архіепі́скап

(гр. archiepiskopos)

духоўнае званне ў праваслаўнай царкве, сярэдняе паміж епіскапам і мітрапалітам, старшы епіскап (параўн. архібіскуп).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

АТО́Н ФРА́ЙЗІНГЕНСКІ (Otto von Freising; пасля 1111 — 22.9.1158),

нямецкі гісторык-храніст. Епіскап Фрайзінгенскага манастыра ў Баварыі (з 1138), удзельнік 2-га крыжовага паходу (1147—49). Паміж 1143 і 1146 напісаў «Хроніку», у якой падзеі сусв. гісторыі (да 1146) разглядаў у духу яе тэалагічнага тлумачэння як ажыццяўленне задумы Бога. У «Дзеяннях імператара Фрыдрыха I» (1157—58) падаў гісторыю Германіі з часоў Генрыха IV (1050—1106) да 1156.

т. 2, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭКЗА́РХ (грэч. exarchos начальнік, намеснік),

1) у Старажытнай Грэцыі кіраўнік жрацоў пры храме.

2) У Візант. імперыі ў канцы 6—7 ст. правіцель вобласці (дыяцэза), адваяванай у варвараў, кіраваў ваен. сіламі і грамадз. адміністрацыяй; таксама епіскап, які кіраваў хрысц. царквой у дыяцэзе.

3) У сучасным праваслаўі кіраўнік экзархата. Назначаецца патрыярхам. Патрыяршы Э. усяе Беларусі, старшыня Сінода Бел. экзархата — мітрапаліт мінскі і слуцкі Філарэт.

т. 18, кн. 1, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ка́федра, -ы, мн. -ы, -федр і -аў, ж.

1. Узвышэнне для лектара, прамоўцы.

Лектар падняўся на кафедру.

2. У вышэйшай школе: аб’яднанне спецыялістаў вучэбных дысцыплін, якія адносяцца да адной галіны навукі.

К. хіміі.

К. беларускай мовы і літаратуры.

3. Пасада епіскапа, які кіруе епархіяй.

|| прым. кафедра́льны, -ая, -ае (да 2 і 3 знач.; спец.).

○

Кафедральны сабор — галоўны сабор у горадзе, у якім богаслужэнне вядзе епіскап.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

ГРАБНІ́ЦКІ Фларыян (1664?, Полацкае ваяводства — 1762),

уніяцкі царк. дзеяч Рэчы Паспалітай. Скончыў Львоўскі папскі калегіум (паводле інш. звестак — Віленскую акадэмію), д-р тэалогіі. Чл. ордэна базыльян (1709), епіскап віцебскі (1716—19), архіепіскап полацкі (1719—62), мітрапаліт кіеўскі (1748—62). Пашыраў уніяцтва ў Полацкай архіепархіі, выкарыстоўваў місіянерскую дзейнасць і прымусовыя метады. Удзельнік Замойскага сабора грэка-каталіцкай царквы (1720). Ахвяраваў сродкі на адбудову Полацкага Сафійскага сабора (1738—50).

С.​В.​Казуля.

т. 5, с. 380

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУ́ДЗІ (Budi) П’етэр (1566—1622),

дзеяч албанскага вызв. руху, епіскап (з 1621) Сапы і Сарданіі (Паўн. Албанія). Дамагаўся «албанізацыі» каталіцкай царквы замяшчэннем царк. пасад мясцовымі ўраджэнцамі. Імкнуўся да вызвалення Албаніі ад тур. прыгнёту і разлічваў на дапамогу папы рымскага і еўрап. дзяржаў, распрацаваў план агульнаалб. паўстання супраць Асманскай імперыі, які не быў падтрыманы Ватыканам. Перакладаў духоўную л-ру на алб. мову. Аўтар рэліг. твораў «Дактрына і катэхізіс» (1618), у якім змясціў 10 сваіх вершаў.

т. 3, с. 313

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АФАНА́СІЙ АЛЕКСАНДРЫ́ЙСКІ (Athanasios; каля 295—2.5.373),

царкоўны дзеяч і багаслоў, прадстаўнік патрыстыкі. Епіскап г. Александрыя з 328. У барацьбе з арыянствам распрацаваў містычнае вучэнне пра «адзінасутнасць» Бога-айца і Бога-сына, дагматызаванае на 1-м (325) і 2-м (381) Усяленскіх саборах. Ідэалам рэліг. жыцця лічыў аскетызм. Адстойваў незалежнасць Александрыйскай царквы, за што ў 335—65 імператары 5 разоў яго звяргалі і ссылалі. Аўтар «Жыція Антонія», прысвечанага заснавальніку манаства ў Егіпце Антонію Вялікаму.

т. 2, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУРЛЯ́НДСКАЕ ЕПІ́СКАПСТВА,

нямецкая тэакратычная дзяржава на ПдЗ Латвіі ў 1234—1559. Узнікла ў ходзе заваявання і прымусовай хрысціянізацыі крыжаносцамі балцкага племені куршаў. Складалася з 3 частак (Пілтэн, Айзпутэ, Сакаслея), між якімі ўкліньваліся ўладанні Лівонскага ордэна. У сярэдзіне 16 ст. ​2/3 зямель належала свецкім уладальнікам. У 1559 епіскап Іаган IV Мюнгаўзен прадаў К.е. дацкаму каралю, які перадаў яго пад уладу свайго брата Магнуса. Пасля смерці Магнуса (1583) епіскапства перайшло да Рэчы Паспалітай.

т. 9, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНДРЭ́Й (свецкае Крыт Аляксандр; ? — 21.5.1983),

бел. рэлігійны дзеяч. Да 2-й сусв. вайны жыў у Зах. Беларусі. Пасля вайны ў Германіі, Англіі: святар у прыходах, адміністратар Вікарыяльнай управы Беларускай аўтакефальнай правасл. царквы ў замежжы (БАПЦ). З 1961 у ЗША: настаяцель прыхода св. Жыровіцкай Маці Божай у Кліўлендзе (ініцыятар рэліг. навучання дзяцей-беларусаў, у т. л. па гісторыі царквы на Беларусі). У 1969 епіскап, з 1970 архіепіскап епархіі БАПЦ у Паўн. Амерыцы. З 1972 мітрапаліт БАПЦ.

Л.​У.​Языковіч.

т. 1, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАСТАКО́Ў Аляксандр Цімафеевіч (н. 23.6.1940, г. Капейск Чэлябінскай вобл., Расія),

бел. жывапісец. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1975). Творы вылучаюцца тонкасцю колеравых нюансаў, мяккім каларытам, лірычнасцю: «Мая маці», «Партрэт бацькі» (абодва 1970), «Сланечнікі» (1971), «Партрэт Л.​Бржазоўскай» (1978), «Сонечны двор» (1979), «Аголеная ў інтэр’еры», «Дачка Алена» (абодва 1981), «Зімовы дзень» (1984), «Вязынка» (1988), «Епіскап Канстанцін» (1990), «Манахіня» (1993), «За парадай да старца» (1997), «Мастак Мікалай Клімененкаў» (2002), «Закаханая (Венера)» (2003).

Л.​Ф.​Салавей.

А.Шастакоў. Закаханая (Венера). 2003.

т. 17, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)