вострае і хранічнае запаленне бронхаў, альвеалярнай ці прамежкавай злучальнай тканак лёгкіх. Узнікненню З.л. садзейнічаюць пераахаладжэнне, ператамленні, шкодныя прывычкі, запаленчыя працэсы верхніх дыхальных шляхоў і інш.
Найчасцей бывае 3 формы вострага Зл.: крупознае, ачаговае, віруснае. Крупознае З.л. (долевае, фібрознае, плеўрапнеўманія) — запаленне долі лёгкага і плеўры з фіброзным выпатам у лёгачныя альвеолы. Пачынаецца раптоўна, т-ра цела павышаецца да 39—40 °C, слабасць, моцны боль у баку, кашаль з макротай іржавага колеру (ад дамешку крыві); цягнецца 2—3 тыдні. Ачаговае З.л. (бронхапнеўманія) — запаленне асобных участкаў лёгкіх без выпату. Пачынаецца паступова, слабы кашаль, макрота без крыві, т-ра 37—39 °C. Віруснае З.л. (інтэрстыцыяльнае) узнікае пры грыпе; хварэюць доўга. Ускладненні: плеўрыты, абсцэсы, калапс, хранічнае З.л. Лячэнне: тэрапеўтычнае, шпіталізацыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЛЯМНІ́ЦКІ ((Jilemnickij) Петар) (18.3.1901, г. Летаград, Чэхія — 19.5.1949),
славацкі пісьменнік. Адзін з пачынальнікаў т. зв. пралетарскай плыні ў славацкай л-ры. Нар. мастак (1949). У 1926—28 жыў у СССР, вучыўся ў Дзярж. ін-це журналістыкі ў Маскве. У 2-ю сусв. вайну вязень фаш. канцлагераў (1942—45). У 1948—49 аташэ пасольства ЧССР у Маскве. Друкаваўся з 1920 (нарысы і апавяданні). Аўтар раманаў «Пераможнае падзенне» (1929), «Звонкі крок» (1930), «Поле неўзаранае» (1932), «Кавалак цукру» (1934), «Компас — унутры нас» (1937), «Хроніка» (1947) і інш., у якіх адлюстраваны лёс сялянства, абуджэнне яго свядомасці, Славацкае паўстанне 1944 і інш. Творам уласцівы дакументальнасць, спалучэнне рэалізму з неарамантычнымі і экспрэсіянісцкімі тэндэнцыямі, спавядальнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕКО́НТ ДЭ ЛІЛЬ ((Leconte de Lisle) Шарль Мары) (22.10.1818, г. Сен-Поль, Францыя — 18.7.1894),
французскі паэт, тэарэтык мастацтва. Чл. Французскай акадэміі (з 1886). Вучыўся ва ун-це г. Рэн. Кіраўнік літ. групы «Парнас», якая прытрымлівалася прынцыпаў «мастацтва дзеля мастацтва», «аб’ектывізму». Удзельнік рэвалюцыі 1848 у Францыі, паражэнне якой абумовіла песімізм яго творчасці. Аўтар паэт. зб-каў «Антычныя вершы» (1852), «Варварскія вершы» (1862), «Трагічныя вершы» (1884), «Апошнія вершы» (1895), трагедый «Эрыніі» (1873), «Апаланіда» (1888), памфлетаў. Яго творы адметныя моўнай і рытмічнай разнастайнасцю, насычаны культ. рэмінісцэнцыямі і алюзіямі. На бел. мову асобныя яго вершы пераклаў Ю.Гаўрук.
Тв.:
Бел.пер. — у кн.: Гаўрук Ю. Кветкі з чужых палёў. Мн., 1928;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О.ГЕ́НРЫ [O.Henry; сапр.Портэр (Porter) Уільям Сідні; 11.9.1862, г. Грынсбара, штат Паўн. Караліна, ЗША — 5.6.1910],
амерыканскі пісьменнік. Па адукацыі фармацэўт. Літ. дзейнасць пачаў у 1894. Аўтар зб-каў апавяд. «Чатыры мільёны» (1906), «Свяцільня, якая гарыць» і «Сэрца Захаду» (абодва 1907), «Мілы жулік» (1908), сатыр. рамана ў навелах «Каралі і капуста» (1904), гумарэсак, скетчаў і інш. Яго творы адметныя займальнасцю сюжэта, жывапіснасцю характараў, дакладнасцю дэталі, багатай палітрай камічнага — ад мяккага гумару да пародыі, гратэску, сатыры. Адыграў значную ролю ў развіцці жанру навелы.
Тв.:
Рус.пер. — Соч.Т. 1—3. М., 1994.
Літ.:
Внуков Н.А. Тот, кто называл себя О.Генри. Л., 1969;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПЛЫНЬ СВЯДО́МАСЦІ»,
літаратура 20 ст. пераважна мадэрнісцкага кірунку, якая непасрэдна ўзнаўляе душэўнае жыццё, перажыванні, асацыяцыі. Тэрмін належыць амер. філосафу У.Джэмсу, які лічыў, што свядомасць — гэта плынь, рака, у якой думкі, адчуванні, раптоўныя асацыяцыі пастаянна перабіваюць адно аднаго і мудрагеліста, «нелагічна» пераплятаюцца (кн. «Навуковыя асновы псіхалогіі», 1890). Меркаванні Джэмса пра «плынь думкі», «плынь суб’ектыўнага жыцця», «плынь свядомасці» былі ўспрыняты пісьменнікамі Дж.Джойсам, В.Вулф (Англія), У.Фолкнерам, Г.Стайн, (ЗША), М.Прустам (Францыя) і інш.
Адрозніваюць «П.с.» як асобны маст. прыём у шэрагу інш. прыёмаў і як жанравую форму (напр., раман «П.с.»). У адрозненне ад унутр. маналога, з якім часта атаясамліваецца «П.с.» як маст. прыём, апошняя адметная абрывістасцю думак, часавымі напластаваннямі, непаслядоўнасцю, тэндэнцыяй да алагічнасці, суб’ектыўнасцю, адсутнасцю, прычынна-выніковых сувязей, свядомай ненакіраванасцю аповеду. Думкі, уражанні, асацыяцыі, успаміны нібы перабіваюць адно аднаго, злучаюцца паводле прынцыпу выпадковасці і ненаўмыснасці. Да «П.с.» блізкія прыёмы «ўнутранага аналізу», «сенсорнага ўражання» (прадугледжвае абрывістасць нават асобных слоў), дысанансу і інш. У выпадку выкарыстання «П.с.» як універсальнага сродку адлюстравання рэчаіснасці гавораць пра жанравую форму — раман «П.с.», які ў адрозненне ад традыцыйнага рамана будуецца як бесперапынная плынь свядомасці і падсвядомасці. Вял. ўплыў на аўтараў, што працавалі ў рэчышчы «П.с.», зрабілі тэорыя і метад псіхааналізу З.Фрэйда.
Класічныя раманы «П.с.» — «Уліс» (1922), «Памінкі па Фінегану» (1939) Джойса, «Шум і лютасць» Фолкнера (1929). Значнае месца займае «П.с.» ў цыкле раманаў Пруста «У пошуках згубленага часу». У 2-й пал. 20 ст.маст. прыём «П.с.» выкарыстоўваецца Г.Грынам, Г.Грасам, А.Андэршам і інш., а таксама прадстаўнікамі «новага рамана» і тэатра абсурду. У бел. л-ры элементы «П.с.» сустракаюцца ў ранніх раманах К.Чорнага.
Літ.:
Мотылева Т.Л. Зарубежный роман сегодня. М., 1966;
Жлуктенко Н.Ю. Английский психологический роман XX в. Киев, 1988;
Лявонава Е.А. Плыні і постаці: З гісторыі сусвет. літ. другой паловы XIX—XX стст. Мн., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗА́НАЎ (Алесь) (Аляксандр Сцяпанавіч: н. 5.12.1947, в. Сялец Бярозаўскага р-на Брэсцкай вобл.),
бел.паэт. Вучыўся ў БДУ (1966—68), скончыў Брэсцкі пед.ін-т (1970). Настаўнічаў. З 1972 у газ. «Літаратура і мастацтва», бюлетэні «Родная прырода», у 1974—86 у выд-ве «Мастацкая літаратура». З 1992 працаваў у Нац.-асветніцкім цэнтры імя Ф.Скарыны. У 1994—99 у час. «Крыніца». Друкуецца з 1961. Аўтар паэт.кн. «Адраджэнне» (1970), «Назаўжды» (1974), «Каардынаты быцця» (1976), «Шлях—360» (1981), «Вастрыё стралы» (1988, Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Купалы 1990), «У горадзе валадарыць Рагвалод» (1992), «Дзверы» (Беласток, 1994, з Н.Артымовіч), «Паляванне ў райскай даліне» (1995), «Рэчаіснасць» (1998), «Гліна. Камень. Жалеза» (2000); літ.-крытычных рэфлексій («Медытацыі наўзбоч «Шляху—360», 1981; «Нататкі на дубовых лістах», 1983; эсэ («Жыта і васілёк: Слова пра Максіма Багдановіча», 1997). Сродкамі сучаснай бел. мовы ўзнавіў творы Кірылы Тураўскага, Ф.Скарыны, С.Буднага, В.Цяпінскага, Я.Руцкага, К.Транквіліёна-Стаўравецкага, М.Сматрыцкага, І.Пацея. Як паэт найб. адбыўся ва ўведзеных у бел. паэзію жанравых формах версэтаў, вершаказаў, квантэмаў, пункціраў, зномаў. Творы Р. звернуты да анталагічных праблем — мінулага і сучаснасці, нац.гіст. памяці, асобы і часу, жыцця і смерці, вечнага і часовага, экзістэнцыяльнага сэнсу рэчы і інш. На бел. мову перакладае з груз., літ., балг., сербахарвацкай, швед., славенскай, рус., чэш. і інш. Выдадзена кн. яго перакладаў з ням. паэзіі (Элькэ Э., Гумэльт Н., Кірш С. «Кропка, кропка, працяжнік», 2000).
Тв.:
[Вершы] // 4+4+4: Швед. і бел. паэзія Мн., 1999;
Танец з вужакамі: Выбр.Мн., 1999.
Літ.:
Кісліцына Г.М. Алесь Разанаў: Прабл. мастацкай свядомасці. Мн., 1997;
Гарадніцкі Я. «1 верад свой я ў слова пераклаў...»: Эсэ: пра творчасць А.Разанава // Роднае слова. 1992. № 1;Лявонава Е.А. Плыні і постаці. Мн. 1998; Верына У.Ю. Эвалюцыя паэтычнай сістэмы А.Разанава // Весн. БДУ. Сер. 4. 2000. № 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУЛФ ((Wolfe) Томас Клейтан) (3.10.1900, г. Ашвіл, штат Паўночная Караліна, ЗША — 15.9.1938),
амерыканскі пісьменнік. Аўтар цыкла раманаў «Зірні на дом свой, Анёл» (1929), «Пра Час і пра Раку» (1935), «Павуціна і скала» (1939), «Дамоў вяртання няма» (1940), зб-каў навел «Ад смерці да світання» (1935), «Там, за пагоркамі» (1941), п’ес, эсэ «Гісторыя аднаго рамана» (1936). Яго прозе ўласцівыя спалучэнне аўтабіяграфічнасці з універсалізмам, лірычнага пачатку з сатырычным, панарамнасць адлюстравання жыцця, часавыя напластаванні, падрабязнасць у апісаннях, ацэнках, выказваннях.
Тв.:
Рус.пер. — Домой возврата нет: Роман. М., 1982;
Портрет Баскома Хока: Повесть, рассказы. М., 1987;
Жажда творчества: Худож. публицистика. М., 1989;
История одного романа // Писатели США о литературе. М., 1982. Т. 2.
Літ.:
Литературная история Соединенных Штатов Америки: Пер. с англ.Т. 3. М., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРЫ́ (Gary) Рамэн [другі псеўд.Ажар
(Ajar) Эміль; сапр.Касеў (Kassew) Раман; 8.5.1914, Вільня — 2.12.1980], французскі пісьменнік расійскага паходжання. У Францыі жыў з 1927. Атрымаў вышэйшую юрыд. адукацыю. З 1945 на дыпламат. службе. Аўтар раманаў «Еўрапейскае выхаванне» (1945),
«Карані неба» (1956, Ганкураўская прэмія 1956), трылогіі «Амерыканская камедыя» (1966—69), цыкла «Браты Акіян» (1965—68), «Паветраныя змеі» (1980), эсэ «Жыцё і смерць Эміля Ажара» (апубл. ў 1981). Пад імем Э.Ажара апублікаваў раманы «Галубок» (1974), «Жыццё наперадзе» (1975, Ганкураўская прэмія 1975, экранізаваны ў 1978), «Трывога цара Саламона» (1979). Насуперак правілам атрымаў Ганкураўскую прэмію двойчы як два розныя пісьменнікі (містыфікацыя раскрылася толькі пасля яго смерці). Перавагу аддаваў экзістэнцыяльнай праблематыцы. Творы Гары адметныя глыбокім псіхалагізмам, спалучэннем трагізму і тонкага гумару, канкрэтна-рэальнага і ўмоўнага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖЭРО́М ((Jerome) Джэром Клапка) (2.5.1859, г. Уолсал, Вялікабрытанія — 14.6.1927),
англійскі пісьменнік. Працаваў клеркам, акцёрам, рэпарцёрам, настаўнікам і інш. З 1892 цалкам прысвяціў сябе літ. дзейнасці. Першы зб. гумарыстычных замалёвак «На сцэне і за кулісамі» (1885). Наступная кніга «Пустыя думкі пустога чалавека» (1886). Сапраўдную папулярнасць Дж. прынесла кн. «Трое ў лодцы, не лічачы сабакі» (1889). Аўтар кніг «Дзённік аднаго паломніцтва», «Гісторыі, расказаныя пасля вячэры» (абедзве 189)), «Трое на веласіпедзе» (1900), «Назіранні Генры» (1901), аўтабіягр. рамана «Пол Келвер» (1902), рамана «Томі і К°» (1904) і інш., п’ес (найб. вядомая «Жыхар з чацвёртага паверха», 1907). Перавагу аддаваў 2 жанравым формам — гумарыстычнаму эсэ і «падарожжу», у якіх гал. герой — чалавек энергічны і непахісны аптыміст — пастаянна апынаўся ў камічна-абсурдных сітуацыях.