дзяжу́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Які выконвае тыя ці іншыя службовыя або грамадскія абавязкі ў парадку чаргі. Дзяжурны міліцыянер. □ Доўга сядзець у палаце, непакоіць хворага дзяжурны доктар не дазваляў. Пальчэўскі. // у знач. наз. дзяжу́рны, ‑ага, м.; дзяжу́рная, ‑ай, ж. Асоба, якая ў парадку чаргі выконвае свае службовыя або грамадскія абавязкі. Дзяжурны па вакзалу. Дзяжурны па кухні. □ У казарме чутны асцярожныя крокі дзяжурнага, які штораз паглядае на гадзіннік. Каваль. Аператыўны дзяжурны зараз жа пазваніў у эскадрыллі, перадаў загад камандзіра палка. Алешка. // Які працуе ў гадзіны перапынку або ў дні адпачынку іншых падобных устаноў. Дзяжурная аптэка. Дзяжурны магазін.

2. Прызначаны для дзяжурства. У дзяжурным пакоі рэзка і трывожна зазваніў тэлефон, і Стась кінуўся да яго. Мікуліч. // у знач. наз. дзяжу́рная, ‑ай, ж. Пакой, памяшканне для дзяжурства. Зайсці ў дзяжурную.

3. Загадзя падрыхтаваны для неадкладнага выкарыстання. Дзяжурная страва ў рэстаране. // перан. Загадзя прыдуманы, завучаны. Дзяжурная фраза. Дзяжурны жарт. □ Паходня паспрабаваў быў чытаць тэзісы, але і самому яму стала сумна, нібы гэта былі чужыя, дзяжурныя словы, паўтораныя сотні разоў. Хадкевіч.

[Ад фр. de jour— які адносіцца да гэтага дня.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

БІ́РМАНСКАЯ МО́ВА,

адна з кітайска-тыбецкіх моў (тыбецка-бірманская група). Афіц. мова М’янмы (б. Бірма) і мова міжнац. зносін большасці народаў М’янмы. Традыцыйна вылучаюць дыялекты: араканскі, тавойскі, інта, дану, таунйоў, йо (некаторыя даследчыкі лічаць іх самаст. мовамі). У фанетыцы 11 галосных, 33 зычныя фанемы; з’яўляецца тонавай мовай (мае 4 тоны) з аднаскладовай будовай кораня. Асн. спосабы словаўтварэння — словаскладанне і афіксацыя аглюцінатыўнага тыпу. У марфалогіі вылучаюцца іменныя і дзеяслоўныя класы слоў, а таксама службовыя словы, што разам з парадкам слоў перадаюць сінтаксічныя адносіны. Пісьменства бірманскай мовы складовае, пабудаванае на аснове аднаго з відаў паўд.-інд. пісьма. Стараж. пісьмовыя помнікі датуюцца 11 ст.

т. 3, с. 156

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

аге́нт 1, ‑а, М ‑нце, м.

1. Прадстаўнік арганізацыі, установы, які выконвае службовыя, дзелавыя даручэнні. Агент па забеспячэнню. Страхавы агент.

2. Асоба, якая з’яўляецца стаўленікам каго‑н., служыць чыім‑н. інтарэсам. Агенты імперыялізму.

3. Сакрэтны супрацоўнік разведкі якой‑н. дзяржавы; шпіён. Атраду таварыша Андрэя даручана ўстанавіць, ці не з’яўляецца гэты «бацька Рудольф» агентам гестапа. Мікуліч.

[Ад лац. agens, agentis — дзейны.]

аге́нт 2, ‑а, М ‑нце, м.

Кніжн. Прычына, якая выклікае тыя або іншыя з’явы ў прыродзе. Мікробы, вірусы — інфекцыйныя агенты.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

службі́ст, ‑а, М ‑сце, м.

Разм. Той, хто старанна, рупліва адносіцца да сваіх службовых абавязкаў. Самі [дзед і бацька] былі акуратныя службісты, узнагароджаны медалямі і ордэнамі. Алешка. // Служачы. Ішоў, відаць, кандуктар або хто іншы з службістаў. Пестрак. // Разм. неадабр. Той, хто на выгляд стараецца, а на справе фармальна выконвае службовыя абавязкі. [Далін:] Узяць — хоць ротны наш: Муштроўшчык, ну смех чысты. Дзе трэба — ляжа лістам, Прыходзіць проста ў раж І чыніць ералаш, Каб спраўныя быць службістам. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

АДМІНІСТРАЦЫ́ЙНАЯ ЮРЫСДЫ́КЦЫЯ,

дзейнасць органаў дзярж. кіравання і іх службовых асоб па вырашэнні індывідуальных адм. спраў і прымяненні адпаведных юрыд. санкцый у адм. парадку. У некаторых краінах адміністрацыйную юрысдыкцыю ажыццяўляюць спец. органы т.зв. адм. юстыцыі (напр., адм. ведамасныя суды ў ЗША, Вялікабрытаніі, адм. трыбуналы акруг у Францыі і ў інш.). У б. СССР не было адасобленай сістэмы спец. органаў адм. юстыцыі. У Рэспубліцы Беларусь да органаў, што ажыццяўляюць адміністрацыйную юрысдыкцыю, адносяцца адміністрацыйныя камісіі пры выканкомах мясц. Саветаў дэпутатаў, выканкомы пасялковых і сельскіх Саветаў, раённыя камісіі па справах непаўналетніх, раённыя суддзі, службовыя асобы органаў унутр. спраў, дзярж. інспекцыі і інш. Парадак вядзення спраў органамі, якія ажыццяўляюць адміністрацыйную юрысдыкцыю, рэгламентаваны заканадаўствам Рэспублікі Беларусь. Гл. таксама Адміністрацыйнае правапарушэнне.

т. 1, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКІЯ ВОДАНАПО́РНЫЯ ВЕ́ЖЫ,

помнікі вытворчай архітэктуры; 2 вежы, пабудаваныя ў канцы 19 — пач. 20 ст. ў Гродне ў эклектычным стылі. Мураваныя 8-гранныя ў плане збудаванні (выш. 22 м) падзелены па вышыні на 6 частак. Кожная з іх мае звязаныя паміж сабой 4 адсекі (размешчаны інж. абсталяванне і службовыя памяшканні). У цэнтры — трубы для падачы вады ў рэзервуар у верхняй частцы вежы.

Фасады паўн. вежы, пабудаванай у 1910-я г., багата дэкарыраваны. Карнізы з арнаментамі, паясы, дэнтыкулы падзяляюць будынак знадворку на 4 ярусы. Спалучэнне чырвонай цэглы і белай тынкоўкі надае пабудове маляўнічасць. Паўд. вежа, пабудаваная ў 19 ст., мае падобную структуру. Дэкор яе фасадаў больш стрыманы.

Гродзенскія воданапорныя вежы.

т. 5, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІНАЛО́ГІЯ [ад грэч, kyōn (kynos) сабака + ...логія],

навука пра сабак; аснова сабакагадоўлі. Вывучае анатомію і фізіялогію сабак, у т. л. заканамернасці іх вышэйшай нерв. дзейнасці і паводзін, паходжанне і эвалюцыю парод, магчымасці выкарыстання для палявання, службовых і дэкаратыўных мэт, навук. эксперыментаў, распрацоўвае метады і спосабы іх гадоўлі, селекцыі, выхавання і дрэсіроўкі, прафілактыкі хвароб, лячэння. Існуе Міжнар. кіналагічная федэрацыя (г. Цюэн, Бельгія), у яе складзе працуе навук. камісія па К. Бел. кіналагічная федэрацыя створана ў 1992, аб’ядноўвае 40 клубаў.

Большасць сучасных парод сабак выведзена ў сярэднія вякі. Узнікненне К. звязана з утварэннем клубаў сабакаводаў у канцы 19 ст. (1873, Англія). Пазней клубы сталі аб’ядноўвацца ў кіналагічныя т-вы. Гл. таксама Дэкаратыўна-пакаёвыя сабакі, Паляўнічыя сабакі, Службовыя сабакі.

Л.​П.​Шкляроў.

т. 8, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

В’ЕТНА́МСКАЯ МО́ВА,

адна з аўстраазіяцкіх моў. Афіц. мова В’етнама, пашырана таксама ў Камбоджы, Лаосе, Тайландзе, Новай Каледоніі. Падзяляецца на 3 асн. дыялекты — паўн., цэнтр. і паўд., якія адрозніваюцца лексікай і фанетыкай. Літ. мова сфарміравалася на аснове паўн. і цэнтр. дыялектаў. Фанетыка в’етнамскай мовы не дапускае, каб у адной марфеме стаялі поруч 2 зычныя, 2 галосныя могуць спалучацца. Усе марфемы (асн. і службовыя) аднаскладовыя. Устойлівы парадак слоў абумоўліваецца тым, што ў в’етнамскай мове фактычна няма марфалогіі. У лексіцы шмат запазычанняў з кіт. мовы. Да 1910 у В’етнаме былі пашыраны 2 віды пісьменства — кіт. іерагліфіка і пісьменства «цьыном», якое ўзнікла на яе аснове (стараж. помнік датуецца 1343). З 1910 уведзена пісьмо «куок-нгы», створанае ў 17 ст. партуг. місіянерамі на аснове лац. алфавіта.

т. 4, с. 129

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ ГАРАДСКІ́ УНІВЕРМА́Г.

Пабудаваны ў 1951 у Мінску (арх. Л.​Мілегі, Р.​Гегарт). У аснове кантактнага Г-падобнага ў плане 4-павярховага будынка жалезабетонны каркас. На сіметрычна вырашаным фасадзе, арыентаваным на праспект Скарыны, на 1-м паверсе вылучаны 3 арачныя праёмы, якія ўтвараюць парадны ўваход. Для арх.-маст. аблічча характэрна наяўнасць вял. зашклёных праёмаў розных памераў, а таксама складанага дэкору — шматлікіх франтончыкаў, ліштваў, уставак, геральдычных паяскоў, прафіляваных цяг, маёлікавых дэталей, парапета. Дэкар. элементы класічнай спадчыны (ляпныя дэталі, вітражы і інш.) шырока выкарыстаны і ў інтэр’ерах. На 1—3-м паверхах размешчаны гандл, залы, злучаныя паміж сабой цэнтр. трохмаршавай параднай і 2 бакавымі лесвіцамі, на 4-м і ў падвалах — складскія і інш. службовыя памяшканні.

А.​А.​Воінаў.

Мінскі гарадскі універмаг.

т. 10, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКІ НО́ВЫ ЗА́МАК, Гродзенскі каралеўскі палац,

помнік архітэктуры 18 ст. Пабудаваны ў стылі позняга барока ў 1734—51 у Гродне каралём Аўгустам III на месцы Гродзенскага Ніжняга замка. Асн. праект М.​Д.​Пёпельмана, у стварэнні ўдзельнічалі арх. І.​Х.​Яўх і І.​Ф.​Кнобель (апошні дабудоўваў капліцу-капэлу). У 1789 рэканструяваны арх. Дж.​Сака. Размешчаны на правым беразе Нёмана, арыентаваны на Гродзенскі Стары замак, складае з ім адзіны арх. комплекс. Непасрэдна ў ядро ансамбля ўключаны мураваныя службовыя будынкі, якія ўтвараюць за левым крылом замка гасп. двор. Тут засядаў Гродзенскі сейм 1793, размяшчаліся каралеўская канцылярыя, шпіталь, стайні, карэтная і інш. службы. П-падобны ў плане 2-павярховы палац з мансардамі ўтвараў адкрыты парадны двор, які з боку Старога замка заканчваўся 1-павярховымі флігелямі і брамай. З боку дваровага фасада да паўкруглага эркера была прыбудавана палацавая капліца. Маляўнічае вырашэнне палаца дасягалася спалучэннем чырв. дахоўкі, зялёнага колеру сцен і белых элементаў арх. пластыкі і ляпнога дэкору. Планіроўка калідорная з авальнай у плане цэнтр. купальнай залай, ад якой адыходзілі парадныя памяшканні, вял. вестыбюль, капліца. Жылыя памяшканні размяшчаліся на 2-м паверсе і ў мансардзе, службовыя — у скляпеністых падвалах. Інтэр’еры капліцы, Сенатарскай, Пасольскай і Круглай залаў былі ўпрыгожаны жывапісам, размаляванымі плафонамі, панэлямі, стукавай залачонай лепкай у стылі ракако, скульптурай, паркетнай падлогай. У 1780-я г. інтэр’ер размаляваны сюжэтнымі сцэнамі (дэкаратар Манькоўскі). У першапачатковым выглядзе захаваліся ўязная брама, фланкіраваная манум. пілонамі са скульптурамі сфінксаў, дэкар. вайсковай арматурай (створана пад уплывам творчасці франц. арх. Ф.​Бландэля). У 1944 палац значна разбураны. Пасля перабудовы (1952, арх. У.​Вараксін) у ім размяшчаўся Гродзенскі абком КПБ, у наш час — частка экспазіцыі Гродзенскага гісторыка-археал. музея і абл. навук. б-ка імя Я.​Ф.​Карскага.

У.​А.​Чантурыя, А.​М.​Кулагін.

т. 5, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)