АТРАФІ́Я (ад грэч. atrophia завяданне),
памяншэнне памераў органа ці тканкі, якое суправаджаецца паніжэннем або спыненнем іх функцыі. Адрозніваюць атрафію фізіялагічную (узроставая інвалюцыя вілачкавай залозы ў юнацтве, палавых залоз, касцей, мышцаў, скуры, унутраных органаў у старасці) і атрафію паталагічную, што бывае пры хваробах.
Атрафія ўзнікае ад памяншэння прытоку крыві да тканкі ці органа, пашкоджання нерваў пры траўмах ці запаленнях, ад працяглага бяздзеяння тканкі, парушэння дзейнасці залоз унутранай сакрэцыі, дзеяння мех. фактараў.
т. 2, с. 78
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ТАВЫЯ ЗАЛО́ЗЫ,
простыя скурныя трубчастыя залозы ў млекакормячых жывёл і чалавека. Выпрацоўваюць і выдзяляюць пот, выконваюць выдзяляльную, тэрмарэгулятарную, сігнальную і інш. функцыі. Па характары развіцця, будове, тыпу сакрэцыі адрозніваюць апакрынныя залозы і экрынныя залозы. У арганізме П.з. значна менш, чым тлушчавых, у многіх млекакормячых жывёл яны адсутнічаюць на абваласелай скуры і сканцэнтраваны на невял. участках. Часам уваходзяць у склад спецыфічных скурных залозістых комплексаў — пахучых залоз.
А.С.Леанцюк.
т. 12, с. 519
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАМЕ́ЖКАВЫ МОЗГ,
аддзел галаўнога мозга пазваночных. Складаецца са шматлікіх узаемазвязаных ядраў. Знізу і ззаду П.м. мяжуе з сярэднім мозгам. Размешчаны непасрэдна пад карой вял. паўшар’яў і функцыянуе пад яе кантролем. У складзе П.м. вылучаюць таламус, гіпаталамус, субталамус, эпіталамус, метаталамус. Удзельнічае ў ажыццяўленні вегетатыўных функцый, сну, памяці, інстынктыўных паводзін, псіхічных рэакцый. Са структурамі П.м. звязана ўспрыманне болю, рэгуляцыя залоз унутр. сакрэцыі, падтрыманне гамеастазу. Іл. гл. да арт. Галаўны мозг.
т. 12, с. 553
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
гіганты́зм
(ад гігант)
празмерны рост чалавека, жывёліны або асобных частак іх цела ў выніку парушэння дзейнасці залоз унутранай сакрэцыі.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
ГАРМАНО́ІДЫ, парагармоны,
разнастайныя паводле хім. структуры біялагічна актыўныя рэчывы, якія ўздзейнічаюць на абмен рэчываў і інш. фізіял. працэсы ў арганізме. У адрозненне ад гармонаў утвараюцца звычайна не ў залозах унутр. сакрэцыі, а ў інш. тканках і органах. Біял. ўздзеянне гарманоідаў кароткачасовае, таму што яны разбураюцца або звязваюцца тканкавымі бялкамі. Да гарманоідаў адносяць ацэтылхалін, некат. папярэднікі і прадукты пераўтварэння адрэналіну, тканкавыя гармоны, або гістагармоны (гастарын, гепарын, секрэцін і інш.), гістамін, сератанін і некат. інш. біягенныя аміны.
т. 5, с. 64
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́МПУЛЬС НЕРВО́ВЫ,
хваля ўзбуджэння, якая распаўсюджваецца па нервовым валакне. У аснове І.н. ляжаць электрахім. рэакцыі. Узнікае пры раздражненні рэцэптараў, нерв. валакна ці цела нерв. клеткі (нейрона).
Забяспечвае перадачу інфармацыі ад перыферычных чуллівых нерв. канчаткаў да нерв. цэнтраў унутры ц. н. с. і ад яе да выканаўчых органаў — шкілетнай мускулатуры, гладкіх мышцаў унутр. органаў, сасудаў, залоз знешняй і ўнутр. сакрэцыі. Распаўсюджваецца са скорасцю ад 0,5 да 120 м/сек. Галоўнае праяўленне І.н. патэнцыял дзеяння.
т. 7, с. 214
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖКЛЕ́ТНІКІ,
поласці або міжклетачныя прасторы, якія ўзнікаюць у органах раслін у працэсе гістагенезу пры раз’яднанні суседніх клетак, іх растварэнні або разрыве з наступным адміраннем. Магчыма таксама змешанае ўзнікненне. Зліваючыся, М. ўтвараюць адзіную сістэму каналаў і сазлучаюцца з вонкавым асяроддзем праз вусцейкі. Спрыяюць паляпшэнню газаабмену ў клетках, у іх назапашваюцца прадукты сакрэцыі (камедзі, млечны сок, смала, слізі, эфірны алей і інш.), паступаюць пары вады пры выпарванні. Парэнхімная тканка з буйнымі М., напоўненымі паветрам, наз. аэрэнхімай.
т. 10, с. 336
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕФРО́Н (ад грэч. nephros нырка),
асноўная структурна-функцыянальная адзінка нырак пазваночных жывёл і чалавека. Сукупнасць Н. (у чалавека іх каля 2 млн.) забяспечвае мочаўтварэнне і інш. функцыі нырак. Адрозніваюць бесклубочкавыя, якія маюць клеткі аднаго тыпу (у некат. рыб), і клубочкавыя (у інш. пазваночных), што маюць спец. клеткі для асн. працэсаў мочаўтварэння — фільтрацыі, рэабсорбцыі і сакрэцыі. Клубочкавы Н. уключае ныркавае цельца, сістэму паслядоўных канальцаў, зборныя ныркавыя трубачкі, сістэму вывадных праток і лаханку.
А.С.Леанцюк.
т. 11, с. 305
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭРМАТО́ЗЫ [ад дэрма + ...оз(ы)],
прыроджаныя і набытыя паталаг. працэсы ў скуры і яе прыдатках (валасах, пазногцях). Вядома каля 2000 Д. Выклікаюцца экзагеннымі (хім., фіз., біял.) і эндагеннымі (ачаговыя інфекцыі, агульныя інфекц. хваробы, інтаксікацыі) прычынамі, парушэннямі абмену рэчываў, функцыі залоз унутр. сакрэцыі, крова- і лімфазвароту, пашкоджаннем нерв. сістэмы, нястачай вітамінаў. Прыроджаныя Д. бываюць пры інтаксікацыях, інфекцыях, парушэннях кровазвароту плода ва ўлонні маці. Д. пашкоджваюць увесь арганізм або асобныя органы і сістэмы. Лячэнне агульнае (прычыннае) і мясцовае (сімптаматычнае). Гл. таксама Высыпка.
М.З.Ягоўдзік.
т. 6, с. 356
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАДЭНІ́Т (ад гідра... + адэн... + ...іт),
сучынае вымя, гнойнае запаленне апакрынных потавых залоз чалавека. Узбуджальнік — залацісты стафілакок, развіваецца ў падпахавых упадзінах, радзей — каля грудных саскоў, палавых органаў, машонкі, задняга праходу. Узнікненню хваробы спрыяюць паніжаны імунітэт, патлівасць, неахайнасць, парушэнне функцыі залоз унутр. сакрэцыі, цукр. дыябет і інш. Прыкметы хваробы: у тоўшчы скуры і падскурнай клятчатцы з’яўляюцца балючыя вузлы (5—15 мм, да 5 см) ружова-чырв. колеру, якія размякчаюцца і ўскрываюцца з гноем. Пасля язвачак застаюцца рубцы. Лячэнне: фізія- і імунатэрапія.
т. 5, с. 224
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)