АНАБАЛІ́Я,

спосаб змянення антагенезу ў працэсе эвалюцыі арганізмаў, калі закончаны формаўтваральны працэс дапаўняецца дыферэнцыроўкамі. Тэрмін увёў рус. біёлаг А.​М.​Северцаў (1912). Анабалія звязана з тым, што формаўтваральныя працэсы вельмі складаныя і не дапускаюць істотных змен пачатковых ці сярэдніх стадый развіцця. У выпадку, калі асновы структуры жыццёва важнага органа закладзены, магчымы некаторыя яе змены, варыянты, якія не парушаюць жыццяздольнасці арганізма. Прыклад анабаліі — зрастанне храсткоў і касцей у шкілеце дарослых пазваночных, якія ў продкаў заставаліся асобнымі.

т. 1, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎТАХТО́ННЫЯ КУ́ЛЬТЫ,

спрадвечныя рэліг.-магічныя культы карэннага насельніцтва краіны. Вызначэнне ўзнікла ў сувязі з неабходнасцю адрозніваць мясц. самабытныя культы ад іх сінкрэтызаваных з сусветнымі рэлігіямі мадыфікацый. Аўтахтонныя культы ўключаюць татэмістычныя, фетышысцкія, анімістычныя вераванні (гл. Татэмізм, Фетышызм, Анімізм), сістэму племянных ініцыяцый, культ продкаў, культы правадыроў і абагаўлёных цароў, політэізм і інш. раннія формы рэлігіі на розных стадыях іх развіцця. Асаблівасці гіст. развіцця народаў, умоў прыроднага асяроддзя вызначаюць падабенства і розніцу, агульнае і асаблівае ў аўтахтонных культах.

т. 2, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

памно́жыць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; зак., каго-што.

1. Зрабіць дзеянне множання. Памножыць сем на дзевяць.

2. Павялічыць колькасць, памер, сілу каго‑, чаго‑н. Расцем усе. Ідуць гады, І сілы ты памнож. Ніколі паншчыне сюды Не павярнуцца больш! Броўка. І славу продкаў і бацькоў Памножым мы ў сотні крат. Астрэйка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мікрафі́л

(ад мікра- + гр. phyllon = ліст)

дробны ліст вышэйшых раслін, які ўзнік у выніку эвалюцыі як выраст на бязлістых галінках прымітыўных продкаў гэтых раслін.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

БАКТРЫТАІДЭ́І (Bactritoidea),

надатрад вымерлых малюскаў класа галаваногіх. Існавалі ў ардовіку — трыясе. Каля 20 родаў. Рэшткі выяўлены ў Еўразіі і Паўн. Амерыцы. На Беларусі трапляюцца ў верхнедэвонскіх адкладах Прыпяцкай упадзіны.

Мелі прамую, радзей сагнутую вонкавую ракавіну дыям. да 3 см, у якой знаходзілася мяккае цела. Жылі ў морах, вялі рухомы спосаб жыцця. Цікавыя для вывучэння эвалюцыі галаваногіх малюскаў як продкаў аманітаў і белемнітаў.

Да арт. Бактрытаідэі: рэшткі малюска з роду Bactrites (выгляд з брушнога боку; павялічана ў 2 разы).

т. 2, с. 231

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРХАЛА́КСІС (ад грэч. archē пачатак + allaxis змена),

адзін са спосабаў эвалюцыі, пры якім змена першапачатковай закладкі органа адбываецца на ранняй стадыі эмбрыягенезу і мяняе ўвесь далейшы ход яго развіцця. Тэрмін увёў рус. вучоны А.​М.​Северцаў (1910) у сваёй тэорыі філэмбрыягенезу. Пры архалаксісе адбываецца адносна буйная скачкападобная змена будовы органаў і ўзнікаюць новыя органы, якіх не было ў продкаў. Па тыпе архалаксісу, напр., развіваецца закладка валасоў у зародкаў млекакормячых (інакш, чым плакоідная луска ў рыб або рагавая ў паўзуноў).

т. 1, с. 517

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАПЁНСКІ ЧААТА́С,

могільнік 7—8 ст. на левым беразе Енісея каля с. Капёны ў Хакасіі (Расія). У вял. каменных курганах у 1939—40 выяўлены пахаванні родаплемянной знаці кыргызаў енісейскіх (продкаў сучасных хакасаў). Побач з магіламі — ямкі-тайнікі, у якіх захаваліся ад рабаўнікоў выдатныя творы ювелірнага мастацтва: залатыя і сярэбраныя блюды, 4 залатыя збаны, наборы залатых, сярэбраных і бронзавых упрыгожанняў конскага ўбрання. Вырабы з К.ч. выкананы на аснове больш ранніх мясц. традыцый мясц. ювелірамі, якім было вядома мастацтва Ірана і Кітая.

т. 8, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КОНЬ ПРЖАВА́ЛЬСКАГА (Equus przewalskii),

джунгарскі конь, няпарнакапытнае млекакормячае сям. коней. Апісаны рус. вучоным і падарожнікам М.М.Пржавальскім (1879). Пашыраны ў Паўн.-Зах. Кітаі (Джунгарыі) і Манголіі. У Чырв. кнізе МСАП.

Даўж. 2,2—2,8 м, выш. ў карку 1,2—1,4 м, маса 200—300 кг. Самкі драбнейшыя за самцоў. Тулава прысадзістае, грудзі шырокія, спіна роўная, ногі высокія, моцныя. Масць карычнева-жоўтая. Жывуць статкамі па 6—12 асобін. Кормяцца расліннасцю. Адзін з продкаў коней свойскіх, блізкі да тарпана (некат. сістэматыкі лічаць К.П. надвідам тарпана).

т. 8, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАВІ́ЗАРНЫЯ О́РГАНЫ (ад ням. provisorisch папярэдні, часовы ад лац. provideo прадбачу, загадзя клапачуся),

органы зародкаў і лічынак шматклетачных жывёл, якія знікаюць у працэсе іх далейшага развіцця (напр., брушныя канечнасці і жабры лічынак у насякомых, сасуды жаўточнага мяшка зародкаў рыб, паўзуноў, птушак і інш.). Адна з форм цэнагенезу ці эмбрыяадаптацыі. П.о. забяспечваюць важнейшыя функцыі арганізма да сфарміравання дэфінітыўных органаў, характэрных дарослым асобінам. У сучасных арганізмаў П.о. дазваляюць меркаваць пра арганізацыю іх продкаў, што істотна для ўзнаўлення працэсу эвалюцыі.

А.​С.​Леанцюк.

т. 12, с. 528

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

пахава́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. пахаваць.

2. Абрад, цырымонія хавання нябожчыка. Людзі разыходзіліся з пахавання панурыя, маўклівыя. Лынькоў. Якраз на самым рассвітанні Міхал вярнуўся з пахавання. Колас.

3. Месца, дзе пахаваны хто‑н.; магіла. Раскопкі пахаванняў даюць шмат каштоўных археалагічных матэрыялаў, дапамагаюць вывучаць вераванні і звычаі нашых продкаў. Штыхаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)