кірунак у гістарычнай навуцы, у аснове якога ляжаць фармалізацыя і камп’ютэрная апрацоўка гіст. крыніц, распрацоўка і выкананне новых інфарм. тэхналогій гіст. даследавання, стварэнне камп’ютэрных праграм навучання па гісторыі. З’яўленне гістарычнай інфарматыкі ў 2-й пал. 20 ст. звязана з інтэнсіфікацыяй і ўзаемапранікненнем навук. дысцыплін, у выніку чаго ў іх сумежных галінах узнікаюць новыя навук. кірункі. Найважнейшае ў гэтым працэсе — выкарыстанне колькасных ці матэм. метадаў (шматмернага статыстычнага аналізу, кантэнт-аналізу, мадэліравання і інш.) у розных галінах навук. ведаў, у т. л. ў гісторыі. У сав. квантытатыўнай гісторыі (кліяметрыі) быў выпрацаваны збалансаваны падыход да гэтых метадаў — іх выкарыстанне ў спалучэнні з традыц. метадамі. Патрэбы гіст. крыніцазнаўства і развіццё кліяметрыі абумовілі істотнае пранікненне камп’ютэрных тэхналогій у гіст. навуку. З аднаго боку, з’явілася неабходнасць у т.зв. «камп’ютэрным крыніцазнаўстве» і падрыхтоўцы спецыялістаў-гісторыкаў, здольных працаваць у гэтай галіне без пасрэднікаў, а з другога боку, у кліяметрыі акрэсліліся новыя тэндэнцыі, якія вызначылі яе выхад за ўласныя рамкі (камп’ютэрная апрацоўка ўсёй гіст. інфармацыі, закладзенай у пісьмовых і вобразных крыніцах). У выніку на стыку «камп’ютэрнага крыніцазнаўства», інфарматыкі і квантытатыўнай гісторыі ўзнікла новая міждысцыплінарная галіна, якая ў Асацыяцыі «Гісторыя і камп’ютэр» краін СНД атрымала назву «гістарычная інфарматыка» (з 1990 выдаецца інфарм. бюлетэнь). Гістарычная інфарматыка мае свой тэарэт. кампанент, уласны апарат паняццяў, базу крыніц і мадэль структуры таго прафесійнага калектыву, які бачыць у гістарычнай інфарматыцы асн. сферу сваёй дзейнасці. Практычныя задачы гістарычнай інфарматыкі: распрацоўка агульных падыходаў да выкарыстання інфарм. тэхналогій, стварэнне спецыялізаванага праграмнага забеспячэння ў гіст. даследаваннях і гіст. адукацыі, у т. л.гіст. баз і банкаў даных (ведаў), камп’ютэрных тэхналогій падачы і аналізу інфармацыі гіст. крыніц рознага характару, інфарм. сетак, мультымедыя праграм і інш. інструментальных сродкаў вывучэння і навучання гісторыі.
Літ.:
Методология истории: Учебное пособие для студентов вузов. Мн., 1996;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ОПОЯ́З (ад рус. назвы Таварыства вывучэння паэтычнай мовы),
навукова-даследчае аб’яднанне рус. лінгвістаў, тэарэтыкаў і гісторыкаў літаратуры ў сярэдзіне 1910-х—1920-я г. Створаны ў 1916—18 Я.Паліванавым, Л.Якубінскім, В.Брык, С.Бернштэйнам, В.Шклоўскім, Б.Эйхенбаумам, Ю.Тынянавым. Адмовіўся ад традыц. метадаў апісання і аналізу літ. творчасці, засяродзіўшы ўвагу на даследаванні яе моўна-выяўл. сродкаў як дамінуючых канструктыўных фактараў у рухомай сістэме стварэння і ўспрымання твораў. Сцвярджаў эстэт. самакаштоўнасць паэт. мовы і фармальна-маст. наватарства незалежна ад ідэалаг. арыентацыі. Генетычна звязаны з мадэрнісцкімі плынямі ў мастацтве, якія імкнуліся пераадолець літ. шаблоны і аўтаматызм іх успрымання шляхам парадаксальных слоўных вобразаў і метадам «остранения» — стварэння ўскладненай, нялёгкай для ўспрымання формы. Даследаваў тэорыю вершаскладання, структуру і семантыка-эстэт. функцыі маст. мовы, сюжэтную будову буйных празаічных жанраў і іх эвалюцыю, выкарыстоўваў параўнальна-тыпалаг. метады і стыліст. спосабы аналізу. Пад уплывам жывой маст. практыкі (творчасць У.Маякоўскага, С.Эйзенштэйна і інш.) і канструктыўнай крытыкі ў 2-й пал. 1920-х г. аб’яднанне пераадольвала фармаліст. тэндэнцыі. Паўплываў на канцэпцыі выяўл. і арх. мастацтва Беларусі 1920-х г. (асобныя ідэі К.Малевіча, канструктывізм) і літ. рух [ідэя «аквітызму» (ажыўлення) у «Маладняку», погляд на л-ру як «жыццебудаўніцтва» ва «Узвышшы», атаясамліванне мастацтва і жыцця ў эстэт. праграме «Літаратурна-мастацкай камуны»]. У канцы 1920-х г. распаўся пад націскам раппаўскай вульгарна-сацыялаг. крытыкі, прадстаўнікі якой на Беларусі аднабакова разглядалі гэты кірунак як бурж. і фармалістычны. З 2-й пал. 1950-х г. пад уплывам метадаў О. фарміраваліся структуралісцкія і матэм. метады даследавання мовы і маст. л-ры.
Літ.:
Тынянов Ю. Проблема стихотворного языка;
Статьи. [2 изд.] М., 1965;
Шкловский В. О теории прозы. М., 1925;
Бахтин М. К эстетике слова // Контекст, 1973. М., 1974.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРЫЯДЫЗА́ЦЫЯ ГІСТАРЫ́ЧНАЯ,
форма колькаснага і якаснага абазначэння гіст. развіцця ў часе. Тыпалагічна адрозніваюць П.г. лінейную, што прадугледжвае падзел гісторыі на раўназначныя па сваіх маштабах і глыбіні ступені, кожная наступная з якіх вырастае з папярэдняй, і іерархічную, што выражаецца ў супадпарадкаванні асобных з’яў і этапаў развіцця, якія з’яўляюцца ч. больш агульнага і складанага працэсу (напр., сярэднявечча, ранняе сярэднявечча). Самая стараж. П.г. ўзыходзіць да ўсх. і грэчаскай міфалогіі, якая разглядала гісторыю чалавецтва як паступовы пераход ад самага шчаслівага — «залатога» да самага заняпалага і адсталага — «жалезнага веку». Як альтэрнатыва ёй у Стараж. Грэцыі ўзнікла ўяўленне аб культ. прагрэсе чалавецтва і яго паступальным руху да нейкай ідэальнай мэты. Гэтай ідэяй была прасякнута іудзейска-хрысціянская канцэпцыя гісторыі. У эпоху Адраджэння (14—16 ст.) еўрап. гуманісты зрабілі першую спробу ўсеагульнай перыядызацыі гісторыі. У 17 ст. канчаткова склалася класічная схема трохчасткавай еўрап. гісторыі: «Стараж. свет — Сярэднія вякі — Новы час», якая пазней у мадыфікаваным выглядзе пераўтворана ў «рабаўладанне—феадалізм—капіталізм» і была пашырана на гісторыю ўсяго чалавецтва. Паводле традыцыі, што склалася ў гіст. навуцы, развіццё нееўрап. свету таксама падзяляецца ў адпаведнасці з рамкамі еўрап. гісторыі. Разам з тым гісторыя нееўрап. свету не ўпісваецца нават у самую агульную трохчленную схему еўрап.гістарыяграфіі, паколькі дынаміка яго развіцця ў адрозненне ад лінейна-прагрэсіруючай еўрапейскай мела спіралепадобную цыклічнасць. У бел. гістарыяграфіі існуюць 2 асн. падыходы да П.г. нац. гісторыі: т.зв. дзяржаўніцкі і фармацыйны. Першы з іх аформіўся ў 1-й чвэрці 20 ст. ў працах В.Ю.Ластоўскага і У.М.Ігнатоўскага, якія, грунтуючыся на дзярж. прыналежнасці, вылучалі ў яе гісторыі полацкі, літоўска-бел. (ВКЛ), польскі (у складзе Рэчы Паспалітай), рас. і сав. перыяды. У 1940—80-я г. ў бел. гістарыяграфіі панавала фармацыйная канцэпцыя П.г. Зараз у даследаваннях многіх бел.гісторыкаў незалежна ад іх паліт. арыентацыі назіраецца прысутнасць дзяржаўніцкага прынцыпу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАГРА́ФІЯ ГІСТАРЫ́ЧНАЯ,
галіна ведаў, якая вывучае геаграфію гіст. мінулага асобных краін або тэрыторый. Мае непасрэдныя сувязі з гісторыяй, археалогіяй, тапанімікай, з’яўляецца навук. базай картаграфіі гістарычнай. У фізічнай геаграфіі вывучае прыродныя ўмовы, іх змены і ўплыў на гіст. працэс; у эканамічнай — асваенне чалавекам розных тэрыторый, станаўленне і развіццё гаспадаркі, гандлю, шляхоў зносін; у палітычнай — фарміраванне тэрыторыі дзяржаў, адм.-тэр. падзелу, месцазнаходжанне стараж. населеных пунктаў, месцы гіст. падзей, маршруты ваен. паходаў і інш.; у раздзеле насельніцтва — міграцыі, размяшчэнне народаў, колькасны і нац.склад.
Метад спалучэння геаграфіі з гісторыяй вядомы з далёкай старажытнасці (Герадот, Страбон, Пталамей), пазней — у араб. географаў і гісторыкаў, у стараж. летапісах і хроніках Усх. Еўропы. У Расіі геаграфія гістарычная звязана з імем В. М.Тацішчава. У 19 — пач. 20 ст. ў гэтай галіне працавалі М.П.Барсаў, Я.Я.Замыслоўскі, М.К.Любаўскі (для гісторыі Беларусі) і інш. Пра бел. землі ў сярэдневякоўі пісалі С.Старавольскі і М.Цойлер, у эпоху асветніцтва — Т.Вага і А.Бюшынг. Спец. працы з сістэматызаваным падыходам да пытанняў геаграфіі гістарычнай ВКЛ і Рэчы Паспалітай стваралі ў 19 ст. М.Балінскі, Я.Тышкевіч, І.Лялевель, З.Глогер. Гэты перыяд завяршыў фундаментальны шматтомны «Геаграфічны слоўнік Каралеўства Польскага і іншых славянскіх краін» (1880—90). У СССРгал. кірункі паліт. геаграфіі распрацоўваў В.К.Яцунскі. Яго ідэі развівалі Л.Р.Бяскроўны, Л.А.Гольдэнберг, Ф.А.Шыбанаў, І.П.Шастольскі, В.С.Жэкулін. Асобныя моманты геаграфіі гістарычнай Беларусі раскрыты ў працах Я.Ф.Карскага, У.І.Пічэты, У.М.Ігнатоўскага і інш.Бел. вучоныя распрацоўваюць таксама пытанні этнічнай гісторыі насельніцтва Беларусі, гіст.-геагр. метады даследавання ў археалогіі і тапаніміцы (В.В.Сядоў, В.А.Жучкевіч). Курс геаграфіі гістарычнай выкладаюць на гіст. факультэтах ун-таў і пед. ін-таў; пры аддзеле спец.гіст. навук Ін-та гісторыі АН Беларусі ў 1992 створана група па геаграфіі гістарычнай і картаграфіі.
Літ.:
Яцунский В.К. Историческая география: История ее возникновения и развития в XIV—XVIII вв. М., 1955;
Жучкевич В.А. Дорога и водные пути Белоруссии: Ист.-геогр. очерки. Мн., 1977;
Ермаловіч М.І. Па слядах аднаго міфа. 2 выд.Мн., 1991;
Пилипенко М.Ф. Возникновение Белоруссии: Новая концепция. Мн., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХЕАЛО́ГІЯ ПО́МНІКАЎ АРХІТЭКТУ́РЫ,
галіна археалогіі, якая вызначае месцазнаходжанне рэшткаў загінулых або значна пераробленых помнікаў архітэктуры, вывучае іх, аднаўляе планы і, па магчымасці, рэканструюе фасады і асн. аб’ёмы помнікаў у цэлым.
Да 19 ст.манум. архітэктуру вывучалі гісторыкі архітэктуры і мастацтвазнаўцы, археал. даследаванні мелі дапаможны характар. У 1820—40-я г. ў Зах. Еўропе, у канцы 19 — пач. 20 ст. ў Расіі пачаліся навук. даследаванні арх. помнікаў. У 1930—40-я г. вылучылася ў асобную галіну археалогіі. У пасляваен. гады распрацавана методыка археал. вывучэння арх. аб’ектаў, праводзіцца сумеснае іх даследаванне аб’яднанымі экспедыцыямі археолагаў, архітэктараў-рэстаўратараў, гісторыкаў архітэктуры і мастацтвазнаўцаў.
На Беларусі першыя археал. даследаванні арх. помніка зроблены невяд. археолагам у 1790-я г. ў Полацку, у выніку якіх раскапаны падмуркі храматрыконха Бельчыцкага Барысаглебскага манастыра 12 ст. У 1-й пал. 19 ст. праводзілася візуальнае мастацтвазнаўчае і гіст. архіўнае вывучэнне помнікаў архітэктуры. Рус. і польск. даследчыкі абследавалі шмат помнікаў, зрабілі іх пач. абмеры, вывучалі буд. матэрыялы і сістэмы муровак, сабралі вял. факталагічны матэрыял па гісторыі бел. архітэктуры і спрабавалі яго крытычна асэнсаваць. Часам даследаванні спалучаліся з рамонтна-рэстаўрацыйнымі работамі. Археалогія помнікаў архітэктуры актывізавалася ў канцы 1920—1-й пал. 1930-х г. (працы І.Хозерава, М.Шчакаціхіна). На высокім навук. узроўні праведзены раскопкі полацкіх арх. помнікаў 12 ст., што дазволіла вылучыць іх у самастойную Полацкую школу дойлідства. У пасляваенны перыяд раскопкі М.Вароніна, М.Каргера, П.Рапапорта, В.Булкіна далі магчымасць па-новаму ўбачыць і растлумачыць складаныя працэсы станаўлення і развіцця архітэктуры зах. зямель Стараж. Русі. З канца 1960-х г. пачаліся раскопкі помнікаў 13—18 ст., вынікі іх надрукаваны ў працах М.Ткачова і М.Малеўскай. У апошні час шырока вывучаецца культавая і грамадзянская архітэктура эпохі Адраджэння і барока (раскопкі І.Чарняўскага, З.Пазняка, А.Кушнярэвіча і інш.).
Літ.:
Михайловский Е.В. Реставрация памятников архитектуры. М., 1971;
Раппопорт П.А. О методике археологических раскопок памятников древнерусского зодчества // Краткие сообщения Ин-та археологии АНСССР. М., 1973. Вып. 135;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСІ́ЙСКІ ДЗЯРЖА́ЎНЫ ГІСТАРЫ́ЧНЫ АРХІ́Ўу Санкт-Пецярбург у. Засн. ў 1925 як Ленінградскі цэнтр.гіст. архіў на базе ленінградскіх секцый Цэнтр. архіва РСФСР, створанага ў 1922 (секцыі як часткі Адзінага дзярж. архіўнага фонду ствараліся з 1918). У 1929 Маскоўскі і Ленінградскі цэнтр.гіст. архівы аб’яднаны ў Цэнтр.гіст. архіў. У 1934 на яго базе створаны 4 архівы: нар. гаспадаркі, унутр. палітыкі, культуры і побыту, з 1936 наз. цэнтральнымі. У 1941 на іх базе створаны Цэнтр.дзярж.гіст. архіў у Ленінградзе, з 1961 Цэнтр.дзярж.гіст. архіў СССР, з 1992 сучасная назва. 1367 фондаў, 6 571 911 адзінак захоўвання за 1703—1918 (асобныя дакументы з 1218 і да 1986). Захоўвае фонды вышэйшых і цэнтр. органаў дзярж. улады і кіравання Расіі з 19 ст. да 1917 (акрамя фондаў арміі, флоту і МЗС), грамадскіх арг-цый, устаноў і прыватных асоб дарэв. Расіі, у т. л.Дзярж. савета (1810—1917) і яго дэпартаментаў, Дзярж. думы (1905—17); Гал.к-та па сял. справе (1858—61), Кабінета Міністраў (1802—1906) і Савета Міністраў (1857—82, 1905—17), Кадыфікацыйнага аддзела Дзярж. савета, Аддзялення збору законаў Дзярж. канцылярыі і інш. Найбуйнейшымі з’яўляюцца комплекс фондаў з б. Архіва Урадавага Сената (1711—1917) і фонды Сінода (1721—1918); ёсць калекцыі рукапісных кніг 14 — пач. 20 ст., карт, буд. планаў і фотаздымкаў. Зберагае фонды Дзярж. кантролю, амаль усіх мін-ваў і гал. упраўленняў Рас. імперыі 19 — пач. 20 ст., падначаленых ім устаноў, у т. л.К-таЗах. губерняў 1831—48, пазаміністэрскіх і міжведамасных устаноў; дакументы прыватных акц. суполак, гандл.-прамысл. т-ваў і банкаў, чыг., параходных і страхавых кампаній, навук., культ.-асв. і маст. устаноў. Захоўвае асабістыя фонды значных дваранскіх родаў (Валконскіх, Вяземскіх, Далгарукіх, Дашкавых, Зубавых, Корфаў, Паніных, Талстых і інш.), дзярж. дзеячаў С.Ю.Вітэ, П.А.Сталыпіна і інш., гісторыкаў М.М.Карамзіна, М.П.Паўлава-Сільванскага, М.П.Пагодзіна і інш. Гісторыя правасл. і уніяцкай царквы на Беларусі адлюстравана ў фондах Сінода і Канцылярыі уніяцкіх мітрапалітаў Рэчы Паспалітай і Рас. імперыі, каталіцкай царквы — Бел.-Літ. духоўнай калегіі Сінода, канцылярыі Магілёўскага рымска-каталіцкага мітрапаліта. Развіццё бел. л-ры асвятляюць дакументы пра газ. «Мужыцкая праўда», «Наша доля», «Наша ніва», «Минский листок», «Северо-Западный край», час. «Гомон», выд-ва «Грамада», пра рэв. дзейнасць А.Гурыновіча і забарону цэнзурай выданняў твораў Ф.Багушэвіча, В.Дуніна-Марцінкевіча, А.Рыпінскага, Я Купалы; пра жыццё і дзейнасць Я.Карскага. Зберагаюцца дакументы пра ахову бел. помнікаў старажытнасці, апісанні бел. гарадоў і інш.
Літ.:
Архивы России: Москва и Санкт-Петербург. М., 1997. С. 152—157;
Дакументы па гісторыі Беларусі, якія зберагаюцца ў цэнтральных дзяржаўных архівах СССР. Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІДЭ́Я (ад грэч. idea паняцце, уяўленне),
філасофская катэгорыя, якая ў розных формах свядомасці набыла неадназначны змест; зыходнае паняцце, пакладзенае ў аснову тэорыі, гіпотэзы, светапогляду.
Раннеант. філасофія (Парменід, Анаксагор, Дэмакрыт, Платон) тлумачыла І. як першааснову быцця, яго вобразы (эйдас) і ўзоры. Пазней Арыстоцель разглядаў іх як фарматворныя сутнасці ў іерархіі быцця, на вяршыні якой — форма форм, або Бог. Ант. канцэпцыі І. ў іх хрысц. інтэрпрэтацыі далі пачатак сярэдневяковым і неасхаластычным плыням філасофіі — рэалізму (традыцыя платанізму) і наміналізму (традыцыя арыстоцелізму). У кантэксце пантэістычнага светапогляду эпохі Адраджэння І. — духоўны, або боскі сэнс прыроды, грамадскага быцця і космасу ў цэлым. Філасофія новага часу (2-я пал. 17—19 ст.) усебакова развіла 2 канцэпцыі — рацыяналістычную (Р.Дэкарт, Г.Лейбніц, І.Кант), паводле якой І. ёсць прыроджаныя або апрыёрныя формы пазнання, і эмпірычную (Ф.Бэкан, Т.Гобс, Дж.Лок, Дж.Берклі, Д.Юм, П.Лафарг, К.Маркс, Ф.Энгельс), паводле якой І. — толькі адноснае, няпоўнае адлюстраванне матэрыяльнага быцця. У ням. класічнай філасофіі паняцце І. наблізілася да гнасеалагічнага і сацыяльнага ідэалу (Кант., І.Фіхтэ, Ф.Шэлінг), набыло значэнне боскай субстанцыі быцця (абсалютная ідэя Г.Гегеля). Рус. філасофія ўсеадзінства (У.Салаўёў, М.Лоскі, М.Бярдзяеў) імкнулася пераадолець апазіцыі тыпу ідэальнае-матэрыяльнае, рэлігія — навука, разумела І. як сэнс быцця і шлях яго адухаўлення.
Філас., тэалагічная, грамадска-паліт. і эстэт. думка ў Беларусі адлюстроўвала асн. трактоўкі І., характэрныя для агульнаеўрап. філасофіі. Раннехрысц. (Кірыла Тураўскі, Клімент Смаляціч) і рэнесансавыя (Ф.Скарына, Сімяон Полацкі), правасл. і уніяцкія палемісты (Мялецій Сматрыцкі, Хрыстафор Філалет, І.Пацей, І.Руцкі), не аналізуючы паняцця І., падразумявалі пад ім боска-ідэальны пачатак быцця. Філосафы-неасхаластыкі (17—1-я пал. 18 ст.) прытрымліваліся тамізму (арыстоцелізм у інтэрпрэтацыі Фамы Аквінскага) або неаплатанісцкай традыцыі айцоў царквы (А.Бандзевіч, А.Белабоцкі, Ф.Богуш, Б.Дабшэвіч і інш.). У эпоху Асветніцтва (канец 18—1-я чвэрць 19 ст.) І. разглядалася ў традыцыі Гобса і Лока як адлюстраванне рэчаў і падзей у працэсе пазнання (матэрыялістычная і натурфілас. плыні, М.Пачобут-Адляніцкі, Я.Снядэцкі) або як спалучэнне эмпірычнага адлюстраваная і здольнасці нематэрыяльнай субстанцыі — душы (А.Доўгірд). У кантэксце бел. л-ры і грамадскай думкі эпохі нацыянальнага адраджэння (пачынальнікі новай бел. л-ры В.Дунін-Марцінкевіч, К.Каліноўскі, Ф.Багушэвіч, Я.Купала, Я.Колас, М.Багдановіч), творчасці філосафаў і публіцыстаў (А.Луцкевіч, І.Канчэўскі, У.Самойла), гісторыкаў і тэолагаў (А.Станкевіч) паняцце І. набыло значэнне нацыянальнай ідэі. У рамках асветніцкіх традыцый і ўдасканалення грамадскіх адносін, духоўнай свабоды чалавека разглядаюцца тэарэт. аспекты І. у працах М.А.Алексютовіча, А.А.Біралы, К.П.Буслава, Э.К.Дарашэвіча, У.М.Конана, С.А.Падокшына і інш. З ідэалогіяй рэвалюцыйнага Дэмакратызму, нац. вызваленчага руху звязвалі ажыццяўленне І. даследчыкі І.М.Лушчыцкі, Н.М.Махнач, А.С.Майхровіч, В.І.Яфрэмава і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНГО́ЛА-ТАТА́РСКАЯ НЯВО́ЛЯ НА РУСІ́,
сістэма панавання манг.-тат. ханаў на землях паўн.-ўсх. і паўд.-зах. Русі ў 13—15 ст. Устаноўлена ў выніку заваявання гэтых зямель манг. ханам Батыем у 1237—40 (гл.Мангольскія заваяванні). Да пач. 1260-х г. Русь знаходзілася пад уладай вял.манг. ханаў, потым — ханаў Залатой Арды. Рус. княствы не ўваходзілі непасрэдна ў склад Мангольскай імперыі, захоўвалі мясц. княжацкую адміністрацыю, на тэр. княстваў не было пастаяннага манг. войска. У падпарадкаванні яны трымаліся пры дапамозе манг. пасланнікаў і рус. князёў, якія атрымлівалі ярлыкі на ўладанне (за выключэннем Кіева і некаторых інш. зямель паўд.-зах. Русі, дзе да сярэдзіны 14 ст. ўлада непасрэдна належала манг.баскакам і мясц. адміністрацыі). Баскакі і інш.спец. паслы з войскамі і вял. паўнамоцтвамі праводзілі збор даніны, у т. л. надзвычайныя зборы. Вядома 14 відаў ардынскіх павіннасцей, з якіх гал. былі «выхад», або «царская даніна» — падатак непасрэдна для манг. хана, гандл. зборы («мыт», «тамха»), фурманачныя павіннасці, утрыманне ханскіх паслоў, розныя «дары» хану, яго родзічам і г.д. Штогадовы «маскоўскі выхад» складаў 5—7 тыс.руб. серабром, «наўгародскі выхад» — 1,5 тыс. Перыядычна збіраліся вял. «запыты» на ваен. і інш. патрэбы. Для вызначэння колькасці плацельшчыкаў даніны ў 1245, 1257—59 і ў 1270-я г. мангола-татары праводзілі перапісы насельніцтва Русі. Ад даніны было вызвалена духавенства. Рус. князі абавязваліся паводле загаду хана пасылаць воінаў для ўдзелу ў ваен. паходах. Каб трымаць насельніцтва рус. зямель у пакорнасці, мангола-татары рабілі шматлікія карныя паходы, якія суправаджаліся масавымі забойствамі і забраннем тысяч людзей у няволю. У 1262 абавязак збору даніны даручаны самім мясц. князям, што паспрыяла ўмацаванню іх паліт. і ваен. ўлады. Маскоўскі кн.Іван I Данілавіч Каліта [1325—40] дамогся права збіраць «выхад» з усіх зямель паўн.-ўсх. Русі. Гасп. аднаўленне гэтых і інш. зямель Русі і заняпад Залатой Арды (з 2-й пал. 14 ст.) спрыялі актывізацыі барацьбы супраць манг.-тат. няволі. У паўд.-зах. частцы Русі з сярэдзіны 14 ст. паступова ўмацоўвалася ўлада ВКЛ. Бітва каля Сініх Вод 1362 стала гал. падзеяй у наступленні ВКЛ на землі, падпарадкаваныя мангола-татарам, і іх вызваленні ад ардынскага прыгнёту (пра адносіны паміж ВКЛ і мангола-татарамі гл. ў арт.Залатая Арда). Кулікоўская бітва 1380 значна аслабіла панаванне манг.-тат. ханаў у паўн.-ўсх. Русі, аднак у 1382 яно было адноўлена пасля спусташальнага паходу на Маскву хана Тахтамыша. Маскоўскі кн.Васіль I Дзмітрыевіч [1389—1425] упершыню атрымаў вял. княжанне без ханскага ярлыка як сваю «вотчыну». Пры ім манг.-тат. няволя мела фармальны характар: даніна выплачвалася нерэгулярна, рус. князі праводзілі ў значнай ступені самаст. палітыку. У 1476 вял. маскоўскі кн.Іван III Васілевіч [1462—1505] адмовіўся плаціць даніну, у 1480 спыніў на р. Угра карны паход на Маскву хана Ахмеда; у выніку рус. землі канчаткова вызваліліся ад манг.-тат. няволі.
Аб уплыве манг.-тат. панавання на гісторыю рус. і інш. народаў Усх. Еўропы існуюць розныя погляды. Адны гісторыкі адводзілі яму вырашальную ролю ва ўтварэнні Рус. цэнтралізаванай дзяржавы (М.М.Карамзін, М.І.Кастамараў), другія (С.М.Салаўёў, В.В.Ключэўскі) адстойвалі канцэпцыю ўзнікнення дзяржаўнасці на Русі ў выніку «ўнутранага развіцця» і адмаўлялі колькі-небудзь значны ўплыў мангола-татар на рас. дзяржаўнасць. Асаблівасці манг.-тат. няволі на землях паўд.-зах. Русі, а таксама ўзаемаадносіны ВКЛ і мангола-татар даследавалі ўкр. гісторыкі У.Б.Антановіч, А.С. і М.С. Грушэўскія і інш. Сістэма манг.-тат. панавання на Русі вывучалася ў сав. гістарыяграфіі. М.М.Ціхаміраў раскрыў ролю Масквы ў аб’яднанні рус. народа і барацьбе з мангола-татарамі. Л.У.Чарапнін паказаў, што Рус. цэнтралізаваная дзяржава ўтварылася ў працэсе барацьбы з манг.-тат. заваёўнікамі. Л.М.Гумілёў і М.Ф.Фларынскі даказвалі прагрэс. значэнне манг.-тат. панавання на Русі. А.М.Насонаў даследаваў гісторыю Тураўскай і Берасцейскай зямель у час ардынскага прыгнёту. Значная ўвага пытанню аб узаемаадносінах ВКЛ з мангола-татарамі аддадзена ў працах бел.гісторыкаў М.В.Доўнара-Запольскага, В.Л.Насевіча і інш.
Літ.:
Алексеев Ю.Г. Освобождение Руси от ордынского ига. Л., 1989;
Егоров В.Л. Золотая Орда: мифы и реальность. М., 1990;
Грушевський М.С. Нарис історії Київської землі від смерті Ярослава до кінця XIV сторіччя. Київ, 1991;
Карамзин Н.М. История государства Российского. Т. 5—6. М., 1993;
Насевіч В.Л. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: Падзеі і асобы. Мн., 1993;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІСТАРЫЯГРА́ФІЯ (ад гісторыя + ...графія),
1) у шырокім сэнсе — гістарычная навука, гісторыя (такое азначэнне сёння ўжываецца рэдка).
2) Гісторыя гіст. навукі — яе паходжанне і развіццё, барацьба розных школ і кірункаў.
3) Сукупнасць гіст. даследаванняў, аб’яднаных агульнымі рысамі: нацыянальнымі, тэарэтычнымі, тэматычнымі, храналагічнымі (гістарыяграфія ВКЛ, канфесіянальных дачыненняў, запрыгоньвання сялянства і інш.). Гістарыяграфія як навук. дысцыпліна вывучае заканамернасці працэсу назапашвання гіст. ведаў, навук. даследавання жыцця грамадства. Яе асн. аспекты: вывучэнне арганізацыі гіст. навукі (даследуе пытанні падрыхтоўкі кадраў, сістэмы навук. устаноў, функцыянавання архіваў, выдавецкай дзейнасці і інш.); даследчыцкая праблематыка (паказвае развіццё навук. пазнання гіст. мінулага); тэарэт. база даследаванняў; выяўленне ўплыву паліт. сітуацыі на канцэптуальную пазіцыю навукоўца. Вывучэнне гісторыі гіст. навукі адлюстроўвае аб’ектыўныя патрэбы навукі ў пазнанні самой сябе. Такое вывучэнне дае інфармацыю пра шлях, які прайшла гіст. навука, дазваляе ўдакладніць кірункі яе далейшага развіцця.
Першыя звесткі пра падзеі на тэр. Беларусі ў 9—12 ст. змешчаны ў летапісным зводзе «Аповесць мінулых гадоў» (складзены ў пач. 12 ст.) і інш.усх.-слав. летапісах. У 15—17 ст. склалася бел. летапісанне (гл.Летапісы беларуска-літоўскія). Першым гісторыкам ВКЛ лічыцца польскі храніст 16 ст. М.Стрыйкоўскі, які ў сваёй «Хроніцы польскай, літоўскай, жамойцкай і ўсяе Русі» (апубл. ў 1582) выкарыстаў разнастайныя дакумент. крыніцы. Першая спроба пабудовы сістэматызаванага курса па гісторыі ВКЛ — «Гісторыя Літвы» (1650—69) А.Віюк-Каяловіча. У 17—18 ст. пытанні гісторыі ВКЛ узнімалі ў сваіх працах Я.Пашкоўскі, С.Растоўскі, Ф.Папроцкі, С.І.Богуш-Сестранцэвіч і інш. Пачынальнік бел. археаграфіі І.І.Грыгаровіч выдаў «Беларускі архіў старажытных грамат» (ч. 1, 1824).
У 19 — пач. 20 ст.дзярж.-прававыя, паліт., эканам., сац. і інш. пытанні гісторыі ВКЛ даследавалі рас., польскія і ўкр. гісторыкі. Рас.афіц. навука (М.Г.Устралаў, І.Дз.Бяляеў, П.Дз.Бранцаў і інш.) зыходзіла з вялікадзярж. поглядаў на Беларусь як на спадчыннае ўладанне рас. манархаў, а на беларусаў — як на частку велікарус. народа. Польскія вучоныя (Т.Чацкі, С.Ліндэ, Л.Галамбёўскі, А.Дамброўскі, А.Нарушэвіч і інш.) абгрунтоўвалі погляды польскай і паланізаванай бел. шляхты на Беларусь як на частку Польшчы, а беларусаў разглядалі як этнагр. групу польск. народа. Супраць такіх поглядаў у 1810—20-я г. выступала група прафесараў Віленскага ун-та (М.К.Баброўскі, І.М.Даніловіч, Т.Нарбут, І.Б.Ярашэвіч), якія асвятлялі гісторыю ВКЛ з патрыятычных, літ.-бел. пазіцый, выказваліся за аднаўленне самастойнасці ВКЛ і вяртанне дзярж. статуса старабел. пісьмовай мове. Станаўленне нац. гістарыяграфічнай канцэпцыі звязана з развіццём навук. ведаў пра Беларусь і бел. народ — беларусазнаўствам. Да высноў пра самастойнасць бел. этнасу наблізіўся М.В.Без-Карніловіч. У канцы 1870 — 1-й пал. 1880-х г. істотную ролю ў распрацоўцы нац. канцэпцыі айч. гісторыі адыгралі народнікі (час. «Гомон» і інш.). Завяршальны этап барацьбы за грамадскае прызнанне бел. нацыі і яе права на самавызначэнне звязаны з утварэннем і дзейнасцю ў пач. 20 ст.Беларускай сацыялістычнай грамады, газ.«Наша ніва». Важнай вяхой у станаўленні нац.гіст. навукі стала «Кароткая гісторыя Беларусі» (1910) В.Ю.Ластоўскага. У сувязі з абвяшчэннем Беларускай Народнай Рэспублікі (25.3.1918) былі выдадзены першыя спец. працы па гісторыі бел. дзяржаўнасці М.В.Доўнар-Запольскага і А.І.Цвікевіча.
Пасля ўтварэння Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (БССР, 1.1.1919) у гістарыяграфіі сав. часу вылучаюцца 4 перыяды. 1919—20-я г. былі пераходнымі ад абмежаванага канцэптуальнага плюралізму да ўсталявання парт.-бальшавіцкіх ацэнак. На першы план выйшла гіст.-рэв. тэматыка, барацьба за ўстанаўленне сав. улады (Д.М.Васілеўскі, І.А.Віткоўскі, З.Х.Жылуновіч, М.І.Каспяровіч, І.Ф.Лочмель, М.В.Мялешка, А.А.Шлюбскі). Значным укладам у развіццё нац. канцэпцыі гістарыяграфіі Беларусі сталі працы У.М.Ігнатоўскага, У.І.Пічэты, Доўнар-Запольскага («Гісторыя Беларусі» апошняга была забаронена да друку і выдадзена толькі ў 1994). У 1930-я — сярэдзіне 1950-х г. у сав. гістарыяграфіі ўстаноўлена поўная манаполія марксісцка-ленінска-сталінскай метадалогіі, спалучанай з мадэрнізаванымі пастулатамі рас.гісторыкаў вялікадзяржаўнікаў 19 — пач. 20 ст. Прыкметным дасягненнем гэтага перыяду былі працы па пытаннях сац.-эканам. развіцця Беларусі, гісторыі рэв. руху (С.Х.Агурскі, А.В.Бурдзейка, Дз.І.Даўгяла, Дз.А.Дудкоў, Т.І.Забела, К.І.Кернажыцкі, М.Майзель, М.А.Поташ) і інш. У 1930—50-я г. ў сістэме сярэдняй адукацыі БССР гісторыя Беларусі як асобны прадмет не вывучалася. У аснову выдадзенай у 1955—58 калектывам аўтараў пад кантролем ЦККПБ 2-томнай «Гісторыі Беларускай ССР» былі пакладзены ацэнкі «Гісторыі ВКП(б). Кароткі курс». У 2-й пал. 1950-х — 80-я г. ва ўмовах адноснай паліт. «адлігі» ў метадалогіі гіст. навукі адбыліся, па сутнасці, толькі касметычныя змены: выкінуты цытаты са сталінскіх прац і яго імя, але захаваны ранейшыя падыходы і ацэнкі, асабліва ў асвятленні гісторыі паліт. барацьбы ў 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. і гісторыі сав. перыяду; павялічылася выкарыстанне прац К.Маркса і У.І.Леніна, аднак замоўчваліся многія іх прынцыповыя палажэнні і высновы, якія не ўкладваліся ў афіц. канцэпцыю гістарыяграфіі. Істотна пашыралася крыніцазнаўчая і дакумент. асновы гіст. навукі, што дазволіла падрыхтаваць і выдаць значныя працы «Гісторыя Беларускай ССР» (т. 1—5, 1972—75), «Усенародная барацьба ў Беларусі супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў у гады Вялікай Айчыннай вайны» (т. 1—3, 1983—85), «Гісторыя рабочага класа Беларускай ССР» (т. 1—4, 1984—87) і інш. З’явіліся грунтоўныя даследаванні па гісторыі сельскай гаспадаркі і сялянства (Х.Ю.Бейлькін, П.Р.Казлоўскі, Л.П.Ліпінскі, В.І.Мялешка, В.П.Панюціч, Дз.Л.Пахілевіч, М.М.Улашчык, М.Б.Фрыдман, В.У.Чапко), прамысловасці, гарадоў і рабочага класа (З.Е.Абезгаўз, М.Ф.Болбас, М.Р.Матусевіч, А.М.Люты), грамадскай думкі і нац. культуры (С.Х.Александровіч, Я.І.Карнейчык, Г.В.Кісялёў, У.М.Конан, А.С.Майхровіч, А.В.Мальдзіс), рэв. руху (М.В.Біч, Я.І.Бугаёў, А.І.Воранава, Е.П.Лук’янаў, Э.М.Савіцкі, Ц.Е.Саладкоў, К.І.Шабуня), Зах. Беларусі (М.С.Арэхва, П.І.Зялінскі, У.Ф.Ладысеў, А.Л.Мацко, І.В.Палуян, У.А.Палуян) і інш. Шмат увагі аддавалася вывучэнню сав. перыяду: Кастр. рэвалюцыі (У.Р.Івашын, І.М.Ігнаценка, С.З.Пачанін, П.Ц.Петрыкаў, П.А.Селіванаў, М.М.Смалянінаў, М.С.Сташкевіч), індустрыялізацыі і калектывізацыі (К.К.Герман, М.Я.Завалееў, М.І.Злотнік, І.Я.Марчанка, А.М.Сарокін, А.А.Філімонаў), Вял.Айч. вайны на Беларусі (Р.Р.Кручок, А.М.Літвін, Я.С.Паўлаў, А.Ф.Хацкевіч), пасляваен. развіцця эканомікі і культуры (А.П.Белязо, М.П.Касцюк, Л.М.Лыч, У.І.Навіцкі).
Якасна новы перыяд у развіцці бел. гістарыяграфіі пачаўся на пераломе 1980—90-х г. у сувязі са станаўленнем суверэннай і незалежнай Рэспублікі Беларусь. Ліквідаваны дыктат у гіст. навуцы ідэалаг. структур Кампартыі і марксісцка-ленінскай метадалогіі. У айч. гістарыяграфіі вярталіся забароненыя раней імёны, распрацоўваліся раней закрытыя тэмы, звязаныя са станаўленнем і развіццём бел.нац. руху, абвяшчэннем БНР, паліт. рэпрэсіямі, гісторыяй бел. эміграцыі, занядбаныя раней праблемы дзярж.-паліт. гісторыі бел. народа. Пачата выданне 6-томнай «Энцыклапедыі гісторыі Беларусі» (т. 1—4, 1993—97), выдадзены «Нарысы гісторыі Беларусі» (ч. 1—2, 1994—95). Адраджаецца нац. змест гіст. адукацыі, распрацавана яе канцэпцыя ў сярэдняй школе, выдадзены базавыя праграмы і вучэбныя дапаможнікі па айч. гісторыі, уведзена новая перыядызацыя, узгодненая з перыядызацыяй усеаг. гісторыі, перабудоўваецца навучанне на гіст. ф-тах ВНУ і інш. Пэўны ўклад у гіст. навуку зрабілі бел. даследчыкі ў эміграцыі, якія вывучалі вытокі дзяржаўнасці бел. народа, нац. характар ВКЛ, развіццё нац. руху і нац.-дзярж. адраджэння ў 20 ст. (БНР, БССР), рэпрэсіі ў 1930-я г. і іх вынікі, этнічныя працэсы пасля 2-й сусв. вайны А.Адамовіч, Я.Варонка, В.Жук-Грышкевіч, Я.Запруднік, А.Калубовіч, І.Касяк, В.Кіпель, М.Лапіцкі, І.Любачка, Я.Найдзюк, В.Пануцэвіч, Я.Садоўскі, Ч.Сіповіч, Я.Станкевіч, В.Тумаш) і інш. Абвяшчэнне незалежнасці Рэспублікі Беларусь (27.7.1990) дало пачатак творчым кантактам гісторыкаў, якія працуюць у Беларусі, з гісторыкамі і інш. вучонымі ў эміграцыі, асэнсаванню і выкарыстанню іх спадчыны.
У дасав. перыяд зборам і публікацыяй гіст. крыніц і краязнаўчай працай займаліся Віленская археаграфічная камісія (1864—1915), губ. вучоныя архіўныя камісіі, царк. гісторыка-археал. к-ты, музеі. У 1920—80-я г. даследаванні па айч. гісторыі разгарнуліся ў БДУ, Інбелкульце, Ін-це гісторыі АНБССР (з 1929), Ін-це гісторыі партыі пры ЦККПБ. У наш час праблемы гісторыі Беларусі распрацоўваюць у Ін-це гісторыі, Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору, Ін-це філасофіі і права, Ін-це л-ры (усе ў Нац.АН Беларусі), Нац. навукова-асв. цэнтры імя Ф.Скарыны, на гіст. кафедрах ВНУ, у буйных архівах і музеях Беларусі. Заахвочванню даследаванняў па бел. гістарыяграфіі і публікацыі іх вынікаў садзейнічаюць нац.культ.-навук. цэнтры — Бел.Ін-т Навукі і Мастацтва ў Нью-Йорку (ЗША) і яго філіял у Таронта (Канада), Бел.б-ка і музей імя Ф.Скарыны ў Лондане (Вялікабрытанія) і інш.Гл. таксама Антычнасць, Арабістыка, Асірыялогія, Візанціназнаўства, Гебраістыка, Германістыка, Егіпталогія, Індалогія, Медыявістыка, Новая гісторыя і навейшая гісторыя, Семіталогія, Славяназнаўства, Усходазнаўства і інш.
Літ.:
Очерки истории исторической науки в СССР. Т. 1—4. М., 1955—66;
Вайнштейн О.Л. Историография средних веков... М.; Л., 1940;
Яго ж. История советской медиевистики, 1917—1966. Л., 1968;
Историография новой и новейшей истории стран Европы и Америки. М., 1968;
Кузнецова Н.А., Кулагина Л.М. Из истории советского востоковедения 1917—1967. М., 1970;
Достижения исторической науки в БССР за 60 лет. Мн., 1979;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРА́БСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
сярэдневяковая культура, якая склалася ў Арабскім халіфаце ў 7—10 ст. у працэсе культ. ўзаемадзеяння арабаў і заваяваных імі народаў. У навук. л-ры гэты тэрмін ужываецца і для абазначэння культуры ўласна араб. народаў і ў дачыненні да сярэдневяковай арабамоўнай культуры іншых народаў, што ўваходзілі ў Халіфат.
Фарміраванне ўласна арабскай культуры адносіцца да перыяду ўзнікнення ісламу (7 ст.) і стварэння Халіфата, які ў выніку арабскіх заваяванняў ператварыўся ў велізарную дзяржаву. Заснаваная арабамі дзярж.-паліт. супольнасць, дапоўненая рэліг., а ў большасці раёнаў і моўнай супольнасцю, стварыла ўмовы для ўзнікнення агульных формаў культ. жыцця. У 8—9 ст. на араб. мову перакладзена шмат навук. і літ. помнікаў старажытнасці (сірыйскіх, сярэднеперс., індыйскіх), якія ў перакладах і апрацоўках увайшлі ў араб. пісьменства і спрыялі пераймальнай сувязі з культурай эліністычнага свету, а праз яе — з ант. і стараж.-ўсх. цывілізацыямі. Гал. цэнтрамі фарміравання арабскай культуры ў канцы 7 — сярэдзіне 8 ст. адначасова з Дамаскам, сталіцай Амеядаў, былі Мекка і Медына ў Аравіі, Куфа і Басра ў Іраку. Адсюль арабская культура распаўсюдзілася і далей развіта ў правінцыях Амеядскага халіфата, на велізарнай тэр. ад Пірэнеяў да р.Інд. З утварэннем Абасідаў халіфата (750) цэнтр арабскай культуры з Сірыі перамясціўся ў Ірак, у заснаваны ў 762 г. Багдад. У 9—10 ст. арабская культура дасягнула найвышэйшага росквіту. Яе здабыткі ўзбагацілі сусв. культуру; найб. значнымі яны былі ў філасофіі, медыцыне, матэматыцы, астраноміі, геаграфіі, філалогіі, гісторыі, хіміі, мінералогіі, у сферы матэрыяльнай культуры і мастацтва (архітэктура, маст. рамёствы). Распад халіфата Абасідаў і ўтварэнне на яго тэр.самаст. дзяржаў прывялі да змяншэння ролі арабскай культуры ў свеце. Але ў мусульм. Іспаніі, якая аддзялілася ад Халіфата яшчэ ў 8 ст., пачала развівацца самастойная, т.зв. араба-ісп. культура. Ва ўсх. правінцыях Халіфата з канца 9 ст. фарміруецца асяроддзе іранскага культ. і нац., адраджэння. Перс. мова выцясняе арабскую, якая застаецца ў асн. мовай Карана, тэалогіі, філасофіі, некаторых прыродазнаўчых навук. Цэнтры арабскай культуры перамясціліся ў Егіпет, Іспанію. Да канца 10 ст. Багдад саступіў першынство Каіру. У Паўн. Афрыцы пры Фатымідах (10—2 ст.) і Айюбідах (12—13 ст.) працягвалася развіццё лепшых традыцый арабскай культуры. Значэнне арабскай культуры 8—10 ст. у гісторыі сусв. культуры абумоўлена адкрыццём яе стваральнікамі новых сродкаў навук., рэліг.-філас. і маст. пазнання свету і чалавека. Хоць навук. і эстэт. традыцыі арабскай культуры не перарываліся, у творчасці яе дзеячаў з 2-й пал. 13 ст. запанаваў эпігонскі кірунак, назіраецца яе адставанне ад тэмпаў культ. прагрэсу ў інш. краінах мусульм. Усходу і Еўропы. Бліскучы росквіт перажыла араба-ісп. цывілізацыя ў 10—15 ст. У яе цэнтрах (Кордава, Андалусія, Севілья, Малага, Гранада) найб. поспехі дасягнуты ў астраноміі, матэматыцы, хіміі, медыцыне, філасофіі. Літ. творы гэтага перыяду — лепшыя помнікі арабскай культуры. Сусв. вядомасць набылі ісп.-маўрытанскае дойлідства і прыкладное мастацтва (гл.Маўрытанскі стыль). У 16 ст., калі араб. краіны ператварыліся ў правінцыі Асманскай імперыі, арабская культура прыйшлі ў заняпад.
Дакладныя і прыродазнаўчыя навукі. Матэматычныя і астр. веды арабаў фарміраваліся пад уплывам стараж.-грэч. навукі і ў сувязі з развіццём яе ў народаў Сярэдняй Азіі, Закаўказзя, Індыі, Персіі і Егіпта. Навук. працы Эўкліда, Архімеда, Пталамея сталі вядомыя ў Зах. Еўропе дзякуючы арабскім перакладам. Уяўленне аб шарападобнасці Зямлі дало магчымасць арабскім вучоным правесці вымярэнні дугі зямнога мерыдыяна (827). Яны ўнеслі папраўкі і дапаўненні ў астр. табліцы, далі назвы многім зоркам (напр., Альдэбаран, Міцар, Працыён і інш.). Выкарыстоўваючы індыйскія лічбы (дзесяць матэм. знакаў), арабскія вучоныя пачалі праводзіць вылічэнні з вял. лікамі. У 10 ст. гэтыя лічбы сталі вядомыя ў Еўропе і атрымалі назву арабскіх. Арабскія матэматыкі ўвялі паняцце «алгебра» (М.Харэзмі), трыганаметрычныя функцыі, устанавілі залежнасці паміж імі, зрабілі шэраг адкрыццяў у геаметрыі і астраноміі. У Багдадзе, Самаркандзе і Дамаску існавалі астр. абсерваторыі. Значны ўклад арабаў і ў развіццё медыцыны. Ібн аль-Байтар апісаў больш за 2600 лекавых прэпаратаў, лекавых і інш. раслін. «Канон медыцыны» Ібн Сіны (Авіцэна) стаў настольнай кнігай зах.-еўрапейскіх медыкаў. Шэраг адкрыццяў у фармакалагічнай хіміі зрабіў алхімік Джабір Ібн Хайян (8 ст.).
Геаграфія. Араб.геагр.л-ра не мела сабе роўных па змястоўнасці і разнастайнасці жанраў. У ёй захавалася апісанне ўсяго мусульм. Усходу, краін Еўропы, Паўн. і Цэнтр. Афрыкі, узбярэжжа Усх. Афрыкі і Азіі (да Карэйскага п-ва), Малайскага архіпелага. Працы араб. географаў і падарожнікаў — найважнейшыя, часам унікальныя сведчанні аб народах сярэдніх вякоў. Геаграфічны светапогляд даісламскіх арабаў адлюстраваны ў стараж. паэзіі і Каране. Арабская навук. геаграфія ўзнікла на мяжы 8—9 ст., калі з’явіліся пераклады і апрацоўкі астранома-геагр. прац ант. аўтараў, асабліва Пталамея. Вучоныя (Батані, Харэзмі і асабліва Біруні) выкарыстоўвалі разліковыя правілы і табліцы сферычнай астраноміі. Іх карты паўтаралі карты Пталамея або нагадвалі стараж.-іранскія. У 9 ст. імі створана апісальная геаграфія (Ібн Хардадбех, Кудама ібн Джафара, аль-Якубі), якая развівалася і ў 10—14 ст. (запіскі Ібн Фадлана і Абу Дулафа, дыярыушы Абу Хаміда аль-Гарнаці, Ібн Джубайра і Ібн Батуты, апісанні падарожжа ў Расію Макарыя Антыяхійскага і інш.). Росквіт араб.геагр. л-ры прыпадае на 10 ст., калі ў працах вучоных класічнай школы (аль-Істахры, Ібн Хаукаля, аль-Мукадасі), прысвечаных апісанню гандл. шляхоў і мусульм. свету, змяшчаўся багаты геагр. і гіст.-культ. матэрыял. У 11—14 ст. узніклі жанры геагр. слоўнікаў (аль-Казвіні, Якута, аль-Бакры) і касмаграфіі (працы аль-Казвіні, аль-Дзімашкі, Абу-ль-Фіды). У Еўропе найб. вядомыя былі працы аль-Ідрысы (1100—65 ці 61), творы якога з 70 картамі (пазначана і р. Прыпяць) — лепшы геагр. трактат сярэднявечча. У далейшым развіццё геаграфіі ішло па шляху стварэння шматлікіх кампіляцый (творы аль-Макрызі). Геаграфічныя раздзелы ў творах ан-Нувайры, аль-Умары, аль-Калькашандзі, Ібн Маджыда (лоцман Васка-да-Гамы, 15 ст.) і аль-Мехры (16 ст.) абагульнілі тэорыю і практыку мараплавання.
Філасофія. Працяглы час араб. філасофія была звязана з тлумачэннем ісламу. На рубяжы 7—8 ст. у яе асяроддзі вяліся дыскусіі пра сутнасць і атрыбуты Бога, абсалютную прадвызначанасць свету, свабоду чалавека ў ім, паходжанне Карана і інш., што прывяло да ўзнікнення мусульм. рацыяналіст. тэалогіі — калама. У яе межах вылучылася школа мутазілітаў (засн. Васіль Ібн Ата, тэарэтыкі аль-Алаф, ан-Назан, аль-Джахіз), прадстаўнікі якой арыентаваліся на традыцыі Арыстоцеля і неаплатонікаў, сцвярджалі прыярытэт веры над розумам, спрадвечнасць Карана, праводзілі ідэі монатэізму. Рэакцыяй на мутазілізм стала ханбаліцкая школа (засн. Ахмад Ібн Ханбала) прыхільнікаў суніцкага традыцыяналізму, якія заклікалі арыентавацца на лад жыцця прарока Мухамеда і яго «праведных продкаў», выступалі супраць новаўвядзенняў у веравучэнні і праве. На пач. 10 ст. прадстаўнікі новага кірунку каламу — ашарызму (засн. Абу-Хасан, аль-Ашары) зрабілі спробу кампрамісу з вучэннем традыцыяналістаў-дагматыкаў. Жаданне навукова абгрунтаваць ісламскую тэалогію абумовіла зацікаўленасць да ант.філас. спадчыны. Асновай араб. філасофіі стаў «неаплатанізаваны» арыстоцелізм — усх. перыпатэтызм (гл.Перыпатэтычная школа). Ідэі ўсх. перыпатэтызму развіты ў творах Фарабі і Ібн Сіны. Тайнае рэліг.-філас.т-ва «Братоў чысціні і шчырасці» (2-я пал. 10 ст.) імкнулася спалучыць іслам з эліністычнай філасофіяй. Другой формай апазіцыі артадоксам і прыхільнікам рацыяналізму стаў містыка-аскетычны кірунак у ісламе — суфізм. Злучыць ісламскі традыцыяналізм з суфійскімі ідэаламі імкнуліся абу-Хамід аль-Газалі (1058—1111) і Ібн аль-Арабі (1163—1240). У гэты ж перыяд распрацоўвалася і рэліг.-філас. сістэма шыізму. У 12 ст. цэнтр араб. філасофіі перамясціўся ў мусульм. Іспанію і Паўн. Афрыку. Заснавальнік зах.-араб. філасофіі — сарагоскі філосаф Ібн Бадж (каля 1070—1138). Яго рацыяналістычную лінію прадаўжаў Ібн Туфайль (1110—85). Вяршыні зах.-араб. філасофія дасягнула ў вучэнні Ібн Рушда, які лічыў, што бессмяротны толькі агульны чалавечы розум у яго гіст. развіцці. Заснавальнікам філасофіі гісторыі і арыгінальнай сацыялагічнай тэорыі быў Ібн Хальдун. Араб. філасофія паўплывала на еўрап. філасофію і сусв. духоўную культуру.
Гістарычная навука. Арабская гістарыяграфія як самаст. дысцыпліна вылучылася на мяжы 8—9 ст. Першыя запісы гіст. зместу адносяцца да канца 7 ст. Матэрыялам для ранніх помнікаў гіст. л-ры на араб. мове служылі гіст.-генеалагічныя паданні араб. плямёнаў, напаўлегендарныя паведамленні пра даісламскія дзяржавы ў Паўд. Аравіі і пра арабскія княствы ў Сірыі і Іраку, а таксама рэліг.-гіст. паданні пра ўзнікненне і пашырэнне ісламу. Значную ролю адыгралі астр. веды (устанаўленне храналогіі сусв. гісторыі), іранскія гіст.-эпічныя і іудзейска-хрысц. паданні. Ідэю дыдактычнай каштоўнасці гісторыі, прынятую большасцю мусульм.гісторыкаў, найб. дакладна сфармуляваў Ібн Міскавайх. Спробу выкладаць гіст. падзеі ў іх прычыннай сувязі зрабіў Ібн Хальдун, распрацаваўшы арыгінальнае вучэнне пра агульныя законы развіцця грамадства. Найбуйнейшы прадстаўнік ранняга перыяду араб. гістарыяграфіі — Мухамед-аз-Зухры (п. у 741 ці 742). Першы вялікі гіст. твор на араб. мове (гісторыя стараж. прарокаў і жыццяпіс Мухамеда) стварыў Ібн Ісхак (каля 704—768 ці 767). Значныя працы пакінулі аль-Вакідзі (747—823), Ібн Сад (п. 845) і інш. Гісторыкі 8—9 ст. прысвячалі свае творы араб. заваёвам, грамадз. войнам у Халіфаце 7 — пач. 8 ст. Цэнтрам араб. гістарыяграфіі доўгі час быў Ірак. Найб. значныя працы па ўсеагульнай гісторыі пакінулі аль-Белазуры (каля 820 — каля 892), Абу Ханіфы ад-Дынаверы (п. каля 895), аль-Якубі ат-Табары (832 ці 839—923, аўтар шматтомнай «Гісторыі прарокаў і цароў»), аль-Масудзі (п. у 956 ці 957), Хамзы аль-Ісфахані (п. у 2-й пал. 10 ст.) і інш. Гісторыкі 9—10 ст. вылучаліся энцыклапедычнасцю ведаў (Якубі і Масудзі). З 2-й пал. 10 ст. ў гістарыяграфіі пераважалі дынастыйныя і мясц. хронікі. У гіст. энцыклапедыі йеменскага гісторыка аль-Хамдані (п. у 2-й пал. 10 ст.) сабраны звесткі па генеалогіі, гісторыі, археалогіі, геаграфіі і л-ры Паўд. Аравіі. У 12—13 ст. дынастыйная гісторыя найб. развіта ў Сірыі, дзе створана ўсеаг. гісторыя Абу-ль-Фіда (1273—1331). У 15—16 ст. вядучае месца занялі егіп. гісторыкі (працы па гісторыі мамлюкаў, гіст. энцыклапедыі і ўсеагульныя хронікі), асабліва плеяда гісторыкаў-палігістараў (аль-Макрыдзі, 1364—1442), якія пакінулі шматтомныя працы па паліт.сац.-эканам. і культ. гісторыі Егіпта. Значнае месца займала біягр.л-ра: біягр. слоўнікі Якута, Ібн Халікана, зборы біяграфій дзеячаў навукі і інш.Гіст. творы на араб. мове напісаны і ў інш. краінах мусульм. Усходу.
Літаратура. Вытокі араб. л-ры ў вуснай нар. паэзіі вандроўных араб. плямёнаў. У дакласавым грамадстве склаліся паэтычныя жанры: ганьбаванне ворага (хіджа), пахвальба (фахр), песня помсты (сар), жалобнае галашэнне ці элегія (рыса), элементы любоўнай і апісальнай лірыкі (насіб і васф). Росквіт даісламскай (бедуінскай) паэзіі — 5—7 ст. У запісах 8—10 ст. (анталогія «Кніга песень» Абу-ль-Фараджа аль-Ісфахані і інш.) дайшлі вершы каля 125 паэтаў, сярод якіх абаронцы інтарэсаў сваіх плямёнаў (Амр ібн Кульсум, аль-Харыс ібн Хіліза), выразнікі ідэалаў патрыярхальнай даўніны (Тарафа, Лабід ібн Рабія), песняры воінскай доблесці (Антара ібн Шадад) або ўцех (Імру-уль-Кайс — стваральнік класічнай касыды), богашукальнікі (Умейя ібн Абі-с-Сальт), прыдворныя панегірысты (Набіга, Зухайр, Аша). Першы помнік араб. пісьменства і прозы — Каран. Увядзенне ісламу прыпыніла развіццё паэзіі, але з канца 7 ст. яна адраджаецца ў Сірыі і Іраку. У арыстакратычным асяроддзі вял. гарадоў Халіфата ўзнікла любоўная лірыка (Амар ібн Абі Рабія). Сярод бедуінаў Аравіі вылучаліся песняры ідэальнай любові. Пазней складаюцца рамант. аповесці пра пары закаханых (Джаміл і Бусайна, Меджнун і Лейла і інш.). Пры Абасідах араб.л-ра зазнала моцны ўплыў культуры народаў Пярэдняй Азіі, асабліва персаў. Пачынальнік «новага стылю» — паэт Башар ібн Бурд, тэарэтык — Ібн аль-Мутаз. Вылучаюцца геданістычная і вальнадумная лірыка Абу Нуваса і аскетычныя вершы Абу-ль-Атахія. У 9 ст. ў творчасці іх пераемнікаў, багдадскіх паэтаў, на першы план выступіла паліт. сатыра; у 10 ст. — грамадз. і філас. лірыка панегірыста аль-Мутанабі і сірыйскага паэта аль-Маары. Касыдную традыцыю падтрымлівалі паэты 9 ст. Абу Тамам і аль-Бухтуры. У прозе 8—9 ст. вядучае месца займалі аль-Джахіз і Ібн Кутайба. Празаікі 10 ст. — ат-Таўхідзі і ат-Танухі, стваральнік жанру авантурнай навелы (макамы) — Бадзі аз-Заман аль-Хамадані. З 8 ст. развіваецца араб.л-ра Магрыба, якая дасягнула найвышэйшага росквіту ў 11—12 ст. у гарадах араба-мусульм. Іспаніі. У 11 ст. ў творчасці севільскіх паэтаў (Ібн Зайдун, аль-Мутамід ібн Абад, Ібн Хамдзіс і інш.) сцвердзіўся ідэал асвечанага рыцара; у андалузскай паэзіі пашырыліся новыя, страфічныя формы араб. верша — мувашах, заджал (Ібн Кузман). Пасля мангольскага нашэсця (13 ст.) цэнтр араб. л-ры перамяшчаецца ў Егіпет і Сірыю. У 13—15 ст. і пазней з’яўляюцца нар. творы ў жанры сіра — цыклы вусных апавяданняў на гераічныя і любоўныя тэмы, своеасаблівыя рыцарскія раманы. Кн. казак «Тысяча і адна ноч» канчаткова склалася ў Егіпце (14—15 ст.).
Мастацтва. Арабская архітэктура ўвабрала ў сябе традыцыі Рыма, Візантыі, сасанідскага Ірана. Араб. архітэктары стварылі новыя тыпы і комплексы будынкаў: мячэці з мінарэтамі, маўзалеі-«дзюрбэ», медрэсэ, караван-сараі, палацы правіцеляў і інш., пашырылі купальныя канструкцыі і арнаментыку. Сярод выдатных арх. помнікаў мячэці Амеядаў у Дамаску (гл.Амеядаў мячэць) і Кубат ас-Сахра ў Іерусаліме (687—691), палацавыя комплексы ў Мшаце, Кусейр-Амра (абодва 8 ст., Іарданія). У перыяд праўлення Абасідаў у Самары пабудавана мячэць Мутавакіля (9 ст.) з конусным спіральным мінарэтам аль-Мальвія. Сярод выдатных помнікаў араб. дойлідства ў Каіры мячэці Ібн Тулуна (876—879), аль-Азхар (969—972), ансамблі султанаў Калауна (1284—85) і Хасана (1356—63). Своеасаблівая, т.зв. маўрытанская, архітэктура склалася ў Іспаніі (Вял. мячэць у Кордаве, 8—9 ст.; палацавы комплекс Альгамбра ў Гранадзе, 13—14 ст.).
Выяўленчае мастацтва развівалася пераважна ў насценных размалёўках, арх. пластыцы, разьбе, мініяцюры (Егіпет 10—11 ст., багдадская школа мініяцюры 13—14 ст.). Дэкар.-прыкладное мастацтва вызначалася дэкаратыўнасцю. Складанымі арнаментальнымі кампазіцыямі ўпрыгожвалі кнігі («Макамем» аль-Харыры, 11 ст.). Арабы стварылі і распаўсюдзілі арабескі і эпіграфічны арнамент — каліграфічна выкананыя надпісы. Шырока вядомыя вырабы маст. рамёстваў: кераміка і шкло Сірыі, Ірака, Егіпта, дамаская зброя, маўрытанская кераміка, маст. бронза (ліццё і чаканка), разьба па дрэве і камені, дэкар. шаўковыя і парчовыя тканіны.
У музыцы развіваліся старадаўнія песенныя жанры хіда (караванныя песні), хіджа (сатыр. песня) і інш. Існавалі араб.прафес. спевакі-паэты (шаіры). Сярод традыц. інструментаў мізхар, кісара, барбат (тыпы лютні), джанк (арфа), касаба (тып флейты), кус (літаўра). З 7 ст. развівалася класічная араб. музыка (пераважна вакальная), муз. навука (трактаты аль-Кіндзі, аль-Фарабі, Ібн Сіны, Сафі ад-Дзіна, аль-Ісфахані).
Літ.:
История философии. Т. 1. М., 1957. С. 222—236;
История философии в кратком изложении: Пер. с чеш. М., 1991. С. 342—349;
Основы религиоведения. М., 1994. С. 222—232;
Веймарн Б., Каптерева Т., Подольский А. Искусство арабских народов. М., 1960;
Еолян И. Очерки арабской музыки. М., 1977.
С.Ф.Дубянецкі (філасофія).
Да арт.Арабская культура. Старажытныя вароты Багдада.Да арт.Арабская культура. Мінарэт аль-Мальвія мячэці Мутавакіля ў Самары (Ірак). 9 ст. (злева); мазаіка мячэці Кубат ас-Сахра ў Іерусаліме. 7 ст.