ПАНАМАРЭ́НКА (Рыгор Фёдаравіч) (2.2.1921, с. Мароўск Казялецкага р-на Чарнігаўскай вобл., Украіна — 7.1.1996),
расійскі кампазітар. Засл. арт. Расіі (1960). Нар. арт. СССР (1990). З 1940 баяніст у армейскіх ансамблях, з 1950 у Рус. нар. аркестры імя М.П.Осіпава. З 1952 муз. кіраўнік Волжскага нар. хору, з 1963 — рус. нар. хору Палаца культуры Валгаградскага трактарнага з-да. З 1973 у Краснадары. Працаваў пераважна ў галіне песеннай творчасці. Сярод найб. папулярных песень: «Івушка» («Вербачка»), «Арэнбургская пуховая хустка», «Ой, снег-сняжок», «А дзе мне ўзяць такую песню?», «Расце ў Валгаградзе бярозка». Аўтар аперэты «Старым казацкім спосабам» (паст. 1980), «Гапака» для сімф. арк. (1952), канцэрта для домры з арк. (1950), хароў, песень на словы С.Ясеніна, музыкі для т-ра і кіно.
т. 12, с. 42
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУШ ((Busch) Эрнст) (22.1.1900, г. Кіль, Германія — 18.6.1980),
нямецкі спявак (барытон) і драм. акцёр. Чл. Нямецкай АМ. З 1921 працаваў у розных т-рах Германіі, выконваў сатырычныя паліт. і рэв. песні ў «чырвоных кабарэ» і рабочых клубах. Стварыў уласны выканальніцкі стыль, адзначаны рэв. пафасам, аратарскай выразнасцю. У садружнасці з паэтамі Б.Брэхтам і Э.Вайнертам, кампазітарамі Г.Эйслерам і К.Вейлем стварыў шэраг папулярных песень. Антыфашыст, у 1933 эмігрыраваў з Германіі. З 1945 адзін з вядучых акцёраў «Нямецкага тэатра», у 1950—60 — т-ра «Берлінер ансамбль». Уклад у муз. мастацтва — анталогія грампласцінак Буша «Песенная хроніка XX ст.». Нац. прэмія ГДР 1949, 1956, 1970, 1979.
Літ.:
Шнеерсон Г.М. Эрнст Буш и его время. М., 1971;
Hoffmann L., Siebig K.E. Busch: Eine Biogr. in Texten, Bildern und Dokumente. Berlin, 1987.
т. 3, с. 367
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЖА́НАЎ (Аляксей Міхайлавіч) (1820—6.8.1889),
вучоны-аграном, эканаміст, дзеяч асветы. Скончыў Горы-Горацкі земляробчы ін-т (1851), з 1863 праф. гэтага ін-та, потым Пецярбургскага ляснога ін-та. З 1882 дырэктар Новаалександрыйскага ін-та сельскай гаспадаркі і лесаводства (Ковенская губ.), пам. папячыцеля Віленскай навуч. акругі. Меў маёнтак у Гродзенскай губ. Спрыяў пашырэнню перадавых спосабаў вядзення сельскай гаспадаркі: паказваў перавагі вольна-наёмнай працы ў параўнанні з прыгоннай, выступаў за пераход ад трохпольнай да шматпольнай сістэмы земляробства, за выкарыстанне с.-г. машын, наладжванне дзярж. сістэмы страхавання, прадастаўленне сялянам крэдыту, развіццё аграрнай адукацыі. Аўтар падручнікаў і навук.-папулярных прац па сельскай гаспадарцы.
Тв.:
Опыты земледелия вольнонаемным трудом. М., 1860;
2 изд. Спб., 1861;
Что можно заимствовать у иностранцев по части земледелия. Спб., 1863;
2 изд. М., 1867.
В.М.Бусько.
т. 2, с. 217
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКАЯ ВУЧО́НАЯ АРХІ́ЎНАЯ КАМІ́СІЯ,
гістарычнае т-ва Віцебскай губ. ў 1909—19. Створана 13.6.1909 па ініцыятыве Е.Р.Раманава, А.П.Сапунова, В.С.Арсеньева. Мела на мэце ахову помнікаў гісторыі і культуры, вывучэнне і папулярызацыю гісторыі роднага краю, збор прадметаў старажытнасці, старадаўніх рукапісаў і дакументаў, правядзенне археал. раскопак, выданне навук. і папулярных прац. У канцы 1910 налічвала 28 членаў-заснавальнікаў, 99 ганаровых і 325 правадз. членаў, 15 членаў-супрацоўнікаў. Старшыні камісіі: Арсеньеў, У.А.Кадыгробаў, К.І.Ціхаміраў. Мела праўленне, савет, гіст. Архіў, музей, б-ку. Існавала на субсідыі ўрада, членскія ўзносы, грашовыя ахвяраванні, зборы з лекцый. У 1910 па яе ініцыятыве адкрыты Віцебскі настаўніцкі інстытут, у 1911 — Віцебскае аддзяленне Маскоўскага археалагічнага інстытута. Выдавала перыядычны зб. «Полацка-Віцебская даўніна». Скасавана ў сувязі з утварэннем Віцебскага губ. архіўнага ўпраўлення.
т. 4, с. 219
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАРАШЭ́ВІЧ (Улас Міхайлавіч) (17.1.1865, Масква — 22.2.1922),
рускі журналіст, публіцыст, тэатр. крытык. Друкавацца пачаў ананімна з 1881 у газ. «Московский листок» (гумарыстычныя сцэнкі, рэпарцёрскія нататкі). З 1893 супрацоўнік газ. «Одесский листок». У 1902—18 рэдагаваў газ. «Русское слово». Майстар вострых, папулярных фельетонаў («кароль фельетона»), у якіх выкрываў царскіх міністраў, суд. сістэму, правінцыяльныя норавы. Аўтар рэаліст. нарысаў пра сахалінскую катаргу («Сахалін», ч. 1—2, 1903), тэатр. нарысаў і рэцэнзій пра артыстаў Ф.Шаляпіна, М.Ярмолаву, М.Савіну і інш. (кн. «Старая тэатральная Масква», 1923), нарысаў мемуарнага і літ.-крытычнага характару пра А.Чэхава, Л.Талстога, М.Горкага, У.Караленку, В.Верасаева і інш.
Тв.:
Собр. соч. Т. 1—9. М., 1905—07;
Золотая лихорадка. М., 1982;
Сказки и легенды. Мн., 1983;
Рассказы и очерки. М., 1986.
Літ.:
Букчин С.В. Судьба фельетониста. Мн., 1975.
т. 6, с. 52
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЮ́МАЎ (Малік Каюмавіч) (н. 22.4.1912, Ташкент),
узбекскі аператар і рэжысёр дакумент. кіно. Нар. арт. СССР (1967). Герой Сац. Працы (1990). Вучыўся ва Усесаюзным дзярж. ін-це кінематаграфіі. Пачынаў як акцёр. З 1933 працаваў на Ташкенцкай студыі кінахронікі, карэспандэнтам «Саюзкінахронікі» ў Сярэдняй Азіі, на ўзб. студыі маст. фільмаў, у 1961—79 дырэктар, маст. кіраўнік Студыі навук.-папулярных і дакумент. фільмаў Узбекістана. Рэж.-аператар фільма «Прыязджайце да нас ва Узбекістан» (1959, прэмія Міжнар. кінафестывалю ў Венецыі) і інш. Зняў фільмы: «Раніца Індыі» (1956), «В’етнам — краіна мая» (1960), «Ад вясны да вясны» (1963, Дзярж. прэмія Узбекістана імя Хамзы 1964), «Ташкент, землетрасенне» (1967), «Залатая Бенгалія» (1973), «Зямельная рэформа» (1980, Дзярж. прэмія СССР 1981), «Хто страляе ў рэспубліку» (1984) і інш.
Літ.:
Караджев Б. Малик Каюмов // Режиссеры советского документального кино. М., 1983.
т. 8, с. 204
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІСЯ́НСКІ (Марк Самойлавіч) (14.1.1913, г. Адэса, Украіна — 30.8.1993),
расійскі паэт. Скончыў Маскоўскі ін-т журналістыкі (1934). Друкаваўся з 1924. Першы зб. вершаў — «Бераг» (1940). Вершы ваен. гадоў увайшлі ў зб-кі «Мая зямля» (1942), «Ад імя Чорнага мора» (1947) і інш. У паэт. зб-ках «Залатая мая Масква» (1951), «За вясной — вясна» (1959), «Такі час» (1968), «За гарамі, за лясамі» (1976), «Дзякуй» (1981), «Пажаданне на дарогу» (1987), «Пераадоленне» (1988), «Адна мелодыя» (1992), паэмах «Дума пра маці» (1947), «Пеця Клыпа» (1967), «Добры шлях» (1972) і інш. лірычныя перажыванні, роздум пра мінулае і будучыню радзімы, сувязь чалавека і прыроды, тэма кахання. Аўтар тэкстаў папулярных песень («Мая Масква», «Асенняя лістота», «Зоры Маскоўскія» і інш.). На бел. мову асобныя яго вершы пераклаў У.Шахавец.
Тв.:
Избр. произв. Т. 1—2. М., 1983.
т. 9, с. 291
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУКІЯ́Н (Lukianōs; каля 125, г. Самсат, Турцыя — 180-я г.),
старажытнагрэчаскі пісьменнік-сатырык. Захаваліся 84 яго творы (аўтарства некаторых спрэчнае), што адлюстроўваюць крызіс ідэалогіі ант. грамадства. Развіваючы традыцыі ант. камедыі і меніпавай сатыры, стварыў жанр сатыр. дыялогу. Пісаў пародыі на сафістычную дэкламацыю («Пахвала мусе», «Настаўнік красамоўства»), высмейваў алімп. багоў («Размовы багоў», «Праметэй, ці Каўказ»), паказваў мізэрнасць жыццёвых даброт, марнасць усяго на свеце («Размовы ў царстве мёртвых», «Харон», «Меніп»), рабіў выпады супраць сац. несправядлівасці («Нігрын»), крытыкаваў ранняе хрысціянства, развенчваў веру ў забабоны, містычныя пераўтварэнні («Аляксандр, ці Лжэпрарок», «Пра смерць Перэгрына», «Аматар хлусні, ці Нявер»). Аўтар сатыр на тагачасныя гістарыяграфію «Як трэба пісаць гісторыю», на фантастыку папулярных раманаў «Праўдзівая гісторыя» і інш. Яго творчасць паўплывала на асветніцкую л-ру Еўропы.
Тв.:
Рус. пер. — Избранное. М., 1962;
Избр. проза. М., 1991.
С.Дз.Малюковіч.
т. 9, с. 364
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЧА́НАЎ (Кірыл Уладзіміравіч) (7.9. 1922, Масква — 14.3.1982),
расійскі кампазітар. Засл. дз. маст. Расіі (1963). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1949, клас А.Аляксандрава). У 1951—56 сакратар праўлення Саюза кампазітараў СССР. У 1973—75 дырэктар Вял. т-ра ў Маскве. Працаваў пераважна ў муз.-сцэн. жанрах, выкарыстоўваў мелодыку, інтанацыйна звязаную з рус. песеннасцю. Сярод твораў: оперы «Каменная кветка» (паст. 1950), «Вуліца дэль Карно» (паст. 1960), «Рамэо, Джульета і цемра» (паст. 1963), «Невядомы салдат» («Брэсцкая крэпасць», паст. 1967), «Руская жанчына» (паст. 1969), «Досвіткі тут ціхія» паводле Б.Васільева (паст. 1973), балет «Макбет» (паст. 1980), тэлебалет «Тры карты» паводле А.Пушкіна (паст. 1983), мюзікл «Адысей, Пенелопа і іншыя» паводле Гамера (1970); фп. і вак. цыклы; музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў. Аўтар папулярных песень, лібрэта 4 уласных опер.
Літ.:
Корев Ю.К.Молчанов. М., 1971.
т. 10, с. 38
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
хіт-пара́д
(англ. hit parade, ад hit = удача, поспех + раrade = паказ, парад)
спіс найбольш папулярных музычных твораў (звычайна эстрадных песень) і іх выканаўцаў, які фарміруецца на аснове апытання экспертаў або слухачоў і публікуецца сродкамі масавай інфармацыі.
Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)