ПЕ́ЎНІК, гіднум выемчаты (Hydnum repandum),

шапкавы базідыяльны грыб сям. яжоўнікавых. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і. На Беларусі трапляецца ў лясах з ліп. па верасень.

Пладовае цела — шапка на ножцы. Шапка дыяметрам 3—12 см, пукатая або злёгку ўвагнутая, часта няправільнай формы, ад белага да вохрыста-жоўтага колеру. Гіменафор у выглядзе крохкіх шыпікаў. Ножка кароткая, суцэльная, часам уздутая каля асновы. Мякаць белая, шчыльная. Споры бясколерныя, яйцападобныя. Ядомы ў маладым узросце.

Пеўнік.

т. 12, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКРУ́ХА (Gomphidius),

род шапкавых базідыяльных грыбоў сям. макрухавых. 15 відаў. Пашыраны ў Зах. Еўропе і Паўн. Амерыцы. На Беларусі 3 віды М.: пурпуровая (G. rutilus), ружовая (G. roseus) і яловая (G. glutinosus). Растуць на зямлі ў хвойных лясах. Пладаносяць у жн. — верасні.

Пладовае цела — шапка на ножцы — буйное або сярэдніх памераў, пакрытае сліззю, мяккамясістае. Слізістае або валакністае пакрывала звязвае шапку з ножкай. Пласцінкі тоўстыя, рэдкія, зыходныя. Споры авальнападоўжаныя, гладкія. Ядомыя.

С.​С.​Калас.

Макруха яловая.

т. 9, с. 543

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДБЯРО́ЗАВІК, абабак, бабка, бярозавік,

чорнагаловік (Leccinum scabrum), шапкавы грыб сям. балетавых. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і. На Беларусі 4 формы П.: белы, звычайны, ружавеючы, чорны. Трапляецца з чэрв. па вер. у лясах, пераважна пад бярозамі.

Пладовае цела — шапка на ножцы. Шапка дыям. да 20 см, пукатая, ад белаватай да цёмна-шэрай і амаль чорнай. Ножка белая, цыліндрычная, даўж. да 15 см, з шараватымі або цёмнымі падоўжанымі лускавінкамі. Мякаць белая, шчыльная. Споры верацёнападобныя, гладкія. Ядомы.

Падбярозавік звычайны.

т. 11, с. 487

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫБАЛАТУ́ХА, павуціннік бранзалетавы (Cortinarius armillatus),

шапкавы базідыяльны грыб сям. павуціннікавых. Пашыраны ў Еўразіі. На Беларусі трапляецца з ліп. па вер. у вільготных лясах, на ўскрайках вярховых балот.

Пладовае цела — шапка на ножцы дыяметрам 4—15 см, чырванавата-бурая або чырванавата-карычневая, спачатку шыроказваночкавая, потым распасцёртая, валакніста-лускаватая. Пласцінкі прырослыя, шырокія. Мякаць жаўтавата-бурая з мяккім смакам. Ножка выш. да 12 см, булавападобная, каштанава-бураватая, з цагельна-чырв. пукатымі кольцамі. Споры эліпсоідныя, іржава-жоўтыя. Ядомы.

Прыбалатуха.

т. 13, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДГРУ́ЗДКІ,

група шапкавых грыбоў сям. сыраежкавых. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і. На Беларусі 5 відаў. Найб. вядомыя П.: белы, або сухар (Russula delica), чорна-белы (R. albonigra), чорны, або свіння (R.adusta). У лясах трапляюцца з ліп. па кастрычнік.

Пладовае цела — шапка на ножцы. Шапка дыям. да 15 см, пукатая, потым лейкападобная, белая, брудна-белая, бурая ці амаль чорная. Пласцінкі зыходныя або прырослыя. Ножка даўж. да 4 см, роўная ці слаба звужаная ў нізе, шчыльная. Мякаць белая, шчыльная. Споры яйцападобныя, бясколерныя. Ядомыя.

Падгруздак белы.

т. 11, с. 493

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛЬСКІ ГРЫБ, падгрыб (Xerocomus badius),

шапкавы базідыяльны грыб сям. балетавых. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Амерыцы, Аўстраліі. На Беларусі трапляецца з ліп. па вер. у хвойных, радзей у лісцевых, лясах.

Пладовае цела — шапка на ножцы. Шапка падушкападобна-пукатая, дыям. 4—12 см, гладкая, сухая, у вільготнае надвор’е клейкая, бліскучая, бурая або шакаладна-карычневая. Пласцінкі слаба прырослыя. Ножка звужаная або расшыраная каля асновы, шчыльная, выш. 6—10 см. Мякаць жаўтаватая або белаватая, мяккая, тоўстая, на зломе сінее. Споры гладкія, жоўта-бурыя, верацёнападобныя. Ядомы.

Польскі грыб.

т. 12, с. 485

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДО́УКА (Tricholoma),

род шапкавых базідыяльных грыбоў сям. радоўкавых. Каля 100 відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі 36 відаў. Найб. вядомыя Р.: зялёнка, падзялёнка, бела-карычневая (T. albobrunneum), мыльная (T. saponaceum), сухая (T. sudum). Трапляюцца з вер. па кастр. пераважна ў хвойных лясах.

Пладовае цела — шапка на ножцы. Шапка лускаватая ці гладкая, бураватая, шараватая, белаватая, злёгку пукатая або шырокалейкападобная. Пласцінкі свабодныя ці прырослыя. Мякаць белаватая, на зломе часам ружавее. Ножка цэнтр., цыліндрычная, шчыльная. Споры гладкія, эліпсоідныя. Ёсць ядомыя і ядавітыя.

Радоўка мыльная.

т. 13, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

клейстатэ́цый

(ад гр. kleistos = замкнуты + thekion = каробачка)

замкнутае пладовае цела некаторых сумчатых грыбоў з абалонкай без адтулін.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

інжы́р, ‑а і ‑у, м.

1. ‑а. Паўднёвае пладовае дрэва сямейства тутавых; фігавае дрэва, смакоўніца.

2. ‑у. Салодкі мясісты плод гэтага дрэва; фіга, смоква, вінная ягада. / у знач. зб. У гэты час старая служанка прынесла віно і драўляную талерку з сушаным інжырам і рознымі яшчэ прысмакамі. Самуйлёнак.

[Перс.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ЛОСЬ, саркадон чарапіцавы (Sarcodon imbricatus),

шапкавы базідыяльны грыб сям. тэлефоравых. Пашыраны ў лясной зоне Еўразіі і Паўн. Амерыкі. На Беларусі — усюды. Трапляецца вял. групамі ў сухіх, пераважна хваёвых, лясах. Пладовыя целы з’яўляюцца ў жн. — лістападзе.

Пладовае цела — шапка на ножцы. Шапка дыям. 3—20 см, плоскапукатая або шырокаўвагнутая, бураватая, сухая, густа ўкрыта буйнымі завостранымі лускавінкамі. Шыпападобны спараносны слой на ніжняй паверхні шапкі. Ножка цыліндрычная, суцэльная, аднаго колеру з шапкай. Мякаць шчыльная, брудна-шараватая, са спецыфічным пахам, пры выспяванні гаркаватая. Споры шарападобныя, шыпаватыя, бураватыя. Ядомы.

С.​І.​Бельская.

Лось.

т. 9, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)