ПІЕЛАНЕФРЫ́Т (ад грэч. pyelos лаханка + nephros нырка),

інфекцыйна-запаленчае захворванне лаханкі і парэнхімы ныркі з пераважным пашкоджаннем яе прамежкавай тканкі. Узбуджальнікі П. — стрэптакокі, стафілакокі, сінягнойная палачка і інш. Развіваецца як самаст. захворванне або на фоне хвароб мочапалавой сістэмы (напр., мочакамянёвая хвароба), як ускладненне пасля грыпу, запалення лёгкіх і інш. Бывае ў цяжарных жанчын. Адрозніваюць П. востры і хранічны. Прыкметы вострага: дрыжыкі, т-ра цела да 40 °C, моташнасць, ірвота, боль у паясніцы, мышцах, лейкацыты ў мачы. Пры хранічным П. — слабасць, хуткая стамляльнасць, ацёчнасць твару, расстройствы мочаспускання, у мачы лейкацыты і бактэрыі; бывае нырачная недастатковасць. Лячэнне тэрапеўт. і хірургічнае.

т. 12, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

гідранефро́з

(ад гідра- + гр. nephros = нырка)

захворванне нырак чалавека або жывёліны, якое характарызуецца расцяжэннем нырачных чашачак і лаханкі з наступным адміраннем тканак ныркі.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

medulla

[meˈdʌlə]

n., pl. -dullae

1) прадаўгава́ты мозг

2) шпік -у m.о́сьці)

3) нутрана́я ча́стка о́ргана (напр. ны́ркі)

4) Bot. асяро́дак -ка m. (сьцябла́ ці камля́ расьлі́ны), стры́жань -ня m.

Ангельска-беларускі слоўнік (В. Пашкевіч, 2006, класічны правапіс) 

ПІЛАТО́ВІЧ (Валерый Станіслававіч) (н. 15.4.1945, г. Чэрвень Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне нефралогіі. Д-р мед. н. (1986), праф. (2000). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1969), з 1971 працаваў у ім. З 1986 у Бел. НДІ кардыялогіі (з 1994 заг. лабараторыі). Навук. працы па лячэнні хворых з нырачнай недастатковасцю, дыялізе і трансплантацыі ныркі, уралогіі.

Тв.:

Методы исследований в нефрологии и урологии. Мн., 1992 (разам з А.​С.​Чыжам, У.​Р.​Колбам);

Хроническая почечная недостаточность: интеграция и дифференциация лечения. Мн., 1994 (разам з У.​І.​Саклаковым);

Диагностика болезней почек и мочевых путей (разам з А.​С.​Чыжам) // Клиническая диагностика: Справ. пособие для семейного врача. Мн., 1999.

т. 12, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

аперы́раваць

(лац. operre)

1) рабіць хірургічную аперацыю (напр. а. ныркі);

2) выконваць якія-н. дзеянні, дзейнічаць (напр. а. каштоўнымі паперамі);

3) карыстацца чым-н. (напр. а. лічбамі, а. фактамі).

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

БО́ТКІН (Сяргей Пятровіч) (17.9.1832, Масква — 24.12.1889),

рускі тэрапеўт; заснавальнік фізіял. кірунку ў медыцыне і школы рус. клініцыстаў. Скончыў Маскоўскі ун-т (1855). Праф. Медыка-хірург. акадэміі ў Пецярбургу (1861). Упершыню ў Расіі стварыў клініка-эксперым. лабараторыю (1861), дзе даследаваў фізіял. і фармакалагічнае дзеянне лякарстваў. Распрацаваў шэраг пытанняў паталогіі ўнутр. органаў, інфекц. хвароб (у т. л. пра інфекц. прыроду т.зв. катаральнай жаўтухі — хвароба Боткіна; гл. Гепатыт інфекцыйны), дыягностыку і лячэнне блукальнай ныркі. Адзін з заснавальнікаў ваенна-палявой тэрапіі. Увёў ін-т сан. урачоў (1886), адкрыў у Пецярбургу бясплатную амбулаторыю (1861), бальніцу (1880), заснаваў Жаночыя ўрачэбныя курсы (1872).

Тв.:

Курс клиники внутренних болезней и клинические лекции. Т. 1—2. М., 1950.

С.П.Боткін.

т. 3, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАНА́ДЫ (ад грэч. gonaō нараджаю),

палавыя залозы, органы палавой сістэмы жывёл і чалавека, якія ўтвараюць палавыя клеткі і палавыя гармоны. У гермафрадытных арганізмаў мужчынскія (семяннікі) і жаночыя (яечнікі) ганады знаходзяцца ў адной асобіне, а ў гермафрадытных бруханогіх малюскаў ганады функцыянуюць спачатку як мужчынскія, а потым як жаночыя. У эмбрыягенезе пазваночных ганады закладваюцца ў выглядзе эпітэліяльнага ганаднага валіка з удзелам мезенхімы і канальцаў першаснай ныркі (мезанефрасу). У валік са сценкі жаўточнага мяшка мігрыруюць першасныя палавыя клеткі. Пасля агульнай стадыі першаснага іх размнажэння адбываецца палавая дыферэнцыяцыя (у жаночую або мужчынскую). Працэсы фарміравання і функцыі ганадаў рэгулююцца нерв. сістэмай, гармонамі ганадаў, а таксама ганадатропнымі гармонамі гіпофіза і эпіфіза.

А.​С.​Леанцюк.

т. 5, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАМЕСТЫКА́ЦЫЯ (ад лац. domesticus хатні),

адамашніванне дзікіх відаў жывёл, ператварэнне іх у свойскіх. Працяглы працэс прыручэння, які вядзе да змен у паводзінах і анатама-марфал. будове жывёл. Паводле звестак археалогіі, раней за іншых былі прыручаны сабака (каля 10—5 тыс. г. да н.э.) і свіння (каля 8—3 тыс. г. да н.э.), потым каза, авечка, буйн. раг. жывёла, пазней конь, алень. У параўнанні з дзікімі жывёламі у свойскіх больш лёгкі шкілет, менш трывалыя косці, танчэйшая скура. Змяніліся і ўнутр. органы: менш, чым у дзікіх, развіты лёгкія, сэрца, ныркі, але лепш функцыянуюць млечныя залозы, вышэйшая пладавітасць; у многіх жывёл знікла сезоннасць у расплоджванні. Працэс Д. працягваецца: прыручаюцца ласі, лісы, норкі, нутрыі і інш.

т. 6, с. 31

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЗАЛЯВА́НЫЯ О́РГАНЫ,

выдзеленыя з арганізма жывёл і чалавека (донара ці трупа) часткі цела, змешчаныя ў штучнае пажыўнае асяроддзе, дзе часова захоўваюць асн. функцыянальныя ўласцівасці. Нарыхтоўку І.о. робяць у спецыялізаваных мед. установах; створаны банкі І.о., тыпіраваныя па імуналагічнай сумяшчальнасці. Існуюць розныя метады кансервавання І.о.: замяшчальны (прапусканне крыві ці спец. раствору праз орган — апаратная перфузія); прыгнечання абмену рэчываў (ахаладжэнне да 0 °C у вадкім і цвёрдым асяроддзі, замарожванне); камбінаваны (штучная дастаўка ці зніжэнне патрэбнасці органа ў кіслародзе і пажыўных рэчывах). Ізалююць цэлыя органы (ныркі, печань, сэрца, канечнасць) і іх часткі (перыкард, клапаны сэрца, крывяносныя сасуды, нервы, кроў). Выкарыстоўваюцца ў эксперыментах у фізіялогіі, біяхіміі, паталогіі, для перасадкі органаў.

А.​С.​Леанцюк.

т. 7, с. 174

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛАХІ́Т [франц. malaehite ад грэч. malache мальва (ад падабенства з колерам яе лісця)],

мінерал, гідраксілкарбанат медзі, Cu2(OH)2[CO3]. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Крышталі (ігольчастыя або прызматычныя) трапляюцца зрэдку, звычайна радыяльна-прамяністыя канцэнтрычна-занальныя «ныркі», сферакрышталі, зямлістыя выдаленні, налёты, псеўдамарфозы і інш. Колер ад травяна- і бірузова-зялёнага да чорна-зялёнага. Бляск шаўкавісты ў агрэгатаў, алмазны ў крышталёў. Цв. 3,5—4. Шчыльн. 3,9—4,1 г/см³ (у агрэгатаў). Утвараецца ў зоне акіслення медных або жалезарудных і поліметал. сульфідных радовішчаў, якія маюць у сабе медзь. Медная руда. Каштоўны вырабны камень. Зямлісты М. — сыравіна для фарбаў («малахітавая зелень»).

Радовішчы ў Расіі, Казахстане, Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга, Замбіі, ЗША і інш.

Малахіт.

т. 10, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)