у стараж.-грэчаскай міфалогіі бог жывёлагадоўлі і пастухоў, гандлю і прыбытку, вястун алімпійскіх багоў, апякун юнацтва і атлетаў, праваднік душ мёртвых у царства Аіда, пасрэднік паміж жыццём і смерцю, багамі і людзьмі, сын Зеўса і Маі. Атрыбуты Гермеса — залатыя крылатыя сандалі і жазло, яго сімвал — гермы, якія ставілі на дарогах з Афін. Гермес хітры і спрытны, заўсёды знаходзіць выхад з цяжкага становішча, учыніў мноства подзвігаў. Міф пра Гермеса — часты сюжэт у выяўл. мастацтве (насценныя дэкарацыі ў доме Лівія, скульптуры Праксіцеля, Б.Торвальдсена, карціны Карэджа, Я.Тынтарэта, П.П.Рубенса). У рым. міфалогіі Гермесу адпавядае Меркурый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РДЗІЙ,
легендарны заснавальнік Фрыгійскага царства, бацька Мідаса. Паводле легенды, аракул параіў фрыгійцам абраць царом таго, хто будзе першы ехаць на калёсах да храма Зеўса. Гэта быў Гордзій. Стаўшы царом, Гордзій пабудаваў г.Гордзіян, свае калёсы ён прынёс у дар Зеўсу, паставіў іх у храме і заблытаным вузлом прывязаў ярмо да дышля калёс. Лічылі, што той, хто развяжа вузел, будзе валодаць усёй Азіяй. У 334 да н.э. Гордзіян наведаў Аляксандр Македонскі і паспрабаваў развязаць вузел, але не змог і рассек яго мячом (адсюль выраз «рассекчы гордзіеў вузел» — хуткае і смелае вырашэнне заблытанага і складанага пытання).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Селяні́н ‘жыхар сельскай мясцовасці, земляроб’ (ТСБМ, Гарэц., Бяльк.). Укр.селяни́н, рус.селяни́н, ст.-рус.селянинъ ‘селянін, вясковы жыхар’, серб.-харв.сѐљанин ‘вясковы жыхар’, славен.selján ‘селянін, вясковы жыхар’, балг.се́лянин, макед.селанин, селанец ‘селянін’, ст.-слав.селꙗнинъ ‘земляроб’. Паводле Трубачова (Проспект, 77), прасл.*sedlʼaninъ/*sedlěninъ < прасл.*sedlo (адрознага ад *sedъlo ‘сядло’) ‘земляробчая гаспадарка з домам’ (Махэк₂, 539) з і.-е.*sedlom, роднаснага лац.sella ‘сядзенне’ < *sedlā, што мае фанетычную і словаўтваральную адпаведнасць у палеабалканскім Ἕλλα ‘назва храма Зеўса ў Дадоне’, ад якога выводзіцца племянная назва Ἕληνες, паралельная да *sedlʼane ‘сяляне’ (Трубачоў, Этимология–1980, 14–15). Гл. сяляне.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
ДЫЯНІ́С,
у грэчаскай міфалогіі бог расліннасці, вінаградарства і вінаробства, сын Зеўса і фіванскай царэўны Семелы. Нарадзіўся неданошаным пасля смерці маці, але Зеўс зашыў Д. ў сваім бядры і данасіў. Спадарожнікамі Д. былі німфы, дэманы, сатыры і сілены. Першапачаткова Д. ўяўлялі сталым, барадатым мужчынам, пазней — прыгожым юнаком. Святы ў гонар Д. — дыянісіі, мелі характар оргій. Міф пра Д. — часты сюжэт у выяўл. мастацтве (фрэскі ў Пампеях, мазаіка з Дэласа, рэльеф на мануменце Лісікрата ў Афінах, карціны А.Альтдорфера, Тыцыяна, П.П.Рубенса, Д.Веласкеса і інш.). У рымлян вядомы пад імем Вакх (Бахус).
Дыяніс. Фрагмент размалёўкі амфары «майстра Клеафрада». Каля 500 да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРО́НАС, Крон,
у старажытнагрэч. міфалогіі адзін з тытанаў, сын Урана і Геі. Па навучанні маці кастрыраваў Урана, каб спыніць яго род, заняў трон і ўзяў за жонку сястру Рэю. Паводле прадказання Геі, яго павінен быў звергнуць сын, таму калі ў Рэі нараджаліся дзеці, К. адразу ж глытаў іх. Рэя падманула мужа і замест народжанага Зеўса падклала яму спавіты камень, які і праглынуў К. Зеўс вырас і прымусіў бацьку вярнуць астатніх дзяцей, якія склалі пакаленне алімп. багоў, а К. і тытанаў скінуў у тартар. Культ К. быў асабліва папулярны ў Алімпіі і Афінах, дзе ў яго гонар спраўлялі святкаванні (кроніі). У рым. міфалогіі яму адпавядае Сатурн.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПАЛО́Н, Феб,
у грэчаскай міфалогіі бог сонца, святла, мудрасці, апякун мастацтваў. Сын Зеўса і Леты, брат-блізня Артэміды. У выяўл. мастацтве Апалон паказваўся прыгожым юнаком з лукам і стрэламі ці з кіфарай у руках. Валодаў дарам прадбачання і надзяляў ім людзей. У гонар перамогі Апалону над драконам-пачварай Піфонам каля Дэльфаў пабудаваны Дэльфійскі храм, дзе адбываліся святкаванні ў гонар Апалона (Піфійскія гульні). Былі шматлікія свяцілішчы Апалона, найб. вядомыя ў Дэльфах і на в-ве Дэлас. Міф аб Апалоне натхняў ант. скульптараў, жывапісцаў А.Мантэнья, Рафаэля, Джарджоне, кампазітараў І.С.Баха, В.А.Моцарта, І.Стравінскага і інш.
Да арт.Апалон. Апалон Бельведэрскі. Скульпт. Леахар. 350 — 330 да н.э. Рымская копія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭМЕ́ТРА,
у грэчаскай міфалогіі багіня ўрадлівасці і земляробства, дачка Кронаса і Рэі, сястра Зеўса. Дачку Д. Персефону пакахаў і ўкраў бог падземнага царства Аід. Пакуль Д. блукала ў пошуках дачкі, зямля перастала плоданасіць, засохлі дрэвы і травы, загінулі статкі, пачаўся голад. Зеўс загадаў вярнуць Персефону, каб летнія месяцы яна праводзіла на зямлі, зімовыя — у царстве Аіда. У г. Элеўсін быў узведзены храм Д., дзе 9 дзён у верасні спраўлялі містэрыі, у гонар Д. і Персефоны ладзілі святы Фесмафорыі. Свае творы Д. прысвяцілі Гамер, Калімах, Феакрыт, Г.Сакс, Ф.Шылер і інш. У рым. міфалогіі Д. адпавядае Цэрэра.
Л.М.Драбовіч.
Дэметра («Дэметра Кнідская»). Скульптар Брыяксіс. 340—330 да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІСІ́П (Lysippos),
старажытнагрэчаскі скульптар 4 ст. да н.э.; буйнейшы прадстаўнік позняй класікі. Нарадзіўся ў Сікіёне. Быў прыдворным мастаком Аляксандра Македонскага. Працаваў пераважна ў бронзе. У сваёй творчасці, што папярэднічала эліністычнаму мастацтву, адышоў ад ідэальных канонаў Паліклета, імкнуўся да большай жыццёвай непасрэднасці выявы, перадачы драм. складанасці і зменлівасці з’яў, шматпланавых рухаў. Сярод твораў: «Апаксіямен», «Гермес адпачывае», статуі Зеўса ў Тарэнце, Геліяса на калясніцы на в. Родас, шматлікія выявы Геракла і яго подзвігаў («Геракл Фарнезскі», «Геракл са львом» і інш.), манум. скульптурныя групы (конныя дружыннікі Аляксандра Македонскага, якія палеглі ў бітве пры р. Гранік, і інш.). Адзін з пер шых у ант. мастацтве звярнуўся да партрэтнага жанру (партрэт Аляксандра Македонскага).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРТЭМІ́ДА,
у грэчаскай міфалогіі багіня, дачка Зеўса і Леты, сястра-блізніца Апалона. Спачатку Артэміда — апякунка жывёл і палявання, багіня месяца, пазней — заступніца шлюбу і дзетанараджэння. Яе ўяўлялі прыгажуняй у доўгім адзенні з паўмесяцам на галаве, з факелам ці з лукам і стрэламі ў руках. Лічылі, што нарадзілася Артэміда на в-ве Дэлас. Найб. вядомыя свяцілішчы Артэміды на п-ве Атыка і ў г. Эфес. У Эфесе быў храм Артэміды, прылічаны грэкамі да аднаго з 7 дзівосаў свету (спалены ў 356 да н.э. Герастратам). У рым. міфалогіі вядома як Дыяна. Міф пра Артэміду натхніў ант. скульптараў Праксіцеля, Леахара, грэч. вазапісцаў, пазней — Тыцыяна, П.П.Рубенса, Рэмбранта, пісьменнікаў Дж.Бакачыо, Г.Гейнэ і інш.
Да арт.Артэміда. Артэміда Версальская. Скульпт. Леахар. Канец 4 ст. да н.э. Рымская копія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАМЕТЭ́Й,
у старажытнагрэчаскай міфалогіі тытан (гл.Тытаны), багаборца, абаронца людзей ад дэспатызму багоў. Паводле міфаў, стварыў з зямлі і вады людзей, навучыў іх будаваць жыллё, вадзіць караблі, таксама астраноміі, медыцыне, пісьму. Выкраў з Алімпа і прынёс людзям агонь, за што раззлаваны Зеўс загадаў прыкаваць П. да скалы на Каўказе. Кожны дзень на працягу тысячагоддзяў да П. прылятаў арол і дзёўб яго печань, якая за ноч адрастала. Стогны П. чулі арганаўты ў час свайго падарожжа. Нарэшце з дазволу ЗеўсаГеракл забіў арла і вызваліў П. У стараж. Афінах культ П. шанавалі адначасова з культамі Гефеста і Афіны. Існавала свята ў гонар П. — праметэі — бег з факеламі. Вобраз П. — адзін з найб. значных у сусв. л-ры (П.Кальдэрон, Эсхіл, І.В.Гётэ, П.Б.Шэлі, Дж.Байран, Ф Кафка і інш.), яму прысвечаны творы выяўл. мастацтва (Л.Карачы, П.П.Рубенс, Я.Іорданс і інш.) і музыкі (Л.Бетховен, А.М.Скрабін і інш.).
Праметэй стварае першага чалавека (справа багіня Афіна). Фрагмент рэльефу саркафага. 3 ст.