КО́РСАКАЎ Дзмітрый Аляксандравіч (22.7.1843, Масква — 1920),
расійскі гісторык. Чл.-кар. Рас. АН (1917; чл.-кар. Пецярбургскай АН з 1905), праф. (1881). Скончыў Казанскі ун-т (1814). Працы па гісторыі Растова-Суздальскай зямлі, рас. дваранства 18 ст., артыкулы пра рас. гісторыкаў К.Дз.Кавеліна, М.І.Кастамарава, К.М.Бястужава-Руміна і інш.
т. 8, с. 422
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДВАРАНІ́Н,
1) у ВКЛ і Рэчы Паспалітай шляхціц, які служыў пры двары вял. князя ці караля (Д. гаспадарскі, Д. яго каралеўскай мосці). Зрэдку такая пасада існавала і пры дварах магнатаў. Вядомы з 15 ст. Звычайныя функцыі — выкананне розных спец. даручэнняў вял. князя, перш за ўсё судовых.
2) У Расійскай дзяржаве (з канца 18 ст. і ў Беларусі) прадстаўнік дваранства.
т. 6, с. 75
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАРАВА́ЛЬНАЯ ГРА́МАТА,
назва заканад. актаў аб наданні правоў і прывілеяў манастырам, прыватным асобам або групам насельніцтва, якія выдаваў правіцель Стараж. Русі і Рас. імперыі (вял. князь, цар, імператар) у 12—18 ст. Найб. значныя — Д.г. гарадам і дваранству (абедзве ўведзены 21.4.1785 Кацярынай II). «Грамата на правы і выгоды гарадам Расійскай імперыі» складалася з «Гарадавога» і «Рамеснага» палажэнняў; рэгулявала становішча гараджан (падзяляліся на 6 разрадаў, у т. л. купецтва і мяшчанства) і работу органаў гар. самакіравання (гл. Гарадская дума). На Беларусі ў гарадах, якія мелі магдэбургскае права, захоўваліся магістраты, у судаводстве выкарыстоўваўся Статут Вялікага княства Літоўскага 1588, яўр. насельніцтва гарадоў падпарадкоўвалася кагалу. Асн. палажэнні Д.г. гарадам дзейнічалі да гарадской рэформы 1870-х гадоў. «Грамата на правы, вольнасці і прывілеі высакароднага расійскага дваранства» складалася з уводзін, 4 раздзелаў і 92 артыкулаў; пацвярджала асн. палажэнні Маніфеста аб вольнасці дваранства 1762, прадугледжвала захаванне элітнай ролі дваран у грамадстве, у т. л. недапушчэнне ў дваранскае саслоўе асоб з боку падатковага насельніцтва. Асобныя заканад. палажэнні Д.г. дзейнічалі да 1917.
Літ.:
Российское законодательство X—XX вв. Т. 5. М., 1987.
т. 6, с. 50
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЯ́РСКІЯ КНІ́ГІ,
зводы імянных пералікаў па чынах прыдворных асоб Расіі (думных і вышэйшых дварцовых чыноў, стольнікаў, страпчых, маскоўскіх і выбарных дваран, дзякоў) з пазначэннем іх памесных і грашовых акладаў. Згадваюцца з пач. 17 ст. Складаліся ў Разрадным прыказе як зводныя ўлікова-акладныя дакументы. Крыніца для вывучэння памеснай сістэмы, т.зв. Гасударава двара, гісторыі рас. дваранства, генеалогіі. Захаваліся 14 баярскіх кніг (1615—91).
т. 2, с. 369
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́ЎМАНІС (Baumanis) Яніс Фрыдрых Аляксандр (4.6.1834, Рыга — 31.3.1891),
латышскі архітэктар. Вучыўся ў Будаўнічай акадэміі ў Берліне (1860—62) і Пецярбургскай АМ (1862—63). Пабудаваў у Рызе больш за 50 даходных дамоў і грамадскіх будынкаў, у дэкоры якіх выкарыстоўваў формы архітэктуры рэнесансу і класіцызму (Дом ліфляндскага дваранства, цяпер будынак урада Латвіі, 1863—67, у сааўт. з Р.Пфлугам; Аляксандраўская гімназія, 1874, цяпер кансерваторыя) і інш.
т. 2, с. 355
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
гранд
(ісп. grande, ад лац. grandis = вялікі, важны)
спадчыннае званне вышэйшага дваранства ў Іспаніі (адменена ў 1931 г.).
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
ГЕНЕРА́ЛЬНЫЯ ШТА́ТЫ (франц. États Généraux, галанд. Staten-Generaal),
вышэйшыя ўстановы саслоўнага прадстаўніцтва ў феад. Францыі і Нідэрландах. У Францыі існавалі ў 1302 — 1789, складаліся з дэпутатаў ад духавенства, дваранства і трэцяга саслоўя. Склікаліся каралямі, у асноўным каб атрымаць згоду на збор падаткаў. Значэнне Генеральных штатаў павялічылася ў час Стогадовай вайны 1337—1453. У час нар. паўстанняў 14 ст. прэтэндавалі на ўдзел ва ўпраўленні дзяржавай. З развіццём абсалютызму не склікаліся 76 гадоў (1484—1560). Дзейнасць Генеральных штатаў ажывілася ў перыяд рэлігійных войнаў (склікаліся ў 1560, 1576, 1588, 1593). З 1614 скліканне Генеральных штатаў спынілася на 175 гадоў. Напярэдадні франц. рэвалюцыі 1789—99 скліканы каралём; дэпутаты 3-га саслоўя ў жніўні 1789 абвясцілі сябе Нац. сходам. У Нідэрландах гістарычных Генеральных штатаў складаліся з дэпутатаў ад духавенства, дваранства і вярхоў гараджан, мелі права ваціравання падаткаў. Упершыню скліканы ў 1463. Іх роля пабольшала пасля 1477 і пры Габсбургах. У час Нідэрландскай рэвалюцыі 16 ст. Генеральныя штаты — цэнтр бурж.-дваранскай апазіцыі ісп. рэжыму. Пасля аддзялення Паўночных Нідэрландаў — вышэйшы пастаянна дзеючы заканад. орган Рэспублікі Злучаных правінцый. У сучасных Нідэрландах — назва парламента (з 1814).
Літ.:
Хачатурян М.А. Возникновение Генеральных штатов во Франции. М., 1976.
т. 5, с. 155
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́ЕР (Geyer) Фларыян (каля 1490, г. Гібельштат, Германія — 10.6.1525),
адзін з кіраўнікоў паўстанцаў у Сялянскую вайну 1524—26 у Германіі. Імперскі рыцар. У 1519—23 на вайск. і дыпламат. службе ў магістра Тэўтонскага ордэна Альбрэхта Брандэнбургскага. Вясной 1525 узначаліў адзін з рэв. сял. атрадаў у Франконіі (т.зв. «Чорны атрад»), Дамогся пашырэння паўстання на 9 гарадоў. Выступаў за скасаванне прывілеяў дваранства і царквы. Забіты ў час задушэння паўстання войскамі Швабскага саюза.
т. 5, с. 132
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХО́КАН IV (Haakonsson), Хокансан Стары (Haakon den Gamle; 1204—17.12.1263),
кароль Нарвегіі [1217—63]. Абапіраўся на служылае дваранства, пасля грамадз. войнаў 2-й пал. 12 — пач. 13 ст. ўмацаваў каралеўскую ўладу (да 1240). У 1251 заключыў дагавор з Ноўгарадам пра ўрэгуляванне пагран. адносін. Абвясціў уладу нарв. кароны над Грэнландыяй (1261) і Ісландыяй (1262). Памёр у час ваен. паходу ў Шатландыю. Хроніку жыцця Х. склаў у 1264—65 ісландзец С.Тордарсан.
т. 17, с. 43
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
шля́хта
(польск. szlachta, ад ст.-в.-ням. slahta)
дробнапамеснае дваранства ў Польшчы, Беларусі, Літве ў 14 — пач. 20 ст.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)