. асновы алімпійскага руху, распрацаваныя Кубертэнам і яго паплечнікамі, удасканальваліся на працягу наступных дзесяцігоддзяў.

Розныя праграмы МАК па каардынацыі дзейнасці нац. алімпійскіх к-таў прадугледжваюць дапамогу ім у развіцці алімпійскага руху ў сваіх краінах (асн. з іх — праграма «Алімпійская салідарнасць»). Дзейнічаюць Міжнар. алімпійская акадэмія (засн. ў 1961 у Алімпіі, рыхтуе спецыялістаў вышэйшага класа ў розных галінах спорту), Алімпійскі музей (засн. ў 1993 у Лазане, Швейцарыя), Міжнар. алімпійская федэрацыя філатэлістаў (з 1982). Існуе сістэма алімпійскіх узнагарод — медалі для пераможцаў і прызёраў гульняў, Алімпійскі кубак і Алімпійскі ордэн (прысуджаюцца за асаблівыя заслугі ў развіцці алімпійскага руху) і інш. У сістэме алімпійскага руху вылучаюцца рэгіянальныя спарт. спаборніцтвы пад патранажам МАК (Азіяцкія, Афрыканскія, Панамерыканскія і інш. гульні), спаборніцтвы, што наладжваюцца пасля Алімпійскіх гульняў у алімпійскім горадзе для спартсменаў-інвалідаў (гл. Параалімпійскія гульні). На Беларусі алімпійскім рухам кіруе Нацыянальны алімпійскі камітэт Беларусі.

Літ.:

Le mouvement olympique = The olympie movement. Lausanne, 1993.

Г.​К.​Кісялёў.

т. 1, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Басейн (спарт.) 2/174; 3/474; 10/12

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Гуські (спарт. гульня) 2/258—259; 4/96

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)