Апо́на ’завеса, пакрыццё’ (Гарэц., Др.-Падб.). Рус. устар., укр. опона ’тс’. Польск. устар., чэш., славац., славен. opona ’тс’, серб.-харв. опо̀на ’перапонка’; опона ’завеса’ вядома ўжо ў ст.-слав., а таксама ў старарускіх помніках з XII ст. і помніках старабеларускай мовы (Гіст. мовы, 1, 156) у блізкім значэнні. Праславянскае ўтварэнне ад кораня, прадстаўленага ў словах пяць 2 (гл.), апінаць. Нельга прыняць тэзіс аб запазычанні з гоц. fana ’сцяг’, што прапанаваў Гірт, РВВ, 23, 336, супраць чаго Фасмер, 3, 146; наўрад ці апраўдана думка Мейе (Études, 255) аб калькіраваным характары славянскага ўтварэння: прэфікс о‑ не адпавядае тым элементам, з якіх быццам адбывалася калькіраванне (грэч. καταπέσμα ці гоц. faurhah), а ўтварэнні з іншымі прэфіксамі і тым жа коранем (попона, запон(ък)а, перепон(ък)а і пад.) паказваюць, што гэта мадэль была прадуктыўнай у славянскіх мовах. Іншую літаратуру прыводзіць Праабражэнскі. Недакладна Голуб-Копечны аб выключна чэшскім характары слова. Як праславянскае разглядае Брукнер. Зэльв. апона ’пакрышка’ (веласіпедная і г. д.) (Сцяц.) з польскай. Глуск. апоня ’шырокае, не дастасаванае да стану адзенне’ (Янк. III) — адгалінаванне разглядаемага слова; магчыма, тут адбылася катамінацыя з апанча (гл.), таксама як у значэнні апоня ’чалавек, які носіць шырокае адзенне’ (там жа), трэба ўлічваць магчымасць кантамінацыі з народным апонец < японец (КТС). Апон ’кашара’ (ДАБМ, 784), магчыма, трэба разумець як ’месца, якое апінаецца’ (г. зн. абмяжоўваецца); ст.-рус., ст.-бел. прѣпона, бел. перапона таксама абазначаюць месца. Параўн. Супрун, БЛ, 1, 69.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бало́на 1 ’шкло ў раме’, бало́нка (Гарэц., Др.-Падб., БРС, Касп., Бяльк.). Рус. дыял. боло́на, боло́нка ’тс’, укр. боло́на ’шкло ў ахне’, болонка́рь ’шкляр’, польск. błona ’тс’, чэш. blána прамасленая папера ў акне (замест шкла)’ і г. д. Слова, ідэнтычнае па паходжанню з прасл. bólna, bolnь ’перапонка, плеўка, верхні слой, мяккая кара, скурка і да т. п.’ (рус. болона́, бо́лонь, укр. боло́на, польск. błona, чэш. blána і г. д., гл. балонкі ’перапонкі’). У некаторых славянскіх мовах гэтае слова азначае і ’аконнае шкло’. Мабыць, зыходзіць трэба ад значэння ’плеўка’ (замест шкла раней ужываліся плеўкі з пузыроў жывёлін і пергаментная папера). Параўн. блона і абалонка 1 (гл.).

Бало́на 2, бало́нка ’палянка на нізкай лугавой мясціне’ (Гарэц.), бало́нне ’ўскраіна лесу’ (Інстр. III), ’багна, нізіна’ (Касп.), бало́ння ’заліўны луг, вельмі нізкі’ (Янк. Мат.), балу͡онне ’плёс’ (Лысенка, ССП). Рус. болонь, боло́нье ’поймавы луг, нізіна’, укр. боло́ня, боло́нє і да т. п. ’раўніна, паша, выган і г. д.’, польск. bl̃oń, błonie, błonia, чэш. blana, балг. блана́ ’роўнае месца, поплаў’ і г. д. Прасл. bolnь, bolna, bolnьje. Далейшыя сувязі слова не вельмі ясныя. Паводле Фартунатава, AfslPh, 4, 579, ёсць сувязь з прасл. bolto ’багна’ (гл. бало́та), літ. báltas ’белы’, balà ’тарфянік’ (гл. і Слаўскі, 1, 37), а таксама з прасл. bólna плеўка і г. д.’ (гл. бало́на 1 і бало́нкі ’перапонкі’): усё гэта далей да *bělъ ’белы’. Гэту версію падтрымліваў Траўтман, 25 (які зыходзіў з балта-слав. праформы *bālna‑ ’белы’). Гл. яшчэ Фасмер, 1, 189. Падрабязна пра форму, семантыку і магчымую гісторыю слав. форм гл. Талстой, Геагр., 74–76.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)