князь галіцкі і валынскі. Сын Рамана Мсціславіча. З 1211 княжыў у Галічы (у 1212 выгнаны), з 1221 — на Валыні. У 1229 завяршыў аб’яднанне валынскіх зямель, у склад якіх былі ўключаны Бярэсце, Кобрын, Камянец, Бельск, Драгічын; яму падпарадкоўваліся таксама тураўскія і пінскія князі. У 1223 удзельнічаў у бітве супраць мангола-татар на р. Калка, разбіў ням. рыцараў у Драгічынскай бітве 1238. У 1238 канчаткова авалодаў Галічам, у 1239 — Кіевам. Заснаваў гарады Львоў, Холм (зрабіў яго сталіцай княства), Угровеск і інш. Ваяваў супраць Польшчы і Венгрыі (1245), літ. князёў, прымусіў яцвягаў плаціць даніну. Каб стварыць кааліцыю супраць мангола-татар, у 1254 прыняў ад рымскага папы карону караля галіцкага, каранаваўся ў Драгічыне. У 1259 вымушаны прызнаць залежнасць ад манголаў. У перыяд яго княжання Галіцка-Валынскае княства дасягнула эканам. і паліт. росквіту, пашырыўся яго ўплыў на бел. землі.
украінскі паэт, грамадскі дзеяч. Акад.АН Украіны (1951). Засл. дз. маст. Грузіі (1964), засл. дз. нав. Украіны (1966). Нар. паэт Узбекістана (1968). Герой Сац. Працы (1974). У 1943—48 нам. старшыні Савета Міністраў УССР. У 1958—83 гал. рэдактар Укр.Сав. Энцыклапедыі. Аўтар вершаў, паэм, перакладаў, літ.-крытычных і публіцыст. прац. Творы Бажана (зб-кі «Семнаццаты патруль», 1926; «Клятва», 1941; «Сталінградскі сшытак», 1943; «Англійскія ўражанні», 1949; «Італьянскія сустрэчы», 1961; «Чатыры апавяданні пра надзею», 1967; «Знакі», 1978, Ленінская прэмія 1982) вызначаюцца тэматычнай шырынёй, сац. і філас. праблематыкай. Перакладаў на ўкр. мову творы рус., груз., узб., ням., польск. і інш. пісьменнікаў; з бел. — вершы Я.Купалы, А.Куляшова, М.Танка, П.Панчанкі, А.Зарыцкага, кн. вершаў П.Броўкі. На бел. мову творы Бажана перакладалі Броўка, А.Бялевіч, В.Вітка, П.Глебка, Зарыцкі, М.Калачынскі, Куляшоў, Я.Семяжон, М.Танк.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЎЧЫН,
вёска ў Камянецкім р-не Брэсцкай вобл., на р. Пульва. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 52 км ад г.Камянец, 45 км ад Брэста, 14 км ад чыг. ст. Высока-Літоўск. 547 ж., 202 двары (1996).
Вядомы з пач. 16 ст. як двор у Брэсцкім пав. Належаў Солтанам, Гасеўскім, Сапегам і інш., у 1721—38 — Панятоўскім. У 1732 у Воўчыне нарадзіўся апошні кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. З 1795 у складзе Рас. імперыі, цэнтр воласці Брэсцкага пав. Гродзенскай губ. У 1880-я г. 804 ж. У 1921—39 у Польшчы, у Брэсцкім пав. Палескага ваяв. У 1938—87 у Троіцкім касцёле Воўчына захоўваліся астанкі Станіслава Аўгуста Панятоўскага. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета ў Высокаўскім р-не. З 1962 у Камянецкім р-не. У 1970 — 460 жыхароў.
Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Царква. Магіла ахвяр фашызму. Помнік архітэктуры — Троіцкі касцёл (1733).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКІ СЕЙМ 1793надзвычайны,
апошні сейм Рэчы Паспалітай. Праходзіў 17.7—23.11.1793 у Гродне. Скліканы для зацвярджэння руска-прускай канвенцыі ад 23.1.1793 аб другім падзеле Рэчы Паспалітай. На сейм абрана каля 140 дэлегатаў, частка насуперак іх волі. Большасць дэлегатаў складалі прадстаўнікі Таргавіцкай канфедэрацыі, якія падзяляліся на 2 групоўкі. Групоўка, што гуртавалася вакол караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага, імкнулася захаваць цэнтралізаваную дзяржаву; групоўка братоў Ю. і Ш.Касакоўскіх выступала за поўную самастойнасць ВКЛ ад Кароны і нават за аб’яднанне ВКЛ з Расіяй. Рас. пасол Л.Л.Сіверс прапанаваў далучыць да Рас. імперыі бел. і ўкр. землі на У ад лініі Друя — Пінск — Камянец-Падольскі. Прусія выставіла прэтэнзіі на Гнезненскае, Калішскае, Пазнанскае ваяв., частку Кракаўскага ваяв., гарады Гданьск і Торунь. Пад прамой пагрозай сілы (у Гродне стаяў рус. гарнізон) 16 кастр. сейм заключыў «саюзны» дагавор Рэчы Паспалітай з Расіяй і зацвердзіў 2-і падзел Рэчы Паспалітай паміж Расіяй і Прусіяй. Канстытуцыя 3 мая 1791 была скасавана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЛАВІ́ЦКІ КАНГРЭ́С 1698—99,
перагаворы аб міры паміж краінамі — удзельніцамі «Свяшчэннай лігі» (Аўстрыя, Венецыя, Рэч Паспалітая, Расія) і Атаманскай Портай (Турцыя) пры пасрэдніцтве Англіі і Нідэрландаў у мяст. Карлавіцы (цяпер г. Срэмскі-Карлаўцы, Сербія). Адбыўся ва ўмовах шэрагу ваен. паражэнняў Турцыі ў аўстра-турэцкіх войнах 16—18 ст. і польска-турэцкіх войнах 17 ст. У выніку перагавораў падпісаны 3 асобныя двухбаковыя мірныя дагаворы. Паводле дагавора ад 16.1.1699 Рэч Паспалітая атрымала ч. Правабярэжнай Украіны і Падолію з крэпасцю Камянец, вярнула Турцыі 6 раней занятых малд. гарадоў (Сарокі, Сачава і інш.). Паводле дагавораў ад 26.1.1699 Аўстрыя атрымала Цэнтр. Венгрыю, Сяміграддзе (Трансільванію), Бачку (вобласць паміж рэкамі Ціса і Дунай), б.ч. Славоніі і вярнула Турцыі прав. Тэмешвар на р. Ціса; да Венецыі адышлі п-аў Марэя, 6 крэпасцей у Далмацыі і шэраг Іанічных а-воў. 24.1.1699 заключана таксама рас.-тур. перамір’е на 2 гады з захаваннем за бакамі таго, што яны мелі (у т. л. Азоў застаўся пад уладай Расіі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРАСЦЕ́ЙСКАЯ ЗЯМЛЯ́,
гістарычная вобласць у 10—16 ст. у бас. сярэдняга цячэння рэк Зах. Буг і Нараў. Найб. гарады: Бельск, Берасце (Брэст), Драгічын над Бугам, Камянец, Кобрын, Мельнік. З 10 ст. ў складзе Кіеўскай Русі, з канца 11 да сярэдзіны 12 ст. ва ўладанні тураўскіх, пасля — валынскіх князёў. У 11—13 ст. тут сутыкаліся інтарэсы кіеўскіх, тураўскіх, пінскіх, менскіх, галіцка-валынскіх, а з пач. 14 ст. і князёў ВКЛ з інтарэсамі польскіх феадалаў. Польскія князі Казімір II у 1179 і 1182, Конрад Мазавецкі і Лешка Кракаўскі ў 1210 часова захоплівалі Берасцейскую зямлю Драгічынскую воласць захапілі ням. рыцары, якіх у 1237 разбіў валынскі кн. Даніла Раманавіч. Паводле ўскосных звестак Іпацьеўскага летапісу, у 1240 у Берасцейскую зямлю з Пд уварваліся манголы. З пач. 14 ст. Берасцейская зямля ў складзе ВКЛ, ва ўладанні вял. князя Кейстута. У 1349 на некат. час Берасцейскую зямлю захапіў польскі кароль Казімір III. У 1382 кн. Януш Мазавецкі асадзіў Берасце, захапіў Драгічын, Мельнік і інш. З 1413 Берасцейская зямля ў складзе Трокскага ваяв. У 1566 створана Берасцейскае ваяводства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖА́БІНКА,
горад, цэнтр Жабінкаўскага р-на Брэсцкай вобл., пры ўпадзенні р. Жабінка ў Мухавец. За 30 км ад г. Брэст. Чыг. вузел (напрамкі на Брэст, Лунінец, Баранавічы), аўтадарогі на Брэст, Кобрын, Камянец. 12,5 тыс.ж. (1997).
Узнікла як чыг. ст. ў канцы 19 ст. ў сувязі з буд-вам чыг. Масква—Брэст. У 1890—282 ж., 30 двароў, гасцініца, пошта, царква, сінагога, 6 крам, 3 карчмы. У пач. 20 ст. дзейнічалі сукнавальня і тартак. З 1921 у складзе Польшчы, у Кобрынскім пав. Палескага ваяв. З 1939 у БССР, з 15.1.1940 вёска, цэнтр Жабінкаўскага р-на. З 23.6.1941 да 21.7.1944 акупіравана ням.-фаш. захопнікамі, якія загубілі ў Ж. і раёне 1764 чал. З 16.4.1952 гар. пасёлак, у 1959—62 у Камянецкім, у 1962—63 у Кобрынскім р-нах. У 1959—2,9 тыс.ж. З 23.12.1970 горад.
Асфальтабітумны з-д, прадпрыемствы харч. (найб. значны Жабінкаўскі цукровы завод), буд. прам-сці. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магіла ахвяр фашызму. Помнік архітэктуры — Пакроўская царква (1885).
Літ.:
Бензярук А. Наш край — Жабінкаўшчына. Брэст, 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯСНА́Я,
рака ў Камянецкім і Брэсцкім р-нах Брэсцкай вобл., правы прыток р.Зах. Буг. Даўж. 85 км. Пл. вадазбору 2650 км². Утвараецца ад зліцця рэк Правая Лясная і Левая Лясная, за 1 км на У ад в. Вугляны Камянецкага р-на. Цячэ па Прыбугскай раўніне і Брэсцкім Палессі. Асн. прытокі: Крывуля, Тачыя, рака без назвы каля в. Трасцяніца Камянецкага р-на, Лютая (справа), Градаўка (злева). Даліна шыр. 2—4 км, схілы да 20 м (месцамі да 30 м), перасечаныя лагчынамі, ярамі, асушальнымі каналамі. Пойма двухбаковая, шыр. да 1 км, лугавая, радзей — парослая хмызняком. Рэчышча звілістае, месцамі моцназвілістае. Шыр. ракі ў межань 20—30 м. Берагі выш. да 4 м, адкрытыя, пад хмызняком. Найвышэйшы ўзровень разводдзя ў канцы 2-й дэкады сак., сярэдняя выш. над межанным узроўнем 1,5 м. Замярзае ў 3-й дэкадзе снеж., крыгалом у сярэдзіне сакавіка. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 13 м³/с. На рацэ г.Камянец, каля в. Цюхінічы Брэсцкага р-на плаціна. Рака прымае сцёк з сеткі меліярац. каналаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЕ МАСТА́ЦКАЕ ПРАДПРЫЕ́МСТВА «СКУЛЬПТУ́РНЫ КАМБІНА́Т» Беларускага саюза мастакоў.
Створана ў 1991 у Мінску на базе Мінскага мастацка-вытворчага камбіната. Выконвае заказы на стварэнне манум. і станковай скульптуры, у т. л. помнікаў, манументаў, эмблем, гербаў, мемар. дошак і інш. Сярод работ помнікі Ф.Скарыне ў Празе (Э.Астаф’еў, 1991—92), у г. Ліда (В.Янушкевіч, 1992—93), воінам-інтэрнацыяналістам у Мінску (Ю.Паўлаў, 1995—96), у г. Светлагорск (У.Жбанаў, А.Каструкоў), М.Шагалу ў Віцебску (В.Магучы; абодва 1997), А.Пушкіну ў г. Мазыр (Ю.Вараб’ёў) і Мінску (Ю.Арэхаў), «Святая Соф’я — князёўна слуцкая» ў г. Слуцк (М.Інькоў), воінам, што загінулі ў гады Вял.Айч. вайны, у Магілёве (Паўлаў; усе 1999), Скарыне (А.Дранец, 1999—2000); бюсты М.В.Доўнар-Запольскага ў г. Рэчыца (Э.Агуновіч, 1995), У.Л.Бядулі ў г.Камянец (С.Гарбунова, 1997) і інш.; гербы Беларусі на рэзідэнцыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (У.Папсуеў, 1996), на будынках Дома ўрада (В.Мурашоў, 1997), Нац. банка (Жбанаў, 1998); на гар. ратушы ў Віцебску (Магучы, 1997); паркавая скульптура ў Нясвіжскім парку (У.Слабодчыкаў, Г.Гаравая і інш., 1992) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЯНЕ́ЦКІЯ ЗА́МКАВА-ПАЛА́ЦАВЫЯ КО́МПЛЕКСЫ.
Існавалі ў 17—19 ст. у г.Камянец Брэсцкай вобл. Пабудаваны недалёка ад Камянецкай вежы на беразе р. Лясная. Комплекс драўляных збудаванняў 1-й пал. 17 ст. быў умацаваны земляным валам і абкружаны вадзяным ровам, праз які з боку Камянца быў мост. У цэнтры дзядзінца стаяў 2-павярховы рэнесансавы палац з аркаднай галерэяй на гал. фасадзе, уваход быў праз двух’ярусную браму. Каля брамы стаялі 2 жылыя флігелі, гасп. пабудовы, за межамі ўмацаванняў на беразе ракі — бровар і вял. 2-павярховы свіран. У 2-й пал. 17 — пач. 18 ст. комплекс перабудаваны. Складаўся з дзядзінца і ўмацаванага драўлянай абарончай сцяной «перадзамачча». Дзядзінец быў умацаваны земляным валам і астрогам. У цэнтры знаходзіўся невял. 1-павярховы палац, за ім — жылыя флігелі і гасп. пабудовы. «Перадзамачча» злучалася з дзядзінцам праз вадзяны роў мостам з 2 брамамі. У ніжнім ярусе замкавай брамы была турма, у верхнім — лямус з адкрытай галерэяй. У 18 ст. комплекс перабудаваны ў барочны палацавы комплекс, які захаваў ранейшыя вонкавыя ўмацаванні і 2-ярусную браму. Насупраць брамы стаяў 2-павярховы драўляны палац. Дзверы яго былі аздоблены арнаментальнай разьбой, сцены — шпалерамі, падзеленымі разнымі ліштвамі. Каля брамы размяшчаліся дом аканома, кухня, гасп. пабудовы. У канцы 18 — пач. 19 ст. комплекс заняпаў.