КАРЫ́БСКІ БАНК РАЗВІЦЦЯ́,

спецыялізаваны орган супрацоўніцтва краін Карыбскага басейна. Створаны ў 1969. Яго ўдзельнікамі з’яўляюцца 12 краін-членаў Карыбскага супольніцтва (Барбадас, Беліз, Гаяна, Гранада і інш.), а таксама Багамскія а-вы, Канада, Вялікабрытанія і яе ўладанні на Карыбскіх а-вах. З 1972 членамі К.б.р. сталі Венесуэла і Калумбія. Афіц. мэта банка — садзейнічаць эканам. і сац. развіццю краін-членаў, аказваць ім тэхн. дапамогу і інш. Асн. крэдытнай крыніцай у рамках К.б.р. выступае Спец. фонд развіцця, створаны ЗША, Вялікабрытаніяй, Канадай і Венесуэлай. Кіруючыя органы — Савет кіруючых і Выканаўчы к-т. Месцазнаходжанне — г. Брыджтаўн (Барбадас).

т. 8, с. 113

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСКА́ДНЫЯ ГО́РЫ (Cascade Range),

хрыбет у зах. поясе Кардыльераў Паўн. Амерыкі, у ЗША і Канадзе. Даўж. каля 1000 км. Некалькі дзеючых і патухлых вулканаў (Рэйнір, 4392 м — найб. вышыня хрыбта; Шаста, 4317 м; Ласен-Пік, 3187 м, і інш.) узвышаюцца над моцна расчлянёным вулканічным пласкагор’ем (выш. 1800—2500 м). Складзены з мезазойскіх крышт. і палеагенанеагенавых вулканічных парод. Радовішчы медзі і золата. Вяршыні ўкрыты снежнікамі і ледавікамі. На схілах фумаролы і гарачыя крыніцы. Шматлікія каскады вадаспадаў на рэках Калумбія, Фрэйзер, Кламат і інш. далі назву хрыбту. На схілах хвойныя лясы, вышэй за 2800—3000 м субальпійскія і альпійскія лугі. Нац. паркі: Крэйтэр-Лейк, Маўнт-Рэйнір, Ласен-Волканік (ЗША).

т. 8, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАШЫНГТО́Н (Washington),

штат на ПнЗ ЗША у групе Ціхаакіянскіх штатаў. На Пн мяжуе з Канадай. Пл. 182,9 тыс. км². Нас. 5255 тыс. чал. (1993). Адм. ц. — г. Алімпія. Буйныя гарады Сіэтл, Спакан, Такома, Эдмандс, Белінгхем. На З штата ўздоўж узбярэжжа Берагавыя хрыбты, на У ад іх Каскадныя горы, паміж імі ўпадзіна зал. П’юджэт-Саўнд. На ПдУ Калумбійскае лававае плато. Клімат на З марскі, на У кантынентальны. На З сярэдняя т-ра студз. 4 °C, ліп. 16—17 °C, ападкаў 2000 мм за год; на У т-ра студз. каля -3 °C, ліп. 20—23 °C, ападкаў 400—500 мм. Рэкі горныя, багатыя запасамі гідраэнергіі, найб. Калумбія (мае ⅓ патэнцыяльных гідраэнергарэсурсаў ЗША) з прытокам Снейк. У гарах хвойныя лясы (дугласія і інш.), на плато — лесастэп. Пл. лясоў 10,1 млн. га (2-е месца сярод штатаў пасля Аляскі). Карысныя выкапні: медзь, цынк, золата, серабро, магнезіт. Развіта авіякасм. (з-ды Боінг у Сіэтле і яго прыгарадах), суднабуд., дрэваапр., хім., харч., цэм., атамная прам-сць. Значныя лесанарыхтоўкі. Буйныя ГЭС, у т. л. самая вял. ў ЗША Гранд-Кулі. Больш за 1000 плацін і дамбаў. Каляровая металургія (асабліва выплаўка алюмінію). У сельскай гаспадарцы каля 67% даходаў дае раслінаводства. Штат вылучаецца зборамі яблыкаў, груш, абрыкосаў, персікаў, вішань, вінаграду, малін, агародніны, хмелю. Значныя зборы пшаніцы (2,8 млн. т; 1992), бульбы, сачавіцы, сеяных траў. На ўзбярэжжы малочная жывёлагадоўля, у гарах авечкагадоўля. Рыбалоўства. Аўтадарог 79,4 тыс. км (1993). Марскія парты Сіэтл, Такома, Ванкувер (у ніжнім цячэнні р. Калумбія). Значнае індзейскае насельніцтва і некалькі рэзервацый. Нац. паркі Маўнт-Рэйнір, Алімпік, Норт-Каскейдс. Турызм.

М.​С.​Вайтовіч.

т. 4, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ТЫНГЛІ ((Mattingly) Томас) (н. 17.3.1936, г. Чыкага, штат Ілінойс, ЗША),

касманаўт ЗША. Бакалаўр навук па авіяц. тэхніцы. Скончыў вышэйшую школу ў г. Маямі (штат Фларыда), ун-т у г. Оберн (1958, штат Алабама), школу па падрыхтоўцы пілотаў для аэракасм. даследаванняў. З 1966 у групе касманаўтаў НАСА. 16—27.4.1972 з Дж.Янгам і Ч.Дзюкам здзейсніў палёт да Месяца з выхадам у адкрыты космас як пілот асн. блока касм. карабля (КК) «Апалон-16» (у час пасадкі месяцавай кабіны знаходзіўся на калямесяцавай арбіце); 27.6—4.7.1982 з Г.​Хартсфілдам — палёт на КК «Калумбія» (як камандзір); 24—27.1.1985 — палёт на КК «Дыскаверы» (як камандзір). У космасе правёў 20,8 сут. Залаты медаль НАСА.

У.​С.​Ларыёнаў.

т. 10, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ВЕЛ VI [Paulus; у свеце Манціні (Montini) Джавані Батыста; 26.9.1897, Канцэзіо, каля г. Брэшыя, Італія — 6.8.1978],

папа рымскі з 1963. Скончыў папскі і дзярж. ун-ты ў Рыме. У 1923—54 на дыпламат. службе Ватыкана (з 1937 пам., з 1952 нам. дзярж. сакратара). З 1955 архіепіскап Мілана, з 1958 кардынал. П. VI — першы з рым. пап, які парушыў традыцыю затворніцтва рым. пап у Ватыкане, наведаў шэраг краін (Палесціна, ЗША, Калумбія, Уганда, Філіпіны, Аўстралія і інш.). Рэарганізаваў рым. курыю, скасаваў Кангрэгацыю свяшчэннай канцылярыі (б. інквізіцыю), у 1966 адмяніў «Індэкс забароненых кніг», што фактычна азначала скасаванне царк. цэнзуры. Увёў узроставы цэнз у калегіі кардыналаў. Выступаў за збліжэнне цэркваў і захаванне міру паміж народамі.

т. 11, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́НЕР ((Wiener) Норберт) (26.11.1894, г. Калумбія, штат Місуры, ЗША — 19.3.1964),

амерыканскі матэматык, заснавальнік кібернетыкі. Д-р філасофіі (1912). З 1919 у Масачусецкім тэхнал. ін-це (з 1932 праф). Навук. працы па матэм. аналізе (тэорыя патэнцыялу; гарманічныя, амаль перыяд. функцыі; рады і пераўтварэнні Фур’е), тэорыі імавернасцей (стацыянарныя выпадковыя працэсы). Даследаванні па матэм. фізіялогіі, выліч. тэхніцы (у сувязі з балістычнымі разлікамі), тэорыі кіравання, што праводзіліся ў 1939—45, праца ў Кардыялагічным ін-це ў Мехіка (1945—47) прывялі Вінера да ідэі пра агульнасць асн. прынцыпаў кіравання жывымі і нежывымі сістэмамі, што з’явілася пачаткам стварэння кібернетыкі.

Тв.:

Рус. Пер. — Я — математик. 2 изд. М., 1967;

Кибернетика, или Управление и связь в животном и машине. 2 изд. М., 1968.

Н.Вінер.

т. 4, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДОС ПА́САС ((Dos Passos) Джон Радэрыга) (14.1.1896, г. Чыкага, ЗША — 28.9.1970),

амерыканскі пісьменнік. З партуг. эмігрантаў. Скончыў Гарвардскі ун-т (1916), з 1917 добраахвотнікам удзельнічаў у 1-й сусв. вайне. Адным з першых пачаў пісаць у рэчышчы л-ры «страчанага пакалення» (раманы «Пасвячэнне аднаго маладога чалавека — 1917», 1920; «Тры салдаты», 1921). Наватарства Д.П. ў найб. ступені праявілася ў рамане «Манхэтэн» (1925), трылогіях «ЗША» («42-я паралель», 1930; «1919», 1932; «Вялікія грошы», 1936) і «Акруга Калумбія» (1939—48), рамане «У сярэдзіне стагоддзя» (1961). Апублікаваў маст. аўтабіяграфію «Лепшыя часы» (1966). Пісьменнік асэнсоўваў праблемы чалавека ў індустр. грамадстве ЗША, з яго «амерыканскай марай» пачатку стагоддзя і вял. дэпрэсіяй 1930-х г., з крахам ілюзій і стратай ідэалаў. Яго творам уласцівы маштабнасць абагульненняў, імпрэсіяністычнасць, асацыятыўнасць.

Е.​А.​Лявонава.

т. 6, с. 185

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЭЗІДЭ́НЦКАЯ РЭСПУ́БЛІКА,

адзін з 2 асн. (разам з парламенцкай рэспублікай) відаў рэспубліканскага дзярж. ладу. Характарызуецца захаваннем прынцыпу падзелу ўлад, канцэнтрацыяй у руках прэзідэнта паўнамоцтваў кіраўніка дзяржавы і кіраўніка ўрада, пазапарламенцкім выбраннем прэзідэнта. Ўрад фарміруецца прэзідэнтам незалежна ад раскладу сіл у парламенце. Прэзідэнт не мае права распускаць парламент. У класічнай П.р. (ЗША, Мексіка, Бразілія, Калумбія, многія інш. лац.-амер. і афр. краіны) вышэйшыя органы ўлады (прэзідэнт, парламент, вярх. суд) незалежныя адзін ад аднаго і маюць магчымасць рэальна ўздзейнічаць адзін на аднаго (сістэма «стрымак і супрацьвагаў»). Да П.р., за выключэннем некат. фармальных адрозненняў (наяўнасць прэм’ер-міністра, права прэзідэнта распускаць парламент), блізкія паліт. сістэмы Рас. Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь. Змешаныя, з рысамі парламенцкай і прэзідэнцкай рэспублікі, паліт. сістэмы (т.зв. паўпрэзідэнцкая рэспубліка) маюць Францыя, Чэхія, Польшча, Балгарыя, Украіна, Літва і многія інш. дзяржавы.

т. 13, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРДЫЛЬЕ́РЫ (ісп. Cordilleras літар. горныя ланцугі),

найвялікшая горная сістэма Зямлі ўздоўж зах. ускраін Паўн. і Паўд. Амерыкі ад 66° паўн. ш. (Аляска) да 56° паўд. ш. (Вогненная Зямля). Падзяляюцца на 2 часткі: Кардыльеры Паўночнай Амерыкі і К. Паўд. Амерыкі, або Анды. Даўж. больш за 18 тыс. км, шыр. да 1600 км у Паўн. Амерыцы і да 900 км у Паўднёвай. Размешчаны на тэр. Канады, ЗША, Мексікі, Гватэмалы, Гандураса, Сальвадора, Нікарагуа, Коста-Рыкі, Панамы, Венесуэлы, Калумбіі, Эквадора, Перу, Балівіі, Аргенціны і Чылі. З’яўляюцца водападзелам паміж бас. Атлантычнага і Ціхага акіянаў, а таксама рэзка выражанай кліматычнай мяжой. Па вышыні саступаюць Гімалаям і горным сістэмам Цэнтр. Азіі. Найб. высокія вяршыні К.: у Паўн. Амерыцы — г. Мак-Кінлі (6193 м), Паўд. Амерыцы — г. Аканкагуа (6960 м). Каля 80 дзеючых вулканаў (Катмай, Сен-Мігель, Льяйма і інш.). Высокая тэктанічная актыўнасць. Пл. зледзянення каля 90 тыс. км².

Да арт. Кардыльеры. Парк Маўнт-Робсан у правінцыі Брытанская Калумбія, Канада.

т. 8, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎДНЁВАЯ КАРАЛІ́НА (South Carolina),

штат ЗША на Пд Атлантычнага ўзбярэжжа. Пл. 80,4 тыс. км². Нас. 3836 тыс. чал. (1998). Адм. ц. — г. Калумбія. На ПдУ Прыатлантычная нізіна, на ПнЗ — плато Підмант і адгор’і Апалачаў (выш. да 1085 м). Клімат субтрапічны вільготны. Сярэдняя т-ра студз. 5—10 °C, ліп. каля 25 °C. Ападкаў 1000—1200 мм за год. Гал. рэкі Савана і Санты. У гарах хваёвыя лясы (больш за 40 тыс. км²). Індустр.-агр. штат. Гал. галіны прам-сці: тэкст. (1-е месца ў ЗША па вытв-сці баваўняных тканін), трыкат., швейная, электронная, дрэваапр., цэлюлозна-папяровая, харч., хім. (вытв-сць угнаенняў), металаапр., суднабуд., атамная; вытв-сць станкоў і абсталявання для тэкст. прам-сці. Лясная гаспадарка (нарыхтоўка хвоі і дубу). У сельскай гаспадарцы найб. развіта раслінаводства. Гал. культуры: тытунь, бавоўнік, соя, кукуруза, пшаніца, рыс, арахіс, агародніна. Садоўніцтва. Пагалоўе (тыс. галоў, 1998): буйн. раг. жывёлы — 480, свіней — 270. Птушкагадоўля. Рыбалоўства. Турызм. Транспарт чыг., аўтамаб., марскі. Гал. парты Чарлстан і Джорджтаўн.

т. 12, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)